Сонца на сукенцы

“Вазьмі простую саломку…” — менавіта так называлася невялічкая кніжка, якую купіла Таццяна Крывянкова, тады — навучэнка Гомельскага вучылішча бытавога абслугоўвання. Купіла і паставіла на паліцу на цэлых 10 гадоў.

А ўзяла яна гэтую кніжку, а з ёй і саломку, толькі калі збіралася адкрыць гурток у Жлобінскім гарадскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”. І вось ужо 20 гадоў жанчына ні на дзень не адкладвае ўбок саломку і дасягнула ў саламяным мастацтве вышынь, узняўшы да іх і сваіх навучэнцаў.

Саламяны калейдаскоп

Упершыню Таццяна Мікалаеўна пазнаёмілася з саламянымі вырабамі яшчэ ў школьным вучэбна-вытворчым камбінаце, дзе замест прафесій кухара, прадаўца і швачкі аддала перавагу інкрустацыі саломкай. Атрымаўшы залаты медаль і 4-ы разрад інкрустатара, набыла адукацыю вязальшчыцы. Але галоўнае захапленне яе жыцця ўсё ж выявіла шэранькая кніжка. Адкрывалася “Эўрыка”, у якой ужо былі кіраўнікі гурткоў па шыцці і вязанні, а ў гуртку “Саломінка” якраз была вакансія.

Інкрустацыяй дзецям займацца нельга, бо гэта праца з растваральнікамі і лакамі. Таццяна Мікалаеўна спрабавала рабіць з выхаванцамі аплікацыі, але душа прагнула нечага новага. Прыйшлося самой вучыцца плесці. Па той самай шэранькай кніжцы, па яе нешматлікіх схемах, якія зусім не даваліся, бо, як потым зразумела жанчына, былі няправільна складзены. Паспяхова запоўніла прабелы адукацыя ў інстытуце культуры з яго майстэрняй па саломапляценні і майстар-класамі ад майстрых, а таксама часопісы, ксеракопіі і літаральна ўсе кнігі, якія толькі былі ў сталічных кніжных магазінах, а потым і інтэрнэт. Цяпер Таццяна Мікалаеўна можа сплесці з саломкі ўсё.

Удыхаючы жытнёвы водар залітага сонцам рабочага кібінета, разглядваю вырабы яе выхаванцаў. Кветкі і самавары, карнавальныя маскі і музычныя інструменты, пано і цацкі, скарбонкі і куфэркі, капелюшы і кошыкі… Ёсць нават паменшаны ў маштабе саламяны транспарт — на яго вырабе спецыялізуюцца хлопчыкі. Аўтары гэтых і іншых работ штогод становяцца прызёрамі і пераможцамі конкурсаў і фестываляў рознага ўзроўню — ад раённага да рэспубліканскага. У скарбонцы дзяцей — дыпломы конкурсаў “Калядная зорка”, “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, “Добры дзень, свет!”, “Залатая саломка”, “Салют Перамогі”, “Лёд. Кветкі. Фантазія”, “Каляровая мазаіка” і многіх іншых.

Свае работы ў цэнтры педагог не пакідае — толькі паказвае іх дзецям, а потым забірае дадому. Яна адзначае, што гэта, па-першае, не дае выхаванцам расчароўвацца ў сваіх іншы раз не надта адмысловых работах, па-другое, не абмяжоўвае палёт дзіцячай фантазіі.

Гэтага ж прынцыпу — міжвольна не падаць сваю ідэю — Таццяна Мікалаеўна прытрымліваецца ў распрацоўцы калекцый адзення, якія сталі візітоўкай гурткоўцаў і прынеслі ім гучную славу. Гэтых калекцый ужо каля двух дзясяткаў. Яны розныя, але маюць агульнае — саламяны дэкор.

“Вясенні калейдаскоп”, “Зачараванне”, “Таямніцы Сусвету” — усе калекцыі аб’яднаны пэўнай ідэяй. Так, у калекцыі “Мелодыя фарбаў” галоўную партыю іграюць плеценыя капелюшы і сумкі, у калекцыі “Летні дождж” фокус зроблены на саламяным абутку — боціках і чаравіках, у “Раменьчыках ды гузічках” — на саламяных аксесуарах, “Тофі” — гэта шакаладна-карамельная гісторыя, якая, здаецца, нават мае смак яе прататыпа — цукеркі Тоффі, у цэнтры калекцыі “Фасоль” — саламяныя музычныя інструменты, “Месяцовая саната” — спроба прымераць на сябе вобраз дам у пышных сукенках з веерамі і ў капялюшыках.

