Пейзажы з водарам бярозавага гаю

Мой дзядуля некалі казаў, што галоўнае для чалавека — не страціць сувязь з прыродай і, нават жывучы сярод праспектаў, знаходзіць магчымасць слухаць шэпт лісця, набірацца энергіі дрэў ад іх ствалоў. Сённяшняя наша гераіня гэтую сувязь не страчвае ўжо 16 гадоў, пераносячы хараство і водар бярозавага гаю ў свае пейзажы. Вясковыя краявіды з утульнымі хатамі і садамі, заснежаныя снегіры і белакрылыя буслы, архітэктурныя шэдэўры, храмы, старадаўнія млыны… Усё гэта — каларытныя сюжэты берасцяных вырабаў выхаванцаў Ірыны Рудэнка, педагога Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці “Эўрыка”.

Фота да матэрыяла: Пейзажы з водарам бярозавага гаю.

Простая бяроста

Бачыць у кожным лісточку, галінцы ці кветачцы мастацкі сюжэт Ірына Міхайлаўна вучыць дзяцей даўно — з таго часу, як вярнулася на родную Жлобіншчыну пасля заканчэння педагагічнага каледжа працаваць выхавальніцай дзіцячага сада. Але 16 гадоў назад, калі яна перайшла працаваць у “Эўрыку”, патрапіла на курсы, дзе выкладчык з мастацкага вучылішча правяла ўсяго адны заняткі, на якіх паказала некалькі сваіх берасцяных вырабаў, раздала бяросту і прапанавала паспрабаваць нешта стварыць з яе. Той “Зімовы вечар” — пано з домікам і бярозкай каля плота — дагэтуль беражліва захоўваецца дома ў Ірыны Міхайлаўны.

“Мне з першага дотыку спадабалася бяроста! — успамінае свае эмоцыі педагог. — Менавіта пасля таго яна стала галоўнай у маёй працы з дзецьмі. Не палюбіць яе цяжка. Бяроста вечная ў адрозненне ад паперы. Папяровыя кветкі хутка затухаюць, а берасцяныя і праз дзясяткі гадоў выглядаюць прыгожа. Гэты матэрыял цёплы навобмацак, добра рэжацца і клеіцца, мае багатую палітру колераў”.

Фота да матэрыяла: Пейзажы з водарам бярозавага гаю.
Упадабалі бяросту і дзясяткі выхаванцаў І.М.Рудэнка, якія пад яе кіраўніцтвам па некалькі гадоў удасканальваюць сваё майстэрства. Пано, цацкі, кнігі, арт-аб’екты — можна гадзінамі разглядваць дзіцячыя работы.

Гэтыя вырабы даўно перасталі радаваць выключна родных, бо калі мама знойдзе тысячу кампліментаў нават нязграбнаму сакавіцкаму сувеніру, то журы глядзіць на работы прафесійным вокам. Не змякчае іх пераборлівасць і той факт, што бяроста для педагогаў дадатковай адукацыі даўно стала эксклюзівам, з ёй працуюць лічаныя людзі ў краіне.

У пошуках ляснога скарбу

Каб фантазіі юных творцаў заўсёды рэалізоўваліся, педагогу даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў. І галоўнае тут — знайсці матэрыял для працы. Дарэчы, жывыя дрэвы Ірына Міхайлаўна ніколі не чапае — кару бярэ толькі на ссечаных ці паваленых ветрам.

Фота да матэрыяла: Пейзажы з водарам бярозавага гаю.“У нас, у Гомельскай вобласці, добрая бяроста — вялікая рэдкасць. Відаць, наша цяпло так на ёй адбіваецца — кара крышыцца, не здымаецца, чорныя плямкі, якімі мы любуемся здалёк, якраз і псуюць бяросту. На месцы плям яна рвецца. А вось у паўднёвых рэгіёнах бяроста больш пластычная, — гаворыць І.М.Рудэнка. — Калі бачу ў лесе спілаваную бярозу, то па тэкстуры разумею, ці годная гэтая знаходка. Бярозу, якая не аддасць сваю бяросту, відаць адразу. Часцей такое сустракаецца на балоцістых мясцінах, у нізінах. Ад старой ці даўно спілаванай бярозы таксама карысці мала. Яна нібы камень. А бывае так пашанцуе, што толькі дакранешся да ствала — ён пачынае шамацець, быццам адшпільваючы слой за слоем бяросту. Кара мае да сямі слаёў, і ўсе яны рознай структуры, колеру. Светлыя толькі верхнія слаі, і чым далей, тым больш цёмны, інтэнсіўны ў іх колер”.

Маштабныя штогадовыя пошукі Ірына Міхайлаўна вядзе найчасцей вакол дачы, на якую перабралася жыць. Яна для яе стала сімвалам не агарода і саду, а менавіта лесу. Тут у кожным пакоі — на сталах, шафах, вокнах, падлозе — сушацца прыціснутыя прэсам стосы бяросты. Такім чынам яна павінна поўнасцю высахнуць, а запасаў павінна хапіць на цэлы год заняткаў.

