Рэха Сярэдневякоўя

Кожны раз, калі па родзе журналісцкай дзейнасці я знаёмлюся з адукацыйнымі прапановамі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, задаюся пытаннем: “А дзе ж, уласна, тут месца для самой моладзі?” Так, да 15, ну няхай да 17, гадоў юнакам і дзяўчатам яшчэ можна працягваць наведваць некаторыя студыі, а як выбраць занятак тым, каму, скажам, за 20? І я знайшла такі рэдкі прыклад. Знаёмцеся: фэнтэзі-фолк гурт Irdorath, які дзейнічае ў сталічным Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” і збірае пад сваё крыло выключна маладых людзей ад 18 і старэйшых. Падрабязней пра калектыў і яго творчасць гутарым з яго лідарам педагогам дадатковай адукацыі Надзеяй Калач.


— Надзея, сёння для вас пераплялося з музыкай усё: і захапленне, і жыццё, і праца. А калі ў вашым жыцці з’явіліся заняткі музыкай?

— Я скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Усе тыя гады я музыку ненавідзела і думала, што ніколі не стану музыкантам, таму марыла хутчэй скончыць музычную школу і адпусціць даўжэзныя пазногці, каб нават не мець фізічнай магчымасці дакрануцца да клавіш. Але так атрымалася, што пасля заканчэння музычнай школы я адразу пазнаёмілася з хлопцамі, з якімі мы сталі іграць у групе. У выніку ў маім жыцці не было ні аднаго перыяду, каб я не іграла. Нават калі вучылася ва ўніверсітэце на юрфаку, у мяне паралельна былі музычныя праекты — да таго часу, пакуль я не сустрэла Уладзіміра Калача (майго сённяшняга напарніка па сцэне і мужа), пакуль ужывую не пачула, як гучыць валынка, і асабліва спалучэнне валынкі і барабана — мелодыі і рытму. Менавіта тады я зразумела, што знайшла, нарэшце, сваё і што ўсё, чым я займалася да гэтага ў музычным плане, — нецікава. Ужо 7 гадоў я жыву фестывалямі Сярэдневякоўя, падарожжамі, акустычнай музыкай ва ўсіх яе кірунках.

— А як у вашым жыцці з’явіўся Цэнтр дадатковай адукацыі “Вікторыя” і як вы з аматара музыкі сталі педагогам і прафесійным музыкантам?

— Мы пачыналі свой шлях у Гродне. Там жа праходзілі і мае студэнцкія гады. Ужо тады ў нас з Уладзімірам быў маленькі калектыў, але мы хацелі знайсці новых музыкантаў, пашырыць групу, запісаць музыку, выпусціць альбом. А для гэтага патрэбна была база, месца для заняткаў. Наш даўні сябар Павел Абакумаў, які шмат гадоў працуе ў сталічнай “Вікторыі” педагогам і кіраўніком вогненнага тэатра “Элементаль”, літаральна за рукі адвёў нас у свой цэнтр і запэўніў, што гэта тое месца, якое мы шукаем, бо адміністрацыя ўстановы заўсёды ідзе насустрач усяму нечаканаму, незвычайнаму, нефармальнаму, што ёсць у Беларусі. Гэта бывае вельмі рэдка. Так і атрымалася: дырэктар Алена Арлова, пазнаёміўшыся з нашай творчасцю, адразу дала зялёнае святло — працуйце і стварайце! Для майго педагагічнага старту было дастаткова вышэйшай юрыдычнай адукацыі, але потым я атрымала і педагагічную.

— Але ваша аб’яднанне па інтарэсах адметнае: у вас няма дня адкрытых дзвярэй, вы не набіраеце дзясяткі дзяцей — да вас прыходзяць вучыцца маладыя людзі з канкрэтнымі музычнымі схільнасцямі, уменнем іграць на пэўных, прычым далёка не традыцыйных, інструментах. У вас няма педагога-гуру, які дзеліцца сваім вопытам. Вы вучыцеся самі разам з вашымі нават не навучэнцамі, а калегамі?

— Гэта таму, што ў нас, па-першае, толькі канцэртны склад. Па-другое, я не магу набраць 10 чалавек, бо не маю магчымасці купіць 10 валынак, а пачаткоўцы на такія грашовыя расходы самі не пойдуць. Амаль усе інструменты мы заказваем у майстэрнях Еўропы. Першы дзіджэрыбон да нас прыляцеў з Аўстраліі. Такія рэчы не могуць быць масавымі.

