Не перавяліся яшчэ рыцары на Беларусі

Клуб гістарычнай рэканструкцыі “Ордэн паўночнага храма” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі сёння з’яўляецца адным з самых вядомых у Беларусі. Менавіта члены гэтага клуба з’яўляюцца арганізатарамі такога вядомага фестывалю, як “Спадчына стагоддзяў” у Мірскім замку, а таксама Міжнароднага турніру па гістарычным сярэдневяковым баі “Кубак выкліку”. Што прыцягвае маладых людзей і дзяўчат да падзей тых слаўных часоў? Думаецца, не памылюся, калі скажу, што рамантыка…
* * *

У пакоях клуба пахне даўніной, стрымана пазіраюць на гасцей куфры, у якіх тутэйшыя прыгажуні захоўваюць свой няхітры скарб, пабліскваюць да люстранога бляску нацёртыя даспехі. Цікава, што першая ў Беларусі кальчуга была сплецена менавіта ў сценах ордэна, яна і сёння беражліва захоўваецца тут як сімвал адраджэння беларускага рыцарства. Стальная зброя, баявыя шчыты, дзіды… Абсалютна ўсё ў клубе ствараецца сваімі рукамі. Як жартуюць члены клуба, іншым разам з-за недахопу спецыяльнай тэхнікі яго членам прыходзіцца асвойваць сярэдневяковыя тэхналогіі.
“Пачыналася ўсё з рэканструкцыі касцюмаў XIII стагоддзя, якія ў той час насілі ў Францыі і Германіі, — расказвае культарганізатар клуба Ірына Міхайлаўна Салавей. — Асноўнай гістарычнай крыніцай для нас служыў Манэскі кодэкс. Гэта кніга, у якой адлюстраваны адзенне і побыт заходнееўрапейскага рыцарства гэтага перыяду.
Рэканструкцыя — гэта спроба ўкаранення ў той час. Зразумела, што мы не можам мысліць такімі ж катэгорыямі, як сярэдневяковыя людзі, але для нас у гэтым перыядзе ёсць шмат цікавага. Лад жыцця і філасофія бедных рыцараў Храма Саламона, або, як іх яшчэ называюць, тампліераў, на дастаткова доўгі перыяд сталі для нас крыніцай натхнення ў гістарычных даследаваннях. Цяпер мы змяняем кірунак рэканструкцыі і будзем займацца швейцарскімі ваеннымі касцюмамі другой паловы XVI стагоддзя”.
Штуршком да выбару стала цікавасць членаў ордэна да гістарычнага сярэдневяковага бою. Сёння ён набывае ўсё большую папулярнасць у свеце. Ужо ў чацвёрты раз (сёлета на тэрыторыі Францыі) пройдзе адпаведны чэмпіянат, які збярэ парадку 26 каманд. Беларусь будзе прадстаўляць зборная каманда рыцараў.
“Наш сённяшні кірунак — рэканструкцыя касцюма швейцарскай пяхоты, — расказвае рыцар ордэна Югард, ён жа Павел Падліскіх. — Гістарычнымі крыніцамі служыць літаральна ўсё: мініяцюры, надмагільныя помнікі, фрэскі, барэльефы, статуі, карціны… На аснове іх комплекснага даследавання і ствараецца касцюм, што дазваляе дасягнуць найбольшай гістарычнай дакладнасці.
Чаму менавіта гэты перыяд гісторыі? Мы час ад часу мяняем кірунак рэканструкцыі, і не ў апошнюю чаргу на гэта ўплываюць сусветныя трэнды. Напрыклад, цяпер у Еўропе вельмі папулярная гістарычная рэканструкцыя 1812 года, мае сваіх прыхільнікаў такі перыяд, як XVIII стагоддзе, ну, і, канечне, рэканструкцыя сярэдневякоўя, эпохі рыцарства.
Выраб ваенных даспехаў развіваўся, пачынаючы дзесьці з XII стагоддзя. Тыя клубы, якія сёння займаюцца рэканструкцыяй даспехаў да XIV стагоддзя, не могуць удзельнічаць у поўнакантактных баях, паколькі яны не вельмі добра абаронены. Таму мы абралі другую палову XIV стагоддзя, каб у нас быў належны ўзровень экіпіроўкі”.
Як сцвярджаюць члены клуба, даспехі яны вырабляюць на самым высокім тэхнічным і гістарычным узроўнях. Інакш кажучы, даспехі максімальна набліжаны да арыгіналаў.
Пачынаючы з XV стагоддзя рыцарскі касцюм дасягае такога ўзроўню, што нават сёння зрабіць яго вельмі складана.
Адзін такі камплект даспехаў — сапраўдны твор мастацтва, і работа над ім займае не адзін год. Да слова, рыцары “Ордэна паўночнага храма” таксама выкарыстоўваюць латныя даспехі, але крыху больш простыя ў выкананні.

