Прыязджайце да мамы, гаварыце пра маму

Мінск — не толькі сталіца нашай краіны, горад з найбольшай колькасцю насельніцтва, найбольшай колькасцю сем’яў і, адпаведна, найбольшай колькасцю матуль. Гэта і горад, дзе размешчана найбольшая колькасць школ і, адпаведна, найбольшая колькасць школьных музеяў. Калі верыць статыстыцы, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы іх налічваецца каля сотні. Гісторыка-этнаграфічныя, літаратурна-краязнаўчыя, баявой славы… Асаблівае месца сярод іх займае музей маці.

“Непрыветна цераз вокны // Ночка пазірае. // Ціха ў хаце. Уся сямейка // Спіць, адпачывае. // Натрудзіўшы добра рукі, // Натаміўшы плечы, // Толькі маці з вераценцам // Туліцца пры печы”. Канечне, з таго часу, калі Якуб Колас ствараў гэтыя радкі, многае змянілася. Нашы мамы пасля цяжкага працоўнага дня і хатніх клопатаў часцей за ўсё туляцца ўжо не да печы, а да тэлевізара або ноўтбука, ды і з верацяном ніхто не завіхаецца. Аднак актуальнасць верша не змянілася… Як не змянілася і роля жанчыны-маці ў жыцці як грамадства, так і асобнай сям’і. Менавіта пра гэтую ролю і расказвае музей сярэдняй школы № 42 Мінска.
Кожная экскурсія адметная і праводзіцца ў залежнасці ад узросту наведвальнікаў, прычым з абавязковым музычным суправаджэннем. І гэта нядзіўна, бо экскурсавод — настаўніца музыкі. Так, малодшым школьнікам Алеся Іванаўна Мілановіч прапаноўвае пераступіць парог музея пад гукі калыханкі і падысці адразу да аднаго з самых каштоўных экспанатаў — драўлянай калыскі, прывезенай з Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Колькі калыханак праспявалі матулі над гэтай калыскай, колькі дзетак у ёй гушкалася на працягу 86 гадоў! Акрамя калыскі, у раздзеле “Ад старажытнасці да сучаснасці” можна пазнаёміцца з прадметамі побыту, якія суправаджалі паўсядзённае жыццё жанчын у пачатку мінулага стагоддзя.

Музейны куток дазваляе пазнаёміцца і з модай даваеннага часу. Праўда, разглядваць жаночыя сукенкі можна толькі на старых чорна-белых фотаздымках, з якіх на нас праз смугу дзесяцігоддзяў глядзяць прыветлівыя, жыццярадасныя матуліны вочы. Экскурсія для малодшых школьнікаў працягваецца знаёмствам з раздзелам “Голас мамінага сэрца”, у якім прадстаўлены ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаныя рукамі матуль вучняў 42-й школы.
— Экскурсію для старшых школьнікаў мы праводзім ужо ў форме дыялогу. Вучні не толькі слухаюць, але і адказваюць на пытанні, зачытваюць вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя маці, расказваюць пра некаторыя факты з біяграфіі нашых знакамітых княгінь, пісьменніц, артыстак, спартсменак, палітыкаў, інфармацыя пра якіх змешчана на цэнтральным вялікім пано. У аснове экскурсіі для навучэнцаў сярэдняга і старшага звяна ляжыць аповед пра подзвіг жанчын у гады вайны. Гэтай тэме прысвечаны раздзел “У вайны не жаночае аблічча”. Тут мы акцэнтуем увагу на тым, што жанчына зрабіла на вайне як маці, як франтавая сяброўка, як медсястра, якая выцягвала на сваіх кволых плячах з поля бою цяжкапараненых салдат. Абавязкова гаворым пра подзвіг матуль, сыны якіх не вярнуліся з афганскай вайны. А вось пасля знаёмства з подзвігам Героя Савецкага Саюза Зіны Самсонавай у нашых дзяўчат на вачах часта з’яўляюцца слёзы. Амаль равесніца сучасных адзінаццацікласніц, яна выцягвала з поля бою параненых салдат, а аднойчы пасля таго, як быў забіты камандзір, павяла ў атаку пяхоту. Загінула ў баі падчас вызвалення Беларусі. Абавязкова зачыт-ваем і вытрымкі з арыгінальных лістоў-трохкутнічкаў, якія сваім матулям і сёстрам пісалі з фронту салдаты. Асабліва ўражвае гасцей аповед пра трагічны лёс маці Петруся Броўкі Алены Сцяпанаўны. Вядома, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны яна загінула ў Асвенцыме, аднак цаной свайго жыцця выратавала дзяўчынку. У канцлагеры было правіла: кожную раніцу расстрэльваць кожнага адзінаццатага. Калі вязні выстраіліся, то аказалася, што маці паэта стаіць дзясятай, а адзінаццатай была дзяўчынка. Алена Сцяпанаўна памянялася з ёй месцамі. Пра гэта Пятрусь Броўка шчымліва расказвае ў паэме “Голас сэрца”, — гаворыць Алеся Іванаўна.
“Не, мне ніколі таго не забыцца, // Як ты спявала, як прала, як жала, // Як шыла кашульку, як вышывала, // Як пахлі рукі твае лебядою, // I хлебам жытнёвым, і сырадоем… // Як яны нас абдымалі і грэлі, // Як твае вочы ласкава глядзелі…”

