Магія фарбаў на мове вады

І малюе, забыўшыся рука, заміж персідскага ўзору цвяток радзімы васілька… Менавіта так можна перафразаваць Багдановіча, калі гаварыць пра творчасць Святланы Аляксандраўны Шыпілавай, педагога дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Ленінскага раёна Гродна. Для яе ўсходнія віды мастацтва заўсёды былі ахутаны таямніцай, якую яна з задавальненнем прыадкрывае і для сябе, і для сваіх навучэнцаў. Эбру — жывапіс на вадзе — стаў тэмай яе праекта па самаадукацыі. Сёлета асвойваць яго будуць і выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Арт-калор”.

Па слядах мастакоў Усходу

Эбру — менавіта так называецца новае яе захапленне. Гэта мастацтва маляваць на вадзе. А пачула пра яго Святлана Аляксандраўна ад сваёй выхаванкі Валяры Санько. Дзяўчынка падзялілася сваімі ўражаннямі ад майстар-класа па тэхніцы малявання на вадзе, які наведала, калі адпачывала ў Турцыі з мамай.
“Я нічога не чула пра эбру і, дзякуючы інтэрнэту, пачала высвятляць, што гэта такое, — гаворыць Святлана Аляксандраўна. — У ёмістасць з вадой наліваюць раствор — аснову, і фарбы наносяць на яе паверхню адмысловымі інструментамі. Па традыцыі для эбру выкарыстоўваюць інструменты, зробленыя з ружовага дрэва і конскага воласа. Імі мастак змешвае колеры, расцягвае, закручвае фарбы. У выніку на вадзе ўтвараецца малюнак, падобны да мармуру. Таму часам гэтую тэхніку называюць яшчэ турэцкім мармураваннем. З дапамогай фарбаў можна наносіць дадатковыя малюнкі на гэты фон або пакідаць так. Пасля малюнак накрыць аркушам, даць хвілінку паперы ўвабраць у сябе фарбы. Застаецца толькі зняць і высушыць малюнак. Пасля можна прапрацоўваць дэталі, можна гэтымі ж малюнкамі ўпрыгожваць скарбонкі ці сувеніры. Мне вельмі спадабалася гэтая тэхніка, пэндзлем такія рэчы стварыць нельга, перакапіраваць — тым больш”.
Мастацтва эбру настолькі старажытнае, што ўжо дакладна невядома, якая краіна стала яго радзімай. Найчасцей называюць радзімай Персію (сучасны Іран) і Турцыю, але на гэтае званне прэтэндуюць і Індыя, і Туркменістан, і Пакістан, і Егіпет. Невядомы і час нараджэння гэтага мастацтва. Самая старажытная з захаваных чалавецтвам карцін датуецца XI стагоддзем, але, мяркуючы па ўзроўні выканання, яна была створана ў час, калі гэтае мастацтва ўжо не было навінкай. Дакладна вядома адно: эбру мае ўсходнія карані і набыло ўсе характэрныя для ўсходу рысы: плаўнасць і медытатыўнасць.

