Тэхнаінтэлект уключай — Бацькаўшчыну вывучай

Фіналісты ІХ Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”, які нядаўна прайшоў у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, захапляюцца не толькі мадэляваннем, канструяваннем, эксперыментальнай дзейнасцю, але і краязнаўствам. Сваімі тэхнічнымі распрацоўкамі юныя вынаходнікі-рацыяналізатары папулярызуюць гістарычныя, архітэктурныя, культурныя асаблівасці малой радзімы. Як спалучаюцца такія розныя, на першы погляд, паняцці, як краязнаўства і тэхнічная творчасць? Пра гэта даведаемся на прыкладзе праектаў, прадстаўленых на секцыях “Тэхнічная канструяванне” і “Мультымедыйныя тэхналогіі”.

Выдатная нагода

Год малой радзімы — выдатная нагода даказаць сваю любоў да роднага краю. А даказваць любоў, як вядома, трэба справамі. Каго цікавіць гісторыя і этнаграфія — збіраюць артэфакты мінулага і папаўняюць экспазіцыі школьных музеяў. Каму даспадобы тэхнічныя навукі — вынаходзяць, распрацоўваюць, эксперыментуюць. А хто цікавіцца і краязнаўствам, і тэхнічнай творчасцю — ствараюць праекты кшталту “Даведнік па горадзе Косаве” (як навучэнка Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна Дар’я Савіцкая) або “Інтэрактыўная дзіцячая карта Першамайскага раёна” (як вучань сярэдняй школы № 202 Мінска Мікіта Пятрэнка). Ці, напрыклад, “Трубагіб” (як вучань Вярэйкаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна Арцём Рышкель) або “Станок для стварэння дэкаратыўнай стружкі” (як навучэнец гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля Ігар Вінтэрман).

Калі першыя два праекты секцыі “Мультымедыйныя тэхналогіі” накіраваны на папулярызацыю турыстычнага патэнцыялу роднага краю, то асноўная задача выкарыстання прыстасаванняў, прадстаўленых на секцыі “Тэхнічнае канструяванне” Арцёмам Рышкелем і Ігарам Вінтэрманам, — эстэтычнае ўпрыгажэнне малой радзімы. Якім чынам? Як сумяшчаюцца трубагіб, станок і эстэтыка? Пра гэта хлопцы не толькі раскажуць, але і пакажуць, выкарыстаўшы фізічную сілу. Усё ж гнуць трубы і ператвараць драўляныя брускі ў стружку, хоць і пры дапамозе спецыяльных прыстасаванняў, — справа няпростая, для сапраўдных мужчын.

Мужчынская справа

Многія мужчыны цудоўна ведаюць, што падчас працы на прысядзібным участку часта ўзнікае неабходнасць сагнуць некалькі труб ці металічных стрыжняў па акружнасці пэўнага памеру (напрыклад, для каркаса цяпліцы, агароджы або арэляў). Можна паспрабаваць зрабіць гэта ўручную, шляхам пастуквання малатком па трубе, паклаўшы яе на металічную аснову. Аднак у такім выпадку вынік будзе неідэальны, плаўнай лінія згібу не атрымаецца. Без спецыяльнага прыстасавання тут не абысціся. Можна пайсці іншым шляхам і набыць у спецыялізаваных магазінах заводскую мадэль трубагіба. Аднак гэта патрабуе значных фінансавых выдаткаў. Арцём Рышкель вырашыў зрабіць гэтую справу больш таннай і стварыць трубагіб сваімі рукамі. Дарэчы, хлопец не першы раз прадстаўляе на “ТэхнаІнтэлекце” свае вынаходкі. У мінулым годзе ён паказваў кукурузацерабілку — патрэбную ў гаспадарцы рэч, асабліва для тых, у каго ёсць свойская жывёла, на корм якой патрабуецца насенне кукурузы. Але вернемся да трубагіба.

— Профільныя трубы лічацца найбольш запатрабаванымі металічнымі вырабамі і выкарыстоўваюцца пры стварэнні цяпліц, казыркоў, гаражоў, агароджаў. Для гэтага трубы неабходна згінаць пад вуглом, а без спецыяльнага абсталявання з гэтым ніяк не справіцца. Пры дапамозе майго прыстасавання можна згінаць вырабы любой канфігурацыі. Трубагіб — незаменная рэч у гаспадарцы. Ён можа выкарыстоўвацца для розных работ. Калі вам, напрыклад, трэба сваімі рукамі зрабіць цяпліцу або абсталяваць навясны казырок, то без трубагіба не абысціся, — расказвае хлопец.

