Я ў мамы капірайтар

Эўрыка! Нарэшце знайшлi падлеткаў, якiя не прападаюць увесь дзень у сацыяльных сетках, не заводзяць акантаў у Instagram, не сядзяць суткамi ў TikTok… Складана паверыць? А як складана прыйшлося кiраўнiку гуртка, якi захацеў растлумачыць, як паслядоўна i эфектыўна прасоўваць з дапамогай тэксту свой блог у iнтэрнэце, калi высветлiлася, што прасоўваць няма чаго! Няма ў гурткоўцаў трывалых акаўнтаў, i заводзiць прынцыпова не збiраюцца… Дзе ж растуць гэтыя цудоўныя, не сапсаваныя прагнай цывiлiзацыяй кветкi жыцця? Зараз даведаемся!

Дзецям цяжка даваліся творчыя заданні. Яны прывыклі рабіць “як правільна”, “як трэба” і не спяшаліся адпусціць на волю фантазію.

У мiнулым годзе Гродзенскi дзяржаўны абласны палац дзяцей i мола­дзi адкрыў новае аб’яднанне па інтарэсах “Школа юнага капiрайтара” для дзяцей 14—16 гадоў, каб увесцi iх у свет рэкламы i маркетынгу. Бо капiрайтар i ёсць чалавек, якi стварае рэкламныя тэксты: iнфармацыйныя артыкулы для блогаў, тэксты для сацсетак, e-mail-рассылкi, сцэнарыi для вiдэаролiкаў, SEО-тэксты…

Вось тут i высветлiлася, што пiсаць гурткоўцы згодны, працаваць над творчымi заданнямi — колькi заўгодна. А пастаянна весцi акаўнты i заводзiць новых падпiсчыкаў, каб праверыць, наколькi добра працуюць рэкламныя механiзмы, не вельмi i хацелася. Якое выйсце знайшлося?

— Гэты гурток — мая асабiстая iнiцыятыва i мой уласны эксперымент, якi дазволiў сумясцiць два любiмыя заняткі — педагогiку (па адукацыi я фiлолаг, тры гады выкладала ў школе) i маркетынг (сем гадоў займала пасаду капiрайтара ў буйной кампанii), — гаворыць кiраўнiк гуртка Алена Мiкалаеўна Барташэвiч. — У “Школе юнага капiрайтара” я змагла ўдала сумясцiць лепшае з абедзвюх прафесiй: творчую работу i зносіны з дзецьмi. Я падрыхтавала праграму, склала план работы… i пачалося…

Заняткi ў гуртку праходзяць у тры этапы: крэатыўны блок, тэорыя i практыка. Першы блок заданняў дапамагае дзецям разняволiцца i настроiцца на работу, гэта своеасаблiвая размiнка для розуму. Трэнiруе навыкi работы з тэкстам, развiвае вобразнае мысленне i творчы патэнцыял. Вось прыклад задання: “Складзiце монатэкст (усе словы ў якiм пачынаюцца на адну i тую ж лiтару), параўнайце два выпадковыя прадметы i знайдзiце не менш за дзесяць сувязей памiж iмi, адгарніце любую старонку слоўнiка, тыкнiце пальцам у любы радок i сэнсава звяжыце выпадковае слова, напрыклад, з паняццем “капiрайтынг”, прапануйце нестандартныя спосабы выкарыстання звыклага прадмета…

— Тут, — тлумачыць Алена Мiка­лаеўна, — прыйшлося сустрэцца з супрацiўленнем. Дзецям цяжка давалiся творчыя заданнi. Яны прывыклi рабiць “як правiльна”, “як трэба” i не спяшалiся адпусцiць на волю фантазiю.

Першая частка заняткаў скончана, мозг “разбуджаны”, можна пераходзiць да тэорыi. Тут навучэнцы даведваюцца, як ра­бiць крэатыўныя загалоўкi, пiсаць лiд-абзацы (уступы), падбiраць фота да тэкстаў, як прымяняць водгукi, што такое SEO-тэксты (адаптаваны для робатаў пошукавых сiстэм, правiльна складзены тэкст паказваецца на старонцы пошуку адным з першых), як падбiраць “ключы” да iх (найбольш папулярныя пошукавыя запыты па тэме), што такое натыўная рэклама (тая, што падаецца карыстальнiкам натуральнай i ўспрымаецца iмi як частка звычайнага кантэнту сайта) i г.д.

Трэцi блок заняткаў практычны: выка­наць заданне па тэме, прыдумаць эфектыўны загаловак, скласцi тэкст для блога, напiсаць пост для Instagram і інш.

Адзiн з любiмых вiдаў практыкуму ў навучэнцаў — аналiз чужых тэкстаў: разгортваюць часопiсы, газеты i шукаюць у iх памылкi, моўныя штампы, канцылярызмы.

— Для мяне было сюрпрызам, што ў дзiцячым маўленнi шмат клішэ i канцылярызмаў (напрыклад, узняць пытанне, правесцi праверку, нельга не заўважыць), — расказ­вае Алена Мiкалаеўна. — Дзiцячае маўленне засмечана iмi, але прапанова адмовiцца ад штампаў сустракае вострае супрацiўленне (“Не-не-не, гэта гучыць вельмi даросла, сур’ёзна, нам так больш падабаецца”). Цiкава назiраць, як дзецi, якія яшчэ нядаўна гаварылі: я не ўмею пiсаць, у мяне заўсёды дрэнныя адзнакi па сачыненнях, раптам разумеюць, што iм добра ўдаюцца некаторыя тыпы тэкстаў, яны лёгка прыдумваюць крэатыўныя загалоўкi… Нават калi мае навучэнцы не завядуць папулярных блогаў у сацсетках, тыя навыкi i ўменнi, якiя яны атрымлiваюць на занятках, спатрэбяцца ім сёння, калi рэклама акружае нас літаральна ўсюды, становіцца ўсё больш разнастайнай, каварнай i невiдавочнай. Ве­даць “кручкi”, на якiя ловяць нас рэкламшчыкi, заўважаць манiпуляцыi, добра разумець “унутраную кухню” — усё гэта вучыць крытычна ўспрымаць рэкламныя прапановы i пазбягаць крыўдных памылак.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з архiва Алены Барташэвiч.