На пошукі дабрыні разам з “Сіняй птушкай”

Слова “тэатр” для мяне гучыць як нешта недасягальнае, месца, дзе могуць выступаць толькі сапраўды таленавітыя і незвычайныя людзі. Калі глядзіш на акцёраў на сцэне, успрымаеш іх “тут” і “зараз”, нават не задумваючыся, што ў дзяцінстве яны, як і ты, хадзілі ў школу, рабілі ўрокі, гулялі з сябрамі. Напэўна, адрозненне толькі ў тым, што многія з іх яшчэ займаліся ў тэатральных гуртках. Узорны тэатр “Сіняя птушка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — гэта месца, дзе гадуюць людзей сцэны, людзей тысячы роляў.

Па прафесіі — актрыса

Тэатр быў створаны ў 1996 годзе, а свой цяперашні статус узорнага атрымаў у 2004-м. У ім займаюцца дзеці 5—16 гадоў пад кіраўніцтвам Таццяны Аляксандраўны Анікінай. Магчыма, хтосьці ўжо чуў гэтае імя, бо па прафесіі Таццяна Аляксандраўна — актрыса. У 1981 годзе яна скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, пасля чаго паехала працаваць у Віцебск.

“Туды запрасілі ўвесь наш курс. Я з радасцю прыняла прапанову і адпрацавала там 15 гадоў. З 1996 года мама звала мяне назад у Мінск. Нягледзячы на тое, што на гэты час прыйшоўся пік маёй творчасці, трэба было нешта выбіраць”, — расказвае кіраўнік тэатра. І Таццяна Аляксандраўна вырашыла вярнуцца. На той момант жанчыне было 40 гадоў. Час, калі толькі пачынаецца жыццё, як зараз любяць гаварыць. Але ж для актрысы гэты ўзрост быў цяжкім. “Калі чалавек кідае тэатр, ён быццам адмаўляецца ад лепшага, што яму магло даць жыццё. Першы час было вельмі цяжка: паўгода ноччу мне сніўся толькі тэатр”, — узгадвае Таццяна Анікіна.

У такой сітуацыі было некалькі выхадаў: ці забыцца на сваю прафесію, ці знайсці нешта падобнае. Спачатку Таццяна Аляксандраўна звярнулася да кіно. Яна і раней там здымалася час ад часу. Потым стала зразумела, што гэтая работа не такая стабільная, як хацелася б, і жанчына вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці настаўніка. Першым вопытам было выкладанне маўлення, а праз некаторы час Таццяна Анікіна прыйшла да таго, чым займаецца ўжо шмат гадоў.

“Мяне прынялі на работу ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Цяпер мне прыходзілася быць рэжысёрам. Паступова я зразумела, што змагу гэтым займацца. Вельмі шмат глядзела нумароў на дзіцячых фестывалях, якія не саступалі спектаклям з дарослымі акцёрамі. Гэта было сапраўдным тэатрам, які вабіў, і мне захацелася стварыць нешта сваё. Паставіла невялікі спектакль, а тады ў нас якраз праходзіла пацвярджэнне званняў узорных тэатраў. Мяне рэкамендавалі да ўдзелу. Калі мы паказалі свой твор, атрымалі шмат пахвальных во­дзываў. Гэта мяне акрыліла. Раней я сумнявалася, нават пыталася ў камісіі, як яны лічаць, ці маю права займацца, у мяне ж няма рэжысёрскай адукацыі. На што мне адказалі: “Марк Захараў, Канстанцін Станіслаўскі — гэта ўсё акцёры. Не сумнявайся, а працуй”. Таццяна Аляксандраўна прыслухалася і з тых часоў аддана працуе.

Разам з дзецьмі

Самае складанае — пачатак года. Прыходзяць новыя вучні, кожны са сваім характарам і сваімі страхамі. Некаторыя плачуць, баяцца нават зайсці ў кабінет, але Таццяна Аляксандраўна ўмее схіліць іх да сябе, настроіць на рабочы лад.

“Калі сюды прыходзяць дзеці, трэба пачынаць з нейкіх практыкаванняў на рухі, — расказвае педагог. — Вучні бега­юць, нешта паказва­юць, выконваюць. Калі яны сваю энергію выплюхнулі, можна сесці і пачаць рабіць практыкаванні на ўмацаванне памяці, развіццё фантазіі, акцёрскія практыкаванні. Калі дзеці пэўны час пазаймаліся, мы з імі бяром нейкі матэрыял і на яго падставе прыдумваем мініяцюру”. Нават да самых маленькіх вучняў Таццяна Анікіна ставіцца як да сур’ёзных асоб. Гэта з’яўляецца галоўным прынцыпам у яе рабоце. “Я бачу ў іх такіх жа дарослых людзей, як я сама. Яны — мае калегі. Мы заўсёды вучымся адно ў аднаго”, — гаворыць рэжысёр.

Што тычыцца назвы тэатра, то яна адсылае нас да аднайменнай п’есы Марыса Метэрлінка. У ёй расказваецца, што ў ноч перад Калядамі да хлопчыка і дзяўчынкі прыходзіць фея. Унучка феі хворая, і дапамагчы ёй можа толькі Сіняя птушка шчасця. Дзеці адпраўляюцца на пошукі. Пасля ўсіх прыгод яны разумеюць, што Сіняя птушка заўсёды была побач, трэба проста ўмець яе заўважыць. Гэтая светлая гісторыя, вырашыла Таццяна Аляксандраўна, і павінна быць адлюстравана ў назве тэатра.

