Дзевяць дзён турызму, сяброўства і добрага настрою

Падчас летніх канікул кожнаму дзіцяці хочацца адпачываць, загараць, купацца, забыць пра падручнікі. Бацькам жа хочацца, каб іх дзіця не толькі адпачывала, але і было пад кантролем. Выдатны выбар — стацыянарныя лагеры. Для падлеткаў старэй за 15 гадоў прапаноўваюць дзённыя лагеры працы і адпачынку. Лагер турыстычнага профілю выконвае ў поўнай меры сацыяльны запыт — гэта і адпачынак, і аздараўленне, і навучанне, і выхаванне. Хацелася б падзяліцца з чытачамі вопытам арганізацыі вольнага часу навучэнцаў ва ўмовах турыстычнага аздараўленчага перасовачнага палатачнага лагера з кругласутачным знаходжаннем на прыкладзе вопыту работы Навагрудскага раённага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Гродзенскай вобласці.

Змяняюцца правілы правядзення аздараўленчых лагераў, удасканальваюцца санітарныя нормы, з’яўляюцца новыя акцыі і экспедыцыі. Для работнікаў Навагрудскага раённага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства з’яўляецца непарушным прынцып “Для таго каб дзецям было цікава, вучы і выхоўвай праз пазнанне і прыгожае”. І ён дзейнічае. Галоўнымі ўмовамі паспяховага правядзення змены ў турыстычным лагеры з’яўляюцца:
* Педагагічны калектыў. У нашых лагерах працуюць педагогі цэнтра, сапраўдныя прафесіяналы, якія займаюцца турызмам і краязнаўствам шмат гадоў. Ну а калі педагог у лагеры займаецца толькі тым, што лічыць дні да заканчэння, малюючы кружочкі ў календары, то такім не месца ў нашым калектыве.
* Падбор навучэнцаў. Як правіла, у лагеры ўдзельнічаюць у адной змене
40—48 навучэнцаў. Большасць дзяцей — гэта тыя, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах на працягу навучальнага года. Таксама мы запрашаем дзяцей з сельскіх малакамплектных школ, дзе няма магчымасці арганізаваць аб’яднанне па інтарэсах у навучальным годзе. Яны складаюць прыкладна 15—20% ад агульнай колькасці ўдзельнікаў лагера. Вось так бывалыя, вопытыя турысты і пачаткоўцы сустракаюцца і жывуць побач 9 дзён.
* Месца размяшчэння і правядзення лагера. Аптымальны варыянт — размяшчэнне стаянкі не проста ў лесе, а каля незабруджанага, добраўпарадкаванага, абсталяванага і прыдатнага для купання вадаёма (рака, возера). Месца размяшчэння павінна быць цікавым з пункту гледжання правядзення розных мерапрыемстваў спартыўна-турыстычнага характару: па тэхніцы пешаходнага турызму (лясіста-ўзгорысты рэльеф), для адпрацоўкі навыкаў па спартыўным арыентаванні (перасечаная мясцовасць і наяўнасць тапаграфічных карт), для арганізацыі практычных заняткаў па водным турызме (зручныя з пункту гледжання тэхнікі бяспекі ўчасткі рэк і азёр, блізкасць населеных пунктаў для больш мабільнай закупкі прадуктаў і, пры неабходнасці, атрымання хуткай першай медыцынскай дапамогі).
Маршрут павінен знаходзіцца на тэрыторыі, цікавай з пункту гледжання вывучэння роднага краю, архітэктурных, культурных і прыродных славутасцей. Навагрудскі раён багаты на помнікі даўніны і культуры, гісторыі і геаграфіі. Таксама мы любім падарожнічаць і ў іншых месцах Беларусі.

1 дзень — “Дзень сустрэч і знаёмстваў”.

