Венесуэла далёкая і блізкая

Дружба сярэдняй школы № 139 Мінска з Пасольствам Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь зарадзілася шэсць гадоў назад. За гэты час было мноства сустрэч, сумесных мерапрыемстваў. Але ўсё часцей яго супрацоўнікі з’яўляюцца ў гэтай школе не ў якасці ганаровых гасцей, а ў якасці ўдзячных бацькоў. За гэты час сцены школы сталі роднымі для пяці іх дзяцей. Некаторыя ўжо атрымалі атэстаты аб заканчэнні школы, а Хасэ Аляхандра Баджыяна Мора, сын віцэ-адмірала ваеннага аташэ пасольства Хасэ Хаакіна Баджыяна Перыкі, у гэтым навучальным годзе толькі прыйшоў у пяты клас.
“Лінда Барынас” і слёзы расчуленага прэзідэнта

Пачалося ўсё з таго, што на практыку ў школу прыйшлі студэнткі з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта выкладаць іспанскую мову, вывучэнне якой у школе абавязковае. Якраз тады адкрывалася ў Беларусі Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, і яны дапамагалі першаму саветніку-міністру пасольства Сэсару Рамасу Сэдэньё і яго жонцы сеньёры Расальбе асвоіцца ў нашай краіне — былі іх перакладчыкамі і дапамагалі вывучаць рускую мову. Менавіта яны пазнаёмілі сваіх новых сяброў са школай, з дырэктарам і настаўнікамі, дапамагалі арганізоўваць тыдні замежнай мовы, расказвалі нашым вучням пра Венесуэлу, а тыя ў сваю чаргу расказвалі ім пра Беларусь.
За гэты час школу наведалі прадстаўнік пасольства другі сакратар па пытаннях культуры і СМІ Марыя Алена Рохас Рагаб’енка, былы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь спадар Амерыка Дзіяс Нуньес, консул пасольства Луіджы Ціні, ваенны аташэ пасольства генерал Луіс Эдуарда Мядоры Біямонтэ з жонкай, а таксама першы сакратар пасольства кіраўнік Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара Херарда Хесус Эстрада Марцінас. І настаўнікі, і вучні стараліся арганізаваць сустрэчы так, каб наведванне іх школы кожны раз станавілася для гасцей віртуальным падарожжам у Венесуэлу. Асабліва яны цэ-няць выкананне венесуэльскіх песень. Прадставіць іх на суд школьнікам давялося нават былому Прэзідэнту Венесуэлы Уга Чавесу падчас урачыстай цырымоніі сустрэчы ў скверы імя Сімона Балівара ў 2008 годзе. “Быў якраз дзень нараджэння Уга Чавеса, і нашы дзеці для яго выканалі “Лінда Барынас”, — успамінае Галіна Эдуардаўна Сірацюк, настаўніца іспанскай мовы, адказная за міжнароднае супрацоўніцтва. — Мяне ўразілі і надоўга запомніліся слёзы расчуленага прэзідэнта. Ён тады расказаў нам, што гэта яго любімая песня і на яго радзіме лічыцца другім гімнам Венесуэлы. І дагэтуль, хоць Уга Чавеса ўжо няма, “Лінда Барынас” жыве ў нас у памяць аб ім”.

