Вясёлая навука

“Навука — сіла, навука — святло, яна нам дасць на ўсё адказ”. З такім дэвізам пачаў работу школьны аздараўленчы лагер “Весёлая навука” сярэдняй школы № 3 Ашмян. Навуковая накіраванасць лагера выбрана невыпадкова: 2017 год абвешчаны Годам навукі.

“Вясёлая навука” — гэта своеасаблівая лабараторыя навуковых забаў для дзяцей ад 6 да 13 гадоў. Мэта лагера — зацікавіць дзяцей навукай, навучыць іх назіраць за незвычайнымі з’явамі ў прыродзе і навакольным асяроддзі, даследаваць і здзіўляцца таму, што здаецца незразумелым. Маленькія навукоўцы раскрываюць сакрэты прыроды, шпіёняць за самымі сучаснымі навуковымі вынаходствамі, пагружаюцца ў пэўную сферу навукі.

Усе новыя веды вучні атрымліваюць у форме займальных гульняў, групавых праектаў, прафарыентацыйных сустрэч, цікавых экскурсій, азартных спаборніцтваў, творчых майстар-класаў, эфектных эксперыментаў, якія пашыраюць кругагляд, развіваюць лагічнае мысленне і творчае ўяўленне, дапамагаюць авалодаць навыкамі каманднай работы.

“Працавітасць талент гадуе”, — гаворыць народная прыказка, таму нашы выхаванцы не лянуюцца спазнаваць новае, раскрываць свае таленты. Яны нібы сутыкаюцца з сапраўднай магіяй: даведваюцца, як надзьмуць паветраны шар чароўным спосабам, спазнаюць таямніцы космасу, вучацца рабіць мыльныя бурбалкі, майструюць уласны велізарны вулкан, хімічаць у імправізаваных даследчых лабараторыях.

Кожны атрад падзелены на шэсць лабараторый. Гарантам правоў і свабод супрацоўнікаў лабараторыі з’яўляецца прафесар лагера, які паспяхова правёў сваю перадвыбарную кампанію і быў выбраны ў пачатку змены. Ён з’яўляецца сувязным звяном лабараторый і акадэміі навук, у склад якой уваходзяць акадэмік (дырэктар лагера), старшыя і малодшыя навуковыя супрацоўнікі (намеснік дырэктара лагера, старшы выхавальнік, педагог-арганізатар).

У лагеры прыняты статут, законы, эмблема, уласная валюта (“талент”) і структура. Любы жадаючы, асабліва бацькі, можа акунуцца ў жыццё дзіцячага лагера, наведаўшы блог “Школьны лагер “Вясёлая навука”. У блогу змешчаны нарматыўныя прававыя дакументы, фотаальбом, навіны, анонс праграмы на наступны дзень.

Місія “Весёлай навукі” — пашырыць цікавасць дзіцяці да бясконцасці! Маленькія навукоўцы жывуць, каб, паводле аднаго з пунктаў статута лагера, фантазіраваць, вынаходзіць, ствараць і не спыняцца ў сваіх ведах. Як гаворыцца, навука не ведае слова “кропка”.

Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
дырэктар лагера “Вясёлая навука”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*