Услед за радзімічамі

Больш за тысячу гадоў назад на берагах Дняпра (у тым ліку на тэрыторыі сучаснага Рэчыцкага раёна) пасяліліся радзімічы. Некалькі стагоддзяў яны стваралі сем’і, узводзілі паселішчы, велічныя гарады. Апошні раз гэты племянны саюз узгадваецца ў летапісах у 1169 годзе. І вось год 2019-ы. Радзімічы (дакладней, іх нашчадкі — педагогі і навучэнцы Рэчыцкага раённага ліцэя) зноў гучна заявілі пра сябе — праект “Па слядах радзімічаў” атрымаў дыплом І ступені ў намінацыі “Мая вялікая малая радзіма”.

Па-іншаму і не магло быць. Захапляючымі былі і прэзентацыя праекта, і завочнае падарожжа, якое канкурсанты прапанавалі здзейсніць гледачам і журы па сваім родным краі — тых населеных пунктах, у ваколіцах якіх калісьці жылі радзімічы і дзе цяпер жывуць навучэнцы ліцэя. Гэта райцэнтр Рэчыца, гарадскі пасёлак Зарэчча, аграгарадкі Заспа, Холмеч, Ровенская Слабада, Левашы, вёскі Азершчына, Мілаград, Баршчоўка. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Рэчыцкага раённага ліцэя Ірыны Міхайлаўны Маеўскай, праект узнік невыпадкова: урадам ліцэйскай рэспублікі (органа вучнёўскага самакіравання) было праведзена апытанне з мэтай высветліць, наколькі навучэнцы веда­юць гісторыю, знакамітых людзей, фальклорныя і этнаграфічныя асаблівасці малой радзімы.

Пасля гэтага апытання ў 2018 го­дзе і з’явілася ідэя падарожжаў па раёне, падчас якіх вучні маглі б даведацца, наколькі багатая іх малая радзіма рознымі традыцыямі, працавітымі людзьмі. Кожная творчая група атрымала заданне даследаваць пэўны населены пункт, сабраць неабходныя звесткі па вызначанай схеме: гісторыя, геаграфічнае становішча, самабытныя традыцыі, культура і мастацтва, архітэктура. І ў выніку стваралася прэзентацыя населенага пункта з абавязковым суправаджэннем мастацкай самадзейнасці. У гэтым і маглі пераканацца педагогі і навучэнцы, якія прыехалі з усіх куточкаў краіны на фінал рэспубліканскага конкурсу.

Паспрабуем і мы падзяліць з гледачамі захапленне ад завочнага падарожжа па зямлі радзімічаў. Для пачатку разгледзім эмацыянальныя фотаздымкі… А далей нас чакае цікавы аповед юных экскурсаводаў… Пачнецца экскурсія з наведвання вёскі Азершчына. “Азершчына — паселішча песеннае. Такое меркаванне ў многім звязана з мясцовымі плытагонамі. Яны, у ліку якіх быў і Карней Лапацін, дастаўлялі ў ХІХ стагоддзі беларускую драўніну ў нізоўі Дняпра. У сярэдзіне ж 1930-х у вёсцы сфарміраваўся хор, якому наканавана было стаць народным. Яго легендарны кіраўнік — Таццяна Карнееўна Лапаціна”, — паведамілі навучэнцы.

Дарэчы, у рэальнасці сваё першае падарожжа ў Азершчыну ўдзельнікі праекта здзейснілі ў верасні 2018 года. Ужо ў кастрычніку вандроўнікаў чакала вёска Мілаград. Арыгінальная назва, ці не праўда? Мілая… Пра мілы сэрцу ліцэістаў населены пункт у гістарычных крыніцах вядома з ХІХ стагоддзя. Як сцвяр­джаюць удзельнікі праекта, вёска Мілаград — адзін з турыстычных цэнтраў Гомельскай вобласці. Тут нават вуліцы носяць мілыя імёны — Міру, Дружбы, Берагавая. Знаёмства з вёскай прахо­дзіла не проста ў фармаце “экскурсавод расказвае — вучні слухаюць”. Былі і танцы, чыталіся вершы, спяваліся песні, нават выконваліся кампазіцыі на флейце. А ў канцы для аднаўлення сіл усіх чакалі смачныя дранікі па-мілаградску. Мілае заканчэнне экскурсіі, ці не праўда? Не менш мілым атрымаўся аповед пра Мілаград і на фінале конкурсу.

У лістападзе было падарожжа ў Заспу, дзе асабліва запомніўся аповед пра гісторыю калгаса “Савецкая Беларусь”, пра тое, як яго працаўнікі падчас Вялікай Айчын­най вайны змагаліся з акупантамі, ваявалі на франтах, як аднаўлялі разбураную вайной гаспадарку. У снежні ліцэісты наведалі Левашы. Цікавае паходжанне назвы вёскі. Нехта сцвяр­джае, што яно пайшло ад слова “ляўша”. Іншыя — што Днепр працякае злева ад вёскі. У сту­дзені было падарожжа ў Холмеч — адзін з самых утульных агра­гарадкоў Гомельшчыны. Тут і сярэдняя школа, і яслі-сад, і Цэнтр культуры і рамёстваў, і агракамбінат. Згодна з праектам, прэзентацыя аграгарадка прадугледжвае песню “Добры вечар”, інсцэніроўку “Гісторыя Холмеча ад ВКЛ да нашых дзён”, выкананне музычнай п’есы на цымбалах “Старадаўні танец” і частаванне традыцыйнай стравай — холмецкімі тукмачамі. Гэтак жа адметна праходзілі экскурсіі і ў Баршчоўку, і ў Зарэчча, і ў Ровенскую Слабаду. А вось завочнае падарожжа па Рэчыцы было здзейс­нена ў форме пазнавальнай віктарыны. І, канечне, у канцы традыцыйныя стравы — на гэты раз рэчыцкія наліснікі.

— Натхнёныя падарожжам па родным краі, новымі адкрыццямі і сустрэчамі, ліцэісты вырашылі працягнуць пазнанне радзімы, як малой, так і вялікай. Таму ўжо ў гэтым годзе стартаваў праект шостага школьнага дня “Падарожжа па Беларусі”. Праграма праекта прадстаўлена адкрытымі мерапрыемствамі-падарожжамі па Гомельскай, Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай, Мінскай абласцях. Кожны міні-праект будаваўся па ўжо звыклай схеме: падарожжа ў рэгіён, збор матэрыялу, яго сістэматызацыя і прэзентацыя. Адметна, што навучэнцы падарожнічалі не толькі з настаўнікамі, але і з бацькамі. Па выніках ствараліся відэапрэзентацыі. У перспектыве плануем прыцягнуць да рэалізацыі праекта грамадскія аб’яднанні, арганізацыі, усіх зацікаўленых, а на сайце ліцэя арганізаваць віртуальны музей “Па слядах радзімічаў”, — паведаміла педагог-арганізатар Наталля Міхайлаўна Круцік.

Праз творчасць, фантазію і гульню праект узбагаціў ліцэістаў новымі ведамі пра малую радзіму, а гледачоў, якія ўважліва назіралі за фінальным выступленнем рэчыцкіх канкурсантаў, — новымі ведамі пра маляўнічую зямлю ра­дзімічаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.