Трубагіб, зроблены Арцёмам пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Уладзіміра Аляксеевіча Кашына, складаецца з рамы, пары трубных упораў, вінта, верхняй і ніжняй планкі, апорных ролікаў. Рама можа быць як адкрытай, так і закрытай. Што тычыцца вінта, то гэта галоўная частка прыстасавання, якая выконвае сілавую функцыю. Планкі трубагіба ўяўляюць сабой зварную канструкцыю. Упор выкананы ў выглядзе цапфы, а ўпоры, якія размешчаны на яе канцах, устаўляюцца ў адтуліны на планках. Элементы, якія забяспечваюць згінанне, выкананы з падшыпнікаў.

Прынцып работы трубагіба наступны: спачатку неабходна вызначыць дыяметр згінання канструкцыі. Далей выбіраецца профіль трубы (квадратная або цыліндрычная), вызначаецца яе памер, знаходзіцца цэнтр, труба ўстаўляецца паміж двума апорнымі ролікамі ў трубагіб. Цэнтр трубы павінен адпавядаць сярэдзіне цэнтральнага націскнога роліка. Прыціскаючы апорны ролік да трубы і рухаючы трубу направа і налева, Арцём паказаў, як робіцца паўкола. Націскаючы на цэнтральны ролік, ён змяняў дыяметр паўкола да патрэбнай велічыні.

Профільныя трубы з тонкімі сценкамі даюць магчымасць ствараць даўгавечныя цікавыя канструкцыі. (Якая прыгажосць можа атрымацца ў выніку такіх маніпуляцый з трубагібам, можна ўбачыць на фотаздымках.) Арэлі, казырок над уваходнымі дзвярыма — прысядзібны ўчастак Арцёма выглядае прывабна, эстэтычна. Жанчыны ўпрыгожваюць зямлю кветкамі, а сапраўдныя мужчыны — вось такімі вырабамі.

Дзівосныя карункі

Паглядзіце на фотаздымкі. Як думаеце, чым упрыгожана талерачка, якая знаходзіцца каля станка, які Ігар Вінтэрман стварыў пад кіраўніцтвам настаўніка тэхнічнай працы Уладзіміра Мікалаевіча Савянкова? Разьбой? Саломкай? Не і яшчэ раз не. Гэта стружка, а тэхніка ўпрыгожвання ёй посуду і іншых вырабаў называецца скань. Дакладней, сожская скань, бо рамяство па стварэнні такіх дзівосных карункаў характэрна толькі для Гомельшчыны. Больш за 30 гадоў назад майстар Уладзімір Цакуноў убачыў на акладзе старадаўняй іконы дзівосныя карункі. Ён быў настолькі ўражаны, што вырашыў авалодаць забытай тэхнікай і прыдумаў станок для зняцця драўлянай стружкі. З дапамогай пінцэта пачаў укладваць яе на драўляныя вырабы. Сёння кожны майстар сожскай скані працуе ў індывідуальным стылі. У моцных мужчынскіх руках нараджаюцца вырабы з узорамі роднага краю. Працуючы над праектам, Ігар хацеў, каб вырабы былі простымі ў выкарыстанні, практычнымі. Хлопцу было няпроста пачынаць справу, паколькі канструкцыя станка для атрымання стружкі трымаецца ў сакрэце, нават у інтэрнэце было цяжка знайсці патрэбную інфармацыю.

— Вырабляючы свой станок, я зыходзіў з таго, што прынцып яго работы грунтуецца на прынцыпе работы гэбліка. Таўшчыня стружкі пры габлёўцы складае прыкладна 0,3— 0,5 мм, а таўшчыня завіткоў, выкладзеных на выраб і змацаваных пры дапамозе лаку або клею, можа дасягаць 0,05 мм. Для атрымання дэкаратыўнай стружкі гэблік не падыходзіць па той прычыне, што, па-першае, не мае жорсткага мацавання, а па-другое, адсутнічае дакладнасць настройкі нажа. На мой погляд, для атрымання дэкаратыўнай стружкі неабходна ажыццяўляць дзве падачы: падачу разца і падачу нарыхтоўкі. Падача нарыхтоўкі павінна ажыццяўляцца як мага больш раўнамерна, каб вытрымаць таўшчыню стружкі. Прычым гэтая таўшчыня павінна быць фіксаванай. Вырабіць дэталі ў школьнай майстэрні даволі праблематычна, а заказваць на заводзе — дорага. Па прапанове Уладзіміра Мікалаевіча, я вырашыў узяць вузлы з такарных станкоў па метале і дрэве. Для падачы нарыхтоўкі выкарыстаў верхнія саначкі і разцатрымальнік са станка ТВ-4, для падачы разца — даўбёжную прыладу з СТД-120, — паведамляе вучань.

