Дарогамі памяці

З 2016 года ва ўстановах адукацыі краіны праходзіла рэспубліканская акцыя “Мы гэтай памяці верныя”, у рамках якой навучэнцы і педагогі даследавалі жыццёвы, баявы і працоўны шлях удзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку сваякоў, вывучалі гісторыю населеных пунктаў, спаленых у гады ліхалецця, стваралі відэаролікі пра ваеннае мінулае малой радзімы. 10 мая ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства прайшло заключнае мерапрыемства акцыі — Рэспубліканская канферэнцыя “Вялікая Айчынная вайна: гісторыя і памяць” і падвядзенне вынікаў конкурсу “Дарогамі памяці”.


Франтавыя дарогі былі неймаверна цяжкімі. Бруд, пыл, кроў, смерць. І так кіламетр за кіламетрам, аж да самай Перамогі (калі пашчасціць застацца жывым)… Неймаверна цяжкімі былі і партызанскія дарогі. Жыць у зямлянцы не адзін год без прывычных бытавых умоў і пры гэтым выконваць баявыя заданні, кожны дзень выбіраць паміж жыццём і смерцю, чалавечнасцю і злом… Дарогі памяці, па якіх ідзе сучаснае пакаленне, канечне, не тояць у сабе пагрозу для жыцця, аднак таксама ставяць нас у няпростыя сітуацыі выбару. Забыць, не думаць? Ці ўсё ж памятаць, вывучаць, аналізаваць? Удзельнікі акцыі “Мы гэтай памяці верныя” выбіраюць другое. Яны не збочваюць з дарог памяці, ідуць па іх упэўнена, хаця такі шлях няпросты. Мала застаецца ўдзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, усё складаней знаходзіць праўдзівую інфармацыю пра тыя ці іншыя падзеі ваеннага часу на бяскрайніх прасторах інтэрнэту. Але памятаць трэба, бо, калі мы пачнём забываць, забытае можа паўтарыцца.

— Ведаць і памятаць пра Вялікую Айчынную вайну — наш святы абавязак. І мы павінны зрабіць усё, каб на нашай зямлі не было войнаў. Маладосць — гэта самы шчаслівы час, поўны светлых надзей і адважных планаў. На працягу ўсяго жыцця людзі берагуць успаміны пра гэты перыяд як чыстую крыніцу радасці і натхнення. Мы, дарослыя, стараемся зрабіць усё, каб з самых першых хвілін свайго з’яўлення на свет вы раслі ў атмасферы клопату і любові, а ваша жыццё было мірным, спакойным, абароненым ад бед і нягод, каб кожны з вас мог раскрыць свае таленты і рэалізаваць мары, — звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык.


Арганізатары конкурсу “Дарогамі памяці” зрабілі ўсё магчымае, каб юныя даследчыкі максімальна раскрылі свае таленты. Як паведаміла загадчык кабінета патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Хрысціна Аляксандраўна Борбут, больш за 300 юных талентаў прынялі ўдзел у папярэдніх этапах конкурсу. На фінал былі адабраны 45 лепшых работ з усіх рэгіёнаў. Пошукавая работа канкурсантаў вялася па некалькіх напрамках. Работы, прадстаўленыя ў напрамку “Гісторыя вайны ў асобах”, мелі асаблівую каштоўнасць, паколькі ўвабралі ў сябе гісторыю жыццёвага, баявога і працоўнага шляху ўдзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. Намінацыя “Сёстры Хатыні” прадугледжвала вывучэнне спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны населеных пунктаў. Удзельнікам намінацыі “Гартаючы старонкі сямейнага альбома” неабходна было вывучыць гісторыю сваёй сям’і пад прызмай ваеннага часу. У намінацыі “Вайна ў памяці пакаленняў” навучэнцы самастойна працавалі над фільмамі, якія расказваюць гісторыю населеных пунктаў у гады вайны.

— Гучанне аб’ектыўнай праўды пра вайну — неабходная ўмова для захавання міру і згоды. Тэма спаленых вёсак мае для мяне асабістае значэнне, бо закранула жыццё маіх родзічаў. Кобрыншчына адной з першых прыняла ўдар нямецкіх войск і хутка выпрабавала на сабе ўвесь жах мерапрыемстваў новай улады. Напрыклад, афіцэр, які прыехаў у Каменку, родную вёску майго прадзеда, праз перакладчыка давёў да людзей, што калі вёска не будзе падпарадкоўвацца нямецкай уладзе, то “праз дваіх будуць страляць трэцяга, а калі будзе мала, то праз аднаго дваіх пастраляюць”. За тры гады акупацыі на Кобрыншчыне загінула больш за 13 тысяч чалавек, з якіх больш за 2 тысячы — дзеці. Аналіз статыстычных даных дазваляе зрабіць выснову, што карныя акцыі праводзіліся не столькі супраць партызан, колькі супраць безабароннага насельніцтва. Ёсць адзін момант, на які мы хацелі б звярнуць увагу: лічбы загінуўшых па ўспамінах сведкаў часта не супадаюць з лічбамі даных дакументаў і абеліскаў. А растлумачыць гэта можна тым, што цэнтры даваенных вёсак былі невялікія. У асноўным людзі жылі на хутарах, таму некаторыя сем’і былі пахаваны ля сваіх сядзіб, а гэтая акалічнасць не заўсёды ўлічвалася, — падзялілася вучаніца Астроміцкай сярэдняй школы Кобрынскага раёна Валерыя Аўсяйчук (дзяўчына атрымала дыплом ІІІ ступені Міністэрства адукацыі ў намінацыі “Сёстры Хатыні”).

Шэсць вёсак Кобрыншчыны ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”, таму наведванне комплексу было для Валерыі, безумоўна, хвалюючай падзеяй, як і для дзясяткаў іншых удзельнікаў канферэнцыі. Памятнай стала і экскурсія па Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тут былі падведзены вынікі конкурсу і ўзнагароджаны прызёры і пераможцы.

Дыпломам І ступені ў намінацыі “Гісторыя вайны ў асобах” удастоены Настасся Баталава з Сакаўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя В.А.Каваленкі Валожынскага раёна, Дзіяна Бялова з Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, Настасся Лагуноўская з гімназіі № 8 Мінска, Павел Пісарэнка, Ірына Рабцава і Цімафей Шульгін з сярэдняй школы № 9 Оршы, Андрэй Палюховіч з сярэдняй школы № 15 Пінска і Кацярына Рогава з Уздзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. У намінацыі “Сёстры Хатыні” пераможцамі стала Аляксандра Навуменка з Гадылёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна і Ксенія Сітнік з Дараганаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна. У намінацыі “Гартаючы старонкі сямейнага альбома” дыплом І ступені атрымаў Глеб Бадзейка з сярэдняй школы № 53 Мінска, а ў намінацыі “Вайна ў памяці пакаленняў” — Юлія Белашэдава з Княжыцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна.

Ваенныя дарогі, па якіх прайшлі нашы дзяды і прадзеды, былі неймаверна цяжкімі. Няпросты і наш шлях па дарогах памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Застанёмся вернымі гэтай памяці!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва РЦЭіК.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*