Раз цвічок, два цвічок, паміж імі ніткі

Спачатку гэта было захапленне англійскіх ткачоў, якія ў XVII стагоддзі любілі праводзіць дажджлівыя англійскія вечары каля каміна, займаючыся перапляценнем рознакаляровых нітак. Праз трыста гадоў з багатымі традыцыямі нітачнага дызайну пазнаёміліся і нашы землякі. Першапраходцам стаў Генадзь Аляксеевіч Браніцкі, доктар хімічных навук, прафесар. Потым было выданне яго кнігі “Жывыя карціны” і, нарэшце, сустрэча з навучэнцамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч Чэрвеньскага раёна. Сёння педагагічны калектыў менавіта гэтай установы дадатковай адукацыі праз удзел у выставах, семінарах і канферэнцыях актыўна папулярызуе арыгінальны від дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Сумясціць несумяшчальнае

Калі б сярод працоўнага дня нам, напрыклад, прапанавалі стварыць карціну на адвольную тэму, то наша рука пацягнулася б да звычайнага алоўка, узброіліся б мы і ручкай, фламастарам, у некага на рабочым стале або ў шафе, магчыма, знайшліся б фарбы і пэндзлік. А калі б перад намі паклалі ніткі і цвікі? Цікава, ці здагадаліся б мы, якім чынам можна сумясціць гэтыя несумяшчальныя, на першы погляд, рэчы? Ніткі з іголкай — гэта яшчэ зразумела, а вось каб ніткі ды з цвікамі… Можа тут нейкі падвох? Ды не, аказваецца, цвікі могуць сябраваць не толькі з дошкай і малатком, а ніткі не толькі з іголкай і тканінай.
— Аднойчы падчас прагляду літаратуры па дэкаратыўна-прыкладной творчасці я ўбачыла кнігу Генадзя Аляксеевіча Браніцкага “Жывыя карціны”. Менавіта яна стала зыходным пунктам майго захаплення нітачным дызайнам, — дзеліцца кіраўнік гуртка “Нітачны дызайн” Таццяна Уладзіміраўна Ваўчок.
Быў створаны гурток, прычым ад жадаючых займацца ў ім не было, як кажуць, адбою. І што самае цікавае, амаль усе першыя ўдзельнікі гуртка — хлопчыкі. Іх работы і да сённяшняга часу ўпрыгожваюць творчую майстэрню цэнтра. Наступным крокам у папулярызацыі нітачнага дызайну сярод навучэнцаў стала сустрэча калектыву цэнтра з Генадзем Аляксеевічам Браніцкім, які доўгі час узначальваў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Незабыўная размова з навукоўцам адбылася для жыхароў Смілавіч гэтай вясной у яго творчай майстэрні.
— Генадзь Аляксеевіч пазнаёміў не толькі са сваімі карцінамі, але і са сваёй творчасцю ў цэлым. Першыя моманты знаходжання ў яго майстэрні — і погляд адразу скіроўваецца на мудрагелістыя касмічныя ўзоры і незвычайныя
персанажы дэкаратыўных пано. Уражвалі сваёй маляўнічасцю чароўныя ўзоры на шарыках, выкананыя ў тэхніцы тэмары. Складаныя перапляценні, геаметрычныя фігуры, матывы і варыяцыі — усё гэта дазваляла акунуцца ў дзівосны свет, дзе панавала дасканаласць, творчасць і жаданне ствараць цуд. Генадзь Аляксеевіч даступна паведаміў нам пра сакрэты свайго майстэрства, а таксама правёў майстар-клас. Наш калектыў у сваю чаргу падарыў яму пано, выкананае Алінай Ваўчок і Кацярынай Раковіч у яго любімай тэхніцы. Генадзь Аляксеевіч быў прыемна здзіўлены тым, што яго творчасць знайшла працяг у дзіцячых работах і сэрцах і паабяцаў у бліжэйшы час наведаць наш Цэнтр творчасці, каб лепш пазнаёміцца з пераймальнікамі традыцый англійскіх ткачоў. Але і гэта яшчэ не ўсё. Нашы навучэнцы атрымалі з рук майстра выдатныя падарункі: асабістыя эскізы малюнкаў, аўтарскія кнігі і навучальныя дапаможнікі па нітачным дызайне, прадметы для рукадзелля, прывезеныя Генадзем Аляксеевічам з Індыі, — дзеліцца ўражаннямі ад памятнай сустрэчы дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч Ала Леанідаўна Шыдлоўская.

Часцінка душы

Пры стварэнні сваіх карцін смілавіцкія навучэнцы абавязкова падглядваюць ідэі ў кнігах Генадзя Аляксеевіча, творча перапрацоўваюць іх на свой лад. Калі ў кнігах доктара хімічных навук малюнкі ў асноўным нагадваюць вобразы нябачнага звычайнаму воку свету малекул, то ў дзяцей пераважае раслінны арнамент, жывёлы, родныя краявіды. Адзінае, што аб’ядноўвае ўсе карціны, — гэта наяўнасць геаметрычных фігур. Трохвугольнікі, квадраты, авалы, кругі, трапецыі — менавіта з іх нараджаюцца арыгінальныя караблікі, птушкі, сланечнікі, ружы, дрэвы, ахутаныя інеем, ствараюцца пано кшталту “Яблыня”, “Макі”, “Дзяўчынка”, якія з’яўляюцца ўпрыгажэннем любой выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Карысталіся папулярнасцю карціны смілавіцкіх майстроў і на нядаўнім заслаўскім Дні беларускага пісьменства. Самыя папулярныя пытанні, якія задавалі педагогам удзельнікі свята: “Як ствараюцца карціны?”, “Ці прадаюцца яны?”. Калі на першае пытанне заўсёды даваўся разгорнуты адказ, то на другое гучала кароткае “не”. Сапраўды, хіба можна прадаць часцінку сваёй душы?

