Мова зямлі

Воранаўшчына — самабытны куток Гродзенскай вобласці. Гэтую самабытнасць падкрэсліваюць мікратапонімы — назвы невялікіх прыродна-геаграфічных аб’ектаў, своеасаблівая мова зямлі, найменні, якія адлюстроўваюць назіральнасць і дасціпнасць продкаў, захоўваюць памяць пра далёкае мінулае. У нашым краі яны, на жаль, яшчэ не былі аб’ектамі комплекснага даследавання. Актуальнасць нашага даследавання абумоўлена недастатковай вывучанасцю гэтага пласта анамастычнай лексікі. Матэрыял і звесткі пра мікратапонімы Жырмунскага сельсавета Воранаўскага раёна разам з вучаніцай 11 класа Кацярынай Машковай мы атрымалі ад мясцовых жыхароў.

Мы сабралі мікратапонімы і сістэматызавалі фактычны матэрыял, вызначылі асноўныя семантычныя асаблівасці ўтварэння мікратапонімаў і прынцыпы іх намінацыі, правялі структурны аналіз мікратапанімічных найменняў, склалі слоўнік мікратапанімічных назваў, зафіксаваных на тэрыторыі Жырмунскага сельсавета, вызначылі ролю мікратапанімічных найменняў у адлюстраванні гістарычных і культурна-эканамічных традыцый рэгіёна. Пры аналізе фактычнага матэрыялу выкарыстоўвалі назіранне, апытанне, работу з архіўнымі дакументамі, семантычны, этымалагічны, параўнальны, статыстычны метады.

Мікратапонімы, у якіх адлюстраваны асаблівасці рэльефу мясцовасці

Лексічнымі асновамі мясцовых мікратапонімаў паслужылі разнастайныя прыродна-геаграфічныя тэрміны. Пераважаюць назвы, якія абазначаюць узвышаныя формы рэльефу: Галы́нка ‘ўзгорак каля в.Пяткаўшчына’ (< дыял. га́ла ‘голае месца’), Лы́сая гара́ ‘ўзгорак з пасадкай лесу’ (лысая — значыць пазбаўленая расліннасці). Частка назваў указвае на размяшчэнне аб’екта на мясцовасці адносна іншага аб’екта: Са́кайча горка (< Саковіч ‘прозвішча гаспадара былога хутара’), Бая́рская горка (< в.Баяры). На механічны і фізічны склад глебы ўказваюць назвы Кру́шня ‘камяністы ўчастак поля’ (< ад літ. кrusnis ‘куча камення’), Жвіроўня ‘ўзвышша каля в.Каварыкі’. Онім адлюстроўвае і пэўны спосаб вытворчасці — здабычу жвіру. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца паляўнічы заказнік. Гэта абумоўлівае існаванне групы онімаў, што служаць арыенцірамі, у асноўным для паляўнічых: Лісίныя норы ‘ўзгорак каля былой в.Гімбіцішкі’, Жуле́гава града́ ‘ўзгорак у лесе сярод балота каля в.Таўкіні’ — месца збору паляўнічых (< І.Т.Жулега, дырэктар мясцовай гаспадаркі ў 80—90-я гады ХХ ст., які быў заўзятым паляўнічым). Значнасць асобы гэтага чалавека адлюстравана ў назвах Жуле́гава са́жалка, Жуле́гаў дом, Жулегаў пляц.

