Зоркі сцэны і закулісся

Кожны раз, калі на канцэртах ці вакальных конкурсах выступаюць на сцэне юныя вакалісты, мне хочацца падгледзець, хто ж трымае за іх кулачкі за кулісамі, хто там скача ад радасці, калі аб’яўляюць выканаўцаў пераможцамі, хто сваёй штодзённай педагагічнай працай заслугоўвае іх дзіцячы трыумф. Бо якраз эстрадны вакал — тая сфера, дзе навідавоку зорка, а не той, хто яе запальвае. Сённяшняя наша гераіня — Вольга Махітка, педагог па вакале сярэдняй школы № 53 Мінска, навучэнцы якой сталі героямі на сотнях сцэн нашай краіны і не толькі.

Пра вакальную кар’еру некалі марыла і сама Вольга Мікалаеўна. Яна добра памятае, як маленькая залазіла на канапу і спявала: “Миллион, миллион, миллион алых рост”, — і гаварыла маме, што некалі будзе спяваць, як Ала Пугачова. Але лёс крыху звярнуў яе з той дарогі: у яе жыцці была музычная школа, а там — віяланчэль і фартэпіяна, затым — харавое вучылішча ў Магілёве і сталічная кансерваторыя, але ў выніку яна выбрала для сябе месца за кулісамі. Не на сцэне, а якраз побач з ёй Вольга Мікалаеўна рэалізоўвае свой галоўны талент — педагагічны. Яна стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года — 2017” і пераможцай I Міжнароднага завочнага конкурсу педагогаў “Любімы ўрок — 2017” у секцыі “Музыка”.

— Я ніколі не магла і думкі дапусціць, што некалі буду працаваць у школе, з дзецьмі — я марыла пра вялікую прафесійную сцэну. Але на 3 курсе кансерваторыі паспрабавала працаваць у школе і зразумела, што дарма так гэтага баялася. Прайшло шмат часу з маіх “рост” на канапе, і я дакладна ведаю, што спевы мне ніколі б не далі таго задавальнення, якое я адчуваю ад работы з дзецьмі і менавіта ў школе, ад радасці, калі ўжо твае навучэнцы перарастаюць цябе як вакаліста на шмат галоў і атрымліваюць шматлікія перамогі. Бо іх перамогі — гэта ацэнка маёй работы, і чым вышэйшы ўзровень прафесіяналізму журы, тым больш значны для мяне іх вердыкт.

Вольга Мікалаеўна стараецца ўсіх дзяцей вучыць аднолькава, дае ўсё, што ведае і ўмее. Нехта бярэ больш, нехта — менш. Галоўны яе прынцып — заўсёды даваць дзецям больш складаны рэпертуар, бо, лічыць, каб быў рост, трэба пераадольваць перашкоды. Некаму, каму прырода дала больш вакальных магчымасцей, прасцей, камусьці даводзіцца працаваць больш. Але да старшых класаў усе вакальна выраўноўваюцца.

— Мне часта гавораць, што мае вакалі­сты не падобны ні адно да аднаго, ні да мяне. І гэта для мяне — самая лепшая ацэнка. Калі я яшчэ вучылася ў кансерваторыі, слухаючы вакалістаў — аднакурснікаў, сяброў — было адразу чуваць: гэты займаецца ў гэтага педагога, той — у таго, трэці — у трэцяга, бо вакальнае выкананне вучняў і педагогаў было вельмі падобным. Для мяне ж важна, каб дзеці не станавіліся маім паўтарэннем, не гублялі сваёй індывідуальнасці. Я ўсім ім даю аднолькавыя тэхнічныя прыёмы, але ў кожнага свой голас, свой тэмбр, і ні ў якім выпадку нічога не карэкцірую. Мая задача — адточ­ваць тэхнічныя моманты, а тэмбральна кожнае дзіця павінна заставацца самім сабой. Вось таму я і прашу іх не параўноўваць сябе ні з кім з нашых вакалістаў, а параўноўваць сябе з сабой учарашнім, асвойваць тое, чаго нядаўна яшчэ не ўмелі, развіваць тое, што ўдаецца толькі ім.