Каб Венесуэлу не лічылі горадам у Іспаніі

Каб вучням было цікавей вучыцца, лягчэй уявіць далёкую Венесуэлу, сеньёра Расальба дапамагла аформіць стэнд, дзе разам з настаўнікамі школы змясціла самую цікавую інфармацыю пра сваю радзіму. У маі 2012 года яе справу ў зацікаўленні вучняў школы і Венесуэлай, і іспанскай мовай працягнуў ваенны аташэ Луіс Эдуарда Мядоры Біямонтэ. Ён разам з супрацоўнікамі Ваеннага аташата і папярэднім дырэктарам школы Аленай Валер’еўнай Стральцовай адкрыў спецыялізаваны кабінет імя нацыянальнага героя Венесуэлы генералісімуса Францыска дэ Міранды, кіраўніка барацьбы за незалежнасць іспанскіх калоній у Паўднёвай Амерыцы. За кошт Ваеннага аташата ў кабінеце з’явілася абсталяванне, фільм пра нацыянальнага героя, бібліятэка і іншыя матэрыялы. Як прызнаўся Луіс Эдуарда Мядоры Біямонтэ, такая задумка ў яго нарадзілася, калі яго малодшы сын Хуан расказаў, што яго аднакласнік лічыў Венесуэлу іспанскім горадам. Менавіта жаданне ваеннага аташэ дапамагчы беларускім школьнікам паглыбіць веды пра яго родную краіну, яе гісторыю, культуру, традыцыі, геаграфію і народ адчыніла дзверы гэтага кабінета. Кожны яго наведвальнік цяпер мае самабытны і яскравы партрэт Венесуэлы: “Мы хочам, каб беларускія дзеці ведалі, што наша краіна мае багатую гісторыю і ўнікальную культурную спадчыну. Гэта дапаможа ўмацаваць дружбу паміж нашымі народамі”. Генерал запэўніў, што і далей Ваенны аташат будзе дапамагаць ствараць найлепшыя ўмовы для выкладання іспанскай мовы, удасканальваць матэрыяльную базу кабінета. Плануецца, што ў школе будуць арганізоўвацца школьныя алімпіяды, прысвечаныя вывучэнню гісторыі і традыцый Венесуэлы. Ён спадзяецца, што ўсё гэта паслужыць беларускім школьнікам дадатковай матывацыяй да вывучэння іспанскай мовы. “Мудрыя гавораць: хто думае на год наперад — сее пшаніцу, на дзесяць гадоў — разводзіць сад, а хто глядзіць на паўсотні гадоў, той гадуе і выхоўвае дзяцей, а я яшчэ дадам — выхоўвае на прынцыпах разумення і дружбы”, — зазначыў Луіс Эдуарда Медоры Біямонтэ.

Знайсці агульную мову ва ўсіх сэнсах

Сёння ні адзін вучань гэтай школы не скажа, што Венесуэла — горад у Іспаніі. Усё да дробязей пра гэтую краіну ім расказвалі навучэнцы іх жа школы браты Луіс Карлас і Хуан-Мануэль Мядоры Біямонтэ, Эльбіяні Жаклін Гуцьерас і Хенесіс Паланка Сэдэньё, а цяпер эстафету пераняў пяцікласнік Хасэ Аляхандра Баджыяна Мора. Усе гэтыя дзеці, калі пераязджаюць жыць разам са сваімі бацькамі, супрацоўнікамі пасольства, у Беларусь, прыходзяць у школу № 139 пасля натхнёнага аповеду сеньёры Расальбы, якая зараз знаходзіцца ў Венесуэле і мае зносіны з тымі людзьмі, якія прыязджаюць да нас працаваць у пасольстве. І гэта пры тым, што школа № 139 не адзіная ўстанова, дзе на высокім ўзроўні вывучаецца іспанская мова.
“Так, моўнага бар’ера ў нашай школе не існуе, — гаворыць дырэктар Юлія Уладзіміраўна Цалагуз. — Вось наш навічок Аляхандра, як і яго папярэднікі, у верасні па-руску не гаварыў ні слова. Спачатку аднакласнікі яму перакладалі ўсё на іспанскую мову і паралельна вучылі рускай і беларускай мове. І цяпер, пасля чатырох месяцаў вучобы, ужо кожны зразумее яго: на перапынках ён часта практыкуецца ў валоданні рускай мовай. Акрамя таго, ён вельмі актыўны, усюды імкнецца быць у першых радах, усё хоча ведаць, у прыватнасці, усё, што звязана з нашай краінай, з задавальненнем выступае ў школьных мерапрыемствах, вельмі любіць сцэну, тэатр, вельмі арганічна ўжываецца ў ролі герояў у пастаноўках на іспанскай мове.
Дарэчы, беларускія і венесуэльскія дзеці лёгка знаходзяць агульную мову не толькі ў прамым, але і ў пераносным сэнсе. Так атрымліваецца, што да нас дзеці ідуць не ў першы клас, а ў старшыя класы. Гэта дзеці са сфарміраванымі характарамі, у кожнага свае звычкі і правілы, але тым не менш ні разу не было канфліктаў, праблем ва ўзаемаразуменні”.

