Цані сваё, ведай чужое

Значэнне заняткаў творчасцю для дзяцей немагчыма пераацаніць. Яны развіваюць фантазію, прасторавае мысленне, уседлівасць і здаровую ўпартасць. У студыі выяўленчага мастацтва і гісторыі мастацтваў “Гармонія” сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” вучаць не толькі тварыць, але і з дапамогай пэндзля і фарбаў паглыбляцца ў культуру і традыцыі розных народаў. Правадніком у свет сусветнага мастацтва для 75 хлопчыкаў і дзяўчынак стала Алена Іванаўна Булат.

Падарожжы ў часе

“Мы знаёмімся з гісторыяй мастацтва свету з акадэмічным падыходам — ад старажытнасці да нашых дзён. Беларускае мастацтва мы таксама вывучаем у кантэксце сусветнага. Пасля кожнай тэмы выконваем практычныя работы. Часам дзеці выконваюць свае работы ў стылістыцы канкрэтнага часу ці імітуюць розныя мастацкія тэхнікі, робяць і копіі, а часам ствараюць сюжэтную кампазіцыю, якая адлюстроўвае пэўны гістарычны перыяд. Таксама мы ладзім творчыя майстэрні, і кожны сам выбірае сабе занятак: нехта малюе, клеіць, нехта лепіць, канструюе. Хадоў шмат”, — расказвае пра спецыфіку сваёй студыі Алена Іванаўна. — Гэта цяпер, летам, мы вольныя ў выбары тэм. А на працягу навучальнага года я стараюся будаваць праграму так, каб тэмы пераклікаліся са школьным курсам гісторыі: вывучаюць дзеці на ўроках гісторыі першабытныя часы — паралельна мы вывучаем старажытнае мастацтва. Так ім прасцей успрымаць інфармацыю. Сёння дзеці больш імкнуцца атрымаць агульныя веды экцыклапедычнага характару пра Сусвет, пра прыроду, таму адна з маіх задач у студыі — канкрэтызаваць гэтыя веды, весці гутарку больш прадметна, а не ў цэлым”.

У першую чаргу Алена Іванаўна імкнецца выклікаць у дзяцей цікавасць і любоў да гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі. Напрыклад, нядаўна ў “Гармоніі” быў паспяхова рэалізаваны шэраг праектаў, накіраваных на далучэнне да гісторыі і культуры Беларусі: “Беларускія народныя традыцыі”, “Архітэктурныя помнікі Беларусі”, “Прыродны свет Беларусі”, “Як да нас прыйшла кніга”.

А праект “Творчая майстэрня” дапамог юным мастакам паглыбіцца ў гісторыю мастацтва розных эпох, культур, стыляў і г.д. Так, “Творчая майстэрня па мастацтве Старажытнага Егіпта” дазволіла не толькі пазнаёміцца з самымі яскравымі помнікамі выяўленчага мастацтва народаў Старажытнага свету, але і пастарацца стварыць уласныя работы. Свае работы дзеці выконвалі ў розных відах выяўленчага мастацтва: жывапіс (сюжэтныя кампазіцыі), выраб макетаў архітэктурных пабудоў, караблёў, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, скульптура і інш. Праект завяршыўся экскурсіяй па выставе дзіцячых “старажытнаегіпецкіх” работ.

Мастацтва для жыцця

Сярод самых актыўных удзельнікаў усіх праектаў — дзевяцикласнік Уладзіслаў Адарчанка. Ён расказаў, што з 4 гадоў не выпускае з рук пэндзаль, таму з дзяцінства наведваў самыя розныя творчыя аб’яднанні па выбары, але “асеў” толькі ў гэтай студыі, дзе і займаецца вось ужо пяты год. Юнак прызнаецца, што бачыць сябе навучэнцам толькі “глебаўкі” ці архітэктурна-будаўнічага каледжа. Для падрыхтоўкі да прафесійнай вучобы ён і прыйшоў у гэтую студыю.

“Мне падабаецца, што ў нас рэгулярна праходзяць розныя майстар-класы, дзе нас вучаць пэўным тэхнікам, але пры гэтым кожны з навучэнцаў можа свабодна самавыяўляцца ў творчасці. З Аленай Іванаўнай мы ўсе размаўляем на роўных, па-сяброў­ску, чаго раней я не сустракаў у іншых студыях. Мы прывыклі ўспрымаць пазіцыю педагога як адзіна правільную, а з Аленай Іванаўнай можна дыскутаваць і ў цэлым пра мастацтва, і пра сваю работу”, — гаворыць Ула­дзіслаў.