Да вакальнай сям’і першакласнікі далучаюцца, як толькі пераступаюць парог школы і праходзяць адбор у хор. А потым ужо Вольга Мікалаеўна дзеліць іх на ансамблі ў кожнай паралелі. Тэхнічныя магчымасці тут цудоўныя, ёсць любая неабходная апаратура, касцюмы, для ўсіх артыстаў ёсць мікрафоны. Таму ім проста ў гэтым плане. Не менш важна і тое, што, акрамя вакалу, ёсць факультатывы па харэаграфіі і акцёрскім майстэрстве, бо артыст павінен на сцэне ўмець усё. Усе кірункі, якія іншыя дзеці знаходзяць толькі ў прыватных студыях, у навучэнцаў гэтай школы ёсць у родных сценах. Таму тут столькі жадаючых займацца — штогод каля 80 дзяцей.

Што тычыцца хору, то сур’ёзнага адбору няма. Галоўнае — жаданне, бо, запэўнівае Вольга Мікалаеўна, у хоры навучыць спяваць можна любое дзіця, нават калі няма каардынацыі слыху і голасу. Праўда, малаверагодна, што такое дзіця заспявае як саліст. А вось яркіх, прыродай вакальна адораных дзяцей відаць і чуваць адразу.

Цяпер асабліва радуюць педагога поспехі шасцікласнікаў Данілы Раманчыка, Паліны Вільчак, Міланы Рабавай і інш. Сярод чацвёртакласнікаў галоўная зорка — Маша Загарэўская. Спрабуе свае сілы і Карына Махітка, дачка Вольгі Мікалаеўны. У 2 класе вельмі паспяхова выступае Ангеліна Сямёхіна. Сярод пяцікласнікаў не на жарт творча разышлася Марыям Абдэлькадэр. Гэтую дзяўчынку ведаюць многія, пра яе сёння шмат пішуць СМІ. У расійскай “Камсамольскай праўдзе” журналісты напісалі, што Марыям — самародак, што займаецца толькі з настаўнікам музыкі і дагэтуль да прафесійнага педагога яна яшчэ не звярталася. Вольга Мікалаеўна не крыўдуе на гэта: сапраўды, гэта рэдкасць, калі ўсё, што дае юнаму выканаўцу прафесійная студыя, дае і іх школа.

Штогод на рахунку юных выхаванцаў Вольгі Махітка — перамогі на гарадскіх, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах і фестывалях. Толькі за гэты навучальны год яны заваявалі дзясяткі перамог на IV Міжнародным конкурсе-фестывалі мастацтваў “Музыкі святло — 2019”, Міжнародным творчым конкурсе “Ветразі мары — 2019”, Міжнародным гранд-конкурсе “Талент года — 2019”, II Міжнародным тэлевізійным праекце “Кубак дружбы — 2019”. Дыпломы лаўрэатаў I ступені яны прывезлі з VII адкрытага Рэспубліканскага музычнага конкурсу “Эстрада суботняга вечара — 2018”, V юбілейнага Рэспубліканскага адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Беларускія таленты — 2018”, адкрытага Рэспубліканскага творчага фестывалю-конкурсу “Талісман удачы — 2018”, два дыпломы лаўрэата I ступені II адкрытага рэспубліканскага фестывалю мастацтваў “Папараць-кветка — 2018”, дыплом лаўрэата I ступені Міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў “Мая мара — 2018” і інш.

Часта юныя вакалісты прывозяць перамогі адразу ў некалькіх намінацыях. У іх скарбонцы — дыпломы гран-пры IV Міжнароднага конкурсу мастацтваў “Крыштальны Васілёк — 2018”, II Міжнароднага конкурсу мастацтваў “Talented kids — 2018”, Міжнароднага конкурсу мастацтваў “Папараць-кветка — 2018”, дыплом гран-пры і тры дыпломы лаўрэата I ступені і дыплом лаўрэата II ступені IV Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Grand fest Камянец — 2018” (Украіна), дыплом гран-пры і дыплом лаўрэата I ступені III Міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў “Музыкі святло — 2018”. Юныя вакалісткі штогод становяцца фіналістамі нацыянальнага адбору на “Славянскі базар”, пераможцамі самых прэстыжных вакальных фестываляў на сцэнах Расіі, Украіны, Польшчы, Балгарыі, Аўстрыі і інш. Навучэнцы В.М.Махітка спрабуюць свае творчыя сілы ў беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх вакальных тэлепраектах, а сама педагог мае ўзнагароды за такія высокія вынікі, у тым ліку прэмію Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Мінгарвыканкама.

“Марыям — лідар, гэта было відаць з першага дня. Яе, першакласніцу, я заўважыла яшчэ на першым праслухоўванні 2 верасня. У яе ідэальны слых, ад прыроды чысты, звонкі голас, і яна адназначна  сольнае дзіця.  Я ўсім дзецям гавару: “Слова “не магу” для вас існаваць не павінна”. А Марыям гэта гава­рыць не трэба. Менавіта па гэтым прынцыпе яна і жыве, здзіўляючы сваёй працаздольнасцю і ўпартасцю. Мне нават прыходзілася ў 1 класе яе крыху ўтаймоўваць і знаходзіць адказы на яе бясконцыя “Чаму не я?” — смяецца педагог.

