Пачатковае мадэляванне

Пачатковае тэхнічнае мадэляванне — цікавы і даступны від дзейнасці. Ён прадугледжвае стварэнне дзецьмі макетаў і мадэлей тэхнічных аб’ектаў самай простай канструкцыі, узбагачае малодшых школьнікаў агульнатэхнічнымі ведамі, уменнямі і дае магчымасць развіцця іх творчых здольнасцей. У Горацкім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі юныя мадэлісты ўвасабляюць мару ў рэальнасць, ствараюць свае першыя мадэлі тэхнікі.


Нават далёкі ад тэхнікі чалавек, трапляючы ў майстэрню мадэлявання аддзела тэхнічнай творчасці, разумее, што ён у свеце захопленых людзей. Шмат у чым такая атмасфера вызначаецца асобай педагога. Кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Пачатковае тэхнічнае мадэляванне” педагог дадатковай адукацыі Святлана Васільеўна Голас, эрудыт, знаўца сваёй сферы дзейнасці. Пра дасягненні ў прафесіі педагога гавораць яе дыпломы і граматы. Навучэнцы, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах пад кіраўніцтвам Святланы Васільеўны, з’яўляюцца дыпламантамі раённых, абласных, рэспубліканскіх этапаў конкурсаў па тэхнічнай творчасці.

Ва ўмовах, калі ў групе аб’яднання па інтарэсах займаюцца вучні з рознымі здольнасцямі, інтарэсамі, розным псіхічным і фізічным развіццём, для забеспячэння эфектыўнага навучання Святлана Васільеўна выкарыстоўвае дыферэнцыраваны падыход. Укараненне дыферэнцыраванага падыходу ў арганізацыю вучэбнай дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю з’яўляецца дзейснай формай, садзейнічае развіццю асобы, дазваляе ўлічваць схільнасці, выяўляць і максімальна развіваць задаткі, інтарэсы і творчыя здольнасці кожнага вучня.

“Паколькі большая частка заняткаў адводзіцца на практычную дзейнасць, унутрыгрупавую дыферэнцыяцыю выкарыстоўваю на этапе самастойнай работы навучэнцаў і пры падвядзенні вынікаў. Групу дзялю на падгрупы на падставе індывідуальных асаблівасцей дзяцей, узроўню засваення імі зместу адукацыйнай праграмы і развіцця творчых здольнасцей. Дзяленне на падгрупы праводжу негалосна і ўмоўна. Кожны з вучняў, які дасягнуў пэўных поспехаў у канструяванні мадэлей, пераводзіцца ў іншую падгрупу.

Першая падгрупа камплектуецца з навучэнцаў з высокім узроўнем развіцця творчых здольнасцей і магчымасцей, а таксама з высокім узроўнем развіцця дробнай маторыкі рук. Навучэнцаў гэтай падгрупы арыентую на самастойную творчую дзейнасць. Ім прапануюцца заданні даследчага і творчага характару. Другая падгрупа камплектуецца з вучняў з сярэднім узроўнем развіцця творчых здольнасцей і магчымасцей. Для іх прапануюцца як рэпрадуктыўныя, так і творчыя заданні. Найбольш важнай для гэтай падгрупы з’яўляецца работа па фарміраванні адвольнай унутранай матывацыі навучэнцаў, стабілізацыя цікавасці да тэхнічнага мадэлявання і асобаснай накіраванасці на інтэлектуальную работу.

Трэцяя падгрупа складаецца з навучэнцаў з нізкім узроўнем пазнавальнай цікавасці і творчых задаткаў. Для іх прапануюцца толькі рэпрадуктыўныя заданні. Найбольшых намаганняў патрабуе работа з навучэнцамі трэцяй падгрупы. Неаднароднасць індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў гэтай падгрупы прадугледжвае ажыццяўленне дыферэнцыяцыі і індывідуальнага падыходу ў навучанні ўнутры самой падгрупы”, — дзеліцца Святлана Васільеўна.

Вучэбныя заданні для навучэнцаў трох падгруп дыферэнцырую па ўзроўні творчасці, цяжкасці, аб’ёме вучэбнага матэрыялу, ступені самастойнасці і па характары дапамогі педагога. Дыферэнцыяцыя практычнай дзейнасці па ўзроўні творчасці прадугледжвае заданні рознага ўзроўню складанасці: для трэцяй падгрупы — выраб дакладнай копіі мадэлі тэхнікі; для другой — унясенне ў гэтую мадэль невялікіх канструктарскіх змяненняў; для першай — паспрабаваць вучням сябе ў ролі канструктара новай мадэлі, якая спалучае характарыстыкі розных відаў тэхнікі.

Спосаб дыферэнцыяцыі па ўзроўні цяжкасці практычных заданняў прадугледжвае выраб навучэнцамі трэцяй падгрупы мадэлей тэхнікі на аснове разгорткі, другой — на аснове схемы, якая складаецца з некалькіх дэталей, першай — па схеме, якая складаецца з вялікай колькасці дэталей. Таксама магчымы выраб адной і той жа мадэлі тэхнікі з розных матэрыялаў: з паперы, пенаплэксу, аргшкла і пластыку ПВХ. Вылучаецца дыферэнцыяцыя па аб’ёме вучэбнага матэрыялу, ступені самастойнасці, характары дапамогі педагога.

У выніку дыферэнцыраванага навучання малодшыя школьнікі сталі ствараць больш складаныя канструкцыі з матэрыялаў, якія лёгка апрацоўваюцца, адпрацавалі навыкі і ўменні карыстання рознымі інструментамі і прыстасаваннямі, пашырыўся іх політэхнічны кругагляд. Навучэнцы з цікавасцю сталі знаёміцца з рознымі прафесіямі, людзьмі працы, што з’яўляецца вельмі важным для іх прафесійнай арыентацыі. Прымяненне дыферэнцыраванага падыходу дазваляе навучэнцам пераадолець пачуццё страху перад няўдачай, у дзяцей выпрацоўваюцца станоўчыя рысы характару, ім становіцца лягчэй мець зносіны з аднагодкамі, яны лепш разумеюць пачуцці іншых і лягчэй выказваюць свае. Стварэнне сітуацыі поспеху ў навучэнцаў і ўстойлівай матывацыі да прадукцыйнай дзейнасці спрыяла стварэнню добрага псіхалагічнага клімату ў аб’яднанні па інтарэсах.

Аб эфектыўнасці ўкаранення дыферэнцыяцыі ў вучэбны працэс сведчаць станоўчыя водгукі і меркаванні навучэнцаў і іх бацькоў аб рабоце аб’яднання па інтарэсах тэхнічнага профілю. У перыяд выкарыстання дыферэнцыраванага навучання ў вучэбным працэсе назіраецца таксама рост выніковасці ўдзелу ў конкурсах тэхнічнай творчасці навучэнцаў. Сярод навучэнцаў — дыпламанты раённых, абласных і рэспубліканскіх этапаў конкурсаў па тэхнічнай творчасці. Асабліва варта адзначыць Дзмітрыя Лінькова, які заняў 1-е месца ў заключным этапе Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі за распрацоўку і выраб мадэлі ўсюдыхода “Вецер”.

Праведзеная праца па пошуку спосабаў дыферэнцыяцыі работы навучэнцаў дазваляюць нам лічыць, што прапанаваная тэхналогія арганізацыі работы на занятках тэхнічнага профілю спрыяе эфектыўнай рэалізацыі адукацыйных задач, задавальненню рознабаковых інтарэсаў дзяцей і развіццю іх здольнасцей і схільнасцей.

Ганна ПАЗНЯКОВА,
метадыст Горацкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*