Валанцёрская субота

Прынцып “роўны навучае роўнага” ўжо не новы і выкарыстоўваецца ў маладзёжным асяроддзі актыўна. У многім гэтаму паспрыяла сярэдняя школа № 121 Мінска. Яна пашырыла межы роўнага навучання і тэрытарыяльна, акунуўшы ў яго ўвесь мікрараён, і змястоўна, спалучыўшы яго з інавацыйнымі формамі работы па далучэнні моладзі да здаровага ладу жыцця. Такое маштабнае пераўвасабленне знаёмага падыходу стала асновай праекта “Валанцёрская субота”, які прынёс яе аўтару Ірыне Анатольеўне Мазанік, намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце, перамогу ў намінацыі “Здароўе — гэта здорава”.

Перадай іншаму

“Калі ў падлеткаў узнікаюць нейкія праблемы, па параду і падтрымку яны часцей за ўсё звяртаюцца да аднагодкаў, прычым у падлеткавым узросце часцей выяўляецца імкненне да групавога аб’яднання, — расказвае пра перавагі роўнага навучання Ірына Анатольеўна. — Немалаважна і тое, што падлеткі маюць зносіны адно з адным адкрыта, свабодна і нязмушана, на адной мове, што робіць інфармацыю, якую яны перадаюць адно аднаму, даступнай і прымальнай. Вось чаму ў асяроддзі падлеткаў праз спецыяльна падрыхтаваных аднагодкаў так эфектыўна распаўсюджваць жыццёва важныя веды, мадэлі паводзін, спрыяць засваенню імі маральных норм.


У 2014 годзе ў нас дзейнічала гарадская інавацыйная пляцоўка па роўным навучанні. Мы ў сваёй школе з самых актыўных старшакласнікаў 8—11 класаў рыхтавалі валанцёраў-інструктараў, з імі стваралі свае распрацоўкі і іх рэалізоўвалі.

Такія інавацыйныя пляцоўкі ў Мінску былі толькі тры — у трох школах. І мы супрацоўнічалі толькі адна з адной. А летась гэты кірунак пераключылі на шосты школьны дзень і паглыбілі — арганізавалі на базе нашай школы валанцёрскі клуб “ДЗІВА” (дзіцячае ініцыятыўнае валанцёрскае аб’яднанне) і ў межах праекта “Валанцёрская субота” сталі ўкараняць роўнае навучанне ў іншых школах, ствараць інтэрактыўныя сцэнарыі мерапрыемстваў па прафілактыцы дэструктыўных паводзін.


Першымі былі чатыры суседнія школы. Калі там падрыхтоўвалі валанцёраў-інструктараў, яны ішлі ў свае найбліжэйшыя школы. Кампетэнтнасць падрыхтаваных валанцёраў у галіне бяспечных паводзін, здаровага ладу жыцця, рэпрадуктыўнага здароўя, здольнасць весці размову на хвалюючыя і далікатныя тэмы, уменне працаваць з групай дазваляе стварыць ім у асяроддзі аднагодкаў прывабны імідж, што павышае эфектыўнасць уздзеяння і выклікае ў многіх падлеткаў жаданне самім стаць валанцёрамі роўнага навучання. Так увесь раён акунуўся ў валанцёрскі рух”.

“ДЗІВА”: пашыраем межы разумення

За некалькі апошніх гадоў педагогі 121-й школы падрыхтавалі 11 педагогаў-кансультантаў, у кампетэнтнасць якіх уваходзіць прыцягненне, навучанне і суправаджэнне валанцёраў-інструктараў роўнага навучання. Сёння ў Першамайскім раёне 6 валанцёрскіх атрадаў, якія ажыццяўляюць работу па прафілактыцы розных відаў залежнасцей па месцы жыхарства. Такім чынам, увесь раён падзяліўся на зоны работы роўнага навучання.


“Практычная падрыхтоўка валанцёраў-інструктараў занальных цэнтраў накіравана на фарміраванне матывацыі захаваць сваё здароўе і здароўе блізкіх. Усе валанцёры-інструктары забяспечваліся навукова-метадычнай літаратурай, праходзілі навучанне тэхніцы працы ў групах, вывучалі розныя метады інтэрактыўнай работы. Пастаянна ажыццяўлялася сацыяльна-псіхалагічная падтрымка, якая дазволіла павысіць эфектыўнасць укаранення падыходу “роўны навучае роўнага” ў занальных установах адукацыі”, — гаворыць Ірына Анатольеўна.

