Як праявіць сябе на “ТэхнаІнтэлекце”

Першы месяц вучобы амаль скончыўся, і вучні ўжо вярнуліся ў рабочы рытм пасля канікул. А значыць, акрамя звычайных заняткаў, можна пачынаць работу над навуковымі, творчымі, тэхнічнымі праектамі. Тут перад педагогам паўстае шмат пытанняў. Як выбраць цікавую тэму? Каму з вучняў прапанаваць работу? Як арганізаваць сумесную дзейнасць, каб усё паспець?

Знайсці адказы на гэтыя пытанні мы паспрабавалі разам з настаўніцай інфарматыкі сярэдняй школы № 140 Мінска Святланай Аляксандраўнай Бандарэнка. На рахунку педагога і яе вучняў — прызавыя месцы на конкурсах даследчых работ, Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”, Рэспубліканскім конкурсе маладзёжных праектаў “Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу”. Сама Святлана Аляксандраўна стала ўладальніцай прэміі Мінгарвыканкама ў конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” і нават выпусціла кніжку “Камп’ютар і ноўтбук для дзяцей”. Пра сакрэты такой прадукцыйнай работы мы і пагутарылі з педагогам.

— Святлана Аляксандраўна, ужо тры гады запар вашы вучні займаюць прызавыя месцы ў фінале “ТэхнаІнтэлекту”. У вас вялікі вопыт, але поспех праекта залежыць ад вучня не менш, чым ад яго кіраўніка. Як падбіраеце ўдзельнікаў?

— У мяне ёсць маленькі прафесійны сакрэт — звычайна я рыхтую праекты са старэйшымі вучнямі, напрыклад, з 11 класа, якія ўжо шмат умеюць і праявілі сябе ў праграмаванні. А дапамагаць выпускніку прашу 10-класніка, у якім бачу патэнцыял. Ён разбіраецца ў тым, як арганізавана работа над праектам, паглыбляе свае веды ў праграмаванні, ацэньвае свае сілы — і ў наступным годзе гатовы развіваць праект далей або пачаць уласны.

Важна, што гэтага вучня я запрашаю на абарону праектаў, каб ён пабачыў выступленні іншых удзельнікаў і ацаніў іх моцныя бакі і недахопы. Мы разбіраем памылкі іншых, каб зразумець, як зрабіць свой паспяховы праект. Акрамя таго, вучань прывыкае да працэсу прэзентацыі, заўважае, як больш вопытныя школьнікі трымаюць сябе, можа занатаваць для сябе нечыя фішкі. У выніку ён менш хвалюецца перад абаронай праекта і здольны праявіць сябе перад публікай.

— Але ж вучань, які зараз захапляецца ідэяй зрабіць праект, можа перадумаць у наступным годзе?

— І гэта нармальна. Бывае, што школьнікі бяруцца за праект, а пасля работа спыняецца, бо “тата не дазволіў сесці за камп’ютар”, “было шмат дамашняй работы” і г.д. Звычайна гэта прыкмета таго, што вучню больш нецікава, а калі дзіця не гарыць праектам, нічога не атрымаецца.

— А як падтрымліваць цікавасць? Як выбраць тэму праекта, каб вучню было цікава?

— Некалькі гадоў назад я арыентавалася перш за ўсё на тое, што хочуць рабіць вучні. Тады было актуальным стварэнне гульняў і вірусаў — і вучні часта прыносілі такія ідэі. Мы гэтым займаліся і… далей за раённы этап не праходзілі.

Таму я стала займаць пазіцыю незадаволенага настаўніка. Калі да мяне неяк пасля ўрока падышоў Саша Мацюшонак, будучы пераможца “ТэхнаІнтэлекту” ў 2017 годзе, і паказаў калькулятар, які запраграмаваў сам, я прапанавала яму паўдзельнічаць у конкурсе, але адразу дала зразумець, што калькулятара для гэтага мала. Патрэбна нешта больш значнае.

Пазней Саша прынёс ідэю зрабіць уласны графічны рэдактар — і пачалася пастаянная работа над яго рэдактарам Colokor. Бывала, ён прыходзіў і расчаравана ўздыхаў, што атрымліваецца нецікавы праект. Я ў адказ толькі пыталася, як можна гэта выправіць. А што менавіта зрабіць і як гэта рэалізаваць — шукай! У выніку ён сам так захапляўся новымі ідэямі, іх распрацоўкай, што і мяне запальваў.

