Калі ў Ліможы свеціць сонца…

Самым інтэрнацыянальным беларускім горадам, безумоўна, з’яўляецца Гродна, што пацвярджае хаця б традыцыйны фестываль нацыянальных культур. Калі Гродна — самы інтэрнацыянальны горад, то ў ім, адпаведна, павінна быць і самая інтэрнацыянальная ўстанова адукацыі. І першынство тут належыць ліцэю № 1. Французы, расіяне, літоўцы, палякі, шведы, англічане, ірландцы — усе яны неаднойчы знаёміліся з жыццём ліцэя, абавязкова наведвалі і адну з яго візітовак — музейны пакой інтэрнацыянальнага сяброўства і міжнароднага супрацоўніцтва.
Лепш за інтэрнэт

Каб здзейсніць падарожжа з Гродна, скажам, у Маскву, французскі Лімож ці адправіцца на шведскі востраў Готланд, што ў Балтыйскім моры, неабходна набыць білет на цягнік, цеплаход або самалёт і прабыць у дарозе некалькі гадзін. Можна пайсці па больш простым шляху: зайсці ў інтэрнэт, набраць на пошукавіку неабходны запыт — і не менш захапляльнае, няхай і завочнае, падарожжа гарантавана.
У гродзенскіх навучэнцаў ёсць яшчэ адзін спосаб азнаёміцца з названымі мясцінамі. Для гэтага патрэбна замовіць экскурсію па незвычайным музейным пакоі інтэрнацыянальнага сяброўства і міжнароднага супрацоўніцтва. Як і ў інтэрнэце, тут таксама будуць шматлікія фотаздымкі з французскімі, шведскімі, польскімі краявідамі. На стэндах можна прачытаць інфармацыю пра адметнасці краін, гісторыю ўстаноў адукацыі, з якімі ліцэй № 1 Гродна падтрымлівае сяброўскія адносіны. Аднак ніякі сайт, нават самы па-дызайнерску адмысловы, не параўнаецца з той аўрай, якую ствараюць музейныя прадметы. Фарфоравы кубачак са знакамітага каралеўскага завода ў Ліможы, невялікі камень з сярэдневяковымі надпісамі і хрысціянскімі сімваламі са шведскага Готланда, французскі сцяг, каля якога можна праспяваць “Марсэльезу” і адчуць сябе са-праўдным французам… І гэта толькі невялікая частка міжнароднага скарбу, якім ганарыцца ліцэй № 1 Гродна.

Vivе lа France

— Наш музей быў афіцыйна адкрыты 8 ліпеня 2009 года. Аднак міжнароднае супрацоўніцтва вялося ўжо больш за 10 гадоў. І першай краінай, з якой было падпісана пагадненне, стала Францыя. Калі больш канкрэтна, то горад Лімож, ліцэй Гей-Люсака. Лімож нездарма стаў першай прыступкай нашага супрацоўніцтва, бо гэта горад-пабрацім Гродна. Плённае супрацоўніцтва з французскімі калегамі праходзіць па наступных кірунках: культурна-адукацыйны абмен і абмен перадавым педагагічным вопытам, рэалізацыя сумесных праектаў, — расказвае кіраўнік музейнага пакоя намеснік дырэктара па замежных мовах Наталля Аляксандраўна Сарокіна.
Калі ліцэй толькі пачынаў сваю дзейнасць (адбылося гэта ў 1996 годзе), сусветная павуціна яшчэ не настолькі моцна ахутала наша жыццё, таму сяброўскія адносіны развіваліся ў параўнанні з сённяшнім часам павольна. Прайшло ўсяго некалькі гадоў — і гродзенскія ліцэісты ўжо кожны дзень расказваюць сваім французскім, шведскім, польскім, расійскім сябрам пра ліцэйскае жыццё, дзеляцца жыццёвымі праблемамі. “Твіты”, электронныя лісты ляцяць з берагоў Нёмана ва ўсе куточкі еўрапейскага кантынента.
Актыўнае супрацоўніцтва вядзецца не толькі з Францыяй, але і са Швецыяй (гімназіяй Рычарда Стэфана, што на востраве Готланд). Самым яркім этапам супрацоўніцтва са скандынаўскай краінай стала навучанне гродзенскіх ліцэістаў у гімназіі Рычарда Стэфана і жыццё ў шведскіх сем’ях на працягу года. Калі пагадненне аб супрацоўніцтве са шведскім бокам было падпісана ў 2006 годзе, то з гімназіяй літоўскага гарадка Сейрыяй — толькі ў 2011 годзе. Супрацоўніцтва з літоўскімі калегамі, па словах Наталлі Аляксандраўны, знаходзіцца пакуль што на стадыі дзелавой перапіскі, аднак гродзенцы спадзяюцца, што дзелавая перапіска абавязкова пяройдзе ў стадыю сяброўскай, а яе вынікам стане падарожжа ў Літву.