Навучэнцы актыўна перадавалі сябрам, аднакласнікам і іншым школьнікам веды і інфармацыю, якія дапамогуць ім захаваць жыццё і здароўе, вырашаць праблемы, разам абмяркоўвалі сур’ёзныя пытанні, адказы на якія не заўсёды можна знайсці ў бацькоў, настаўнікаў, урачоў, іншых спецыялістаў або ў інтэрнэце. Па суботах праводзіліся інфармацыйна-інтэрактыўныя сустрэчы з валанцёрамі з устаноў-партнёраў. Найбольш значнымі былі дыспуты з запрашэннем прадстаўнікоў цэнтра, дружалюбнага да падлеткаў “Разам”, валанцёры праводзілі пасяджэнне круглага стала “Шчырая размова аб палавых адносінах і рэпрадуктыўным здароўі”, у якім прымалі ўдзел урачы-нарколагі, спецыялісты грамадскага аб’яднання “Маці супраць наркотыкаў”, прадстаўнікі РУУС Першамайскага раёна Мінска. Частымі гасцямі былі вучні-валанцёры, якіх рыхтуюць урачы 19-й паліклінікі Мінска на базе сярэдняй школы № 115. Падчас правядзення такіх сустрэч была магчымасць падзяліцца вопытам па, здавалася б, аднолькавых кірунках валанцёрства, але з рознымі падыходамі.

Дыялог з бацькамі

У школе ўпэўнены, што абавязкова павінна прымацца пад увагу і ўзаемадзеянне з бацькамі, ацэнка імі якасці адукацыйнага працэсу. Таму для павышэння ўзроўню бацькоўскай адказнасці законныя прадстаўнікі валанцёраў уключаліся ў дзейнасць клуба “ДЗІВА” праз удзел у бацькоўскіх універсітэтах. На бацькоўскіх сходах і на працягу тыдня класныя кіраўнікі па просьбе валанцёраў вывучаюць запыты бацькоў, якія ўзнікаюць не толькі па фарміраванні здаровага ладу жыцця, але і па пытаннях узаемаадносін з падлеткамі і інш. Установы-партнёры маюць магчымасць падаць тэматычную заяўку ў кансультацыйны пункт школы. Пасля вывучэння патрэб праводзяцца вучэбныя заняткі для бацькоў з удзелам іншых спецыялістаў раёна і горада. Гэта трэнінгі, круглыя сталы, дзелавыя і сюжэтна-ролевыя гульні, дыскусіі, вырашэнне канкрэтных сітуацый. Што ж да тэматыкі, то для татаў і мам самымі актуальнымі аказаліся пытанні, як выхоўваць дзяцей без гвалту, як пераадолець падлеткавыя праблемы, як папярэдзіць гвалт і дзе знайсці дапамогу, як гутарыць з падлеткамі пра сексуальныя адносіны і пераадолець пры гэтым бацькоўскую сарамлівасць і інш.

Выхаванне тэатрам

Форум-тэатр стаў яшчэ адной часткай праекта. У ім прымалі ўдзел і навучэнцы, і бацькі, і педагогі ўстаноў адукацыі Першамайскага раёна.

“Спецыфікай гэтага метаду стала ўключэнне гледачоў у спектаклі (рэальныя сітуацыі ў сацыяльнай абгортцы), магчымасць выступіць у іх у ролі як назіральніка, так і акцёра, магчымасць абмену эмацыянальным і дынамічным вопытам, — тлумачыць Ірына Анатольеўна. — Асноўная задача форум-тэатра — ліквідацыя прычын залежных паводзін. Немалаважнай задачай мы ставілі і ролевае навучанне эфектыўнаму ўзаемадзеянню і ўменню адмовіцца ад курэння, наркотыкаў, алкаголю”.


Падрыхтоўкай спектакля займаюцца прафесійныя рэжысёры (педагогі дадатковай адукацыі), а акцёрамі становяцца выхаванцы гурткоў. Разыгрываецца кароткая канкрэтная сцэна, якая адлюстроўвае праблему залежнасці. У якасці прычын разглядаюцца рэальныя праблемы, якія ўзнікалі на пасяджэннях камісій па справах непаўналетніх, апорных пунктах аховы правапарадку: канфлікт у сям’і, булінг, гора, адзінота і інш. Далей вынікае драматычная сітуацыя і кульмінацыя — прыём наркотыку, перадазіроўка, сутыкненне з міліцыяй, суіцыд і г.д.

