Пра белых варон і іх педагогаў

9 верасня споўнілася роўна 22 гады, як Святлана Барысаўна Скакун, праграміст па адукацыі і педагог па прызванні, пачала праводзіць заняткі ў Гомельскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Сёння яна ўзначальвае аддзел камп’ютарнай тэхнікі і праграмавання, арганізоўвае канферэнцыі з удзелам сваіх вядомых выпускнікоў-праграмістаў і атрымлівае грант прэзідэнта. Сустрэліся мы напярэдадні “Фестывалю навукі”, на які Святлана Барысаўна прыехала, каб паглядзець на працу калег, — дадатковай адукацыі яна прысвячае і вольны час.


— Я фанат дадатковай адукацыі! Упэўнена, што да нас прыходзяць разумныя і зацікаўленыя дзеці. Ім мала школьных ведаў, яны шукаюць большага. І педагогі мусяць адпавядаць іх запытам — быць здольнымі не толькі спатоліць іх цікаўнасць, але і накіраваць яе ў правільнае рэчышча.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Дзеці часта прыходзяць са сваімі ідэямі і марамі. Напрыклад, адзін з маіх выхаванцаў, Лёша Баркоў, хацеў сабраць гульню ў Flash пра нейкіх чарвякоў, якія стралялі. Як зараз памятаю: сядзела з ім і дапамагала зрабіць так, каб аўтамат чарвяка не страляў, пакуль перазараджаецца. Бо галоўным для мяне было не тое, што робіць хлопчык, а навыкі, якія ён атрымлівае. А пасля ўжо мякка падштурхнула яго да больш сур’ёзнага праекта. Ён “намаляваў” карту вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Атрымаўся вельмі прыгожы і падрабязны камп’ютарны даведнік. І калі б не чарвякі, яго б не было!

А вось яшчэ прыклад. Мой вучань Даніла Фёдараў хацеў пісаць на мове праграмавання Jаva, якой я тады ўвогуле не ведала, і мала чым магла дапамагчы. Толькі накіроўваць. Таму мы доўга сядзелі, абмяркоўвалі яго праект, а калі ўзнікла ідэя зрабіць праграму пра беларускі народны строй “Андарак і камізэлька”, я набыла кнігу з шыкоўнымі ілюстрацыямі, каб яго падтрымаць.

— Значыць, галоўнае — жаданне?

— Канечне! Узгадваю, як бацька прывёў да мяне Данілу ў 6 класе. Я не хацела яго браць да сябе: даўно не працую з такімі маленькімі. Папрасілі проста паглядзець, што ён умее, — і я ўзяла яго займацца з 9-класнікамі!


— А ў якім узросце варта адпраўляць дзіця ў STEM-адукацыю?

— Бывае, да мяне прыходзіць васьмікласнік, піша код — і я бачу, што ён не разумее алгарытмаў. Кажу: ты раніцай спярша з дому выходзіш ці заходзіш у аўтобус? А ў кодзе ў цябе наадварот!

На Scratch можна хадзіць з 7 гадоў, а з 6 класа дзеці займаюцца PascalABC. Патрэбна ж улічваць фізіялагічныя працэсы развіцця. Наша задача — даваць дзіцяці гімнастыку для розуму, пакуль фарміруецца яго лагічнае, сістэмнае мысленне. Вельмі прыемна пасля бачыць, што хлопчык з калісьці дрэннай адзнакай па матэматыцы займае прызавыя месцы на алімпіядах па праграмаванні.

— І тут хлопчык? А дзяўчынак у вас няма?

— Толькі адна. Падчас набору падыходзіла маці з дзяўчынкай, я запрасіла іх на робататэхніку. Адмовілася, маўляў, гэта для хлопчыкаў! Калі сумленна, я не вытрымала і прачытала ёй лекцыю пра стэрэатыпы, бо мне вельмі крыўдна, калі бацькі вось так абмяжоўваюць развіццё дзіцяці. Я сама па адукацыі праграміст.

Займацца праграмаваннем карысна і хлопчыкам, і дзяўчынкам, і тэхнарам, і гуманітарыям. Не памятаю, хто сказаў: “Мы вучымся пісаць не для таго, каб быць пісьменнікамі, мы вучымся праграмаваць не для таго, каб быць праграмістамі”. Стадыя развіцця цывілізацыі такая, што толькі разумны чалавек можа рухаць яе наперад. Я сваім дзецям такую ўстаноўку даю: “Вы павінны быць разумнейшымі за мяне!”