Мікратапонімы, у якіх адлюстраваны характар расліннага покрыва

Безумоўна, ва ўсе часы важным жыватворным кампанентам вяскоўцаў выступаў лес. Прадуктыўнасцю вызначаюцца онімы, якія адлюстроўваюць дыферэнцыяцыю лясных масіваў: Хвойнік, Шы́льнік ‘пасадкі хваёвага лесу’ (< дыял. шы́льнік ‘ігліца’), Ляшчы́ннік (< ляшчына ‘кустоўе арэшніку’), Жыля́нскі барок ‘сасновы лес каля в.Жылянцы’. Некаторыя назвы ўказваюць на знаходжанне лясных участкаў у балоцістых месцах: Даліна́ ‘лес за в.Мэндрыкаўшчына’ (< даліна ‘нізіна; упадзіна’, Ройста ‘парослы кустоўем участак лесу за в.Будрэвічы’ (< літ. raĩstas ‘забалочаны лясок’), Солы ‘лес за в.Плікі’ (< літ. salá ‘сухое месца сярод балот’). Частка назваў лясоў захавала памяць пра былыя вёскі. Утварэнне ў 1951 годзе на тэрыторыі вёскі калгаса — новая старонка ў гісторыі Жырмун. Вытворчая дзейнасць вяскоўцаў адлюстроўваецца ў багатай сістэме мікратапанімічных найменняў. Меліярацыйныя работы, звязаныя з асушэннем балот, паўплывалі на навакольны ландшафт. У выніку гэтага палеткі паблізу вёсак Залескія, Магуны атрымалі назву Тарфя́нікі. Жыхары ж сталага веку карыстаюцца назвамі Зале́скае балота, Магу́нскае балота. Вялікія камяні ў розны час з’яўляліся пэўнымі арыенцірамі на мясцовасці. Так узнікла назва поля Пад чорным ка́мнем, якая захавала звесткі пра валун, які некалі знаходзіўся на калгасным полі, пазней яго ўзарвалі і вывезлі. Паблізу в.Таўкίні знаходзяцца помнікі прыроды рэспубліканскага значэння — камень Таўкίнскі і Перуноў (Вялікі) камень, назвы якіх увасобіліся ў мікратапоніме Пад Таўкίнскім камнем ‘поле за в.Таўкіні каля валуна’. Мікратапонімы гэтай матывацыйнай групы самыя шматлікія па колькасці, складаюць каля 34,4% ад агульнага спіса найменняў.

Мікратапонімы, звязаныя з прыроднымі і штучнымі вадаёмамі

Водныя аб’екты і гідралагічныя адметнасці мясцовасці таксама знайшлі адлюстраванне ў мясцовай мікратапаніміі: Прудэль ‘прыток р.Радунька каля в.Мніхі’ (< пруд ‘невялікае азярцо’), Тры азёры ‘штучныя вадаёмы за в.Скарводы’, Капяні ‘сажалка за в.Мніхί’ (< копанка ‘сажалка, выкапаная для якіх-небудзь гаспадарчых мэт’). Балоцістыя мясціны адлюстраваны ў назвах: Ройста ‘балота ў лесе за в.Баяры’ (< літ. raĩstas ‘забалочаны лясок’), Мяндрове ‘балота за в.Скарводы’ (< дыял. mender ‘трыснёг’). Частка найменняў гэтай падгрупы нясе ў сабе каштоўную лінгвагістарычную інфармацыю. Вёска Пяткаўшчына ў сярэдзіне ХІХ ст. уваходзіла ў склад маёнтка пана Лясковіча, якім, паводле звестак вяскоўцаў, быў створаны штучны вадаём, які вядомы пад назвамі Стары́ пруд або Па́нскі пруд. У канцы 50-х гадоў ХХ ст. была арганізавана рыбгаспадарка, якая дзейнічае да сённяшняга часу. Пазней каля Па́нскага пруда стварылі яшчэ штучныя вадаёмы, якія носяць абагульненую назву Ста́вы. Найменні гэтай групы складаюць каля 15% ад усяго спіса.