Нас цяпер ужо васьмёра, аднак у нашых праектах прымае ўдзел шмат моладзі. Напрыклад, другі альбом Dreamcatcher гурта быў прэзентаваны ў маладзёжным клубе, і да гэтага мы тры месяцы рыхтаваліся разам з музыкантамі і вакалістамі іншых калектываў, студэнтамі кансерваторыі. Таксама мы рыхтавалі перформанс з танцорамі. У нас было шмат сумесных праектаў з Паўлам Абакумавым, пры дапамозе якога на канцэртах мы выкарыстоўваем спецэфекты, элементы неонавага і вогненнага шоу. Дзякуючы іншым людзям, з’явіліся на сцэне танцы і тэатральныя дзеі.

Так, мы пастаянна далучаем новых людзей, узаемадзейнічаем з імі, развіваемся, вучымся працаваць і ў вялікіх формах (бывала, што на сцэне адначасова выступалі 16 чалавек), і ў малых, калі, рыхтуючы сольныя нумары музыканта, іншыя стараюцца адысці ў цень, каб даць магчымасць салісту раскрыцца. Атрымліваецца, што хоць само ядро і вузкае, на базе цэнтра “Вікторыя” мы стварылі такую атмасферу, куды прыходзяць не дзеці, не навічкі, а прафесіяналы.

А ўсё таму, што цэнтр “Вікторыя” — унікальная ўстанова. Тут чакаюць моладзь — мы адчулі сябе як дома. Акрамя таго, тут магутная педагагічная школа. Я не ведала, што такое журнал і як яго трэба запаўняць, але калектыў мяне ўмомант усяму навучыў, выгадаваў ува мне чалавека, які з лёгкасцю можа весці ўсю арганізацыйна-папяровую работу, што некалі пужала. Мабыць, таму ў цэнтры так многа маладых педагогаў. Ім сапраўды дапамагаюць вырасці, развіцца, і, самае галоўнае, — іх дасягненні тут цэняць. Вось прыклад. Адным з нашых дасягненняў стала тое, што мы выступілі на Wacken Open Air. Гэта самы вялікі фестываль метал-музыкі ў свеце, дзе адначасова 8 сцэн і 85 тысяч гледачоў, дзе разам з намі выступалі Эліс Купер, Мэрылін Мэнсан, група “Апакаліптыка” і іншыя сусветныя зоркі рок- і метал-сцэны. За амаль 20-гадовую гісторыю фестывалю там ніколі не выступаў ніводзін беларускі гурт. А мы выступілі. З пункту гледжання кіраўніцтва цэнтра, гэта дзівоснае дасягненне: дзе сістэма дадатковай адукацыі, а дзе найбуйнейшы рок-фестываль? Гэта дзве розныя планеты! І, можа, нават да канца не разумеючы, што значыць выступленне на гэтым фестывалі, які стаў Меккай для музыкантаў усяго свету, у “Вікторыі” таксама бачаць у гэтым нагоду для гордасці. Гэта і адрознівае наш цэнтр ад іншых падобных устаноў, дзе ўзровень педагога ацэньваецца колькасцю справаздачных канцэртаў і выступленняў і адкуль, бывае, сыходзяць спецыялісты, бо не могуць задаволіць свае амбіцыі ні ў фінансавым, ні ў эмацыянальным плане.

— Раскажыце пра ваш рэпертуар. Вы пачыналі з музыкі Сярэдневякоўя, але сённяшнія вашы канцэрты набылі новае гучанне.

— З Сярэдневякоўя мы пачыналі, але ўжо прайшлі вялікі шлях, і ад гэтай эпохі ў нашым рэпертуары засталося працэнтаў пятнаццаць. Акрамя таго, мы сталі вывучаць музыку іншых народаў, бо зразумелі, што свет вялікі і цікавы — нам захацелася спазнаць яго культуру шырэй, глыбей. Да таго ж у нас шмат аўтарскіх кампазіцый. Цяпер мы вывучаем сярэдневяковую ці народную музыку, але ўжо не ўзнаўляем яе, а, як спецыі ў страве, выкарыстоўваем для напісання аўтарскай музыкі. Мы не капіруем тое, што было створана да нас, а даём жыццё сучаснай ігры на музычных інструментах, натуральна, выкарыстоўваючы ўсе адметнасці народнай музыкі, асаблівасці гуказдабыцця розных інструментаў.

— Гэта і стала вашым індывідуальным стылем, які вы назвалі фэнтэзі-фолк, ці неафолк? Раскажыце пра свой музычны прадукт.

