На адной экахвалі

Пра тое, што сёння свет імкнецца да ўстойлівага развіцця, ведаюць усе без выключэння. Пра важнасць захавання жыцця для наступных пакаленняў, пра прыродныя катаклізмы, галечу мы чуем штодзень з тэлеэкранаў, чытаем у газетах. На гэтыя тэмы шмат ролікаў у інтэрнэце. Для нас гэтая інфармацыя мільгае і знікае пад націскам кнопак на пульце ці камп’ютарнай мышы, маўляў, усё роўна ад мяне мала што залежыць, няхай свет сам думае, як сябе выратаваць. Але ёсць сярод нас і тыя, хто па-майстэрску матывуе не толькі звяртацца да гэтай тэмы, але і паглыбляцца ў яе і рабіць усё, што ў нашых сілах, каб хаця крышачку палепшыць свет вакол.

Майстры ад прыроды

Культурна-экалагічная ўстанова “Эка-Майстэрні” аб’яднала ўсяго некалькі маладых зацікаўленых людзей. У межах сваёй нефармальнай адукацыйнай установы яны як валанцёры працуюць з дзецьмі, падлеткамі і іх сем’ямі ў сацыяльным, экалагічным і культурным кірунках. Установа цесна супрацоўнічае з іншымі беларускімі некамерцыйнымі экалагічнымі арганізацыямі, мясцовымі органамі ўлады і замежнымі партнёрамі, праводзіць трэнінгі, семінары, вулічныя акцыі і гарадскія святы, дзе ву-чыць людзей атрымліваць задавальненне ад мерапрыемстваў на свежым паветры, знаходзіць шляхі вырашэння экалагічных, гарадскіх і культурных праблем. Каб папулярызаваць гэтыя ідэі ў рэгіёнах Беларусі і больш расказваць пра ўстойлівае развіццё на месцах, “Эка-Майстэрні” ствараюць сетку мультыплікатараў з ліку студэнтаў, будучых настаўнікаў і нават старшакласнікаў.


Ініцыятарам стварэння такой арганізацыі тры гады назад стала Кацярына Спосаб, маладая маці з адукацыяй лінгвістычнага ўніверсітэта. Дэкрэтны адпачынак надоўга пазбавіў яе працы, таму Кацярына спрабавала разнастаіць сваё жыццё, запаўняючы розныя інтэрнэт-парталы сваімі артыкуламі пра мацярынскі вопыт, сямейную адукацыю і інш. Хвалявала яе і тэма экалогіі, але вельмі лакальна: засмечаныя двары, выгул сабак на дзіцячых пляцоўках і інш. Так дзяўчына пазнаёмілася з парталам, які тады называўся “Эка-Беларусь: зрабі крок насустрач прыродзе”. Яго стварыла маладая беларуская сямейная пара, якая пераехала жыць у Швецыю і, назіраючы, як там укараняюцца прынцыпы ўстойлівага развіцця, дзялілася гэтым вопытам, каб увесці яго ў штодзённую практыку беларусаў. Паступова і Кацярына далучылася да згаданага руху і знайшла аднадумцаў у Беларусі. У 2014 годзе яны разам сталі ладзіць “Дзіцячыя экалагічныя майстэрні”. Дзяўчына вывучала шматлікія міжнародныя практыкі, самае цікавае трансліравала на дзіцячыя групы (тады нават пайшла працаваць у дзіцячы садок). У асноўным гэта былі сувеніры, створаныя сваімі рукамі, вырабы з другасных матэрыялаў. Напрыклад, як толькі Кацярына асвоіла тэхнікі лэнд-арту ў Фінляндыі, падзялілася ўбачанымі і сваімі ідэямі з дзецьмі і іх сем’ямі.

Кацярыну, натхнёную экалагічнымі ідэямі, заўважыла Соф’я Савелава, эксперт асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, якая тады толькі адкрылася на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, і прапанавала дзяўчыне стаць валанцёрам і далучыцца да дзейнасці арганізацыі. Кацярына згадзілася і паралельна стала працаваць у міжнародным аддзеле ўніверсітэта, прыцягвала студэнтаў да міжнароднай дзейнасці ў інтарэсах устойлівага развіцця. Гэта змяніла і кірунак яе грамадскай ініцыятывы: Кацярына з паплечнікамі перайшла ад выключна экалагічных праблем да пытанняў устойлівага развіцця, да пошуку стварэння “разумных” гарадоў, адказнага энергаспажывання, інклюзіі і інш. Арганізацыя “Эка-Майстэрні” вырасла з “Дзіцячых экалагічных майстэрань” і стала членам асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”.