— Але ж так можна працягваць удасканаленне праекта бясконца. І прыйсці не да таго выніку, які чакаеш.

— Ідэя заўсёды мяняецца на працягу праекта. У мінулым годзе мы з Каралінай Барысавай рыхтавалі праграму, якая разлічвала штодзённы рацыён чалавека. Карыстальнік расказваў, што сёння еў, а праграма, зыхо­дзячы з гэтага, раіла, што яшчэ трэба з’есці, каб атрымаць патрэбную колькасць карысных мікраэлементаў, і нават сама прапаноўвала рэцэпты страў.

Але пачынаўся гэты праект з зусім іншай ідэі. Спачатку мы хацелі шукаць сувязі паміж геаграфіяй і біялогіяй і прысвяціць час зусім іншым даследаванням. Але праз два месяцы штодзённай работы зразумелі, што ідэя нікуды не вядзе. У выніку адмовіліся ад мінулых распрацовак і, можна ска­заць, пачалі нанова.

— Пакуль падаецца, што вашы вучні працуюць вельмі самастойна. Але ў гэтым ёсць свая адметнасць — не ўсе школьнікі ўмеюць кіраваць сваім часам і сачыць за выкананнем праекта.

— Маё першае правіла — педагог заўсёды павінен працаваць разам з вучнямі. Разам, а не замест яго.

Патрэбны штодзённы кантроль з боку настаўніка. Напрыклад, я кожны чацвер сустракаюся з групай вучняў, якія займаюцца праектамі, і мы правяраем, як ідзе работа. Што зроблена? Калі не зроблена, то чаму? Абавязкова плануем, што зробім да наступнай сустрэчы. Калі трэба — назначаем дадатковыя зборы.

Калі заставацца ўбаку і не кантраляваць працэс, нічога не атрымаецца.

— Але зрабіць праект — гэта толькі пачатак справы?

— Так, падрыхтаваць і прэзентаваць — гэта, напэўна, 50% поспеху. Часта мы з вучнямі ваюем: бывала, да гадзіны ночы перапісваемся і абмяркоўваем, колькі яшчэ тэксту трэба скараціць, каб укласціся ў рэгламент.

Вялікую ўвагу ўдзяляем візуальнаму складніку. Трэба паказаць праграму знутры на малюнках, у прэзентацыі. У 2017 годзе на “ТэхнаІнтэлекце” мы адзіныя запісалі відэа для абароны праекта: вучань паказаў, як працаваць у створаным намі графічным рэдактары. Гэта больш дынамічна і змястоўна, чым звычайныя малюнкі на слайдах. Зараз такія відэа робяць многія.

Абавязкова трэба запусціць падчас выступлення зробленую праграму. А для гэтага неабходна загадзя ўстанавіць яе на камп’ютар і праверыць, як яна працуе. Калі падчас прэзентацыі нешта не будзе працаваць — гэта велізарны мінус і дадатковае хваляванне.

Нарэшце, самая банальная парада — правярайце, як удзельнікі абароны вывучылі тэкст, і рэпеціруйце з імі. Гэта надае ўпэўненасці.

— Вы ўдзельнічаеце ў конкурсах тэхнічнай творчасці ўжо шмат гадоў. Якія тэндэнцыі заўважаеце? Як прадказаць, якія праекты будуць цікавыя журы?

— Усё мяняецца так хутка, што здагадацца, якія тэхналогіі будуць актуальнымі, вельмі складана. Актуальнасць губляецца літаральна за некалькі месяцаў. Калісьці QR-коды здзіўлялі, а цяпер яны нават у падручніках ёсць. У мінулым годзе ў нас атрымалася здзівіць журы “ТэхнаІнтэлекту” дзякуючы тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Што будзе ў гэтым — невядома.

Я стараюся проста сачыць за агульным развіццём інфармацыйнага свету і аналізаваць, якія моманты ў вучэбным працэсе можна палепшыць з дапамогай новых тэхналогій. І, канечне, уважліва слухаць прапановы саміх вучняў.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва С.А.БАНДАРЭНКА.