— Калі вобразна, то наш калектыў быццам бы ідзе па калідоры паміж светамі, і на гэтым калідоры шмат дзвярэй. За аднымі — свет сярэдневяковай Еўропы, за другімі — балканская культура, за трэцімі — беларуская, далей — песні малдаўскіх цыган, ірландскія кампазіцыі і г.д. І мы прыадчыняем гэтыя дзверы для сябе і для гледача, трансліруем усё гэта, прапускаючы праз прызму ўласнага ўспрымання, ці ствараем такую музыку, у якой будзе водблеск гэтых дзвярэй.

— Атрымліваецца, вы адыходзіце ад аднаўлення мінулага. Гэта толькі ў музыцы ці тычыцца таксама касцюмаў?

— Нашы касцюмы не маюць гістарычнай дакладнасці, і мы ніколі не ставілі перад сабой такую мэту. Усе яны — вынік фантазіі Уладзіміра, але стылізаваны пад канкрэтную эпоху, традыцыі пэўнага народа. Напрыклад, наш абутак з задранымі насамі — прамая адсылка да Сярэдневякоўя, і гэта адзінае, што будзе нагадваць пра яго. У адзенні мы па-свойму выкарыстоўваем натуральныя матэрыялы: скуру, лён, метал. Тое ж і з інструментамі: яны прыйшлі да нас з мінулага, але на іх мы іграем сучаснасць.

— Раскажыце пра самыя значныя поспехі калектыву.

— Мы прынцыпова ніколі не ўдзельнічалі і не будзем прымаць удзел у конкурсах. Спаборніцтва павінна быць не з іншымі, а з самімі сабой. Мы хочам сёння быць лепшымі, чым былі ўчора. Нас не будзе грэць папера з надпісам, што мы — лепшыя за іншы гурт. Так, перыядычна да нас самі па сабе прыходзяць узнагароды, напрыклад, за лепшы альбом і песню года, па версіі канкрэтных музычных каналаў. Можа, гэта і прыемна, але не матывуе. Для нас перамога, калі з’яўляюцца большыя сцэны, большыя залы, калі нас запрашаюць новыя краіны, калі нашы сольныя канцэрты, туры, выступленні на фестывалях збіраюць усё больш гледачоў. Прыемна, што людзям падабаецца наша творчасць і за межамі роднай Беларусі. Мы з канцэртамі аб’ехалі ўсю Прыбалтыку, Расію, Украіну, шмат выступалі ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Францыі.

Але і вышэйпералічанае — толькі вяршыня айсберга. Мне, як і ўсім маім калегам, падабаецца не столькі вынік і апладысменты гледачоў, колькі працэс і асабліва тое, што мы ўсяму вучымся самі, на ўласным вопыце. Мы самі вучымся быць арганізатарамі, вучымся музіцыраваць, запісваць альбомы, кліпы. У нас у адным з праектаў быў маленечкі хор, усяго з 4 чалавек, і мне прыйшлося для яго пісаць партытуры, чаго я ніколі раней не рабіла. І так — пастаяннае самаразвіццё. І замежныя мовы з задавальненнем вучацца, бо гэта трэба нам, каб арганізоўваць сумесныя праекты за мяжой, я павінна ведаць англійскую мову дасканала. Я яе вывучыла, цяпер вучу нямецкую.

—У вашым калектыве сёння 8 чалавек. Раскажыце пра іх ролю ў гурце.

— Гэта маладыя людзі ад 20 да 30 гадоў — студэнты, і тыя, хто ўжо атрымаў адукацыю. Першапачаткова нас з Уладзімірам было двое, і ў нас існавала раздзяленне: усё, што глядач бачыць, стварае Уладзімір, а ўсё, што чуе, — ствараю я. Я пісала аўтарскія тэксты, музыку, займалася аранжыроўкай і г.д. З часам наш калектыў вырас, прыйшлі новыя людзі, і кожны з іх сам развіваецца. Напрыклад, Антон Шніп прыйшоў да нас як мультыінструменталіст, але хутка асвоіў гуказапіс і сам запісвае, зводзіць і манціруе нашы альбомы. Струннік Пётр Марчанка з інструментам засынае і прачынаецца, таму яго тэхніка стала вельмі дасканалай. Прычым іграе ён на многіх інструментах. Неяк сур’ёзна захапіў яго арабскі уд (від лютневых), і цяпер ён самастойна стварыў яго электраверсію. Скрыпачка Юлія Віцень — з абсалютным слыхам. Яна прыйшла да нас з кансерваторыі і, калі трэба, можа замяніць нават цюнер. Барабаншчык Андрэй Аляксеенка прыйшоў да нас нядаўна, але ўжо ўносіць новыя ноты ў нашу творчасць. Дакладней, не прыйшоў, а мы самі яго знайшлі: рытм — гэта аснова, шкілет музыкі, і таму выпадковых людзей у ёй быць не можа. Хаця ні імгнення не пашкадавалі, што спыніліся некалі ў пераходзе, дзе іграла на скрыпцы Юлія.