Абменьваючыся вопытам

— З таго моманту супрацоўніцтва з міжнароднымі партнёрамі стала адным з асноўных кірункаў “Эка-Майстэрань”, — расказвае Кацярына Спосаб. — І першым нашым партнёрам была маладзёжная экалагічная арганізацыя “Janun” з нямецкага Гановера. Разам з ёй мы правялі больш за 15 майстар-класаў і семінараў і для школьнікаў, і для студэнтаў БДПУ. Напрыклад, у маі для іх праходзіў міжнародны семінар па экажурналістыцы ў Гановеры. Да гэтага было некалькі трэнінгаў па зялёным спажыванні, над чым “Janun” вельмі доўга і актыўна працуе. Акрамя таго, адбылося ўжо 8 міжнародных абменаў, у якіх прынялі ўдзел каля 60 маладых беларусаў. Яны знаёміліся з вопытам Германіі, Чэхіі, Швецыі, а пасля вяртання дадому дзяліліся ўбачаным і пачутым са сваімі равеснікамі. Зразумела, практыкі заўсёды набываюць мясцовы кантэкст і адаптуюцца да беларускіх рэалій, тым больш што часта падчас абменаў практыкі былі спецыфічнымі, напрыклад, ад удзельнікаў з Сербіі, Кеніі, Грэнландыі.


Напрыклад, у нас быў абмен па тэатральных практыках, якія ладзіліся ў школах Германіі. Адной з тэм спектакляў былі тавары “справядлівага гандлю”. Кожны немец ведае, што тавары з такой паметкай створаны жыхарамі Азіі, Афрыкі ці іншых бедных краін амаль за бясплатна і, набываючы іх (а яны даражэйшыя за тавары ў звычайным супермаркеце), пакупнік падтрымлівае гэтых людзей матэрыяльна. У нас такога няма, але існуюць іншыя пытанні і праблемы. Напрыклад, вясной паўсюдна паляць траву, у выніку гараць лясы. Тое ж адбываецца і з засмечваннем тэрыторый, рэк. І менавіта гэтыя праблемы браліся за аснову сцэнарыяў школьных тэатральных пастановак. Гэта вельмі моцна ўздзейнічае на чалавека, разуменне прыходзіць зусім на іншым узроўні: не проста перадаюцца веды, а перажываюцца эмоцыі. Так з’яўляецца жаданне зрабіць нешта для вырашэння праблемы. Напрыклад, едучы чарговы раз на пікнік з сябрамі ці бацькамі, узяць вялікі пакет і сабраць у яго смецце пасля сябе.

Цікава, што самыя ўдзячныя слухачы — гэта дзеці, бо менавіта з іх падачы карысныя парады ўваходзяць у жыццё. Калі ў дзіцячым садку я арганізавала экагурток для старшых груп, мае выхаванцы пачалі наладжваць дома асобны збор смецця, бо падчас экскурсіі на прадпрыемства па сартаванні і перапрацоўцы смецця яны на свае вочы ўбачылі працу людзей на канвееры і вырашылі, што могуць яе аблягчыць, раздзяляючы смецце дома. Акрамя таго, дзеці нагадвалі бацькам, каб тыя, ідучы ў магазін, бралі з дому сумку. Гэта эказвычкі, і прывіваюцца яны менавіта з маленства.

Арганізоўваем у магазіне квесты, дома ствараем клімат

Выпрацаваць эказвычкі стала галоўнай ідэяй і экаквестаў, якія “Эка-Майстэрні” распрацавалі і праводзяць у супрацоўніцтве з сеткай гіпермаркетаў Green у Мінску, Магілёве і Брэсце. Такія квесты вельмі ўпадабалі старшакласнікі і студэнты, а таксама маладыя мамы, якія заклапочаны якасцю тавараў, якія выбіраюць для сваіх дзяцей.


— Задача ўдзельніка — арыентуючыся па квест-карце гіпермаркета, праходзіць станцыі і на кожнай з іх адказваць на пытанні пра экалагічна чыстыя прадукты, упакоўку, касметыку, — тлумачыць Кацярына. — Ваша заданне — даць адказ, а калі вы нічога пра гэта не ведаеце, падказкай будуць тавары на паліцах, інфармацыя пра іх склад, сертыфікаты якасці і г.д. Мы гэта робім не для таго, каб павысіць продаж тавараў магазіна, а выключна для таго, каб пакупнік навучыўся выбіраць экалагічны тавар.