“Сёння ў школе амаль не даюць асноў шыцця, якія некалі для школьнікаў былі абавязковымі. І мы ўсяму вучымся з нуля: ад зняцця мерак, чарчэння выкраек да ўласна пашыву і аздаблення, — гаворыць педагог. — Працуючы 19 гадоў, кожны з якіх — гэта новая калекцыя, я баюся міжволі паўтарыць нейкія вобразы. Таму дзяўчынкі ўносяць свае ідэі і самі ж іх увасабляюць. Прычым усе калекцыі калектыўныя, значыць, дзецям трэба навучыцца дамаўляцца, ісці на кампраміс, выбіраючы з мноства ідэй адну, з мноства тканін — пэўныя. Важна і тое, каб прыдуманыя дзяўчаткамі вобразы мелі адну лінію, каб у іх прасочвалася адна ідэя, а касцюмы складалі адно цэлае. А ўжо фасон кожная падбірае пад сябе”.

Разглядваючы ідэальна пашытыя сукенкі, няма сумненняў, што іх стварылі вопытныя швачкі. І таму дзівішся, калі даведваешся, што некаторыя з іх шылі нават другакласніцы. Так, ужо некалькі калекцый — на рахунку пяцікласніцы Лідзіі Хомчык. Яна прыйшла ў студыю, яшчэ калі наведвала садок, таму бягучы год для дзяўчынкі ўжо шосты. Нават для яе ўжо не застаецца складанасцей за швейнай машынкай: “Гэта падаецца, што праца з саломкай карпатлівая і цяжкая, а насамрэч, калі ты асвойваеш яе, ужо няма нічога складанага. Калі ты даўно навучылася шыць — любое адзенне, нават мудрагелістае, даецца лёгка. Калі ў мяне нараджаецца нейкая задума і з’яўляецца вольны час, я з задавальненнем саджуся і дома за машынку і шыю. Восенню часцей пераходжу на вязанне. Так, я рабіла сабе шалікі і шапкі з саламяным дэкорам, шыла кофту, спадніцу, камбінезон”.

Адзінаццацікласніца Юлія Хадасоўская, якая дзявяты год займаецца ў гуртку, найбольш любіць аздабляць уласныя калекцыі вышыўкай ці пляценнем. “Мяне радуе, што захаванне нашых традыцый сёння стала модным, — гаворыць Юлія. — Саломка не параўнаецца ні з якім іншым матэрыялам, яна прыемная і цёплая навобмацак, бо насычана сонцам. Адзіны недахоп — яе крохкасць. Таму адзенне багата аздобіць не атрымаецца. А вось дапоўніць летні вобраз абручом, капялюшыкам ці брошкай будзе вельмі дарэчы”.

Жытнёвая вышыўка

Вышыўка саломкай — унікальная тэхніка. Яе асвоілі лічаныя майстры ў Беларусі, ды і тое ў стварэнні пано. Аздабленне адзення саламянай вышыўкай — знаходка самой Т.М.Крывянковай. І справа не толькі ў працаёмкасці. Як патлумачыла Таццяна Мікалаеўна, галоўнае, каб матэрыял быў высокай якасці: “Як толькі стужка становіцца больш цвёрдай, чым трэба, яна трэскаецца. Яшчэ яна павінна быць доўгай, каб было менш стыкаў. Таму лепш бра ць жыта. У яго самыя доўгія сцёблы і міжвузеллі. Аўсяная і пшанічная салома прыгожая па колеры, але з яе атрымліваюцца вельмі кароценькія стужкі — хапае на 1—2 шыўкі. Жытнёвыя ж могуць дасягаць 60 і больш сантыметраў. Наш рэкорд — 67 сантыметраў, а верхняе між-вузелле — наш рэкорд 70 сантыметраў”.

На сцяне вісіць метровая лінейка — і кожны марыць устанавіць свой рэкорд. Праўда, магчымасцей вырасціць уласнаручна салому ў юных гараджанак амаль няма — з 50 чалавек 4 груп толькі двое-трое вырошчваюць салому для работы, таму педагог нарыхтоўвае яе загадзя і на ўсіх. Невялікі ўчастак засявае штогод для сваіх навучэнцаў цэнтр, але тут, на жаль, выдатны ўраджай — рэдкасць. Таму дадаткова цэнтр дамаўляецца з калгасамі. На год трэба нарыхтаваць 40 снапоў — цэлае лета кіраўнік са сваімі гурткоўцамі возіць іх на веласіпедах. Добра, калі атрымліваецца назапасіць з лішкам, бо салома не страчвае якасці гадоў 10. Сёлета салома вырасла вельмі няўдалая, шэрая: у той час, калі трэба было яе нарыхтоўваць, пайшлі дажджы і прыбілі яе да зямлі. Вышываць ёй наўрад ці атрымаецца. Таму тут вельмі дарэчы будуць мінулагоднія запасы.

