На пазнанне натхніць гульня

У малодшых школьнікаў няма рэзкай мяжы паміж вучобай і гульнёй. Няма яе і ў прадоўжанцы Кацярыны Рамуальдаўны Абражэй з пачатковай школы № 103 Мінска. Выхавальніца аддае перавагу тым гульням, якія дапамагаюць дзецям не толькі разняволіцца, адпачыць, павесяліцца, але і адкрыць для сябе падчас гульняў штосьці новае.

Сшыткі-“хвалілкі” і падушкі-“б’юшкі”

Добрая група прадоўжанага дня кампенсуе тое, чаго дзіцяці не хапала ў першай палове дня, падчас вучобы. Тут дзеці атрымліваюць магчымасць уволю пабегаць, паскакаць, адпачыць, разняволіцца. Кацярына Рамуальдаўна стварае для гэтага адметнае асяроддзе, выкарыстоўваючы розныя “фішкі”, якія дапамагаюць дзіцяці адчуваць сябе ўтульна.

“У нашай прадоўжанцы падтрымліваюцца розныя традыцыі, накіраваныя на праяўленне добразычлівасці, узаемадапамогі, працавітасці, развіццё ўмення разам вырашаць канфліктныя сітуацыі (адметныя вітанні, хвілінкі кампліментаў, падзякі, клопату і інш.). Карыстаюцца папулярнасцю сшытак-“хвалілка” і сшытак-“лаянка”, мяккая падушка-“б’юшка”, “чароўны і заспакаяльны” клубок нітак для вязання, крэсельца для адзіноты, “шкатулка ідэй” для баць-коў і дзяцей. З вялікім задавальненнем дзеці прымаюць удзел у арганізацыі і правядзенні “Тыдня самакіравання”, “Рознакаляровага тыдня” і іншых мерапрыемстваў. Пры любой магчымасці “выходзім у свет”: наведваем бібліятэкі, музеі, выставы, паркі, ладзім выязныя экскурсіі”, — расказвае К.Р.Абражэй.

Разумныя карты

Кацярына Рамуальдаўна таксама стараецца закласці ў дзяцей творчы пачатак, выхоўвае ў іх імкненне да самаразвіцця і самаўдасканалення. У гэтым ёй дапамагаюць, у прыватнасці, інтэлект-карты, лэпбукі. Педагог вучыць дзяцей іх ствараць і карыстацца імі.

“Стварэнне інтэлект-карт, лэпбукаў, выкарыстанне элементаў eduScrum — гэта для мяне бесперапынны працэс педагагічнага пошуку найбольш эфектыўнага спалучэння розных інструментаў фарміравання і развіцця ў навучэнцаў ключавых кампетэнцый для жыцця. А для дзяцей гэта незвычайнае і цікавае баўленне часу, якое дазваляе загарэцца творчасцю”, — гаворыць педагог.

Інтэлект-карты — гэта спосаб прадстаўлення любога працэсу або падзеі, думкі ці ідэі ў комплекснай, сістэматызаванай, графічнай форме. У арыгінале гэта гучыць як mindmap, што даслоўна не перакладаецца, таму сустракаюцца і такія назвы, як разумная карта, ментальная карта, карта думак, карта памяці, карта мыслення, карта розуму, інтэлектуальная карта.

Як ствараць інтэлект-карты і як па іх працаваць? “Іх задача — навучыць праводзіць аналогіі, шукаць асацыяцыі, — тлумачыць педагог. — Таму, знаёмячы дзяцей з гэтым метадам, я спачатку расказваю ім праз гульні, што такое асацыяцыі. З першакласнікамі гэта простыя аналогіі, а з вучнямі 3 класа — больш тонкія лагічныя сувязі. Інтэлект-карты можна ствараць на любую тэму, у тым ліку і па прачытаных творах. Так, калі дзелімся ўражаннямі ад прачытанай кніжкі, то шукаем нейкае ключавое паняцце і шукаем да яго словы-асацыяцыі. Напрыклад, бяром апавяданне В.Драгунскага “Хітры спосаб”. Ключавое паняцце тут — назва апавядання. Асноўныя паняцці — аўтар, персанаж, месца, дзеянне, стаўленне, ідэя. Таму ў цэнтры малюнка кожны вучань замест напісання назвы малюе свой вобраз, які ў яго ўзнік пасля прачытання твора. Аўтара таксама прадстаўляюць нейкім вобразам, сімвалам, з якім ён асацыіруецца ў дзяцей, і г.д. Персанажы — Дзяніска, мама і тата — таксама малююцца ў вобразах. Месца дзеяння — кухня і гасціная, таму тут могуць быць розныя вобразы — стома, абед, гультайства. Стаўленне дзіцяці неабавязкова супадае з аўтарскім (можа быць станоўчым, адмоўным, нейтральным). Вывад, ідэя таксама перадаюцца нейкім словам ці вобразам. Калі разглядаем учынкі герояў, то больш старэйшыя дзеці ўжо могуць устанаўліваць узаемасувязі — як дзеянні таты, мамы звязаны са стаўленнем аўтара ці стаўленнем дзіцяці і г.д.”.