— Ёсць яшчэ навыкі, якія вы лічыце абавязковымі для сваіх выхаванцаў у ХХІ стагоддзі?

— Уменне сябе падаць. У мяне вучыўся вельмі таленавіты праграміст Міша Вага. Ён абараняў сваю праграму перад журы на конкурсе “Патрыёт.by” і так разгубіўся, што ніхто не паверыў, што гэта ён напісаў. Але ж я ведаю, што ён усё сам маляваў, кожны аператар памятае! А расказаць не можа! Праграмісты — людзі закрытыя.

Я папрасіла псіхолага палаца — тады ў нас працавала Алена Аляксандраўна Арэшчанка — пазаймацца з ім. Яна вучыла стаяць, рухацца, гаварыць, аргументавана адказвац-ь на пытанні — карацей, пераконваць. І ўжо на конкурсе РУДН ён атрымаў дыплом ІІІ ступені (І і ІІ у гэтым годзе не прысуджаліся). А цяпер абараняе стартапы, выступае на канферэнцыях. Дзякуючы тым заняткам, для яго гэта больш не праблема.

Другі навык, пра які варта сказаць — уменне вучыцца. Калі просяць параіць універсітэт, так і кажу: цябе нідзе так не навучаць, як ты навучышся сам! Для праграмістаў гэта вельмі актуальна.


— Гучыць самаўпэўнена.

— Упэўненасць у сабе ўвогуле патрэбна выхоўваць. Я да праграмістаў стаўлюся як да эліты, “вяршкоў”, белых варон. Хочаш быць пераможцам — будзеш! Зараз, калі кірую аддзелам, прывучаю і сваіх педагогаў да гэтай думкі.

— Раскажыце пра сваю каманду.

— Аддзел невялікі, усяго 5 чалавек, але педагогі працуюць выдатныя. Я іх заўсёды прэзентую як першакласных спецыялістаў, і яны вымушаны адпавядаць. (Смяецца.) Так, Андрэй Зайцаў трапіў да мяне 3 гады назад па размеркаванні. Прыйшоў у чэрвені знаёміцца, сярэдні бал — каля 6. Што з гэтым рабіць? А я якраз хацела адкрыць аб’яднанне па 3ds Max. Ведаеш, пытаю, 3ds Max? Не ведае. Хочаш, кажу, тут працаваць — за лета вывучыш.

— І дапамог ультыматум? Не пакрыўдзіў?

— А як жа! Да яго цяпер столькі дзяцей ходзіць, такія праекты робяць! Ужо нават хацелі “перакупіць” на іншую працу, ды ён нас не пакінуў. І я падтрымліваю, як магу: адправіла з дзецьмі ў Кіеў на конкурс па робасумо, у Мінск на сустрэчу з заснавальнікам мовы праграмавання Scratch Мітчэлам Рэзнікам. Андрэй нават сам прапанаваў пасля гэтай сустрэчы правесці семінар, дзе расказаў пра магчымасці Scratch 3.0.

З Рэзнікам сустракалася і Кацярына Маскалёва — другі мой педагог. З’явілася магчымасць адправіць яе на канферэнцыю ў Будапешт, яна спярша адмаўлялася, саромелася, а цяпер у яе нямала кантактаў з замежнымі калегамі, пастаянна вэбінары глядзіць, новыя кнігі чытае.

Педагогі разумеюць, што на пэўным піку, на хвалі, адчуваюць сябе запатрабаванымі і стараюцца гэта захаваць. Я ім сумленна прызнаюся, што яны мая апора, і ганаруся імі. У мяне самой дарослыя сын і дачка, таму я стаўлюся да сваіх педагогаў так, як хацела б, каб ставіліся да маіх дзяцей.

— Вы, я ведаю, таксама былі за мяжой. Якія ўражанні ад брытанскай STEM-адукацыі?

— Так, асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” падтрымлівае наш аддзел, таму мяне запрасілі ў адукацыйную паездку ў Англію. Англічане ні на каго ў адукацыі не раўняюцца і нікога не даганяюць, могуць дазволіць сабе распрацоўваць новыя напрамкі і доўга разважаць пра іх у навуковых часопісах. Звязана гэта, здаецца, і з тым, што STEM-цэнтры працуюць не пры школах ці ўстановах дадатковай адукацыі, а пры ўніверсітэтах.

