Семежаўскія цары — Каляды гаспадары!

Канец снежня, а за акном па-ранейшаму туман, слота, мокры снег, дождж… Старшакласнікі Семежаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя М.С.Высоцкага Капыльскага раёна Мінскай вобласці спадзяюцца, што сапраўдная зіма ўсё ж запануе на нашай зямлі. Абавязкова прыйдуць Каляды, маразы, з’явяцца гурбы снегу. І вось тады, па даўняй семежаўскай традыцыі, вучні апрануць арыгінальныя касцюмы, узброяцца драўлянымі шаблямі і пойдуць па вёсцы людзей віншаваць, дабра-шчасця ім жадаць — адным словам, працягваць традыцыі “Калядных цароў” — унікальнага абраду, занесенага ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

Простае журналісцкае шчасце

Па-добраму зайздрошчу калегам-журналістам, якія сустракалі Шчодры вечар на вуліцах Семежава. Тое, што яны весела правялі час у кампаніі калядных цароў, сталі сведкамі незвычайнага дзейства, якое дайшло да нас з XVIII стагоддзя, — гэта адно. А вось тое, што ў іх была яшчэ і цудоўная магчымасць зрабіць серыю ўнікальных фотаздымкаў… Уявіце: мароз, ад якога снег рыпіць пад нагамі; зімовае неба, на якім зоркі водзяць калядны карагод з маладзіком; вясковая вуліца, цішыню якой парушае гучнае шэсце цароў; яркія факелы, якія надаюць гэтаму шэсцю асаблівую таямнічасць. Але галоўнае — у цябе ёсць фотаапарат! Ды яшчэ з шырокавугольным аб’ектывам, які здольны схапіць незвычайныя ракурсы каляднага шэсця! Што яшчэ трэба для простага журналісцкага шчасця? У прынцыпе, нічога, акрамя невялічкага эксклюзіўнага інтэрв’ю з мясцовымі жыхарамі, якія памятаюць часы, калі царамі былі іх бацькі і дзяды.
Усю радасць гэтага простага журналісцкага шчасця спазнала ў 2010 годзе ўжо выпускніца Семежаўскай школы Алена Нікалаеня, якая пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ірыны Вячаславаўны Паўлюшчык напісала даследчую работу “Калядныя цары” — унікальная старонка летапісу мясцовых народных абрадаў”. Частка работы — інтэрв’ю з семежаўскімі старажыламі. У сваіх адказах на пытанні юнай даследчыцы Марыя Міхайлаўна Лянько, Надзея Міхайлаўна Урбановіч, Іван Мікалаевіч і Вольга Дзмітрыеўна Мацкевіч, Мікалай Апанасавіч Скамароха, Валянціна Міхайлаўна Кіеня паведамілі, што ў цары заўсёды бралі толькі хлопцаў, пераважна высокіх, стройных, якія да таго ж умелі добра танцаваць упрысядкі. Адна з умоў — хлопцы павінны быць нежанатымі, таму нядзіўна, што калядаваць яны хадзілі ў асноўным у дамы, дзе жывуць незамужнія дзяўчаты. А тыя толькі і чакалі сваіх без пяці хвілін жаніхоў. “Каторая дзяўчына паплача, калі да яе не зойдуць”, — узгадвае Марыя Міхайлаўна Лянько.

Запісацца ў цары

Усе ўспаміны, прадстаўленыя ў раздзеле “Гісторыя паходжання “Калядных цароў”, тычацца пераважна пасляваеннага часу — не самага спрыяльнага для папулярызацыі старадаўняга абраду, часу афіцыйнай барацьбы з рэлігіяй. І хоць улады адмоўна ставіліся да падобных дзействаў, старшакласнікі ўпотай запісваліся ў царскае войска. Добраахвотнікаў-калядоўшчыкаў дастаткова і цяпер, аднак, як і раней, стаць царом можа не кожны. Галоўны крытэрый адбору — узрост. Калядны цар павінен вучыцца як мінімум у 9 класе. Менавіта старшакласнікі складаюць аснову двух гуртоў. Хоць да таямнічага Шчодрага вечара яшчэ амаль чатыры тыдні, аднак запіс у цары ўжо пачаўся, як пачаліся і рэпетыцыі, што праводзяцца на базе Семежаўскага цэнтра культуры і адпачынку пад кіраўніцтвам яго дырэктара Таццяны Уладзіміраўны Шаура.