Задача педагога — толькі запасці салому. Усё астатняе дзеці робяць самі: наразаюць сабе для заняткаў салому са снапа пры ўваходзе, замочваюць яе на пару хвілін у гарачай вадзе. Дзеці самі вучацца сартаваць салому: для аднаго віду творчасці трэба сярэдняе звяно сцяблінкі, для іншага падыходзіць толькі верхняе, для вышыўкі неабходна шырокая і доўгая стужка. Салому нельга купіць, таму кожная саломінка знаходзіць сваё прымяненне.

Дзякуючы таму, што дзеці вучацца абыходзіцца без дапамогі педагога, яны не перастаюць займацца саломапляценнем і пасля выпуску. Тры дзяўчыны абралі педагагічную прафесію, таму ў іх будзе магчымасць перадаць майстэрства сваім будучым навучэнцам. Адна дзяўчына ўжо працуе кантралёрам лякал і дэманстратарам адзення на буйным прадпрыемстве па пашыве бялізны. Нягледзячы на тое, што дзяўчына поўная, нават у каледжы яна была адной з самых запатрабаваных мадэлей. Сёння, па словах педагога, мадэльеры якраз арыентуюцца на такіх дзяўчат, бо на вуліцы не так шмат людзей з подыумнай фігурай. Сярод паслядоўніц Таццяны Мікалаеўны — і яе дачка Настасся. Яна 9 гадоў займалася ў мамы ў гуртку. У вёсцы, дзе яна цяпер жыве, дэфіцыту саломы няма, таму Настасся з задавальненнем удасканальвае сваё майстэрства.

Удасканальвае сваё майстэрства і Таццяна Мікалаеўна: рыхтуе персанальныя выставы, якія заўсёды высока ацэньваюцца. Яна пабывала на многіх раённых і абласных святах, на “Славянскім базары”, двойчы на конкурсе “Вясновы букет”, на Міжнародным конкурсе “Сузор’е талентаў” і інш. Па яе словах, кожны такі выезд — гэта зносіны з калегамі, новыя ідэі, новае дыханне. А яшчэ гэта дае новы імпульс у рабоце з дзецьмі.

“Падчас буйных конкурсаў і выстаў мы з выхаванцамі змаглі паглядзець, што робяць нашы калегі, параўнаць сябе з імі. Мы сталі ствараць саламяныя вырабы не проста для конкурсаў, а для штодзённага жыцця. Пачалі выязджаць на паказы, бо падчас конкурсаў найчасцей мы проста адпраўлялі свае работы. І толькі цяпер дзеці ўбачылі, што запатрабаваныя яны, а не іх работы, што адпраўляюцца на завочныя конкурсы. Для гурткоўцаў падзея, калі на іх фоне тэлебачанне здымае навіны”, — гаворыць кіраўнік аб’яднання.

“Што да дыпломаў і ўзнагарод, то я прывучаю дзяцей не арыентавацца на іх. Я ім кажу: лепшы крытэрый, калі ты зрабіў усё, што змог, — тлумачыць сваю пазіцыю Т.М.Крывянкова. — Часам куды больш грэе душу захапленне навакольных. У нас часта праходзяць кірмашы на плошчы, у парку, і калі вакол тваіх работ збіраецца натоўп, калі дзеці просяць маму купіць не марожанае, а твой выраб — гэта і ёсць лепшая ўзнагарода”.

Але ўсё ж дзіцяці неабходна нейкая ацэнка, каб рухацца наперад і самаўдасканальвацца. Дырэктар цэнтра В.М.Мельнікава заснавала на базе сваёй установы дзіцячую акадэмію навук. Дзеці, паспяхова займаючыся ў гуртку і прымаючы ўдзел у выставах, здаючы творчыя экзамены і асвойваючы больш складаныя тэхнікі, рухаюцца па прыступках, атрымліваюць званні — ад бакалаўра і магістра да ганаровага члена дзіцячай акадэміі навук.

Хоць вышыўка і лічыцца вяршыняй майстэрства, удзельніцы “Эўрыкі” не збіраюцца на ёй спыняцца. “Са старшымі дзяўчатамі мы ўсё ж хочам паспрабаваць інкрустацыю, а ў найбліжэйшы час пачнём асвойваць і швейцарскую тэхніку. У яе аснове — тонка скручаныя з саломы ніткі, з якіх можна вязаць нават кручком, плесці карункі на каклюшках і інш. Для гэтага неабходны спецыяльныя інструменты, якія мы цяпер будзем заказваць — адпаведнага майстра ўжо знайшлі”, — дзеліцца планамі педагог.

Гэта будзе новы віток у беларускім саломапляценні, бо беларускае жыта знойдзе ўвасабленне не толькі ў традыцыйных, але і ў кардынальна новых тэхніках.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і з архіва Жлобінскага ГЦТДіМ “Эўрыка”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*