Свята дружбы, дзяцінства і запалу

19 мая ў Беларусі будзе адзначацца Дзень піянерскай дружбы. Учора і сёння Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя пачала яго святкаванне, запрасіўшы на галоўныя мерапрыемствы ў Мінск больш за 130 піянераў, акцябрат і піянерважатых з усіх куточкаў Беларусі. Далучыліся да свята і замежныя госці — прадстаўнікі дзіцячых арганізацый з Расіі і Казахстана.

Праграма піянерскага свята насычаная. Адна з самых чаканых па­дзей учарашняга дня — фінал новага нашумелага і ўпадабанага дзецьмі рэспубліканскага конкурсу лідараў БРПА ­“СуперТройка”, які ўпершыню стартаваў у лістапа­дзе мінулага года і аб’яднаў за гэты час больш за дзве тысячы акцябрат, піянераў і арганізатараў піянерскага руху Беларусі.

У фінале журы чакала нялёгкая задача: з самых яркіх і творчых выступленняў сямі каманд, іх відэа­візітовак, інтэрнэт-кейсаў, створаных падчас рэалізацыі праекта, выбраць пераможцу. Эрудыцыя, логіка і кемлівасць членаў кожнай каманды, праяўленыя падчас піянер­скага КВіЗа, дапамаглі наблізіцца да запаветных тытулаў: “СуперТройка”, а таксама “Суперакцябронак”, “Піянер года”, “Піянерважаты года”. Дарэчы, удзельнікаў тытулаванай “СуперТройкі” чакалі і галоўныя прызы конкурсу: смартфон, планшэт, ноўтбук.

Тэрыторыяй для піянерскага спаборніцтва стаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа прайшла экскурсія для канкурсантаў.

Старт сённяшняга дня даў папулярны праект Беларускай рэспубліканскай піянер­скай арганізацыі “Сустрэчы на ўсе 100!”.

У Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрыты дыялог аб’яднаў лідараў і актыў БРПА, прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама партнёраў беларускай піянерыі з Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан.

— Самая яркая наша сённяшняя па­дзея — прэзентацыя талісмана БРПА, які стане візуальным увасабленнем беларускай піянерыі. Ім стала рысяня. Яго выбрала журы з больш як тысячы варыянтаў, дасланых на конкурс “РгоБРПА — перазагрузка”. Аўтарам лепшага сімвала стала 13-гадовая Вікторыя Жалязнякова з сярэдняй школы № 25 Гомеля. За перамогу мы ўручылі ёй прыз — графічны планшэт, а па яе малюнку да сённяшняга свята пашылі першыя цацкі. Вялікае рысяня памерам паўтара метра ўпрыгожыць піянерскую экспазіцыю музея камсамольскага і маладзёжнага руху ў Рэспубліканскім доме моладзі ў Мінску, — гаворыць Рыта Арцёмава, кансультант ЦС БРПА.

Адной з цэнтральных падзей святкавання Дня піянерскай дружбы стала сённяшняе падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж БРПА і рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем Казахстана “Адзіная дзіцяча-юнацкая арганізацыя “Жас Улан”. Адначасова ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь для піянераў прайшла квест-гульня “Піянерскі скарб”, на якой хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі не толькі бліжэй пазнаёміцца, але і яшчэ лепш даведацца пра гісторыю піянерскага руху Беларусі.

Дарэчы, пасля рэстайлінгу арганізацыі ў 2018 годзе акцэнт у дзейнасці БРПА зроблены на ўкараненне сучасных форм работы з падлеткамі. Так, у бягучым навучальным го­дзе быў дадзены старт новым праектам: “Сустрэчы на ўсе 100!”, “Вотчына.by”, “Піянерскі КВіЗ”, вэб-квест “Пароль — акцябронак”, квест-гульня “Па слядах Перамогі”, конкурс малых грантаў БРПА і інш.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.