Сацыяльныя градкі

Земляробства на прышкольных участках за апошнія гады стала папулярнай справай. Забытыя навыкі набываюць школьнікі і з тых рэгіёнаў, якія яшчэ нядаўна былі аднесены да тэрыторый, забруджаных радыенуклідамі. Свае першыя крокі з рыдлёўкамі і лейкамі робяць і навучэнцы Іалчанскай сярэдняй школы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Нядаўна тут завяршыўся праект “Сацыяльныя градкі”.

Таццяна Іванаўна Нікалаенка, дырэктар школы, гаворыць: “На жаль, 30-гадовая гісторыя з чарнобыльскай зонай адвучыла нашых дзяцей працаваць на зямлі. Вось чаму атрымалася, што мы, жыхары сяла, не ўмеем гэтага рабіць. Тэрыторыя нашага раёна падзелена на зоны забруджвання, і доўгі час мы адносіліся да зоны, дзе земляробства было забаронена. І як толькі з тэрыторыі нашай вёскі былі зняты абмежаванні і яна вызначана як прыдатная для земляробства, мы з дзецьмі ўзяліся адраджаць прышкольны ўчастак. Я сама жыхарка нашай вёскі і выпускніца нашай школы. Я добра памятаю, як мы некалі школьнікамі працавалі на градках і як нам падабалася калектыўная праца. І цяпер мы стараемся тыя веды, сваю любоў да зямлі перадаць навучэнцам, а таксама даць ім пачатковыя прадпрымальніцкія навыкі. Праграма ж максімум, якую мы марым ажыццявіць, — захаваць у вёсцы школу, дзяцей, жыхароў”.

Свой прышкольны ўчастак навучэнцы і педагогі школы пачалі распрацоўваць з 2016 года. Гэта быў невялічкі ўчастак. А ў мінулым годзе распрацавалі яшчэ каля 30 сотак. Тут залажылі маліннік, арганізавалі кампосныя ямы для лісця. Асновам арганічнага земляробства іх вучаць спецыялісты з Беларускага зялёнага крыжа, з якімі Іалчанская школа падружылася, калі прыняла ўдзел у іх праекце “Школьны сад”. Яны прыязджаюць у гэтую школу на летніх канікулах, пад іх кіраўніцтвам школьнікі праводзілі і свае эксперыменты — цыбульны і кавунова-дынны.

“Сёлета мы выпрабоўвалі насенне некалькіх гатункаў цыбулі — як беларускіх, так і замежных. Напрыклад, мы вырошчвалі цыбулю “экзібішэн” ва “ўлітках” — скрутках для вырошчвання расады. Дзецям было цікава з маленечкіх зярнятак вырасціць цыбуліны па 700—800 грамаў. Калі ў нас праводзіўся семінар па агратурызме і вядзенні прышкольных участкаў, нашы цяпліцы, дзе дасушваліся цыбуліны-гіганты, былі самай папулярнай фотазонай для гасцей. Мы вазілі цыбулю на восеньскія кірмашы. Прадавалі і буракі, моркву, капусту, памідоры, — расказвае Таццяна Іванаўна. — Кавуновы ж эксперымент пачалі ў мінулым годзе і працягнулі сёлета. Мы яшчэ раз упэўніліся, што лепшага за “бедуін” гатунку для нашага раёна няма. Старшакласнікі сумняваліся і гаварылі, што за херсонскімі кавунамі нам усё роўна не ўгнацца. Але наш ураджай іх пераканаў. Мы ез­дзілі на “Свята кавуна і яго сяброў” у Лоеў і здзіўлялі гасцей сваімі кавунамі: і частавалі, і прадавалі. Таму сёлета 10-класнікі ўжо з вопытам узяліся разбіваць бахчу, і эксперымент зноў атрымаўся паспяховым”.

“Мне вельмі падабаецца ідэя Іалчанскай школы, — гаворыць Наталля Аляксееўна Святкіна, кіраўнік праектаў грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж”. — Такім чынам можна прывучыць дзяцей працаваць на зямлі, даказаць ім, што самім можна вырасціць ураджай. Дзеці стараюцца, спаборнічаюць, імкнуцца вырасціць лепшы ўраджай. У вёсцы пра эксперымент ведаюць, яго вынікі абмяркоўваюць і чакаюць працягу. Магчыма, да дзяцей захочуць далучыцца і іх бацькі, бабулі і простыя вяскоўцы.”

Сэнс новага праекта “Сацыяльныя градкі” ў тым, што кожнае дзіця атрымлівае ва ўласнае карыстанне на прышкольным участку невялікую градку ў некалькі квадратных метраў. Ёсць кіраўнік, які вучыць дзяцей апрацоўваць зямлю, сеяць і саджаць, даглядаць свае культуры, дае парады і паказвае наглядна ўсе этапы. Пакуль хапіла градак толькі для 10 школьнікаў. Гэта навучэнцы 5—6 класаў. Юныя агароднікі пасеялі на сваіх градках кавуны, памідоры, перцы, кукурузу, агуркі і іншую агародніну. Якасным насеннем розных культур забяспечыла школу грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж”.

“З вясны да восені дзеці хадзілі, палолі, палівалі, і ўраджай атрымаўся багаты. Ніхто з нас ніколі такой салодкай кукурузы не каштаваў. На прышкольным участку ўжо некалькі гадоў вырошчваем кавуны, а сёлета расаду іх высадзілі яшчэ ў першай дэкадзе чэрвеня. На сацыяльных градках дзеці паспелі толькі насеннем пасеяць. Дзіўна, але іх кавуны сталі спець раней, чым тыя, што вырошчваліся побач расадным спосабам. Гэта, канечне, падбадзёрвала дзяцей. Прыемна было назіраць, як на градкі прыбягалі іх гаспадары: то мама адправіць па памідоры, то па агуркі для салата. Гэта для дзяцей прыемная справа — прынесці да свайго стала ўласнаручна вырашчаны ўраджай. Ды і бацькі ўбачылі якасць агародніны”, — расказвае Таццяна Іванаўна.

Некаторыя ўдзельнікі праекта — з сем’яў, якія патрабуюць асаблівай увагі. У іх дома такая работа не праводзіцца, участкаў няма, таму для педагогаў гэта яшчэ і магчымасць адарваць дзяцей ад сумніўных думак і далучыць да карысных спраў.

“Дзеці ўжо не могуць дачакацца новага сезона. Яны гатовы закладваць новыя градкі, распрацоўваць і рыхтаваць да вясны большыя ўчасткі зямлі. Але ёсць адна праблема — жадаючых далучыцца да праекта намнога больш, чым мы можам сабе дазволіць, бо тэрыторыя для агародніцтва абмежаваная, — гаворыць дырэктар. — Не хочацца пакрыўдзіць і нашых навучэнцаў з суседніх вёсак, якія таксама хацелі далучыцца, але пакуль не атрымалася. Магчыма, баць­кі з некалькіх сем’яў распрацуюць агароды на прысядзібных участках і выдзеляць хоць пару градак пад эксперыменты сваім дзецям”.

Святлана НІКІФАРАВА.