Знаёмства пачынаецца яшчэ падчас збораў каля цэнтра, затым у аўтобусе. Прыехаўшы да месца першай стаянкі, вырашаюцца гаспадарчыя пытанні: арганізоўваецца турысцкі бівак, ставяцца палаткі для пражывання. Навічкам дапамагаюць вопытныя турысты, малодшым — старэйшыя. Праходзіць 15 хвілін — лагер устаноўлены, але яшчэ ёсць мноства гаспадарчых пытанняў: навеска тэнта над вогнішчам ад дажджу, абсталяванне вогнішча і кухні, нарыхтоўка дроў, прызначэнне першых кастровых і кухараў. Як правіла, імі прызначаюцца вопытныя дзеці, якія прайшлі школу жыцця ў паходах і лагерах. А пачаткоўцы вучацца, прыглядаюцца і дапамагаюць. Пасля абеду мы праводзім арганізацыйны сход, на якім навучэнцы знаёмяцца з планам работы лагера на 9 дзён.
Ужо больш за дзесяць гадоў нашы педагогі праводзяць конкурсы, якія дзейнічаюць на працягу ўсёй лагернай змены. Гэта конкурс “Лепшая палатка”, конкурс на лепшага кухара і лепшага кастровага. Умовы правядзення конкурсу “Лепшая палатка” даволі простыя. Журы ацэньвае штодзённы стан парадку ўнутры палаткі і вакол яе, умовы захавання асабістых рэчаў, прадметаў асабістай гігіены, асабістага посуду (да 5 балаў), дысцыпліну (адсутнасць штрафных балаў за нецэнзурныя выказванні; за кожны негатыўны выпадак — мінус 2 балы), своечасовы адбой і пад’ём (да 5 балаў), удзел у конкурсах і спаборніцтвах (мінус 2 балы за няўдзел, плюс 3 балы — за 1 месца, плюс 2 балы — за 2 месца, плюс 1 бал — за 3 месца). Са сваімі баламі дзеці штодзённа знаёмяцца на спецыяльна абсталяваным стэндзе.
На піку папулярнасці тэлевізійнай гульні “Апошні герой” мы прапанавалі дзецям арганізаваць такую гульню падчас правядзення лагера. Натуральна, з прымальнымі для школьнікаў умовамі і пад простай назвай “Лепшы турыст”. Спачатку дзеці гуляюць унутры сваіх каманд (палатак), затым па жэрабю навучэнцы дзеляцца на групы, у якія могуць трапіць удзельнікі гульні з розных палатак, і ў канцы, калі застаецца 10 чалавек, кожны гуляе за сябе. З 10 паўфіналістаў пасля пэўных спаборніцтваў застаецца 5 вучняў, за якіх галасуюць усе гульцы, што засталіся. У гульні прысутнічаюць такія элементы, як “выбіванне” канкурэнтаў, ахоўны татэм для пераможцаў, але гэта не значыць, што для тых, хто выбыў, усё заканчваецца. Умова такая, што яны таксама ўдзельнічаюць у далейшых спаборніцтвах: калі перамагаюць — вяртаюцца назад у гульню.
Іншая форма вызначэння лепшага турыста значна прасцейшая. На працягу ўсёй змены лагера праводзяцца віктарыны, конкурсы, спаборніцтвы, практычныя заняткі па відах турызму. У канцы ж змены без інтрыг і выбывання ўсе дзеці ў перадапошні дзень лагера каля вогнішча ва ўрачыстай атмасферы тайным галасаваннем выбіраюць самага лепшага турыста. Педагогі і начальнік лагера пакідаюць за сабой права абвяшчэння вынікаў галасавання.
А пакуль вернемся да першага дня, дзе каля паходнага вогнішча праводзіцца вечар знаёмстваў “Раскажы нам пра сябе”. Магчымы некалькі варыянтаў правядзення мерапрыемства:
* Дзеці па крузе перадаюць нейкі турыстычны прадмет, называюць сваё прозвішча, імя, расказваюць цікавы выпадак са свайго жыцця і адказваюць, чаму яны пажадалі ўдзельнічаць у турыстычным лагеры.
* Турысты дзеляцца на пары па суседстве. Ім даецца 5 хвілін расказаць адно аднаму пра сябе (імя, дзе вучыцца, захапленні). Потым сусед расказвае пра суседа ўсім удзельнікам лагера.
У канцы першага дня аб’яўляецца конкурс на лепшае прадстаўленне палаткі (неабходна прыдумаць назву палаткі, дэвіз, прадставіць кожнага ўдзельніка).

