Прадумаць наступны ход

Мінск падаў афіцыйную заяўку на правядзенне Сусветнай шахматнай Алімпіяды — 2022. Адным з тых, хто актыўна падтрымаў нашу ініцыятыву, з’яўляецца Барыс Абрамавіч Гельфанд. Некалькі дзён знаходжання гросмайстра ў беларускай сталіцы былі надзвычай насычанымі. Трэніровачныя сесіі, індывідуальныя заняткі змяняліся творчымі сустрэчамі. Адной з цэнтральных падзей стаў сеанс адначасовай гульні, якую Барыс Абрамавіч правёў у мінулую суботу для юных пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў па класічных шахматах.


Гэты дзень, безумоўна, запомніцца 20 юным шахматыстам з розных гарадоў Беларусі. Яшчэ б! Не часта даецца магчымасць паспаборнічаць не проста з гросмайстрам, а з прэтэндэнтам на сусветную шахматную карону, чалавекам, які гуляў матч за званне чэмпіёна свету, з’яўляецца ўладальнікам Кубка свету. Ды што там нячаста! Яна даецца раз у жыцці. Таму да гэтай сустрэчы юныя шахматысты, якія сабраліся ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, падрыхтаваліся належным чынам. “Толькі згуляўшы з чэмпіёнам, чалавекам, які любіць шахматы, які ўсё сваё жыццё прысвяціў шахматам, можна стаць таксама чэмпіёнам. Нават калі ў вас не атрымаецца выйграць, гэта будзе цудоўны шанс патрэніравацца”, — звярнулася да хлопчыкаў і дзяўчынак старшыня Беларускай федэрацыі шахмат Настасся Віктараўна Сарокіна.

Для кагосьці гэтая сустрэча была цудоўнай трэніроўкай. А вось для Арцёма Сіняўскага сустрэча з гросмайстрам стала больш чым трэніроўкай. Пасля яе завяршэння кандыдат у майстры спорту 2006 г.н. мог з гонарам сказаць крылаты выраз: “Вам мат, таварыш гросмайстар”. Яго равеснік кандыдат у майстры спорту Дзяніс Лазавік таксама змог дабіцца годнага выніку, згуляўшы ўнічыю. А больш за ўсіх у супрацьстаянні з гросмайстрам удалося пратрымацца кандыдату ў майстры спорту 2007 г.н. Арцёму Стрыбуку. Партыя доўжылася амаль 3,5 гадзіны. Арганізатары былі здзіўлены накалам і працягласцю кожнай партыі. Кніга Барыса Гельфанда “Прыняцце дынамічных рашэнняў у шахматах” з аўтографам аўтара стала для навучэнцаў цудоўным падарункам за якасную гульню.

— У 1976 годзе ў Мінск прыязджаў знакаміты гросмайстар Віктар Львовіч Карчной, з якім я таксама гуляў сеанс адначасовай гульні. Гэтая партыя запомнілася мне на ўсё жыццё. Я потым з ім шмат сустракаўся і ён заўсёды адзначаў, што сеансы ў Мінску былі самыя цяжкія, якія яму даводзілася даваць, таму што ўзровень сапернікаў вельмі высокі. Сёння таксама было шмат напружаных партый. Думаю, кожны з вас прааналізуе партыю з трэнерам і атрымае карысныя ўрокі, — адзначыў Барыс Абрамавіч.

Карысны ўрок ад гэтай сустрэчы атрымалі не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі, але і іх бацькі, а таксама журналісты. Шахматы вучаць аналізаваць, прадумваць кожны ход, кожнае дзеянне. А гэта, пагадзіцеся, важна не толькі ў шахматах, але і ў штодзённым жыцці.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*