Здаровая гутарка анлайн і афлайн

Актыўнай стала работа і ў сацыяльных сетках (“УКантакце”, Instagram), у якіх адміністратар адзін раз у месяц запускае тэмы для абмеркавання. Тэмы — гэта модулі навучання: “Каштоўнасць здароўя”, “Рэпрадуктыўнае здароўе”, “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі”, “Прафілактыка інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам”, “Прафілактыка залежнасцей”, “Прафілактыка наркаспажывання”, “Як сказаць “не”?” і інш. Як вынік — правядзенне віртуальных дыспутаў па тэме самаахоўных паводзін сярод падлеткаў. Такая дзейнасць у сацыяльных сетках стала падставай распрацаваць мабільны дадатак пад назвай “Валанцёр TUT”. Гэта дазволіла ахапіць вялікую колькасць падлеткаў, якія захацелі далучыцца да клуба “ДЗІВА”, і праводзіць навучанне з дапамогай інфармацыйных тэхналогій.

Каб перадаваць вопыт, валанцёры наладзілі агітацыйную работу і праз дзейнасць Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Піянеры да дасягнення ўзросту валанцёра (14—17 гадоў) рыхтуюцца ім стаць праз удзел у квестах “Зрабі здаровым лад жыцця”, “Быць здаровым — гэта здорава”, праз інтэлектуальныя гульні, пасяджэнні круглага стала, конкурсы газет, лістовак, плакатаў, відэаролікаў, агітбрыгад і г.д. Адзін раз у месяц мерапрыемствы праводзяцца ў занальных цэнтрах, дзе працуюць валанцёрскія атрады, а ўдзел прымаюць установы адукацыі, размешчаныя паблізу занальных цэнтраў-устаноў.

У межах супрацоўніцтва з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі валанцёрскае аб’яднанне стала ініцыятарам правядзення спартыўных і дабрачынных марафонаў. На мерапрыемстве валанцёры могуць не толькі рэкламаваць сваю дзейнасць, але і праводзіць розныя дабрачынныя акцыі з мэтай далейшага супрацоўніцтва з інтэрнатнымі ўстановамі, дзіцячымі дамамі.

Стала традыцыяй правядзенне дзён здароўя ў шосты школьны дзень. Кожную другую суботу каманды навучэнцаў школ па розных відах спорту прымаюць удзел у спаборніцтвах. Хлопцаў і дзяўчат заўсёды здзіўляла каманда сапернікаў. Так, імі былі супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх РУУС Першамайскага раёна, валанцёры БДУ, бацькі. Праз інтэрнэт былі знойдзены і запрошаны аматарскія каманды. Дарэчы, такія спаборніцтвы сталі яшчэ адным шляхам прыцягнення партнёраў у развіцці “ДЗІВА”.
У межах акцыі “Адкрытая школа” майстар-класы праводзілі грамадскія арганізацыі, якія пазіцыяніруюць здаровы лад жыцця. Валанцёры праводзілі дэбаты “100 пытанняў да дарослага”, у якіх прымалі ўдзел вядомыя людзі, напрыклад, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Беларусі Віярэл Машану, пісьменнікі, журналісты, артысты. Актыўна прымалі ўдзел у “здаровых” дэбатах і спартсмены. Гэта і вядомыя асобы, напрыклад, чэмпіёнка свету лёгкаатлетка Аліна Талай, і перспектыўныя юныя спартсмены. Незабыўнай для хлопцаў і дзяўчат стала сустрэча з беларускімі параалімпійцамі.

Супрацоўнічаючы з грамадскімі аб’яднаннямі, валанцёры атрымліваюць дапамогу ў рэалізацыі праекта. Такім чынам, скаардынаваная дзейнасць усіх удзельнікаў праекта “Валанцёрская субота” дазваляе павысіць узровень інфармаванасці падлеткаў устаноў адукацыі Першамайскага раёна па розных тэмах, якія тычацца самаахоўных паводзін.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва школы.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*