Папрысутнічаць на занятках, пазнаёміцца з юнымі мастакамі і педагагічнымі прыёмамі Алены Іванаўны ў студыю “Гармонія” прыязджалі выкладчыкі Такійскага ўніверсітэта. Візіт праходзіў у межах іх доўгатэрміновай паездкі, у якой яны вывучалі розныя сістэмы адукацыі ў Еўропе.

Вольга Аляксандраўна Капітонава прывяла ў гэтую студыю свайго сына Грышу 6 гадоў назад, калі хлопчыку было ўсяго 5 гадоў. “Паколькі ў хлопчыкаў ад прыроды, як правіла, не хапае ўседлівасці, першай маёй мэтай было гэтую самую ўседлівасць выпрацаваць з дапамогай мастацтва. Маляванне патрабуе засяроджанасці і глыбокага паглыблення ў тэму, — абгрунтоўвае выбар студыі для сына Вольга Капітонава. — Акрамя таго, заняткі творчасцю выпрацоўваюць эстэтычны густ, чаго часта не хапае сучасным дзецям. І ўсё гэта — у дадатак да ўмення маляваць. Я ўпэўнена, што, нават калі мой сын не стане мастаком і жывапіс не будзе яго асноўнай прафесіяй, у жыцці для яго не будзе лішнім уменне ба­чыць колеры і прыгажосць навокал, плана­ваць і ісці да мэты, перакладаць эмоцыі на аркуш паперы.

Рыгору не хапае 3 гадзін на тыдзень, якія ён займаецца ў студыі, таму ён малюе амаль увесь свой вольны час, асабліва цяпер, летам. Дома ён можа і па шэсць гадзін запар не адыходзіць ад мальберта. Ніколі не выходзіць і не выязджае з дому без алоўкаў ці фарбаў і паперы, і, дзе б мы ні былі, Грыша знаходзіць час на маляванне. У яго рукзаку заўсёды ёсць блакнот, і часта нават у дарозе ён можа рабіць замалёўкі ці маляваць нейкія незразумелыя для мяне рысачкі, якія, як толькі дабіраецца да мальберта, пераносіць на аркуш ужо ў выглядзе цікавых работ. У дзяцей жа іншае разуменне свету, якое кардынальна адрозніваецца ад нашага, дарослага. Мне цікава назіраць за гэтым, і тое, што я бачу, нас збліжае”.

Вайна і мір — тэмы вечныя

Асаблівую ролю ў рабоце студыі выяўленчага мастацтва адыгрывае міжнароднае су­працоўніцтва. Адным з партнёраў студыі стаў Інфацэнтр японскай культуры ў Мінску і асабі­ста яго кіраўнік Тацумі Масако. Сумесна з цэнтрам студыя выяўленчага мастацтва паспяхова правяла шэраг міні-праектаў па мастацтве і культуры народаў Беларусі і Японіі. Навучэнцы пазнаёміліся з відамі і жанрамі выяўленчага мастацтва Японіі, прыёмамі жывапісу “сумі-ё”, каліграфіі, тэхнікай выканання “хуткіх эскізаў” — “манга”, наведалі выставы японскага мастацтва: “Жаночае святочнае кімано”, “Мастацтва арыгамі”.

У рамках міжнароднага абмену малюнкі навучэнцаў студыі выяўленчага мастацтва, прысвечаныя гісторыі і культуры Беларусі, у прыватнасці Мінска, беларускай прыродзе, разме­шчаны ў школах Японіі для знаёмства японскіх дзяцей з нашай краінай. А ў “Светачы” з поспехам прайшла выстава малюнкаў навучэнцаў студыі выяўленчага мастацтва Японіі.

Нядаўна навучэнцы студыі праілюстравалі сваімі малюнкамі кнігу казак Нанкіці Ніімі, якую пераклала на беларускую мову дачка Тацумі Масако — Юйэ. Якраз цяпер у музеі горада Ханда (Японія) праходзіць выстава гэтага пісьменніка, дзе сярод іншых выстаўляецца і кніга з гэтымі ілюстрацыямі. У чэрвені ў­дзельнікі студыі прымалі ўдзел у акцыі, прысвечанай міфало­гіі Японіі.