Ліцэйскае брацтва

Самыя цесныя адносіны склаліся, безумоўна, з Расіяй. І адметнасцю такога супрацоўніцтва з’яўляецца ўдзел гродзенскіх навучэнцаў у злётах беларуска-расійскага ліцэйскага брацтва. З беларускага боку ў гэтае брацтва ўваходзяць яшчэ навучэнцы Ліды і Слоніма. Акрамя злётаў брацтва, гродзенскія ліцэісты традыцыйна ўдзельнічаюць у маскоўскай выставе “Маладзёжнае Экспа”, на якой прадстаўляюць свае навукова-даследчыя работы. Не абыходзіцца без гродзенскіх навучэнцаў і форум “Свет — тэрыторыя без наркотыкаў”. Напрыклад, за ўдзел у чацвёртым такім форуме яны былі ўзнагароджаны граматай Маскоўскай гарадской думы. Незабыўным з’яўляецца і баль ліцэістаў у расійскай сталіцы. Кожны год для братчыкаў рыхтуецца насычаная праграма. На працягу двух тыдняў яны ўдзельнічаюць у трэнінгах, інтэлектуальных і спартыўных гульнях, прэзентуюць свой горад і ўстанову адукацыі. Цяпер візіт у адказ чакаецца з боку маскоўскіх навучэнцаў ліцэя № 1571, якіх на беразе Нёмана з нецярпеннем чакаюць гродзенскія навучэнцы.
— Кожны злёт брацтва не абыходзіцца без прэзентацыі праектаў. Так у лістападзе мінулага года мы прадстаўлялі сацыяльны праект “Я дапамагу табе ўбачыць свет”. Наогул, рэалізацыі сумесных праектаў (і ў першую чаргу полімоўных) мы ўдзяляем вялікую ўвагу. Звычайна гэтыя праекты тычацца глабальных праблем. Да іх рэалізацыі, акрамя ўстаноў адукацыі горада, далучаюцца ўсе нашы замежныя сябры. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца праект па здаровым ладзе жыцця, а таксама праект “Школа будучыні”. Акрамя таго, у кожнай краіне, прадстаўленай у музейным пакоі, ухіл робіцца на рэалізацыі праектаў пэўнай тэматыкі. Так, французскія сябры разглядаюць экалагічныя праблемы і прапаноўваюць шляхі іх вырашэння. Пытанні энерга- і рэсурсазберажэння даследуюць нямецкія партнёры, з якімі мы плануем у найбліжэйшай будучыні падпісаць пагадненне аб больш цесным супрацоўніцтве, — адзначыла Наталля Аляксандраўна.

Музейная місія

Больш падрабязна з тэматыкай энерга- і рэсурсазберажэння можна азнаёміцца ў профільным музеі ліцэя. Акрамя музейных пакояў інтэрнацыянальга сяброўства і міжнароднага супрацоўніцтва, энерга- і рэсурсазберажэння, ва ўстанове адукацыі дзейнічае музей гісторыі педагогікі Гродзеншчыны, ваенна-патрыятычны пакой і музейны пакой славянскіх адзінаборстваў. У 2012 годзе ў рамках рэалізацыі праекта “Ліцэй — музей” прайшло ўрачыстае адкрыццё музея спорту і турызму. Але гэта яшчэ не ўсё. У ініцыятара стварэння своеасаблівага музейнага комплексу дырэктара ліцэя № 1 Гродна Андрэя Пятровіча Панцэвіча ёсць задума стварыць музей гісторыі фатаграфіі. Тое, што ён будзе абавязкова адкрыты, можна не сумнявацца, бо энергіі і зацікаўленасці як педагогаў, так і навучэнцаў хопіць яшчэ на некалькі музеяў. Сучаснасць экспазіцыі, насыча-насць фондаў арыгінальнымі экспанатамі, безумоўна, садзейнічае таму, што на базе ліцэя часта праводзяцца семінары кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі. Апошні такі семінар рэспубліканскага ўзроўню праводзіўся ў лістападзе мінулага года.
У кожнага ліцэйскага музея — свая выхаваўчая місія. Па словах Наталлі Аляксандраўны, музейны пакой інтэрнацыянальнага сяброўства і міжнароднага супрацоўніцтва — гэта не проста месца, дзе захоўваюцца пэўныя экспанаты, праводзяцца экскурсіі, ладзяцца сустрэчы з замежнымі гасцямі. Гэта візітоўка ўстановы адукацыі, цэнтр выхаваўчай работы. Галоўная мэта дзейнасці музейнага пакоя — зрабіць так, каб навучэнцы сталі сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны і годна прадставілі яе за мяжой. Тое, што гэтая мэта паспяхова дасягаецца, пацвердзілі словы шведскіх педагогаў, якія на развітальнай вечарыне, што праходзіла на востраве Готланд, адзначылі: “Вы з’яўляецеся сапраўднымі пасламі вашай краіны”.

Не сакрэт, што падтрыманню цёплых адносін з нашымі сябрамі, блізкімі нярэдка садзейнічае не толькі лёс, але і прырода. Падчас перапіскі з французскімі ліцэістамі гродзенскія навучэнцы неаднаразова заўважалі, што ў той момант, калі ў Ліможы, скажам, свеціць сонца, то ў Гродне таксама добрае надвор’е. Аднак нічога дзіўнага ў гэтым, напэўна, няма, бо ў сапраўдных сяброў не можа быць непаразуменняў, у тым ліку і ў надвор’і.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.