— Раскажыце пра вашы інструменты. Улічваючы іх эксклюзіўнасць, дзе вы іх набываеце і дзе вучыцеся іграць?

— У нас ёсць 2 барабанныя ўстаноўкі, і яны створаны па фантазіі людзей, якія на іх іграюць. Акрамя Юлінай скрыпкі, віяланчэлі, клавішных, у нас ёсць бузукі (разнавід-насць лютні), 12-струнная акустычная гітара, дзіджэрыбон (духавы інструмент абарыгенаў Аўстраліі), дудэльзакі (разнавіднасць сярэдневяковай валынкі), раўшпфайфы, флейты, хардзі-гардзі (еўрапейская колавая ліра), перкусія, варганы. І кожнаму з нас больш падабаецца свой інструмент, кожны лічыць яго галоўным у калектыве.

Для мяне ж галоўным інструментам стала мая хардзі-гардзі. Яе цяжка было не толькі купіць, але і знайсці. Я ж убачыла аб’яву аб продажы былога ва ўжыванні інструмента майстэрні Хельмута Готшэ ў Германіі. На той момант я пра гэты інструмент ужо шмат чытала, марыла яго набыць, але ведала, што калі атрымаецца знайсці, то кошт будзе большым за 2 тысячы еўра. Прыйшлося ўгаварыць прадаўца прадаць інструмент менавіта мне, бо яму неабходна было арганізаваць яшчэ і перасылку, а мне давялося доўга аддаваць даўгі. А калі я, нарэшце, атрымала інструмент, не змагла знайсці таго, хто навучыў бы мяне на ім іграць. Нават лірнікаў у Беларусі засталося мала, да таго ж гэтая ліра мае спецыяльную струну трумпету, якой няма на славянскіх аналагах. Яна створана для рытму. Інтэрнэт таксама мяне не выручыў. Акрамя таго, шмат нюансаў у настройцы. І я знайшла курсы ігры на хардзі-гардзі ў Германіі, недалёка ад Франкфурта. Здабыла грошы і з мноствам перасадак прыехала туды. 60 хардзі-гардыстаў, 7 педагогаў, інтэнсіўныя курсы навучання на англійскай мове — 4 дні не хапала часу на сон.

Курсы праходзяць кожныя паўгода, але мне хапіла грошай толькі на першы раз, калі я трапіла ў групу пачаткоўцаў. Праз паўгода мне прыйшло запрашэнне на наступны этап, аднак я адмовілася, патлумачыўшы сваё рашэнне адсутнасцю сродкаў. Наступным e-mail прыйшлі квіткі на самалёт і першы за ўсю гісторыю курсаў бясплатны сертыфікат на навучанне. Яны хацелі зноў паглядзець на “вар’ятку“ з Беларусі, якая можа прыехаць на аўтобусах (а ім усё, што далей за Польшчу, — Дзікі Усход), каб усяго толькі навучыцца іграць. Аргументавалі яны гэта тым, як гараць мае вочы, маўляў, дзеля такой зацікаўленасці яны і арганізоўваюць свае курсы. І за 3 гады з групы самых горшых музыкантаў я трапіла ў групу прафесіяналаў. Цяпер, на жаль, я ўжо па занятасці прапусціла апошнія курсы, але спадзяюся, што наступны раз змагу вызваліць некалькі дзён для Германіі.

— Праглядаючы афішы, бачу, што ў вас цяпер зусім мала часу. Раскажыце, над чым працуеце ў перапынках паміж фестывалямі.

— Да жніўня ў нас няма ніводных вольных выхадных. Але праца працягваецца ў будні. Цяпер мы манціруем новыя кліпы, разбіраемся з новым матэрыялам. Хочам пашырыць геаграфію нашых гастролей, плануем запісаць новы альбом, хочам удасканальваць свой музычны прадукт.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлена Надзеяй КАЛАЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*