Спачатку Ігар стварыў прататып станка. Далей адрэгуляваў становішча вузлоў, размясціўшы іх на агульнай аснове, і становішча разца адносна нарыхтоўкі. Менавіта становішча разца ўплывае на атрыманне стружкі рознай формы. Эксперыментуючы, хлопец атрымаў пяць відаў стружкі. Падвоеная стружка або адзінарная — гэта ўжо залежыць ад колькасці рухаў разца. На даўжыню і дыяметр стружкі ўплывае даўжыня нарыхтоўкі. Не ўсе пароды дрэва прыдатныя для выкарыстання. Ідэальнай з’яўляецца драўніна без сучкоў. У першыя гадзіны працы станка было заўважана, што стружка пад уздзеяннем руху разца разлятаецца ў розныя бакі, таму быў створаны стружкапрыёмнік. Станок атрымаўся нескладаным у кіраванні і абслугоўванні. Затраты на яго выраб былі мінімальныя.

На думку Ігара, запускаць такое абсталяванне ў серыйную вытворчасць не варта, бо страціцца яго адметнасць, унікальнасць. Працу на падобным станку варта асвойваць у аб’яднаннях па інтарэсах, школах, гімназіях, каледжах, ліцэях. Работа са стружкай дапамагае развіваць творчыя здольнасці, супакойвае нервовую сістэму, дае разгрузку арганізму пасля вучэбнага тыдня.

Па родным краі

Знакаміты палац Пуслоўскіх, які нядаўна быў адрэстаўрыраваны, побач — дом-музей Тадэвуша Касцюшкі. Гэтыя турыстычныя жамчужыны, безумоўна, вартыя папулярызацыі. Нядзіўна, што менавіта ў Косаўскай сярэдняй школе (непадалёк ад яе знаходзіцца знакаміты палац, а мікрараён школы з’яўляецца малой радзімай героя двух кантынентаў) і быў створаны пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Рыты Аляксандраўны Савіцкай і настаўніцы гісторыі Наталлі Яўгенаўны Бялевіч мультымедыйны праект “Даведнік па горадзе Косаве”.


— Назіраецца тэндэнцыя павелічэння цікавасці да краязнаўства сярод дарослых і школьнікаў. Сёння цяжка абысціся без выкарыстання новых інфармацыйных тэхналогій, якія дазваляюць палегчыць доступ карыстальнікаў да патрэбнай ім краязнаўчай інфармацыі. Неабходнасць вывучэння, сістэматызацыі, захоўвання, распаўсюджвання краязнаўчых ведаў і забеспячэння доступу да краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў і абумовіла актуальнасць майго праекта. “Даведнік па горадзе Косаве” з’яўляецца адзіным у сваім родзе электронным рэсурсам па гісторыі Івацэвіччыны. На адным электронным носьбіце сабраны ўнікальныя і разнастайныя матэрыялы пра гісторыю нашага краю, — дзеліцца аўтар праекта вучаніца Косаўскай сярэдняй школы Дар’я Савіцкая.

Падчас абароны праекта дзяўчына прапанавала членам журы пазнаёміцца з гісторыяй яе малой радзімы, адправіцца ў падарожжа па вуліцах горада, разгледзець яго славутасці, даведацца пра знакамітых землякоў, здзейсніць віртуальную экскурсію ў Мерачоўшчыну, дзе знаходзіцца палац Пуслоўскіх і дом-музей Тадэвуша Касцюшкі. Складаецца даведнік з шасці тэматычных раздзелаў, уся інфармацыйная структура падзелена на тэкставыя блокі, ілюстрацыі, фота- і відэаматэрыялы, якія былі створаны членамі савета школьнага музея. Далей неабходна было выбраць інструментальныя сродкі для распрацоўкі. Даведнік змяшчае графічны, аўдыя- і відэакантэнт. Для апрацоўкі гэтых кампанентаў было абрана адпаведнае праграмнае забеспячэнне. Непасрэдна для вёрсткі і кампаноўкі — праграма AutoPlayMediaStudio, якая мае шырокія магчымасці і багаты набор інструментаў для распрацоўкі мультымедыйных праектаў.


