Марское падарожжа

Вось і скончыўся яшчэ адзін навучальны год. Прыйшоў доўгачаканы, лёгкі, светлы, насычаны пахам кветак і траў, самы яркі з усіх месяцаў у годзе. Месяц самых кароткіх начэй і першых летніх навальніц, месяц птушыных канцэртаў і смеху дзяцей. Ва ўсіх школах Навагрудскага раёна адкрыліся летнія дзіцячыя пляцоўкі, лагеры з дзённым знаходжаннем навучэнцаў. Сярэдняя школа № 3 Навагрудка не стала выключэннем і расчыніла свае дзверы для 35 выхаванцаў пачатковых класаў.


Летні аздараўленчы лагер “Флатылія” на цэлых 18 дзён адправіўся ў незвычайнае марское падарожжа. Што можа быць лепш, чым займальнае падарожжа па мацерыках, бухтах, мерыдыянах, краінах? Магчыма, нам удасца знайсці скарб? У марское падарожжа лагер “Флатылія” адправіўся на двух караблях (“Рабінзоны”, “Піраты”). Кожную раніцу разам з выхавальнікамі дзеці вызначалі маршрут, па якім ім трэба будзе рухацца. Так, незабыўным стаў акіян “Шчаслівае дзяцінства”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі ў гарадскім парку на свяце дзяцінства. Там іх чакалі вясёлыя танцы, песні, гульні. У гэты ж дзень у госці прыехаў супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі А.У.Мікулка. Ён правёў з дзецьмі гутарку па правілах дарожнага руху, расказаў і паказаў, як уладкавана міліцэйская машына. Дзеці маглі пасядзець у машыне, а таксама даведаліся, як працуе радыёстанцыя.

Здзівіў сваёй непаўторнай прыгажосцю востраў “Экавіта”. Тут хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі ў госці добразычлівыя супрацоўнікі эколага-біялагічнага цэнтра, якія падрыхтавалі і правялі гульні, віктарыны. А далей па курсе быў востраў “Ліхіх штормаў”. Дзеці даведаліся шмат карыснай інфармацыі аб таямніцах марскіх глыбінь, прынялі актыўны ўдзел у конкурсе малюнкаў на асфальце, з захапленнем папрацавалі над калажам “Падводны свет Акіяніі”, здзейснілі падарожжа па кніжным акіяне.


“Флатылія” працягвала сваё падарожжа. Наступны прыпынак — на мерыдыяне “Сяброў”. Тут нас чакала гульнявая праграма “Сто забаў для ста сяброў!”. Гэта было супер! У гэты ж дзень мы наведалі гісторыка-краязнаўчы музей. Экскурсаводы музея правялі інтэрактыўныя заняткі “Мой старажытны горад Навагрудак”.

Кожная пара года па-свойму добрая. Змена месяца нагадвае новае жыццё. Усё можна пачаць зноўку, з чыстага ліста. Лета — гэта не толькі перыяд магчымасцей, але і перыяд жаданняў. Галоўным жаданнем нашых дзяцей было знайсці скарб. І мы яго знайшлі! Схаваны ён быў у сапраўдным куфры. Колькі ж было радасці і захаплення, калі на дне куфра мы знайшлі падарункі для кожнага ўдзельніка незабыўнага марскога падарожжа!

Усё, што адбываецца летам, дорыць дзецям радасць, шчасце і цяпло. Мы спадзяёмся, што дні, якія хлопчыкі і дзяўчынкі правядуць у летнім аздараўленчым лагеры “Флатылія”, запомняцца ім надоўга.

Жанна БЕЛЬЧЫЦКАЯ,
начальнік дзіцячага аздараўленчага лагера “Флатылія”
сярэдняй школы № 3 Навагрудка.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*