Мікратапонімы, якія характарызуюць форму аб’екта,
асаблівасці яго размяшчэння адносна вёскі ці іншага аб’екта

Вытворчая дзейнасць жыхароў адлюстравана ў найменнях зямельных участкаў паводле геаметрычнай формы, памераў: Кліны́ (< старажытнарус. клинъ ‘участак зямлі востравугольнай формы’), магчыма раней участак поля абазначаў зямельны ўчастак-асабняк, узяты пад апрацоўку па-за агульнай мяжой цяглых зямель, напрыклад, выцерабленых сярод лесу; Ка́рты ‘тарфяное поле каля в.Залескія, падзеленае меліярацыйнымі каналамі на асобныя ўчасткі’. Мікратапонім Пазагуменне ‘вуліца па-за гаспадарчымі пабудовамі ў в.Скарводы’ ўказвае на асаблівасці размяшчэння аб’екта адносна паселішча. Асаблівасць формы аб’екта выяўлена ў назве Крывы́я ‘ўчастак лесу за в.Баяры’. Напэўна, першапачаткова такую назву атрымалі крывыя палосы поля, што цягнуліся ўздоўж вузкакалеек. Пазней назва поля перанесена на лес. Такім чынам, група найменняў, што характарызуе форму аб’екта, асаблівасці яго размяшчэння, з’яўляецца нешматлікай (каля 3%).

Мікратапонімы, у аснове якіх адлюстраваны назвы пабудоў, розных частак паселішчаў

Сёння частку вуліцы насупраць касцёла Адшукання Святога Крыжа называюць Касце́лішчам. Па старым павер’і, будаваць на месцы пажару не дазвалялася, таму касцёл, які быў спалены ў час войнаў XVII ст., быў узведзены на новым месцы на фундацыю княгіні Караліны Радзівіл. Сведкамі тых часоў сталі назвы: Пляба́нія, Кляба́нія ‘дом, дзе раней жыў ксёндз’, потым была бальніца, жылы дом (< літ. klebanas ‘ксёндз’). На могілках у в.Жырмуны ёсць старажытнае пахаванне, якое мае назву Стара́я магίла. Яно да сённяшняга часу цікавіць мясцовых краязнаўцаў. Месца пры ўваходзе на могілкі называюць Пад бра́май ‘крытыя зверху вароты’. Дарэчы, вароты выраблены майстрам Я.Гусцём у Пецярбургу, ураджэнцам в.Скарводы, і прывезены на малую радзіму ў 1907 годзе. Пра былыя ўладанні пана Лясковіча ў в.Пяткаўшчына сведчаць назвы: Двор ‘месца, дзе некалі стаяў панскі дом’ (< агульнаслав. двор ‘комплекс жыллёвых і гаспадарчых пабудоў з зямельнымі ўгоддзямі’); Бара́к ‘драўляны дом’, у якім жылі панскія работнікі, захаваўся да сённяшняга часу. Пра заняткі і побыт жыхароў в.Залескія ў ХІХ ст. расказалі найменні пабудоў: Лядоўня ‘склеп, у якім раней ахалоджвалі харчовыя прадукты’, пабудова захавалася да сённяшняга часу; Цуке́рня ‘месца, дзе раней знаходзілася пабудова па вытворчасці цукерак гаспадаром хутара Стаякевічам’. У савецкі перыяд утварыліся мікратапонімы, якія адлюстроўваюць рэаліі тагачаснага жыцця, новыя пабудовы: Настаўніцкі дом ‘двухпавярховы дом, дзе жывуць настаўнікі’, Каля запра́ўкі ‘тэрыторыя ля будынка калгаснай заправачнай станцыі’, Стан ‘тэрыторыя трактарна-механічнага двара’, Домікі ‘дамы, узведзеныя ў час будаўніцтва аграгарадка’ і інш. Найменні гэтай матывацыйнай групы складаюць каля 30% мікрааб’ектаў.