Тэхніка патрабуе пошуку

У Беларусі гэты від жывапісу пакуль мала вядомы. Адсюль і пачаліся праблемы. Святлане Аляксандраўне не ўдалося знайсці ніводнага чалавека ў Беларусі, які хаця б чуў пра эбру. Таму тэма майстар-класаў у фармаце “калега — калезе” адпала. На дапамогу зноў прыйшоў інтэрнэт, дзе мастачка шукала відэаўрокі, прычым часам на ўсходніх мовах. Але для мастацтва гэта не перашкода, бо, як кажуць, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Хаця са слоўнікамі педагог усё ж правяла не адзін вечар. Сапраўдная праблема ўзнікла, калі Святлана Аляксандраўна пачала шукаць фарбы для эбру.
“Трэба бачыць здзіўленне прадаўцоў у мастацкіх салонах, калі пытаешся ў іх пра фарбы для эбру, — гаворыць мастачка. — Ды і ад сваіх калег замест адказаў атрымлівала толькі мноства пытанняў пра гэтае мастацтва. Што рабіць? Паспрабаваць жа так хочацца! У арыгінале эбру малюецца спецыяльнай фарбай, і вада загушчаецца нектарам турэцкай расліны эндаміка гевены. Ні таго ні другога ў нас не знойдзеш. Можна з’ездзіць у Турцыю ці паспрабаваць заказаць па інтэрнэце, але мне як педагогу хацелася асвоіць эбру не толькі для сябе, але і для сваіх выхаванцаў. Таму хацелася самой знайсці альтэрнатыву з прывычных для беларускага мастацтва матэрыялаў.
Спачатку пачала эксперыментаваць з фарбамі. Акварэльныя адразу забракавала, бо яны толькі ваду афарбоўваюць. Паспрабавала ў справе алейныя. Аказалася, тут важна не столькі фарбы падабраць, колькі ваду загусціць, каб фарбы трымаліся на яе паверхні. Інтэрнэт таксама даў адказ — дадаць у ваду канцылярскі клей. Так, вада загушчаецца, але фарбы губляюць сваю насычанасць, яркасць. Алейныя фарбы за кошт утрымання металаў усё роўна цяжэйшыя за ваду, яны апускаюцца на дно, і не ўдаецца ўтрымаць іх на паверхні вады. Выява атрымлівалася невыразнай. Стала працягваць эксперыменты, шукаць, як можна ваду зрабіць цягучай.
Тады я ўспомніла, як мы падчас вучобы рыхтавалі палотны для алейнага жывапісу. Для гэтага вельмі доўга выварвалі скуры, гэты густы адвар выкарыстоўвалі для праклейкі, потым зверху палатно грунтавалі. А калі нам не хапала часу і скур, на выручку прыходзіў звычайны жэлацін. Яго я ўзяла і на гэты раз. І ўсё атрымалася: разведзены ў вадзе жэлацін сапраўды трымае форму фарбаў, і тыя цудоўна паўтараюць тэхніку эбру, яны лёгка расцягваюцца па вадзе. Спрабавала выкарыстоўваць і вітражныя фарбы, але яны цяжэйшыя за алейныя і таму лепш іх спалучаць: на алейную фарбу наносіць вітражную. Алей абгортвае вітражную фарбу, і гэты пухір ідзе на дно, потым усплывае, выпіхвае вітражную фарбу, якая раскрываецца на паверхні кветкай. Праўда, складана ўтрымаць гэты мікс на паперы без клеевай асновы”.

Зачараванасць мастацтвам пашырае маштаб

Доўга эксперыментаваць у адзіноце Святлане Аляксандраўне не дазволілі дзеці. Для іх яна ў маі правяла майстар-клас. На яго сабраліся дзясяткі навучэнцаў, нават не хапіла месца для ўсіх жадаючых і прыйшлося маляваць па чарзе. Эбру настолькі зацікавіла іх, што ўсё лета яны чакалі верасня, калі былі запланаваны заняткі. Цяпер больш за дзясятак дзяцей будуць дапамагаць педагогу асвойваюць гэтую тэхніку.
“Мне заўсёды падабалася культура Усходу, — гаворыць Святлана Аляксандраўна. — Яна заварожвае, дае магчымасць медытацыі, рэлаксацыі. Гэта самы дзейсны спосаб арт-тэрапіі. Прычым тут ёсць свая адметнасць.
Калі гаварыць пра традыцыйныя віды жывапісу, то каб разабрацца ў псіхалагічным адчуванні дзіцяці, найбольшую ўвагу трэба звярнуць на канчатковы вынік. Пад увагу бяруцца сюжэты, колеравае рашэнне, асобныя элементы малюнка: штрыхі — рэзкія, калючыя ці плаўныя, абрысы — злосныя ці пластычныя, цякучыя. Тут справа іншая. З якім бы настроем ні прымаўся мастак за эбру, яму не ўдасца пакласці на ваду рэзкі, актыўны сюжэт. Сама па сабе вада — стыхія спакою, раўнавагі, таму маляваць на ёй — найлепшы спосаб супакоіцца, адпачыць пасля работы або настроіцца на сур’ёзную справу”.
Для таго каб паўней гэта адчулі дзеці, на занятках педагог абавязкова ўключае аўтэнтычныя ўсходнія мелодыі, ладзіць міні-выставы фотаздымкаў архітэктурных славутасцей, пейзажаў, традыцыйных народных арнаментаў, жывапісу. І калі маленькі мастак, упітаўшы ў сябе гэты настрой, аказваецца перад воднай гладдзю сам-насам са сваімі творчымі ідэямі, тады і пачынаецца сеанс арт-тэрапіі.
Па словах Святланы Аляксандраўны, асаблівасць маляванню надае непрадказальнасць: ты ніколі не ведаеш, што атрымаеш у выніку. Скажам, маляванне на аркушы, лепка з пластыліну ці гліны дазваляюць кіраваць тым вынікам, які вы задумалі атрымаць. Эбру ж нельга кантраляваць, можна толькі накіроўваць фарбы. Яны будуць рухацца ў патрэбным кірунку, але спыняюцца там, дзе ім скажа вада, яе хвалі, а можа, і ўласныя эмоцыі мастака.

