“Метамарфозы-2018”: у пошуках ідэй

Кабель ад тэлевізара, мех з-пад морквы, кавалак плінтуса — гэта не вопіс хламу з кладоўкі, а калекцыя маладога дызайнера. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка трэці раз прайшоў фестываль авангарднай моды і стылю “Метамарфозы”. Будучыя настаўнікі і выхавальнікі паспрабавалі перадаць праз касцюмы свае ўражанні ад архітэктуры, жывапісу, літаратуры і г.д. Як апрануць мадэлей у самы папулярны серыял сучаснасці і нафарбаваць па кнізе Льюіса Кэрала, расказалі самі дызайнеры.

За кулісамі стаяць побач Вінцэнт Ван Гог у саламяным капелюшы і зорка хіп-хопа ў падраных джынсах і залатых ланцугах. Першае, чым здзіўляюць “Метамарфозы”, — разнастайнасць тэм і вобразаў. Тут і класічныя пяць стыхій: на мадэлях струменістая, як вада, спадніца і кашуля ў палымяна-рыжых валанах. Узбоч — біблейскія сем грахоў: самалюбства з паўлінавым пер’ем, сквапнасць у сукенцы з банкнот і рагах залатога цяльца. Асабліва ўразіла зайздрасць, упрыгожаная мноствам папяровых “вочак”, каб заўважаць чужыя поспехі. За цікавую знаходку аўтар калекцыі атрымала спецыяльны прыз.

Іншая крайнасць — паказы, што перадаюць настрой неадназначнай і супярэчлівай сучаснасці. Аўтар калекцыі “Граф-хоп”, здаецца, пасмейваецца з моднай сёння рэп-культуры і хіпстарскай моладзі. Адразу два дызайнерскія праекты былі прысвечаны серыялу “Гульня прастолаў” — відаць, будучым настаўнікам добра знаёмы сучасныя трэнды. Суровая калекцыя “Бурай народжаная” адлюстравала няспынную гонку за ўладай, а шыкоўная “Песня лёду і полымя” — багацце і раскошу, якія атрымае пераможца.

Парадавала, што ў гэтым годзе ўдзел у “Метамарфозах” узялі і школьнікі. Маленькія мадэлі і дызайнеры сталічнай сярэдняй школы № 217, гімназіі № 75 і Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” Фрунзенскага раёна Мінска прадэманстравалі ўласныя калекцыі. Фестываль быў прысвечаны Году малой радзімы, таму ўсе дэфіле атрымаліся з мяккімі ноткамі этнастылю. Дзеці пакуль выступалі па-за конкурсам, але варта крыху падрасці — і яны змогуць скласці канкурэнцыю студэнтам, тым больш што папулярнасць фестывалю расце з кожным годам.

— Калі ў 2016 годзе мы сабралі восем дызайн-каманд, то сёння ўдзельнічалі чатырнаццаць, — з гордасцю расказвае дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі Ірына Іванаўна Рыжыкава.

Больш за ўсё Ірына Іванаўна цэніць фестываль за тое, што ён аб’ядноўвае ўвесь факультэт: пакуль адны ствараюць касцюмы, іншыя рыхтуюць творчыя нумары для святочнага канцэрта. І ўсё са шчырым захапленнем, уласцівым толькі сапраўды зацікаўленым маладым творцам. Менавіта такое ўражанне стварае ўдзельніца конкурсу студэнтка трэцяга курса спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” Алеся Федаровіч, якая яркую тканіну для сваёй вопраткі стварыла са звычайнай сеткі з-пад агародніны, а чорныя рукавы-крылы — з відэакасетнай стужкі.

Калекцыю “Каралеўства моды” складана ўявіць асобна ад дынамічнага дэфіле. Танцы спалучаліся з акрабатычнымі элементамі і падкрэслівалі ідэю тоеснасці класічных і сучасных уяўленняў аб прыгажосці. А напрыканцы паказу мадэлі і ўвогуле заспявалі. Такім чынам, выступленне дызайнерскай каманды Алесі аб’яднала адразу тры віды мастацтва — дызайн, танцы і спевы. Заслужаная ўзнагарода — дыплом І ступені.

Гран-пры фестывалю атрымала казачная калекцыя “АЛісА” Лізаветы Вашкевіч, студэнткі другога курса спецыяльнасці “Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія”. З тэмай калекцыі дзяўчына вызначылася хутка — літаратурны талент Льюіса Кэрала. Падчас падрыхтоўкі дызайнер стала пастаянным пакупніком у гаспадарчым магазіне. Напрыклад, звычайная вяроўка на каркасе з кавалкаў плінтуса — галоўная частка касцюма Чырвовай Каралевы. Тая ж вяроўка на тэлевізійным кабелі — і гатовы цыліндр Шалёнага Капялюшніка. Але галоўны кампанент кожнага вобраза — фантазія.

З Лізай мы размаўлялі ў той час, калі журы абмяркоўвала сваё рашэнне, таму яна яшчэ не ведала, што праз дзесяць хвілін будзе трымаць у руках галоўны прыз, а яе словы стануць добрай парадай для ўдзельнікаў наступных “Метамарфоз”.

І арганізатары фестывалю, і члены журы падкрэсліваюць адну думку: ад маладых творцаў чакаюць арыгінальнага выказвання. Няважна, ці то дызайнер прыдумвае авангардную калекцыю, ці то настаўнік складае план адкрытага ўрока. Уменне выкарыстоўваць свой крэатыўны патэнцыял, каб адказваць на цікавыя выклікі, — вось першая прымета творчага падыходу. Хочацца верыць, што ўдзельнікі “Метамарфоз” атрымалі асалоду ад вырашэння такой складанай задачы і змогуць яшчэ не раз адчуць такое ж задавальненне — і на наступным універсітэцкім фестывалі, і ў школьных класах.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.