Тое, што паказваюць вучні на сцэне, часам бярэцца гатовым, часам прыдумваецца Таццянай Анікінай. Часта ў аснову кладуцца казкі: тэма барацьбы зла і дабра для рэжысёра вельмі важная. “Мне здаецца, у сучасным свеце актуальна падымаць гэтую тэму. Хочацца, каб у тэатры людзі не проста адпачывалі, але і задумваліся над чымсьці, выходзілі з жаданнем рабіць нешта добрае”, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна. Рэжысёр хацела б, каб і дзеці часцей дапамагалі ёй у стварэнні новых сюжэтаў. Часам хтосьці падхоплівае думку Таццяны Аляксандраўны і разам яны пачынаюць раскручваць, дапрацоўваць ідэю.

“Часта бацькі думаюць, што лепш аддаць сваё дзіця ў басейн, які паправіць яго здароўе, ці танцы, якія дапамогуць перамагчы скаліёз, ці маляванне, якое навучыць асновам чарчэння. Зараз усё часцей прыводзяць дзяцей 5—6 гадоў, каб падрыхтаваць іх да школы: разняволіць, наву­чыць добра чытаць вершы, упэўнена трымацца. Яны займаюцца год-два, а потым сыходзяць. Гэта цяжка: трэба зноў набіраць, ву­чыць, а пасля яны зноў сыдуць. Канечне, добра, што ў нас ёсць матэрыяльная база, мы можам шыць прыгожыя гарнітуры, але справа ж не толькі ў гарнітурах…”

На памяць — узнагароды

Тэатр “Сіняя птушка” хоць і мае свой “штаб” у Мінску, але часта ездзіць па іншых гарадах краіны і за мяжу для ўдзелу ў фестывалях і конкурсах. Адтуль замест магніцікаў на халадзільнік вучням больш падабаецца прывозіць узнагароды. Тэатр станавіўся лаўрэатам І ступені фестывалю дзіцячых і юнацкіх тэатраў “Янтарная заря — 2015” (Літва), атрымліваў гран-пры фестывалю і 1-е месца ў катэгорыі “Тэатры” XVII Міжнароднага фестывалю дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясновы зарапад — 2016” (Польшча), дыплом І ступені ў намінацыі “Драматычны тэатр” (сярэдняя група) на Міжнародным фестывалі-конкурсе ART PLANETA. TEATR (Мінск, 2018) і інш.

У рэпертуары “Сіняй птушкі” за апошнія пяць гадоў з’явіліся такія спектаклі, як “Любоў і каварства Кешы”, “Казляня, якое ўмела лічыць да 10”, “Макавае зернейка”, “Гісторыя, якая здарылася з Пецем”, “У іх таксама ёсць сэрцы”, “Дзякуй, Андэрсен” і інш.

“Мая любімая работа — “Служба 911”, — расказвае Маргарыта Удовенка, якая займаецца ў тэатры ўжо 10 гадоў. — Сцэнка расказвае пра дзяўчыну, якая вісела на парапеце каля чыгункі. Яе спрабавала выратаваць шмат людзей, але потым стала зразумела, што яна проста заснула”.

Дзякуй, тэатр

Тэатр — гэта ў першую чаргу работа з людзьмі. Акцёры ўзаемадзейнічаюць паміж сабой на рэпетыцыях, падчас паказу перадаюць энергію адно аднаму і гледачам у зале. Пастаянныя зносіны пакідаюць свой адбітак на характары людзей.

“Калі я іду па вуліцы і бачу шыкоўнага шакаладнага сабаку, мне не страшна падысці папрасіць яго пагладзіць, спытаць у чалавека, што гэта за парода, якія яе асаблівасці, як доўга з жывёлай трэба гуляць, — расказвае актрыса “Сіняй птушкі” Вера Рудзенік. — Зносіны для мяне цяпер увогуле не праблема. Яшчэ заўважыла, што людзі тэатра больш адкрытыя, ведаюць, як трэба падаць сябе. Гэта дапамагае ў жыцці”.

З цеплынёй узгадваюць час навучання ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі былыя выхаванцы Таццяны Анікінай. Адна з дзяўчын, напрыклад, напісала ёй: “Тэатр — гэта самае лепшае, што здаралася са мной у жыцці”.

“Быў у мяне яшчэ адзін хлопчык, — узгадвае педагог. — Ён ужо пачынаў звязвацца з дрэннымі кампаніямі, але бабуля пачула маё інтэрв’ю па радыё і прывяла яго на заняткі. Я тады якраз шукала Андэрсена ў пастаноўку. Так хлопчык і пачаў займацца. На маім юбілеі ён сказаў: “Калі б не Таццяна Аляксандраўна, не ведаю, што б са мной было, бо я пачынаў пагружацца ў цемру”. Чуць такія словы… Лепшай узнагароды для мяне і не можа быць”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлены Таццянай АНІКІНАЙ.