Адзінства кніжнага асяроддзя і кніжных інтарэсаў дзяцей і бацькоў — галоўная ўмова паспяховага фарміравання дзіцяці-чытача ў сям’і, таму супрацоўніцтва з бацькамі стала для Кацярыны Абражэй правілам. Для бацькоў яна праводзіць анкетаванні, апытанні і кансультацыі на тэму “чытацкіх звычак”. Павышэнню чытацкай культуры сям’і спрыяюць бацькоўскія сходы (“роля чытання ў жыцці дзіцяці”, “правільнае чытанне — залог паспяховага навучання дзіцяці”), практыкумы (“як дапамагчы дзіцяці авалодаць звязнай мовай”, “як скласці інтэлект-карту па літаратурным творы”), святы (“тата, мама, я — чытацкая сям’я”), індывідуальныя кансультацыі, інфармацыйныя куткі для бацькоў і міні-выставы літаратуры па праблеме дзіцячага чытання.

Дарэчы, ствараць інтэлект-карты па прачытаных творах у прадоўжанцы пачалі невыпадкова. Па меркаванні Кацярыны Абражэй, пераацаніць ролю кнігі, чытання для малодшага школьніка немагчыма, таму педагог самымі рознымі спосабамі падтрымлівае ў іх прагу да чытання, у прыватнасці, у межах тэматычных клубных гадзін, якія кожны тыдзень праводзяцца ў групе. Для гэтага Кацярына Рамуальдаўна выкарыстоўвае і іншыя метады і прыёмы: прэзентуе дзіцячыя газеты і часопісы, ладзіць літаратурныя святы і вечарыны, разам з дзецьмі выпускае рукапісныя часопісы і кніжкі-самаробкі з любімымі, а таксама ўласнымі творамі. Разам яны праглядваюць дыяфільмы, прэзентацыі, ставяць спектаклі, арганізуюць работу літаратурнага паштамта (адпраўляюць лісты, тэлеграмы, пасылкі ад імя літаратурных герояў), ствараюць “вусныя часопісы” (форма рэкламы кнігі, якая мае сваю назву, своеасаблівае афармленне з унутранымі лістамі, якія можна перасоўваць, як бы “перагортваць”). Па вечарах падчас інтэлектуальна-пазнавальных гульняў, віктарын, разгадвання крыжаванак тут не змаўкаюць дзіцячая гамонка і смех. Яшчэ ладзяцца конкурсы чытальнікаў, конкурсы сачыненняў і малюнкаў на літаратурную тэматыку, “бітвы розумаў” падчас дыдактычных гульняў і літаратурных гульняў-падарожжаў.

Кніжка з сюрпрызам

Стварэнне лэпбукаў — від актыўнага адпачынку, які дапамагае сістэматызаваць свой вопыт і развіць камунікатыўныя навыкі.

“Лэпбук, ці, як яго яшчэ называюць, “тэматычная папка” — гэта самаробная кніжка, дзе сабраны матэрыял на пэўную тэму, якую мы хочам прапрацаваць, — тлумачыць педагог сутнасць папулярнай вынаходкі. — Матэрыял цікава афармляецца ў разнастайныя міні-кніжачкі, кніжкі-гармонікі, канверцікі з падарункамі. Лэпбук абавязкова ўключае розныя творчыя заданні. Яго можна параўнаць з цацкай, прычым гэта цацка, якую дзеці робяць самі! Увесь сэнс яго вырабу якраз у тым, каб пасля можна было гуляць з ім даволі доўгі час. Дзеткі размалёўваюць сваё тварэнне, аблепліваюць яго наклейкамі, стужачкамі, усяляк упрыгожваюць, берагуць яго і, канечне, пераглядаюць яго напаўненне. Успомніце кіндар-сюрпрызы. Што ў знакамітых шакаладных яйках так падабаецца дзецям? Шакалад? Не! Дзяцей у першую чаргу цікавіць сюрпрыз, таямніца, загадка, тое, што ўнутры. Лэпбук — гэта цацка, у якой вельмі шмат інтэрактыўных рэчаў: розных схаваных цікавых элементаў, якія раскрываюцца не адразу”.

Пра што лэпбукі будуць “расказваць” дзіцяці — выбірае педагог. Напрыклад, удала ўпісваецца ў гэты фармат тэма правільнага харчавання. Пачатковая школа № 103 Мінска стала адной з першых пілотных школ у Беларусі па ўкараненні праграмы факультатыўных заняткаў “Па прыступках правіл здаровага харчавання”. Педагогі школы, атрымаўшы метадычныя дапаможнікі і маляўнічыя вучэбныя дапаможнікі для навучэнцаў, адправілі сваіх першакласнікаў па прыступках правіл здаровага харчавання.

Інтэлект-карты вучаць дзяцей фантазіраваць, будаваць зносіны адно з адным. Часам у вучняў заніжаная самаацэнка, ёсць пэўныя стэрэатыпы, а стварэнне інтэлект-карт дапамагае пазбегнуць крытэрыяў “правільна — няправільна”. Не бывае няправільных інтэлект-карт — гэта толькі нашы меркаванні, уяўленні, а каб маляваць, неабавязкова быць мастаком. Таму стварэнне інтэлект-карт дапамагае падтрымліваць прыемную атмасферу ў групе і спрыяе зносінам.

Цяпер Кацярына Рамуальдаўна працуе над укараненнем у дзейнасць вучняў скрам-элементаў. Настаўнікі малодшых класаў школы паспяхова абаранілі гэты праект, і яго элементы яна таксама актыўна ўкараняе.

“Вядома, аналізуючы сваю педагагічную дзейнасць, я ўсведамляю, што наперадзе яшчэ шмат незададзеных пытанняў і нявырашаных задач, наперадзе пошук дакладных адказаў і найлепшых рашэнняў”, — гаворыць Кацярына Абражэй.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены К.Р.Абражэй.