* * *

Людзі, якія цікавяцца жывой гісторыяй, сярэдневяковым боем, дзякуючы клубам гістарычнай рэканструкцыі трапляюць у асаблівае субкультурнае асяроддзе. На пытанне, што гэта дае ў плане асобаснага росту, аматары даўніны могуць толькі ўсміхнуцца: іх захапленне ніяк не параўнаеш з баўленнем часу ў дваровых кампаніях або за камп’ютарнымі гульнямі. У клуб “Ордэн паўночнага храма” прыходзяць пачынаючы з 14 гадоў і застаюцца, пакуль дазваляюць магчымасці.
Першае, ад чаго прыходзіцца пазбавіцца новым членам клуба, дык гэта ад агульнапрынятых стэрэатыпаў. І гэтага патрабуе яе вялікасць гісторыя!
“Мы, як і сярэдневяковыя рыцары, жывём па прынцыпах паняційнасці, у нас ёсць разуменне таго, што добра, а што дрэнна, — адзначае Павел Падліскіх. — Знакамітага кодэкса рыцара не існавала ў прынцыпе, як, дарэчы, і нейкага асаблівага рыцарскага служэння даме. Гэтая культура, якая набыла такую сусветную вядомасць і заняпад якой мы можам бачыць у героі Сервантэса Доне Кіхоце, увогуле была прыдумана толькі ў часы Рэнесансу.
На самай справе рыцар — гэта прафесійны воін. Здаецца, толькі ў трувераў у першай палове XIII стагоддзя было папулярна пісаць вершы і выступаць з імі пры двары. Але гэта кропля ў моры… Усё, што мы ведаем пра рыцараў, не што іншае, як прыгожая казка.
Калі гаварыць пра пакланенне дамам, то яно не адрознівалася ад таго, што існуе ў нашы дні. Сцвярджаць, што рыцары прысвячалі свае перамогі на турнірах дамам, гістарычна неправамерна.
Канечне, рыцары адрозніваліся ад сялян, якія аралі зямлю, яны маглі быць адукаванымі і нават чытаць кнігі. Рыцары падтрымлівалі зносіны з роўнымі сабе па статусе. Менавіта гэта ўзнімала іх на адпаведны ўзровень у тагачасным грамадстве. Крыжовыя паходы — гэта паходы малодшых сыноў на тэрыторыі суседніх дзяржаў з мэтай набыць зямлю. У аснове ўсяго часта ляжаў непасрэдна матэрыяльны інтарэс”.

* * *

Андрэй Фралоў (рыцар Энджэл), культарганізатар клуба “Ордэн паўночнага храма”, дапамагае тым, хто робіць першыя крокі да рыцарства, у стварэнні ўласных даспехаў. Як ужо адзначалася, абсалютна ўсё ствараецца сваімі рукамі: ад шына-брыгантных даспехаў і браміцы шлема да складаных у выкананні пальчатак і шлемаў. Рэзанне металу, зачыстка, выгіб… Рыцарства пачынаецца з цяжкай мужчынскай работы. Выратоўвае невялікая майстэрня, якая знаходзіцца тут жа, у палацы.
Канечне, стварыць касцюм дамы значна прасцей, але і сёння ў Беларусі ёсць унікальныя майстрыхі, якія ўзнаўляюць гістарычныя касцюмы, пачынаючы з прадзення пражы і ткання палатна. Цікавы факт: раней палоскі тканіны былі не вельмі шырокімі, і каб зрабіць, скажам, верхняе жаночае адзенне, прыходзілася сшываць разам некалькі палос. Сучасныя дамы іншым разам робяць падобныя рэчы наўмысна, каб іх строі цалкам адпавядалі сярэдневяковым.
Аднак жаночыя касцюмы не заўсёды рэканструююцца з такой гістарычнай дакладнасцю. Сярод сукенак сённяшніх лэдзі можна сустрэць і рэчы эклектычныя, крыніцамі ідэй для якіх паслужылі касцюмы Францыі і Германіі.
Але чаму ні дамы, ні рыцары не ўзнаўляюць тыя строі, якія ў сярэдневякоўі насілі на тэрыторыі сённяшняй Беларусі?
“Калі мы ў чарговы раз выбіралі для сябе перыяд для рэканструкцыі, у нас было вялікае жаданне заняцца гістарычнай рэканструкцыяй касцюмаў і побыту перыяду Вялікага Княства Літоўскага да ХІV стагоддзя, — расказвае Павел Падліскіх. — На жаль, мы не знайшлі дастатковай колькасці крыніц, каб заняцца гэтай справай. Паколькі наш клуб займаецца рэканструкцыяй на вельмі высокім узроўні, то мы не сталі “падганяць” гістарычныя крыніцы пад уласнае жаданне. Значных дэталяў касцюма ў помніках гісторыі не захавалася, а займацца іх перайманнем — справа не для рэканструктараў”.
Цікава, што сённяшняя гістарычная рэканструкцыя пранікла і на прасторы інтэрнэту. Такі свайго роду парадокс: рыцары і дамы ў сусветнай павуціне. І, тым не менш, значная колькасць тэматычных парталаў, дзе людзей з усяго свету аб’ядноўвае агульны інтарэс, дапамагае абменьвацца вопытам, назапашваць унікальны гістарычны матэрыял.
Адным з цікавых кірункаў гістарычнай рэканструкцыі з’яўляецца “жывая гісторыя”. Адна справа — прачытаць пра лад жыцця сярэдневяковых рыцараў і зусім іншая — пажыць так на самай справе, прыгатаваць страву па старым рэцэпце на адкрытым вогнішчы, патанчыць пад музыку сярэдневякоўя… Нават самы яскравы аповед пра падзеі тых часоў нельга параўнаць з рэальнымі чалавечымі адчуваннямі. Гэта і ёсць соль “жывой гісторыі”.
Рыцарскія баі — таксама ў пэўным сэнсе яе неад’емная частка. І трэба сказаць, што клуб гістарычнай рэканструкцыі “Ордэн паўночнага храма” вядомы ў краіне тым, што ўжо шмат гадоў не мае канкурэнтаў у групавых баях. Будзем спадзявацца, што гэтае майстэрства дапаможа беларускім рыцарам паказаць сябе на чэмпіянаце свету па гістарычным сярэдневяковым баі. І няхай ніякія гістарычныя крыніцы не перашкодзяць ім высакародна прысвяціць свае будучыя перамогі дамам.

Наталля АЛЁХІНА.