2 дзень — “Турыстычна-краязнаўчы”

Пасля снедання праходзіць конкурс на самае лепшае прадстаўленне палаткі. Пасля гэтага арганізоўваем практычныя заняткі па тэхніцы пешаходнага турызму. Таксама навучэнцы знаёмяцца з мясцовым краязнаўчым матэрыялам. Потым праводзім спаборніцтва “Турыстычная паласа перашкод”. У гэты ж дзень дзецям прапаноўваем правесці разведку і сабраць у найбліжэйшых лясах найкаштоўнейшы матэрыял — чарніцы, суніцы і грыбы. У гэты час праходзяць конкурсы “Лепшы грыбнік” і “Лепшы ягаднік”. Акрамя таго, частка сабраных ягад адпраўляецца ў агульны кацялок. А адно з самых любімых страў у паходзе — манная каша з чарніцамі.

3 дзень — “Ваенна-патрыятычны”

Сімвалічна, калі ён супадзе з 3 ліпеня — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Мы арганізоўваем для навучэнцаў аднадзённыя паходы з выкананнем краязнаўчых заданняў ваенна-патрыятычнай накіраванасці: сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, аказанне ім пасільнай дапамогі, запіс іх успамінаў, наведванне помнікаў загінуўшым у гады вайны воінам і партызанам, уборка тэрыторыі вакол помнікаў, іх фатаграфаванне, складанне картасхем з нанясеннем на іх месцаў баявой славы. Пасля паходу ўдзельнікі лагера рыхтуюцца да абароны справаздач аб праведзенай рабоце. У гэты ж дзень праводзім конкурс турыстычнай і ваенна-патрыятычнай песні.

4 дзень — “Спартыўны”

