Робататэхніка ў Светлагорску

Сёння адукацыйная робататэхнічная платформа LEGO Mindstorms Education EV3 з’яўляецца несумненным лідарам адукацыйнай робататэхнікі. Наборы LEGO дапамагаюць вывучаць інфарматыку, фізіку, інжынерыю, матэматыку, а таксама робяць працэс вывучэння прадметаў больш цікавым і матывацыйным. Таксама  LEGO — гэта моцны алімпіядны рух, конкурсы сусветнага ўзроўню і мноства рэгіянальных спаборніцтваў па робататэхніцы.

Педагагічны калектыў камп’ю­тарнага цэнтра марыў аб занятках робататэхнікай. Ідэя ажыццявілася дзякуючы дырэктару па развіцці бізнесу кампаніі “М-Карбо” Аляксандру Канавальчыку. Ён прапанаваў сумесны некамерцыйны праект, які дапаможа дзецям вывучаць сучасныя тэхналогіі. Аляксандр падарыў установе восем камплектаў робататэхнічных канструктараў LEGO Mindstorms Education EV3 у базавым і рэсурсным наборы і восем набораў шахматаў. Таму ў канцы студзеня 2017 года быў аб’яўлены набор навучэнцаў у аб’яднанне “Адукацыйная робататэхніка” і абсталяваны спецыяльны клас для заняткаў з палямі для трэніровак. Група сфарміравалася з вучняў, якія на добрым узроўні ведаюць матэматыку, захапляюцца праграмаваннем і любяць збіраць LEGO.

На занятках вучні займаюцца дызайнам, канструяваннем робатаў, скла­даюць праграмы для робатаў, на перапынках паміж заняткамі гуляюць у шахматы. Вучні з розных гарадскіх школ амаль з першых дзён пачалі працаваць у камандзе, пасябравалі. Нават стварылі групы ў сацыяльных сетках: ва “УКантакце” — MAXUM<incubator>, куды могуць увайсці ўсе, хто хацеў бы далучыцца да IT-таварыства, у Facebook  — “Камп’ютарны цэнтр Светлагорска”, у якой педагагічныя работнікі і навучэнцы цэнтра дзеляцца сваімі дасягненнямі і перамогамі.

Каманды камп’ютарнага цэнтра штогод займаюць прызавыя месцы ў Гомельскім адкрытым турніры па робататэхніцы “РобаФэст-Гомель”, рэспубліканскім турніры Hi-Tech. На V Мінскім адкрытым робатурніры ў 2017 годзе Аляксей Марціноўскі і Данііл Клімянок сталі абсалютнымі пераможцамі. У 2018 годзе на VІ Мінскім адкрытым робатурніры занялі 3-е месца. Навучэнец цэнтра Данііл Клімянок стаў абсалютным пераможцам абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JUNIOR SKILLS BELARUS у кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” (старшая група).

Цяпер пераможцы конкурсаў і спаборніцтваў кансультуюць дзяцей 10—11 гадоў у пытаннях робататэхнікі ў межах работы вучнёўскай бізнес-кампаніі MaxUm, якая працуе ў цэнтры з кастрычніка 2018 года.

Сёння каманды камп’ютарнага цэнтра рыхтуюцца да VII Мінскага робатурніру і восенню 2019 года як пераможцы абласнога этапу прымуць удзел у рэспубліканскім турніры Hi-Tech. Педагогі і вучні ўвесь час удасканальваюць сваё майстэрства, таму настроены толькі на перамогу.

Валянціна БУРКО,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце камп’ютарнага цэнтра дзяцей і моладзі Светлагорска.