Піражкі з капустай пад лацінаамерыканскія рытмы

Пра тое, што беларускія вучні ведаюць пра Венесуэлу амаль столькі, колькі ведаюць карэнныя жыхары, красамоўна гаворыць актыўнасць падчас школьных конкурсаў вершаў, песень, казак “У краіне казачных герояў”. Яны спяваюць песні на іспанскай мове і расказваюць вершы, праводзяць конкурс малюнкаў “Дружба не мае межаў”, ладзяць віктарыны на веданне культуры краіны-пабраціма. Акрамя таго, школьнікі — удзельнікі ўсіх мерапрыемстваў, якія арганізоўвае пасольства. Ды і супрацоўнікі пасольства, асабліва ваенны аташэ Луіс Эдуарда Мядоры Біямонтэ, часта бываюць у школе. Як тата, ён прымае ўдзел у свяце першага і апошняга званка, сустракаецца з ветэрэнамі Вялікай Айчыннай вайны, гутарыць з імі пра выхаванне моладзі ў дзвюх краінах.
На адным з круглых сталоў навучэнцы гутарылі пра фальклорныя і калядныя традыцыі Венесуэлы з першым сакратаром пасольства кіраўніком Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра Херарда Эстрада Марцінесам і ўдзельнікамі поп-рок-групы “Хігантэ Роха”. У гэтым навучальным годзе ў школе прайшоў урок дружбы з прадстаўнікамі пасольства, арганізатарамі якога выступілі вучні 5 “Б” і 7 “Б” класаў. Тэмай сталі нацыянальныя і культурныя традыцыі нашых народаў. Госці завіталі ў школьны музей “Вытокі”, пазнаёміліся з экспазіцыяй, а дзякуючы артыстычнасці вучняў, атрымалі асалоду ад беларускіх нацыянальных песень і танцаў, і нават ад піражкоў з капустай, прыгатаваных для іх па старажытным рэцэпце.
У рамках сустрэчы прайшоў круглы стол з удзелам старшакласнікаў і прадстаўнікоў упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна. Херарда Эстрада Марцінес і Хасэ Хаакін Баджыяна расказалі, як у іх на радзіме адзначаюць Каляды. Дарэчы, пачынаюцца яны 1 лістапада і скончацца не пазней 2 лютага.
А каб на свае вочы ўбачыць, як ладзяцца калядныя мерапрыемствы і ў чым адметнасць святочных традыцый краін Лацінскай Амерыкі, навучэнцы школы разам з педагогамі нядаўна наведалі калядны канцэрт “Снегавікі на Карыбскім моры”, які ладзіўся на базе Нацыянальнай бібліятэкі. У праграме канцэрта было выступленне калектыву венесуэльскага фальклорнага танца “Яланда Марэна” і музычнага калектыву “Алі Прымера”, у склад якога ўваходзіць і выпускніца школы № 139 (а цяпер студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта) Марыя Рындава. Сярод танцораў быў і Хасэ Аляхандра Баджыяна. Святочная атмасфера вечара, натхняльныя лацінаамерыканскія рытмы, аўтэнтычная музыка не пакінула нікога з прысутных раўнадушным.

Святлана НІКІФАРАВА.