Як вядома, подзвігі здзяйсняюцца не толькі на вайне, але і ў мірны час. Яскравым прыкладам з’яўляюцца мнагадзетныя мамы — сапраўдныя гераіні нашага часу. Менавіта пра іх і расказвае адпаведны раздзел экспазіцыі. Татарыцкія, Грамовічы, Зімаковы, Гарошка, Дзідкоўскія… Аднак цэнтральнае месца займае аповед пра Марыю Сцяпанаўну Жукоўскую, якая ў савецкі час была ўзнагароджана медалём і ордэнам Мацярынскай Славы за выхаванне васьмярых дзяцей. Для Алесі Іванаўны выдатным прыкладам самаахвярнасці ў імя сям’і з’яўляецца жыццё яе прабабулі. Нягледзячы на цяжкасці тагачаснага жыцця, жанчына імкнулася даць адукацыю ўсім дзесяцярым дзецям, працавала ад раніцы да ночы, ніколі не ведала адпачынку. “А сама пехатой — трэба сена і дровы. // А сама басанож па дажджы і калдобах. // А сама — за вадой // У галалёд і завею…” Гэтыя словы Яўгеніі Янішчыц пра яе — прабабулю Алесі Іванаўны.

Актыўную дапамогу ў папаўненні музейнага раздзела “Гераіні ў абліччах” аказвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыня асацыяцыі мнагадзетных бацькоў Фрунзенскага раёна Людміла Пятроўна Кубракова. З асацыяцыяй школа падтрымлівае самыя цёплыя адносіны. І гэта нядзіўна, бо 15 настаўніц з’яўляюцца мнагадзетнымі матулямі, а ў самой школе з амаль 2 тысяч навучэнцаў 679 — вучні з мнагадзетных сем’яў. І гэта толькі старэйшыя дзеці, калі ж малодшыя дасягнуць школьнага ўзросту, гэтая колькасць значна павялічыцца.

Дарэчы, той факт, што школа размешчана ў адным з маладых і мнагадзетных мікрараёнаў сталіцы Каменнай Горцы-5, стаў прычынай таго, што менавіта ў гэтай установе адукацыі 14 кастрычніка мінулага года і быў адкрыты адзіны ў Мінску Музей маці. Хоць ідэя стварэння ўзнікла ў старшыні гарадской арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ірыны Аляксандраўны Аляксанавай даўно, аднак ажыццявіць яе ўдалося толькі ў мінулым годзе пры актыўнай падтрымцы Адміністрацыі Фрунзенскага раёна і непасрэднай зацікаўленасці дырэктара 42-й школы Таццяны Яўгенаўны Ціхіні. Па словах Таццяны Яўгенаўны, музей знаходзіцца толькі ў самым пачатку свайго развіцця. Пакуль што афіцыйна гэта толькі музейны пакой, аднак, згодна з планам яго развіцця, да 8 сакавіка 2015 года экспазіцыя будзе значна пашырана, у першую чаргу раздзелы “У вайны не жаночае аблічча”, “Гераіні ў абліччах”. У хуткім часе на базе музея пачнецца работа сямейнага клуба “Шчаслівая сям’я”, будзе распрацавана эмблема музея.
— Нягледзячы на тое, што школа працуе толькі трэці год, у ёй склаліся свае сямейна-музейныя традыцыі. На базе музея праводзіцца шмат мерапрыемстваў-экскурсій. З экспазіцыяй пазнаёміліся не толькі ўсе нашы настаўнікі і вучні, але і калектывы ўсіх школ і гімназій Фрунзенскага раёна. Частымі гасцямі з’яўляюцца прадстаўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа, Беларускай федэрацыі прафсаюзаў, Беларускай асацыяцыі мнагадзетных бацькоў, грамадскай арганізацыі “Белая Русь”. Часта праводзяцца гасцявыя ўрокі (напрыклад, 1 верасня на першым уроку “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” прысутнічаў намеснік міністра па падатках і зборах Аляксандр Аляксандравіч Дарашэнка) і тэматычныя ўрокі, асабліва па беларускай літаратуры, калі выкарыстоўваюцца матэрыялы раздзела “Мама — як многа ў гэтым слове”, дзе расказваецца пра жыццё і характар матуль нашых паэтаў, — дзеліцца Таццяна Яўгенаўна.
Акрамя прыкладаў гераізму і мужнасці на вайне, у літаратурным раздзеле можна пазнаёміцца з трагічнымі момантамі ўзаемаадносін паміж паэтамі і мамамі ў мірны час. Па словах дырэктара школы і адначасова настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, Рыжскі мірны дагавор быў зусім не мірным для сям’і Міцкевічаў. Ён на многія гады разлучыў Якуба Коласа з мамай. Памерла Ганна Юр’еўна ў 1929 годзе, аднак толькі ў 1940 годзе Канстанцін Міхайлавіч змог прыехаць на яе магілу ў родную Мікалаеўшчыну.

“Ці то раніцай звонкай, // Ці то вечарам ціхім — // Прыязджайце дадому, // Прыязджайце дадому… Не выкідвайце з памяці даўнюю казку — // Прыязджайце да маці, // Прыязджайце да маці…” Да гэтых слоў Генадзя Бураўкіна хочацца дадаць наступнае: ці то раніцай звонкай, ці то вечарам ціхім прыязджайце ў сталічны Музей маці, а лепш стварайце падобныя музеі або музейныя куточкі ў сваіх установах адукацыі. Нашы матулі вартыя таго, каб ім часцей гаварылі добрыя словы, каб у гонар іх ствараліся вершы і экскурсіі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*