Праца над міжнародным праектам “Па слядах японскага жураўліка” падштурхнула дзяцей да адлюстравання ў сваёй творчасці тэмы вайны і міру. На занятках навучэнцы пазнаёміліся з кранальнымі гісторыямі пра атамныя бамбар­дзіроўкі Хірасімы і Нагасакі з кніг “Падарожжа папяровага жураўліка” Сіхо Уміна і “Ружовае воблака” Каёка Уруга. Па ўражаннях ад прачытаных твораў студыйцы выканалі каля 30 жывапісных, графічных работ, эскіз помніка міру, якія Тацумі Масако даслала ў Хірасіму. Дзякуючы грамадскай арганізацыі “АНТ Хірасіма”, малюнкі навучэнцаў былі апублікаваны ў мясцовых газетах, праведзены шэраг выстаў у гарадах Японіі, пачалася перапіска з аўтарамі кніг, а дзецям у падзяку за такі водгук прадстаўнік арганізацыі “АНТ Хірасіма” прывёз матэрыялы для выяўленчай творчасці і спецыяльныя прызы.

Менавіта ваенная гісторыя, аднолькава сумная і для Беларусі, і для Японіі, для многіх студыйцаў непарыўна звязала гэтыя дзве краіны, парадніла іх. Таму на іх карцінах ёсць і сюжэты Хірасімы і Нагасакі, і абаронцы Беларусі.

Нядаўна атрымала музычны працяг яшчэ адна творчая ініцыятыва навучэнцаў “Гармоніі”. Выйшаў кліп расійскага спевака і кампазітара Ігара Карнілава, зняты з выкарыстаннем некалькіх дзясяткаў іх малюнкаў.

“Прэм’ера кліпа была 22 чэрвеня, якраз у дзень нападзення фашысцкай Германіі на Брэсцкую крэпасць, — гаворыць А.І.Булат. — Песня “Брэсцкая крэпасць” і без малюнкаў была прыгожай кампазіцыяй, але ўключэнне ў яе дзіцячай мастацкай творчасці за кошт яе шчырасці, непасрэднасці зрабіла яе асабліва кранальнай”.

Адну з карцін для гэтага музычнага твора малявала шасцікласніца Варвара Мысіна. Яна мае сваё стаўленне да ваеннай тэматыкі ў жывапісе. “Я лічу, што кожны чалавек павінен ведаць сумныя ваенныя падзеі сваёй краіны і ганарыцца сваімі продкамі, — гаворыць дзяўчынка. — Пакуль я малявала карціну да песні, быццам перажыла ваенныя часы. Я адлюстравала апошні мірны момант: наведзеныя гарматы, самалёты, якія ўжо пайшлі на ўзлёт. Перш чым мы пачалі маляваць, Алена Іванаўна шмат расказвала нам пра Брэсцкую крэпасць (яна ўраджэнка Брэста), ды і мой прадзядуля абараняў Брэсцкую крэпасць. Мае тата і мама таксама шмат расказвалі мне пра нашых продкаў, я глядзела фільмы пра вайну. У наступныя выхадныя мы з бацькамі паедзем на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць. Там я яшчэ ні разу не была”, — гаворыць дзяўчынка.

Ваенная тэма стала скразной і ў творчасці Уладзіслава Адарчанкі. Кветкі і вытанчаныя сюжэты ён малюе для мамы і сябровак, а для сябе ён даўно выбраў баталізм з яго бітвамі, змаганнем. Усяго ў яго каля
30—40 батальных палотнаў. Гэта і напалеонаўскія войны ХІХ стагоддзя, і Першая су­светная вайна, і Вялікая Айчынная, і вайна ў Афганістане, і канфлікты ХХ стагоддзя і інш. А каб усе дэталі на карцінах адпавядалі рэчаіснасці, юнак паглыблена вывучае сусветную гісторыю, у вольны час чытае самыя розныя гістарычныя крыніцы.

Да канца лета ў студыйцаў яшчэ шмат творчых планаў і тэматычных пленэраў. Упэўнена, сёлетнія іх роздумы за мальбертамі хутка ўвасобяцца ў змястоўную выставу па матывах лета.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва студыі.