Для навучання педагогаў існуе нацыянальны STEM-цэнтр. І там не вучаць гатовым спосабам займацца з дзецьмі, а рыхтуюць настаўніка, які сам прыдумае, чым заняць дзяцей. Там натхняюць педагогаў рухаць адукацыю наперад.

У Беларусі, на мой погляд, сітуацыя іншая і шлях развіцця мусіць быць свой, уласны. І зараз, я думаю, ён заснаваны найперш на абмене вопытам педагогаў дадатковай адукацыі, узаеманавучанні, дыскусіі. Я зразумела адну вельмі важную рэч: мы яшчэ самі да канца не ведаем, што такое STEM-адукацыя. Ёсць толькі пэўныя ўяўленні, меркаванні, і гэта нармальна, галоўнае — педагогам патрэбна разам шукаць адказ.

Дарэчы, я расказвала пра гэта і на лекцыі, якую нядаўна чытала ў Інстытуце развіцця адукацыі, і на канферэнцыі, якую арганізавала ў Гомелі адразу пасля свайго вяртання.

— Арганізацыя канферэнцый і конкурсаў, здаецца, уваходзіць у мэты, на якія вы атрымалі грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь? Раскажыце пра яго.

— Так, я адзіны педагог сярод выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў, які атрымаў грант у адукацыі ў 2018 годзе. Дзякуючы яму зараз распрацоўваю вучэбна-метадычны комплекс, які ўключае праграму аб’яднання па інтарэсах з павышаным узроўнем вывучэння адукацыйнай галіны “Інфарматыка” і метадычны дапаможнік “Асновы распрацоўкі графічных карыстальніцкіх інтэрфейсаў” (“Асновы front-end распрацоўкі”).
Імкнуся арганізаваць заняткі так, каб дзецям было што паказаць. Ходзіць дзіця ў харэаграфічную ці мастацкую школу — на канцэрты бацькоў запрашае, малюнкі прыносіць. А што пакажа дзіця пасля праграмавання? “Мама, паглядзі, які ў мяне код прыгожы!” Я хачу, каб, атрымаўшы базу, навучэнцы працавалі над уласнымі праектамі. І матывацыя большая, і да будучага прафесійнага жыцця бліжэй.

Таксама арганізоўваю канферэнцыі, якія спрыяюць развіццю дадатковай адукацыі ў камп’ютарнай сферы. Правяла першую яшчэ ў снежні, пасля ў маі. А ў чэрвені арганізавала ў Гомелі цэлы STEAM-фестываль (“A” ў абрэвіятуры абазначае мастацтва — art. — Заўв. аўт.) — такі, якім я яго сабе ўяўляю. Першы дзень удзельнікі змагаліся ў конкурсах па робататэхніцы, вэб-праграмаванні і Scratch. Другі — паглыбляліся ў навуку ва ўніверсітэце, водгукі ад дзяцей і педагогаў я атрымала цудоўныя. А трэці дзень быў больш нефармальны, усе зрабілі паштоўкі ў выглядзе робатаў з цытатамі вядомых праграмістаў, каб засталася памяць пра фестываль. Каманды былі з усёй Беларусі, нават з Бранска госці прыехалі, таму, можна сказаць, фестываль атрымаўся міжнародным. Пры гэтым дзеці сустракаліся не толькі з выкладчыкамі, але і з праграмістамі-практыкамі.

— Дайце здагадаюся, з вашымі выпускнікамі?

— Канечне, мы падтрымліваем сувязь з многімі навучэнцамі. Яны працуюць у вялікіх IT-кампаніях над цікавымі праектамі, але тэлефануюць, дзеляцца ідэямі, не адмаўляюцца выступіць з майстар-класам перад дзецьмі. Школьнікаў такое знаёмства заўсёды вельмі натхняе: тут і матывацыя да вучобы і самаадукацыі, і ўпэўненасць у сабе — усё, пра што мы сёння гаварылі.

— Як вы ўдала падсумавалі! Значыць, будзем чакаць ад вас запрашэнняў на новыя фестывалі і, канечне, завяршэння вучэбна-метадычнага комплексу.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва героя.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*