Праводзім спаборніцтвы сярод юнакоў і дзяўчат (камандныя — па палатках) па валейболе, піянерболе ці міні-футболе. Выкарыстоўваем пляцоўкі каля населеных пунктаў або аздараўленчых аб’ектаў. Калі такой магчымасці няма, то ў лесе выбіраем роўную пляцоўку. Абавязкова праводзім “Спартландыю” — простыя фізічныя практыкаванні, якія не патрабуюць асаблівай падрыхтоўкі. Месцам правядзення выбіраем адкрытую роўную пляцоўку. Удзельнікі лагера дзеляцца на 2 або 3 каманды.
Умовы правядзення конкурсаў “Спартландыі”
“Кракадзільчыкі”. Адзін удзельнік становіцца рукамі на зямлю, другі абхоплівае ногі сябра рукамі. У такой вязцы яны дабягаюць да кантрольнага пункта, а потым мяняюцца ролямі.
“Пінгвіны”. Бег з мячом. Мяч знаходзіцца паміж каленяў. Удзельнікі выстройваюцца ў калоны, стартуюць, як і ва ўсіх конкурсах, адначасова, дабягаюць да кантрольнага пункта (у палявых або лясных умовах прадметамі, якія служаць для вызначэння кантрольных пунктаў, служаць вёдры або кацялкі), абабягаюць яго, бягуць з мячом у руках, вяртаюцца да каманды і перадаюць мяч наступнаму ўдзельніку.
“Жабы”. Скачкі з мячом. Мяч знаходзіцца паміж каленяў. Далей спаборніцтвы праводзяцца аналагічна конкурсу “Пінгвіны”.
“Вядзенне мяча”. Каманды вядуць мяч рознымі варыянтамі: коцяць мяч рукой па зямлі; вядуць мяч, выкарыстоўваючы палку; вядуць мяч, як у баскетболе. Дабегшы да кантрольнага пункта і абабегшы яго, гульцы накіроўваюцца такім жа спосабам да наступнага ўдзельніка.
“Ваданосы”. Кожны ўдзельнік каманды дабягае да кантрольнага пункта, дзе знаходзіцца каністра з вадой. Налівае з каністры ваду ў кубак і бяжыць назад, вылівае ваду з кубка ў вядро. Перамагае той, хто хутчэй пералье ваду з каністры і ў каго вады будзе больш.
“Скачкі праз бервяно”. У якасці перашкоды выкарыстоўваюцца бярвёны (па колькасці каманд). Бярвёны ўкладваюцца па лініі. Удзельніку неабходна дабегчы да бервяна, прабегчы па ім, саскочыць, дабегчы да кантрольнага пункта, назад бегчы па зямлі (магчымы варыянт скачкоў праз бервяно).
“Рачыныя скачкі”. Каманды выстройваюцца ў калоны. Па сігнале суддзі стартуюць па адным: бягуць “рачыным” крокам, гэта значыць, на карачках — ногі спераду рук. Такім чынам дабягаюць да кантрольнага пункта і вяртаюцца назад у поўны рост. Перадаюць эстафету наступнаму ўдзельніку. Для ўскладнення задачы можна выкарыстоўваць мяч, які ўдзельнікі трымаюць на жываце.
“Рыбакі”. Па адным удзельніку ад кожнай каманды становяцца на пянькі або на спілы дрэў, трымаюць у руках вуды з доўгімі лёскамі і кручком на канцы. Перад імі стаіць пустая бутэлька. Па камандзе суддзі ўдзельнікі конкурсу адначасова пачынаюць “рыбалку”: трэба трапіць у вузкае рыльца бутэлькі. Перамагае той, хто першым справіўся з заданнем. “Рыбачаць” па чарзе ўсе ўдзельнікі каманды.
“Меткі стралок”. Каманды, якія спаборнічаюць, па чарзе павінны трапіць шышкай у пустое вядро, усталяванае на некаторай адлегласці ад лініі старту (2-3 м). Кожны ўдзельнік кідае па 10 шышак. Перамагае каманда, у якой будзе найбольшая колькасць шышак у вядры.
“Перанос мяча за спінай”. Каманды падзяляюцца на пары. Кожная пара становіцца спінай адно да аднаго, сашчапляецца рукамі каля локцяў. Мяч знаходзіцца паміж спінамі ўдзельнікаў. Кожнай пары трэба дабегчы да кантрольнай адзнакі, абагнуць яе і вярнуцца да каманды, перадаўшы мяч наступнай пары. Таксама гэты конкурс можна праводзіць пры ўмове, што мяч будзе знаходзіцца паміж ілбамі ўдзельнікаў.
“Паравозік”. Каманды выстройваюцца ў 2-3 калоны па адным — адна побач з другой. Па камандзе суддзі першыя ўдзельнікі дабягаюць да кантрольнай адзнакі і вяртаюцца да каманд, забіраючы з сабой другога ўдзельніка. Далей удваіх бягуць па той жа дыстанцыі, прыбягаюць да каманды, забіраючы трэцяга ўдзельніка, і г.д., пакуль не прычэпяцца ўсе “вагончыкі паравозіка”. Фініш па апошнім удзельніку.