— Асаблівае значэнне пры стварэнні электронных выданняў адводзіцца інтэрфейсу. Я паспрабавала зрабіць яго простым для ўспрымання і максімальна змястоўным. Каб палепшыць успрыманне інфармацыі, была распрацавана кантрасная, гарманічная колеравая схема. На наступным этапе неабходна было змясціць інфармацыю ў інфармацыйныя модулі і стварыць навігацыю. Для распрацоўкі і настройкі навігацыі ўвесь інфармацыйны кантэнт быў папярэдне падзелены на модулі. Лічу, што ўнікальнасць праекта ў тым, што гэта адзіны найбольш поўны краязнаўчы каталог у электронным варыянце, які дае карыстальнікам шматгранную інфармацыю па гісторыі Івацэвіцкага краю. Даведнік можа быць выкарыстаны ў якасці прыкладу для распрацоўкі аналагічных электронных дапаможнікаў у іншых рэгіёнах з улікам іх традыцый, магчымасцей і задач. Мой электронны дапаможнік ужо выкарыстоўваўся на ўроках гісторыі Беларусі, занятках краязнаўчага гуртка, на пазаўрочных і пазакласных мерапрыемствах, — гаворыць Дар’я.

Праект перспектыўны. Плануецца размясціць яго ў інтэрнэце, а таксама пастаянна папаўняць змест, прыцягнуць да ўдзелу ў праекце вучняў не толькі косаўскай, але і іншых школ раёна. Матэрыялы даведніка можна будзе выкарыстоўваць для распрацоўкі тэматычных буклетаў з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці. Даведнік разлічаны на шырокае кола карыстальнікаў: вучняў, бацькоў, педагогаў, бібліятэкараў, краязнаўцаў, усіх жыхароў Івацэвіцкага раёна, землякоў, якія жывуць за межамі малой радзімы, і проста аматараў падарожжаў. Сімвалічна, што прэзентацыя даведніка прайшла ў Год малой радзімы.


На папулярызацыю турыстычнага патэнцыялу роднага краю накіравана і інтэрактыўная дзіцячая карта Першамайскага раёна Мінска. Пры яе стварэнні вучань сярэдняй школы № 202 Мінска Мікіта Пятрэнка выкарыстоўваў пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяны Філіцыянаўны Байраш ілюстраваны метад і інфармацыйныя тэхналогіі, што дазволіла зрабіць карту маляўнічай, нагляднай. Калі націскаеш на ілюстрацыю, можна ўбачыць рэальную фатаграфію пэўнага аб’екта. Пры націску на ўмоўны значок установы адукацыі можна атрымаць поўную інфармацыю пра яе месцазнаходжанне. Асаблівасцю карты з’яўляецца і адлюстраваны веламаршрут. З мэтай паляпшэння ўспрымання інфармацыі выкарыстоўваецца дапоўненая рэальнасць. Для стварэння інтэрактыўнасці прымяняліся праграмы Unity 3D + VuforiaSDK, AdobePhotoshop, карта малявалася ў праграме AdobeIllustrator. Праект разлічаны для выкарыстання на платформе Android 4.4 і вышэй.

Зроблена з любоўю

Не ўсе разгледжаныя намі праекты сталі прызёрамі ІХ Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект” (толькі станок для стварэння дэкаратыўнай стружкі Ігара Вінтэрмана заняў 2-е месца ў секцыі “Тэхнічнае канструяванне”). Аднак ад гэтага сваёй практычнай значнасці яны не страцілі. Наадварот, у Год малой радзімы праекты вучняў Косаўскай сярэдняй школы, сярэдняй школы № 202 Мінска, Вярэйкаўскай сярэдняй школы і гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля набываюць асаблівую актуальнасць, бо зроблены з любоў да тэхнічнай творчасці і малой радзімы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва Арцёма РЫШКЕЛЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*