Музыка роднай зямлі

Родная зямля, малая радзіма — месца, адкуль пайшоў твой род, гісторыя тваёй сям’і. Я нарадзілася і жыву ў беларускай сталіцы, аднак родным месцам, акрамя Мінска, лічу вёску Залессе на Смаргоншчыне, дзе праводжу кожнае лета. Гэтае месца — сапраўдны скарб нашай краіны.

Згаданую вёску ведае, напэўна, кожны адукаваны чалавек: сваёй радзімай лічыў Залессе славуты на ўвесь свет кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. Тут ён пражыў лепшыя гады свайго жыцця, тут нарадзіліся яго дзеці, тут, паводле легенд, ён напісаў свой знакаміты паланэз ля-мінор “Развітанне з Радзімай”, калі ад’язджаў на чужыну… У гэтых мясцінах быццам заўсёды гучыць неўміручая музыка.

Лічу, што ў Год малой радзімы карысныя справы для навучэнцаў не трэба абмяжоўваць толькі добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі. Гэты год — выдатная магчымасць пачаць вывучаць малую радзіму, пазнаваць той куточак роднай зямлі, дзе ты нарадзіўся і вырас. Гэта і будзе карыснай справай для дзяцей і падлеткаў, тым больш што наша краіна такая багатая на прыгожыя мясціны.

Смаргоншчына — гэта край са слаўнай гісторыяй, вялікай духоўнай спадчынай, якую неабходна вывучаць і захоўваць для будучых пакаленняў. Смаргоншчына, малая радзіма маіх продкаў, узбагачае не толькі дарослых, але і дзяцей, вучыць іх беражліва і з гонарам ставіцца да тых месцаў, дзе яны нарадзіліся.

Вывучэнне роднага краю адкрывае дзецям шырокія магчымасці для пошуку, даследаванняў, нават адкрыццяў. І калі яшчэ займацца гэтай цікавай справай, як не летам!

Напрыклад, выхаванцы аздараўленчага лагера “Залесяняты” Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна падчас лагернай змены амаль штодзень выпраўляліся ў дарогу па знаёмых (і не вельмі) месцах Залесся, каб адкрыць што-небудзь новае для сябе. Дзеці наведалі мясцовы Дом рамёстваў, дзе ўбачылі, якія прыгожыя вырабы можна выканаць сваімі рукамі, пабывалі ў царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Міхневічы, паглядзелі батлейку ў Залескім доме культуры. І, безумоўна, хлопчыкі і дзяўчынкі зайшлі ў музей-сядзібу свайго знакамітага земляка — кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. Палацава-паркавы ансамбль адрэстаўрыраваны і адкрыты для наведвальнікаў, у тым ліку вадаём ля сядзібы кампазітара. Паглядзець тут ёсць на што, таму, шаноўныя педагогі і дарагія навучэнцы, прыязджайце ў Залессе!

Дарэчы, навучэнцы мясцовай школы не абмяжоўваюцца толькі летнімі канікуламі, каб вывучаць сваю радзіму і прыносіць ёй карысць. Школьнікі, якія з’яўляюцца членамі БРСМ, працуюць у валанцёрскім атрадзе “Па закліку сэрца”. Падлеткі аказваюць дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, добраўпарадкоўваюць двары, прысядзібныя ўчасткі, гарадскія вуліцы, арганізоўваюць дабрачынныя канцэрты і тэатральныя выступленні. І, канечне, яны падарожнічаюць па Беларусі, каб атрымаць уражанні ад прыгажосці роднай зямлі.

Лізавета КАСТЭНКА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.