Наш боль

У Беларусі ёсць нямала месцаў, якія нагадваюць аб трагічных падзеях перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Адным з такіх месцаў з’яўляецца мемарыяльны комплекс “Трасцянец” у Мінску — помнік людзям, якія загінулі ад нацысцкага рэжыму. Вучні сярэдняй школы № 1 Скідзеля Гродзенскага раёна пабывалі ў гэтым журботным месцы і схілілі галовы ў знак памяці аб ахвярах фашызму.

Экскурсавод нагадала школьнікам і педагогам, што Трасцянец па колькасці знішчаных людзей з’яўляецца самым буйным лагерам смерці на тэрыторыі былога Савецкага Саюза і чацвёртым у Еўропе пасля Асвенціма, Трэблінкі і Майданака. У лагеры было забіта 206 500 чалавек розных нацыянальнасцей, сярод якіх — дзеці, жанчыны, старыя. Вучні ўбачылі руіны, якія засталіся на месцы будынкаў канцлагера, і “Поле пахавання”. Мемарыяльны знак устаноўлены на месцы пахавання 6500 чалавек, якіх фашысты расстралялі, а затым спалілі ў адрыне 29 чэрвеня 1944 года, за тры дні да вызвалення Мінска. Вучні прайшлі па мемарыяльнай “Дарозе смерці”, па якой ішлі асуджаныя да месца масавага расстрэлу, разумеючы, што гэта дарога толькі ў адзін бок.

Помнік-манумент “Брама памяці”, устаноўлены ў 2015 годзе, уразіў сваім трагізмам: ён прымушае праз некалькі дзесяцігоддзяў адчуць боль, пакуту, жаданне жыць і жах людзей, асуджаных на знішчэнне. Алея памяці, па якой школьнікі падышлі да “Брамы памяці”, — гэта алея з памятнымі знакамі — гранітнымі плітамі, на якіх запісаны назвы месцаў масавага знішчэння людзей на беларускай зямлі ў 1941—1944 гадах. Знайшлі вучні і жудасную статыстыку сваёй вобласці: на тэрыторыі Гродзеншчыны 5 лагераў смерці знаходзіліся ў Гродне, 3 — у Ваўкавыску, 3 — у Лідзе, 2 — у Навагрудку. На гэтых “фабрыках смерці” фашысты знішчылі больш за 116 500 чалавек.

Наведванне мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” дазволіла школьнікам чарговы раз дакрануцца да трагічных старонак Вялікай Айчыннай вайны, да гістарычнай памяці, якую маладыя людзі павінны захаваць і перадаць сваім нашчадкам.

Наталля ЧАРКЕС,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Скідзеля.
Фота аўтара.