Утаймаваныя эмоцыі і коні на вадзе

“Сама тэхналогія малявання на вадзе кардынальна адрозніваецца ад звычайнага малявання, бо фарба на загушчанай вадзе трымаецца плямай, і, каб яе развесці, трэба прылаўчыцца, — тлумачыць тонкасці справы мастачка. — Так, каб намаляваць кветку на паперы, пэндзаль ці аловак мы вядзём з сярэдзіны да краёў, атрымліваючы такім чынам пялёсткі. У эбру для гэтага трэба выліць пляму фарбы на ваду, а мазкі, наадварот, мы “заварочваем” унутр, цягнучы край у сярэдзіну, праразаючы фарбу. І для гэтага не столькі пэндзлі трэба, колькі іншыя інструменты. Напрыклад, зручна маляваць зубачысткамі ці завостранымі драўлянымі палачкамі, падыдзе і шыла”.
Слава Самакар, навучэнец 7 класа сярэдняй школы № 23 Гродна, у “Спектры” займаецца ўжо тры гады, ёсць добрыя вынікі і ўзнагароды ў розных тэхніках малявання. Ён заўсёды з задавальненнем асвойваў новыя тэхнікі. А вось прэзентацыю эбру прапусціў з-за хваробы і зразумеў, што гэта яму спадабаецца, калі пачуў уражанні сваіх аднакласнікаў пасля майстар-класа. Прыйшоў да Святланы Аляксандраўны на заняткі, каб убачыць усё на свае вочы і паспрабаваць самому. Цяпер ён прыходзіць загадзя, каб быў час, як ён кажа, утаймаваць эмоцыі і настроіцца на зносіны з вадой, а перакладчыкам яе мовы будзе чарговы малюнак, які ніколі не бывае падобны на ўчарашні.
Для навучэнкі 3 класа сярэдняй школы № 18 Гродна Дзіяны Салавей мастацтва — гэта магчымасць самымі рознымі спосабамі маляваць сваіх любімых коней. З маленства яна палюбіла гэтых жывёл, вельмі любіць на іх катацца і размаўляць з імі. Як гаворыць яе мама Жанна Іванаўна, увесь вольны час, у выхадныя і ў будні дзяўчынка іх малюе: у блакнотах, на аркушах, проста на сценах у сваім пакоі, а часам, седзячы на ўроку, забыўшыся, нават у сшытках, за што некалькі разоў ужо атрымала заўвагі. Часта бывае дзяўчынка ў вёсцы ў бабулі, якая трымае ў гаспадарцы коней — Ластаўку і Пургу. Зараз угаворвае бацькоў запісаць яе ў школу верхавой язды. Пакуль тыя абмяркоўваюць гэтую ідэю (вельмі ж далёка давядзецца вазіць дачку), яна знайшла сабе яшчэ адзін занятак. Калі Дзіяна ўбачыла, як малююць эбру, вельмі зацікавілася: коней, намаляваных на вадзе, у яе яшчэ не было. Таму адна з першых прыйшла ў гурток.
Самая верная паплечніца Святланы Аляксандраўны васьмігадовая дачка Аліса. Хоць дзяўчынка сур’ёзна займаецца ігрой на скрыпцы, хапае часу наведваць і мамін гурток, і папрацаваць у дамашняй мастацкай майстэрні. Пакуль мама стараецца толькі назіраць за спробамі дачушкі ў мастацтве, бо баіцца навязаць ёй сваё бачанне.
На календары толькі верасень, справа ў самым яе пачатку, але планаў у Святланы Аляксандраўны ўжо на цэлы год. На самых бліжэйшых занятках хоча паэксперыментаваць: паперу замяніць шоўкам. А потым паспрабуе і дрэва, камень, гліну. Паспрабуе выкарыстаць і арыгінальныя фарбы: зараз усталёўвае кантакты з замежнымі калегамі і шукае шляхі для закупак. Пакуль няма аднадумцаў у Беларусі, будзе шукаць выхад на міжнародныя дзіцячыя конкурсы ў тэхніцы эбру.
Але гэта ўжо спосабы разнастаіць тэхніку. Самае галоўнае, па яе меркаванні, проста зацікавіцца гэтым мастацтвам. Бо эбру дапамагае чалавеку на гадзінку забыцца пра пастаянную гонку: справы, вучобу, кантрольныя і адзнакі. Дапамагае прыпыніцца, прыслухацца да сябе і засяродзіцца на чараўніцтве фарбаў і вады, на дзіўных узорах. Толькі так мы можам адчуць прыгажосць жыцця, увасабленнем якога выступае вада, і адчуць ад яго сапраўдную асалоду.

Святлана НІКІФАРАВА.