Яркія моманты дзяцінства

Унікальная склалася сітуацыя: большасць насельніцтва нашай краіны жывуць у гарадах, аднак пры гэтым большая частка навучэнцаў гарадскіх школ адпачывае на летніх канікулах у вёсцы. Нехта — усе тры месяцы, нехта — месяц, нехта — тыдзень, аднак у любым выпадку пабываць летам на малой радзіме бацькоў — гэта традыцыя. Пра карысць такога адпачынку можна гаварыць бясконца. Гэта і гульні з сябрамі на свежым паветры, гэта і рыбалка, і ягады з грыбамі ў лесе, гэта заўсёды свежая агародніна, а значыць, вітаміны, неабходныя для здароўя нашых дзяцей. А яшчэ гэта вывучэнне багатага мінулага роднага краю.


Той, каму пашчасціла праводзіць летнія канікулы ў вёсцы, ніколі не забудзе гэтыя шчаслівыя дні. Канечне, успаміны ад лета ў замежных краінах таксама будуць яркія, асабліва калі яны падмацоўваюцца сотнямі арыгінальных сэлфі. Аднак толькі ў вёсцы, на зямлі продкаў, адпачынак набывае асаблівую цеплыню, утульнасць, душэўнасць. Шчаслівыя і радасныя дзеці, якіх вы бачыце на здымках, пасталелі, у некаторых, напэўна, ёсць свае дзеці. Аднак, нягледзячы на клопаты дарослага жыцця, яны, упэўнены, і да сённяшняга часу памятаюць яркія моманты дзяцінства, якія ўдалося спыніць фотаапарату. Свае летнія канікулы ў вёсцы будуць памятаць і вучні Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна, героі наступнага матэрыялу рубрыкі “Лета ў вёсцы”.


Сістэма адукацыі прапаноўвае навучэнцам разнастайныя формы летняга адпачынку. Эфектыўнымі будуць і традыцыйныя, сярод якіх адпачынак у вёсцы, у бабулі з дзядулем. Памятаеце знакамітае і справядлівае “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем…”? Чамусьці замест слова “дом” хочацца ўжыць слова “вёска”. “Трэба ў вёсцы бываць часцей, трэба ў вёсцы бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці”. Гэтыя словы таксама будуць справядлівымі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.