Мікратапонімы, якія адлюстроўваюць назвы шляхоў

Ужо ў старажытныя часы праз тэрыторыю названай мясцовасці праходзіў асноўны гандлёвы тракт, па якім сяляне везлі ў Вільню на продаж прадукты харчавання, вырабы мясцовых майстроў і г.д. І сёння ў гаворцы вяскоўцаў выкарыстоўваецца мікратапонім Ві́ленская дарога. Пра з’явы даўніны расказвае онім Лίпавая дарога ‘рэшткі ліпавай алеі ў в.Пяткаўшчына, што вяла ад двара пана Лясковіча да маёнтка Жырмуны’. Па назвах дарог можна вызначыць прыкладны час іх будаўніцтва: Брукава́нка ‘дарога паміж былымі маёнткамі Жырмуны і Пяткаўшчына’ (< брук ‘дарога, выкладзеная каменем’). Большая частка найменняў гэтай матывацыйнай падгрупы мае адайканімічнае паходжанне: Яча́нскі перае́зд ‘тунэль пад чыгуначнай дарогай’ (< в.Ячанцы Лідскага раёна), Пя́ткаўская дарога (< в.Пяткаўшчына), Казакоўская дарога (< в.Казакоўшчына), Скарводская дарога (< в.Скарводы) і інш. Праз тэрыторыю мясцовасці працякае рака Дзітва. Гэтая асаблівасць адлюстравалася ў мікратапонімах, што абазначаюць шлях праз раку: Грубя́нскі мост (< в.Грубянцы), Магунскі мост (< в.Магуны), варыянтная назва Порым (< паром ‘плыт, судна для перавозкі людзей або грузаў цераз рэчку’). Разам з тым мы заўважылі, што назвы не заўсёды адпавядаюць асаблівасцям аб’екта. Напрыклад, зафіксавана назва лясной дарогі Праз палί, якая адлюстроўвае тую прыкмету аб’екта, калі дарога ў ранейшы час праходзіла да хутароў праз адкрытую прастору, палі.

Мікратапонімы, якія адлюстроўваюць былую сістэму земляробства,
межы землеўладанняў, прыватную ўласнасць на зямлю, лес, іншую маёмасць

У свой час вакол вёсак знаходзілася шмат хутароў — адасобленых сялянскіх зямельных участкаў, на што ўказваюць назвы адантрапанімічнага ўтварэння: Пад Папа́ ‘частка поля каля в.Залескія’ (< Поп ‘мянушка гаспадара былога хутара’), Мішкялі́ ‘поле за в.Мніхі’ (< Мішке́ль ‘прозвішча гаспадара былога хутара’; размоўная форма імя Міхаіл), Дзе́душкі поле (< Дзедушка ‘мянушка гаспадара былога хутара’), Пятке́йча лес ‘лес за в.Залескія’ (< Пяткевіч ‘прозвішча гаспадара былога хутара’) і інш. У аснове некаторых двухкампанентных адантрапанімічных онімаў назіраем апелятыў хутар: Шэўчыкаў ху́тар (< Шэўчык), Свяцкевічаў хутар (< Свяцкевіч) і інш. Онім Плίты або Кле́ткі ‘тарфяныя палі каля в.Магуны’ адлюстроўвае старажытную меру зямельных надзелаў (< кле́тка ‘мізэрны кавалак зямлі, які выдзяляўся ва ўласнае карыстанне селяніну’). Не выключана, што найменне больш позняе па паходжанні: назва ўтварылася паводле асаблівасці падзелу палёў меліярацыйнымі каналамі ў час асушэння балот. У адрозненне ад іншых рэгіёнаў Гродзеншчыны, у названай мясцовасці мікратапонімы, звязаныя з прыватнай уласнасцю на зямлю, лес, іншую маёмасць, пададзены не вельмі шырока (каля 7,3%).

Мікратапанімічны матэрыял, запісаны намі ад жыхароў вёсак Жырмунскага сельсавета, адлюстроўвае розныя праявы жыцця насельніцтва, яго заняткі, вызначае прыродныя асаблівасці тэрыторыі, указвае на ранейшых уладальнікаў былых маёнткаў, хутароў і інш. Параўнальны аналіз мікратапанімічных адзінак паказаў, што кожная тэматычная група мае свае асаблівасці, што знаходзіць адлюстраванне як у прынцыпах намінацыі, так і ў структуры. У выніку даследчай работы намі складзены слоўнік, у ім зарэгістравана 137 назваў, якія называюць 95 мікрааб’ектаў.

Валянціна КВЕЦЕНЬ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жырмунскай
сярэдняй школы Воранаўскага раёна.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.