Свята па-семежаўску

Аднаўленне абраду, яго папулярызацыя пачалася ў 1996 годзе, калі ў раёне была распрацавана праграма па адраджэнні народных свят, промыслаў і абрадаў. Заслуга ў гэтым у першую чаргу належыць мужу Таццяны Уладзіміраўны тагачаснаму мастацкаму кіраўніку Семежаўскага дома культуры Мікалаю Мікалаевічу Шауру. Дзякуючы яго намаганням пасля працяглага атэістычнага перапынку 13 студзеня 1997 года над калядным царскім войскам зноў заззялі факелы, а на вясковых вуліцах загучалі добра знаёмыя старэйшаму пакаленню мелодыі гармоніка, песні, жарты, віншаванні.
— Сцэнарый абраду склалі на аснове ўспамінаў старажылаў, касцюмы пашылі па старых фотаздымках. Аднаўляць абрад нам актыўна дапамагалі і настаўнікі, асабліва былы дырэктар Семежаўскай сярэдняй школы Уладзімір Паўлавіч Выскварка. Ён іграў на гармоніку, прыносіў з дому кажухі, боты. Настаўнікі змайстравалі вялікі драўляны градуснік для Лекара, а цароў узнагародзілі драўлянымі шаблямі. Пасля таго як абрад быў унесены ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА, грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы” дапамагло нам абнавіць калядны гардэроб і пашыць касцюмы для другога гурта, — паведаміла Таццяна Уладзіміраўна.
Звычайна са старым Новым годам або Шчодрыкамі ў Беларусі традыцыйна віншуюць такія персанажы, як Каза, Мядзведзь, Цыган. У Семежава ўсё па-іншаму, па-семежаўску. Тут калядным балем кіруюць цары. Цар Мамай, цар Максімільян, Пяты цар, Шосты цар — у кожнага сваё імя, якое застаецца нязменным на працягу стагоддзяў, мяняюцца толькі калядоўшчыкі. Колькі пакаленняў маладых семежаўскіх хлопцаў пераўвасабляліся ў Лекара (апраналі цёмную ваенную форму, вешалі цераз плячо медыцынскую сумку, бралі ў рукі вялікі драўляны градуснік), Бабу з Дзедам (апраналі старыя кажухі, павязвалі хусткі, усцягвалі на галаву старыя шапкі-вушанкі), цароў (апраналі белыя і чырвоныя касцюмы), былі механошамі, музыкамі, барабаншчыкамі, сказаць, канечне, цяжка, але цалкам магчыма. Калі ўлічыць, што адно стагоддзе — гэта прыкладна шэсць пакаленняў, а абрад вядомы з канца XVIII стагоддзя, то атрымліваецца, што ў калядным царскім войску служыла каля 15 пакаленняў семежаўскіх хлопцаў.

У белым і чырвоным

Як паведаміла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Вячаславаўна Паўлюшчык, кашулі і штаны для цароў раней шылі самі калядоўшчыкі, прычым, абавязкова з белай тканіны. Толькі адзенне цара Мамая было чырвоным. Царскае войска складаецца з сямі маладых хлопцаў, апранутых у белыя кашулі, такога ж колеру штаны. Падпярэзваліся цары традыцыйнымі вышыванымі чырвонымі семежаўскімі паясамі з геаметрычным арнаментам. Знакамітыя паясы ўпрыгожваюць і грудзі цароў крыж-накрыж. На шыю павязваецца жаночая хустка ў вялікую клетку або ў кветкі, канцы якой закладваюцца за паясы. На галаве — высокія папяровыя шапкі, аздобленыя рознакаляровымі стужкамі, або па-семежаўску каснікі. Ва ўсіх цароў з левага боку прымацавана драўляная шабля.
— Шэсце цароў адбываецца ўвечары 13 студзеня, перад старым Новым годам, калі адзначаюць другую куццю. Ужо дазваляецца есці скаромнае, таму адна з назваў куцці — шчодрая. Адсюль і Шчадрэц. Да стала традыцыйна рыхтуецца як мага болей страў (але не менш за дванаццаць), бо верылі, што ў такім выпадку сям’я на працягу ўсяго года будзе шчодра жыць. Лічыцца, калі гаспадыня пячэ бліны ў гэты дзень, то скаціна будзе гладкай, гэта значыць здаровай. Таксама да гэтага дня ў Семежаве абавязкова пякуць перапечкі — булачкі круглай формы, якімі частуюць цароў, — расказала Ірына Вячаславаўна.

Вечар шчодрасці

Менш за месяц засталося да таго моманту, калі на зямлю спусціцца таямнічы Шчодры вечар і цішыню семежаўскіх вуліц парушыць урачыстае шэсце каляднага войска. Спадзяёмся, да гэтага часу зіма ўсё ж па-сапраўднаму запануе на нашай зямлі і Шчодры вечар будзе шчодрым не толькі на калядныя спевы, віншаванні, усмешкі, добры настрой, але і на мароз, гурбы снегу. І яшчэ: калі будзеце збірацца ў Семежава на свята, не забудзьце фотаапарат, вазьміце і невялікае інтэрв’ю ў мясцовых старажылаў, распытайце ў іх пра даўняе семежаўскае жыццё, у тым ліку пра традыцыі святкавання “Калядных цароў”. Простае журналісцкае шчасце вам гарантавана.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва Семежаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.