Два гады назад “Эка-Майстэрні” сумесна з факультэтам прыродазнаўства БДПУ рэалізавалі праект “Клімат у сям’і” па праблемах, звязаных са змяненнем клімату. Вынікам гэтай работы сталі публікацыі з серыі “Кліматычныя майстэрні” з апісаннем майстар-класаў. Трэнеры “Эка-Майстэрні” дзяліліся таксама скандынаўскім вопытам у галіне энергаэфектыўнасці, захавання водных рэсурсаў. Выпусцілі яны і кнігу “Экаберажлівасць пачынаецца дома”, у якой сабраны шведскі вопыт, адаптаваны да беларускіх рэалій. Гэтыя намаганні, дарэчы, атрымалі станоўчую ацэнку: у мінулым годзе арганізацыя “Эка-Майстэрні” атрымала статус Рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі інтэграцыі міжнароднага вопыту адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця (у межах асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”).

Толькі за мінулы год валанцёры арганізацыі дзяліліся замежным вопытам і сваімі ведамі падчас многіх забаўляльна-адукацыйных мерапрыемстваў. Гэта і фестываль для людзей, зацікаўленых у гарадскім агародніцтве, “Камаедзіца”, фестываль “Тутэйшая гаспадарка”, сямейныя фестываль “Бу!Кідс”, “МОЛОКО” і інш. “Эка-Майстэрні” зладзілі і правялі круглы стол “Наш горад — будучае бачанне” ў Бабруйску ў рамках Тыдня ўстойлівага развіцця — 2017, арганізавалі школу экалагічнага актывіста для валанцёраў зялёнага руху. Дарэчы, выпускнікі школы цяпер ствараюць свае праекты. Напрыклад, адна з удзельніц рэалізавала адукацыйны курс па экалогіі для дзяцей 6—8 гадоў “Зялёны капялюш”, яшчэ адзін валанцёр вядзе барацьбу з лішнімі пакетамі ў дастаўцы ежы “Еўраопта” і інш.

Зараз у Беларусі ў партнёрстве з БДПУ, Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа і асацыяцыяй “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” рэалізоўваецца адукацыйны праект Project HUMANITY. Яго задача — матываваць моладзь на індывідуальную і калектыўную работу на аснове прынцыпаў гуманізму, інтэграваных у адукацыйны працэс.

— Сёння ва ўсім свеце адукацыйны працэс накіраваны на атрыманне ведаў. А каштоўнасці, этыка (прадмет, які некалі знік са школьнага раскладу) не разглядаюцца ў школах, а аддаюцца на “выкладанне” бацькам. Але і яны не атрымалі адукацыі, ведаў у гэтым кірунку. У 2015 годзе Інстытутам міжнароднага супрацоўніцтва па пытаннях адукацыі Універсітэта педагагічнай адукацыі кантона Цуг (Швейцарыя) быў распрацаваны курс “Праект гуманнасць”. Ён прайшоў пілотную апрабацыю ў 4 краінах Еўропы і ў 4 краінах Афрыкі, — тлумачыць К.Спосаб. — Зараз пачаўся другі этап праекта. Уключыліся ўжо 20 краін, у тым ліку наша. Беларусы нараўне з іншымі ўдзельнікамі праводзяць у школах па ўсім свеце 5-дзённыя модульныя трэнінгі для маладых людзей ад 14 да 18 гадоў. Такія трэнінгі дапамагаюць фарміраваць асабістае стаўленне ўдзельнікаў да такіх каштоўнасцей, як гуманнасць, мір, адказнасць, павага да іншых, роўнасць і інш. Выказаць сваё меркаванне, гаварыць пра асабістыя адчуванні дапамагаюць розныя формы работы: з відэа, тэкстамі, праца ў інтэрнэце, інтэрактыўныя заняткі на развіццё.

Такі пілотны трэнінг я зараз праводжу ў гімназіі № 1 Ліды. Працую са старшакласнікамі толькі трэці дзень, але ўжо бачу вынік. Яны адзначаюць важнасць таго, што дарослых хвалюе іх меркаванне. І сапраўды, нас вучаць, але не пытаюцца пра нашы думкі наконт таго, што адбываецца навокал. Мы і хацелі б многае памяняць, ды часта думаем, што нам не хапае сіл, магчымасцей ці нават правоў. Працуючы ў гэтым напрамку, мы даказваем, што не так многа трэба, каб нешта змяніць. Галоўнае — жаданне.

У выніку сёння Беларусь становіцца дэманстрацыйнай пляцоўкай лепшых практык устойлівага развіцця — і замежных, і сваіх. Усё часцей да нас прыязджаюць эксперты з Германіі, Літвы, Швецыі, Чэхіі, але не дзяліцца сваім вопытам, а вывучаць беларускі, бо ён адлюстроўвае найноўшыя сусветныя тэндэнцыі (хаця часам мы не называем канкрэтнымі тэрмінамі свае практыкі, але сутнасць у іх адна). За мяжой жа, на жаль, голас Беларусі не надта гучны. Але валанцёры ўпэўнены, што гэта пытанне часу.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва ўстановы “Эка-Майстэрні”.