У карагодзе бліскучых “капелюшоў”

Вы калі-небудзь бачылі, як водзяць карагод цвікі, як кланяюцца яны адзін аднаму сваімі бліскучымі “капялюшыкамі”, як пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі іх незвычайнае нітачнае адзенне? Калі не, то наведайцеся ў творчую майстэрню смілавіцкіх дызайнераў, пакладзіце на стол адну з карцін, сядзьце, каб маленечкія цвічкі сталі перад вамі ў поўны рост і нібыта ўзяліся за рукі. Акрамя захаплення, вам будуць гарантаваны душэўны спакой, добрыя думкі, стымуляванне зроку, актывізацыя разумовай дзейнасці і нават надзея на лепшае. Менавіта гэтыя якасці і пачуцці выклікае, па словах Таццяны Уладзіміраўны Ваўчок, каляровая гармонія карцін, дзе сінія ніткі нагад-ваюць паветра або неба, чырвоныя — агонь, жоўтыя — золата, зялёныя — траву.

Усё дзеля прыгажосці

Прыгажосць патрабуе ахвяр — гэты выраз пра іх, удзельнікаў гуртка нітачнага дызайну. І ахвярапрынашэнне ў імя яе вялікасці прыгажосці пачынаецца ўжо з першага этапу стварэння карцін, калі на папяровы эскіз, пакладзены на дошку, абцягнутую кавалкам каляровай тканіны, пачынаецца набіванне цвікоў па контуры геаметрычных фігур. Можна толькі ўявіць, які стаіць у кабінеце гул, калі некалькі чалавек адначасова грукаюць малаткамі. Працягласць гулу можна разлічыць па наступнай формуле: час забівання аднаго цвіка памножыць на іх колькасць (на адну карціну нярэдка патрабуецца да паўтысячы). А калі пры гэтым улічыць, што цвікі ў дзіцячых руках часта гнуцца, што не ў кожнага навучэнца атрымліваецца з першага разу роўна забіць іх ды яшчэ на аднолькавай адлегласці, то атрымліваецца як мінімум гадзін пяць бесперапыннай аднатоннай працы. На гэтым этапе стварэння карцін у ахвяру прыгажосці прыносяцца вушы, якія гудзяць, рукі, якія баляць, і пальцы з сінякамі ад малатка.
Наступны этап — гэта пляценне. Без лоўкасці рук тут ніяк не абысціся. Па-першае, трэба на цвічках заплесці вузельчыкі. Потым не менш спрытна за ткачоў старой добрай Англіі перабіраць пальцамі, міліметр за міліметрам “апранаючы” цвічкі ў яркае нітачнае адзенне. На гэтым этапе ў ахвяру прыгажосці прыносяцца пазногці, якія часта абдзіраюцца аб металічныя плешкі.
— Важна адразу падабраць правільны колер і адценне, што не заўсёды ўдаецца. Бывае, завяжаш вузельчык, пляцеш гадзіну-другую, а потым сам сабе гаворыш: “Так, стоп. Пакуль не позна, трэба замяніць ніткі”. І потым зноў цэлыя заняткі аплятаеш цвікі той самай геаметрычнай фігуры. Для працы падыходзяць любыя ніткі, акрамя тонкіх, якія лёгка рвуцца, а таксама занадта тоўстых. Яны хоць і моцныя, аднак не ствараюць патрэбнага эфекту аб’ёмнай карціны, — дзеліцца Таццяна Уладзіміраўна.

Вось і ўвесь сакрэт

Давайце замацуем атрыманую інфармацыю: спачатку малюецца эскіз (няпростая справа, бо эскіз павінен складацца з геаметрычных фігур), потым набіваюцца цвікі. Можна, канечне, ствараць карціны і без цвікоў, аднак, па словах Таццяны Уладзіміраўны, тады атрымліваецца звычайны працэс вышывання, карціны страчваюць аб’ём. Потым бярэцца кавалак дошкі патрэбных памераў, на яе пад эскіз нацягваецца фон з тканіны (звычайна, крэп-атлас). Пасля таго, як эскіз нацягнуты, па лініях набіваюцца цвікі, папяровы эскіз зрываецца, вызначаецца колер нітак, і пачынаецца пляценне. Вось, у прынцыпе, і ўвесь сакрэт стварэння адмысловых карцін. І яшчэ: кожная карціна, нават зробленая па адным і тым жа эскізе, унікальная (дзесьці цвікі набітыя няроўна, дзесьці адценне нітак іншае і г.д.). Вось з такіх шматлікіх “дзесьці” і складаецца сакрэт чароўнасці нітачнага дызайну, таго працэсу, які называецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.