“Жывучы на дачы, я часцей бываю ў лесе. Чую, пілы звіняць, ідзе вырубка. Тут жа збіраюся — і пайшла. Часам леснікі абдзіраюць кару прама на месцы і пакідаюць яе. Я ж яе на месцы адбіраю, самыя лепшыя кавалачкі складаю ў мяхі і прыношу на дачу. Бывае, акурат на палянцы, калі ў рукі трапляе бяроста, прыходзяць ідэі, што з яе зрабіць. Шэры колер — відаць, будзе палатняная сарочка, жоўты — зымітуе жніво.
А часам саджуся на электрычку і еду далей, каб знайсці матэрыял у іншых раёнах. Іншы раз, здаецца, ператвару ўвесь дом у склад, але бяросты ўсё роўна не хапае. Даводзіцца і па зімовым лесе хадзіць, шукаць. Бывае, падрыхтоўка толькі да адной выставы — гэта ўжо мяхі матэрыялу. Зараз рыхтуемся да “Каляднай зоркі”, робім кампазіцыю “Калядкі”. Столькі домікаў трэба “пабудаваць”, столькі дрэў “пасадзіць”. А часам патрэбнае адценне цяжка знайсці — даводзіцца шмат кары перабіраць”.

Сакрэты колераў

“Мне падабаецца назіраць, як працуюць старэйшыя дзеці, што займаюцца па некалькі гадоў. Яны ўжо адразу адчуваюць матэрыял, улоўліваюць лёгкія адценні. Гэта меншыя прывыклі працаваць з каляровай паперай — жоўтай, чырвонай, сіняй, таму ім цяжка даецца плаўны пераход. А насыціць колерам малюнак трэба не толькі для прыгажосці. На берасцяных пано крыху іншыя прыёмы. Напрыклад, колерам можна перадаць рух, настрой персанажа, можна плоскай карціне надаць аб’ём. Напрыклад, трыпціх “Купалле”: мы не бачым твараў юнака і дзяўчыны, якія бягуць па палетках. Толькі са спіны. І па тым, як развяваецца іх вопратка, як, здаецца, калышуцца травінкі, мы адчуваем бег герояў”, — расказвае педагог.

Фота да матэрыяла: Пейзажы з водарам бярозавага гаю.Але вынікі мае праца і з меншымі, і з большым дзецьмі. У скарбонцы выхаванцаў Ірыны Міхайлаўны — шэраг перамог у такіх конкурсах, як “Калядная зорка”, “Добры дзень, свет”, “АрхНавацыя”, “Лёд. Кветкі. Фантазія”, ад раённага — да заключнага, рэспубліканскага, этапу.

Напрыклад, для “Каляднай зоркі” ў намінацыі “Падарунак” хлопчыкі і дзяўчынкі ілюстравалі кнігу “Марозка”. Усе кніжныя малюнкі яны дакладна паўтарылі ў бяросце. Зрабілі і берасцяны пераплёт. Гэтая работа стала прызёрам на рэспубліканскім этапе.

Шырока раскрываецца ў работах гурткоўцаў спартыўная тэма. Напрыклад, работа “Зімнія забавы” стала мінулай зімой адной з лепшых на рэспубліканскім этапе конкурсу “Калядная зорка” ў намінацыі “Сувенір-падарунак”. Менавіта яна была ўручана ад імя ўсіх дзяцей краіны асабіста Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку падчас навагодняга дабрачыннага свята ў Палацы Рэспублікі. Сюжэтам вялікага пано сталі дзеці, якія гуляюць у хакей, катаюцца на лыжах, каньках, санках, гуляюць у снежкі, лепяць снегавіка.

Штогод да Новага года ў гуртку ствараюцца новыя калекцыі ёлачных цацак з бяросты. Усе яны маюць адмысловае афармленне. Напрыклад, адзін з набораў складзены ў берасцяной сумцы. На конкурс “Добры дзень, свет” дзеці рабілі тэатр у чамадане: чамадан пераўтвараецца ў сцэну, а ўсе лясныя персанажы — у акцёраў. З імі можна ставіць любую казку.

Гаворачы пра сваю асноўную мэту, І.М.Рудэнка адзначае, што галоўнае — паказаць прыгажосць самой бяросты: “Бяроста прыгожая сама па сабе, і мы стараемся нічым яе не дапаўняць. Любы штучны матэрыял толькі сапсуе выраб, а любы прыродны матэрыял, на мой погляд, будзе ўступаць у прыгажосці бяросце. У рэдкіх выпадках, каб надаць больш аб’ёму, мы выкарыстоўваем мох, лён, кавалачкі грубай кары. Дзеці неяк паэксперыментавалі і паспрабавалі дабавіць у работу лісткі агародніны: буракоў, мангольда, кукурузы, розных відаў пятрушкі. Але гэта ўсё ж спрашчае ідэю. Некалі вочкі ці вейкі маглі падмаляваць, а цяпер навучыліся і іх рабіць з бяросты”.

Фота да матэрыяла: Пейзажы з водарам бярозавага гаю.Кожны раз, калі Ірына Міхайлаўна бывае на мастацкіх выставах, стараецца знайсці сваіх калег па цэху, каб падгледзець якія-небудзь тэхналагічныя сакрэты. Але ў лепшым выпадку можа сустрэць карціны, намаляваныя фарбамі на бяросце. На іх бяроста — гэта ўсяго толькі фон. Зразумела, сабраць пазл-аплікацыю так, каб было толькі адчуванне мазкоў пэндзля, — больш карпатлівая работа, але на гэта ні педагог, ні яе навучэнцы не шкадуюць часу.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і з архіва Цэнтра «Эўрыка».