Ці можа віртуальная рэальнасць быць антысацыяльнай?

Для таго каб ведаць, куды схавацца ад тых віртуальных сяброў, з якімі не хочацца сустракацца ў рэальнасці, інтэрнэт прапануе новую паслугу — антысацыяльныя сеткі.

Ідэя стварэння антысацыяльных сетак узнікла даўно. Але асноўнай праблемай у іх стварэнні з’яўлялася тое, што распрацоўшчыкі не маглі вызначыцца, што ў праграмах павінна быць антысацыяльным. Спачатку планавалася стварыць яшчэ некалькі сацыяльных сетак, але без функцый дабаўлення “сяброў” і “груп”. Такія электронныя ідэі не атрымалі папулярнасці, таму што, па сутнасці, нічым не адрозніваліся ад звычайных дамашніх старонак карыстальнікаў.
У выніку праз некаторы час антысацыяльную задумку ўдалося рэалізаваць адразу ў двух падобных дадатках, якія распрацаваны для iPhone і смартфонаў з аперацыйнай сістэмай Android, — Cloak і Split. Гэтыя праграмы з’яўляюцца абсалютнай супрацьлегласцю такой сусветна вядомай сацыяльнай сеткі, як Foursquare. Дарэчы, Foursquare — гэта геалакацыйны сэрвіс, які ў Беларусі толькі пачынае набываць сваю папулярнасць. Ён прызначаны для таго, каб карыстальнікі змаглі знайсці новыя цікавыя месцы для адпачынку, маглі вызначыцца, дзе можна правесці вольны час. Акрамя гэтага, Foursquare лічыцца адной з самых сацыяльна накіраваных сетак. Таму што менавіта дзякуючы ёй можна карыстацца функцыяй, якая дапамагае вызначыць, дзе былі ці знаходзяцца сябры ў дадзены момант. А гэта спрыяе таму, што віртуальныя знаёмыя могуць сустрэцца ў любы час

Такім чынам, для таго, каб антысацыяльныя дадаткі Cloak і Split пачалі працаваць наадварот, не так, як працуе дружалюбная Foursquare, для праграм прыдумалі адпаведнае меню настроек. Для таго, каб пазбегнуць непажаданай сустрэчы з віртуальнымі сябрамі і падпісчыкамі, трэба занесці ў “антысацыяльны” спіс імёны і прозвішчы тых людзей, якіх карыстальнік сацыяльных сетак (“УКантакце”, Instagram) не хоча выпадкова сустрэць у бліжэйшы час.
Пасля запуску праграмы дадатак з лёгкасцю вызначае, дзе ў дадзены момант знаходзяцца тыя людзі, якія значацца ў чорным спісе “сяброў” карыстальніка адной з сацыяльных сетак. Месцазнаходжанне непажаданых асоб дадатак адзначае на карце спецыяльнымі знакамі. І калі карыстальнік Cloak ці Split будзе знаходзіцца ад “сяброў” у радыусе некалькіх соцень метраў, разумная праграма папярэдзіць аб гэтым. І пры дапамозе карты пакажа, якой дарогай пайсці, куды завярнуць, каб пазбегнуць непажаданай сустрэчы. Праз чатыры гадзіны пасля таго, як на карце з’явіцца апошняя лакацыйная адзнака, асабістыя іконкі “сяброў” будуць паступова знікаць. Гэта будзе сведчыць пра тое, што непажаданыя госці ўжо пакінулі відавочнае месца сустрэчы.

“Думаю, што антысацыяльныя сеткі — гэта вельмі цікавая і карысная задумка, — дзеліцца студэнтка 4 курса БНТУ Таццяна Сацута. — Упэўнена, у кожнага чалавека, які зарэгістраваны ў сацыяльных сетках, у спісе сяброў ёсць тыя людзі, з якімі кантакты амаль не падтрымліваюцца. Але пачысціць спіс сяброў ад такіх людзей не падымаецца рука. Таму што часцей за ўсё думаеш пра тое, што гэты “непатрэбны сябар” пакрыўдзіцца. Відавочна, што з такімі людзьмі сустракацца таксама не хочацца. Згадзіцеся, будзе вельмі непрыгожа, калі выпадкова на вуліцы амаль лоб у лоб сутыкаешся з тым, з кім бачыцца не вельмі хацелася, і пры гэтым робіш выгляд, што не заўважыў чалавека. Ужо лепш скарыстацца магчымасцямі распрацаваных антысяброўскіх праграм і абараніць сябе ад такіх сацыяльных непрыемнасцей. Дарэчы, я думаю, што антысацыяльныя сеткі распрацаваны для дарослых людзей. Карыстацца такімі праграмамі студэнтам будзе нязручна. Чаму? Таму што мы вучымся ў адным універсітэце, і бегаць адно ад аднаго — гэта глупства”.

Магчыма, стварэнне антысацыяльных дадаткаў — гэта адзін з тых метадаў, пры дапамозе якіх можна паспрабаваць пазбавіць людзей ад прывыкання, якое выклікаюць сацыяльныя сеткі. Тым не менш некаторыя краіны пайшлі на больш радыкальныя меры па “лячэнні” ад сацзалежнасці. Так, у Кітаі тых, хто літаральна “жыве” ў віртуальным свеце, лечаць у бальніцах, а ў ЗША зусім нядаўна быў арганізаваны грамадскі рух “Прэч з сацыяльных сетак!”.

Наталля ДУБІК.