Так, Марыям прымала ўдзе­л практычна ва ўсіх конкурсах, на якія яе запрашалі, — і рэспубліканскіх, і міжнародных. І гэта заўсёды былі перамогі, толькі два дыпломы былі ІІ ступені (іх дзяўчынка нават у стос з перамогамі не паклала). Шмат у гэтай дзяўчынкі гран-пры, бо, гаворыць педагог, ёй ужо нецікава перамагаць у сваёй узроставай катэгорыі ці намінацыі — і яна часта становіцца пераможцай усяго конкурсу, абыходзячы і дзяцей, і дарослых. Вольга Мікалаеўна ўпэўнена, што гэта нядрэнная якасць — хацець быць лепшай і, галоўнае, прыкладаць уласныя намаганні для гэтага. Чаму не? Нездарма ж кажуць: дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам.

В.М.Махітка: “Сцэна — гэта вялікая аўдыторыя, перад якой ты вучышся быць смелым, бо сарамлівасць, няўпэўненасць у сабе для дарослага чалавека  не лепшая якасць і моцна перашкаджае дасягаць мэты”.

Дарэчы, часам не Марыям працуе на поспех, а поспех працуе на яе. Напрыклад, на мінулагоднім кастынгу ў конкурсе “Талент краіны” Марыям дастаткова было толькі прадставіцца, і яе адразу прапусцілі ў наступны этап, бо журы яе добра ведала, у тым ліку і па выніках радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, дзе Марыям атрымала спецыяльны дыплом.  Гэта прыдало дзяўчынцы ўпэўненасці: прыемна, што сваёй працай яна ўжо дабілася пэўных паблажак. Нядаўна Марыям прайшла адбор на конкурс “Голас. Дзеці” і цяпер паспяхова працягвае ўдзел у тэлепраекце — ужо выйшла ў фінал. Адначасова разам з педагогам яна падала заяўку на адбор на “Славянскі базар” і трапіла ў дзясятку фіналістаў (па балах стала другой).

Разважаючы пра раннюю прафарыентацыю, В.М.Махітка гаворыць: “Неабавязкова ўсе мае дзеці будуць спяваць прафесійна. Многіх я нават адгаворваю ад гэтага, бо часам дастаткова проста навучыцца добра спяваць, але прафесію лепш мець іншую. Па-першае, быць выканаўцам вельмі дорага (трэба ж набываць не толькі касцюмы, апаратуру, але і аўтарскую музыку, песні), па-другое, далёка не заўсёды гэтая прафесія прыбытковая. Вось і Марыям Абдэлькадэр не ставіць мэтай стаць прафесійнай вакалі­сткай — у 4 гады яна вырашыла стаць стаматолагам. Стане ці не — пакажа час, але на сцэне цікава праходзіць яе дзяцінства, рэалізоўваецца яе талент. Яна цяпер можа сабе дазволіць быць лепшай”.

Але ўсё ж некаторыя з выпускніц Вольгі Махітка сталі прафесійнымі вакалістамі. Так, Аляксандра Войцік скончыла аддзяленне эстраднага вакалу каледжа мастацтваў, пабыла педагогам у роднай школе. Цяпер на 1 курсе каледжа мастацтваў вучыцца Аляксандра Макольская. Віёла Лобань займалася ўжо ў Аляксандры Войцік і цяпер вучыцца ў Пецярбургу на тэатральным факультэце, дзе таксама шмат спявае. Насцю Краўчэню педагог адгаварыла ад прафесіі вакаліста, таму дзяўчына вучыцца ў БДЭУ, але спявае ў студэнцкім гурце. Ніхто з выпускнікоў не згубіўся, усе пад­трымліва­юць сувязь з педагогам, су­стракаюцца, нават штогод усе разам ездзяць за мяжу адпачываць.

Якія якасці ў дзіцяці развівае вакал?

˜ Вучыць саўладаць з уласнымі эмоцыямі, хваляваннем.

˜ Вучыць будаваць зносіны з іншымі.

˜ Вучыць прэзентаваць сябе.

˜ Знімае страх перад незнаёмай аўдыторыяй.

˜ Павышае ўпэўненасць у сабе.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Вольгі Махітка.