5 дзень — “Дзень арыенціроўшчыка”

У гэты дзень праходзяць “Спаборніцтвы па “белай” карце”, “Вызначэнне азімута”, “Арыентаванне ў зададзеным кірунку”, “Пошук скарбу”.
Умовы правядзення спаборніцтваў “Дня арыенціроўшчыка”:
* “Спаборніцтвы па “белай” карце”. Удзельнікі атрымліваюць за 1 хвіліну да старту картку — “белую” карту і компас і стартуюць згодна з стартавым пратаколам. У гэтых спаборніцтвах удзельнічае кожны па індывідуальным маршруце, яму неабходна знайсці 3 пікеты. Прыкладны ўзор задання: “Азімут — 260, адлегласць да КП — 180 м, адзнака — дрэва, якое стаіць асобна”.
* “Вызначэнне азімута”. Удзельнікам прапануецца вызначыць азімут на зададзены аб’ект.
“Арыентаванне ў зададзеным кірунку”. Кожны ўдзельнік павінен знайсці 4—6 кантрольных пунктаў, пазначаных на тапаграфічнай карце. Улічваецца час старту і фінішу. За кожны нязнойдзены КП налічваюцца штрафныя хвіліны.
“Пошук скарбу”. Кожнай камандзе (па палатках) выдаецца картасхема з акрэсленымі межамі ўчастка, дзе схаваны скарб. Таксама на карце дадзены азімут і метраж да кантрольнага прамежкавага пункта. Адшукаўшы яго, дзеці знаходзяць наступнае аналагічнае заданне. Кантрольных прамежкавых пунктаў 2-3, на апошнім прамежкавым пункце трэба знайсці скарб. Кантрольны час — 1 гадзіна. Умова конкурсу: знойдзены скарб павінен быць з’едзены камандай, якая знайшла яго. Прыклады скарбу: цыбуліна, бляшанка тушонкі без хлеба, 3-літровы слоік соку.

6 дзень — “Люблю наш край, старонку гэту…”

Гэты дзень прысвячаецца арганізацыі і правядзенню краязнаўчых і этнаграфічных экскурсій, краязнаўчых віктарын.
Умовы правядзення краязнаўчай віктарыны “Я родам з Наваградчыны”:
Форма правядзення — гульня па станцыях. Удзельнічаюць усе жадаючыя. Юнакі і дзяўчаты атрымліваюць апытальны ліст і адказваюць на пытанні, змест якіх залежыць ад тэматыкі станцыі (прыпынку).
* Першы прыпынак — “Сівая даўніна”.
Другі прыпынак — “Гісторыя — гэта людзі”.
Трэці прыпынак — “7 цудаў Навагрудчыны”.

7 дзень — “Дзень творчасці”

У гэты дзень удзельнікам лагера прапануюцца наступныя творчыя конкурсы: конкурс акцёрскага майстэрства, конкурс турыстычнай моды, “Прырода і фантазія”, “Скульптуры з пяску”, “Прычоска Рабінзона і Пятніцы”, конкурс турыстычных газет “Будні лагера”, конкурс на лепшы верш пра лагер.
Умовы правядзення конкурсаў “Дня творчасці”:
Конкурс акцёрскага майстэрства. Камандам (па палатках) прапануецца прадставіць тэатральную інсцэніроўку на тэму “З жыцця адпачывальнікаў і турыстаў-пачаткоўцаў”. Вызначаецца лепшы міні-спектакль і лепшыя акцёры дня.
Конкурс турыстычнай моды. Кожная палатка прадстаўляе калекцыю, якая складаецца з 3 мадэлей. Мадэлі адлюстроўваюць турыста ў паходзе, падчас экскурсіі па далёкіх краінах і на адпачынку. Ацэньваецца прадстаўленне мадэлі, матэрыял, суправаджэнне, гумар.
Конкурс “Скульптуры з пяску”. Знаходзячыся каля вадаёма, дзеці ствараюць скульптуры з пяску. На конкурс даецца час — 1 гадзіна.
* Конкурс “Прырода і фантазія”. Аб правядзенні конкурсу ўдзельнікам аб’яўляецца на першай лінейцы. Дзецям неабходна змайстраваць або стварыць выраб з прыроднага матэрыялу. Забараняецца рваць лясныя расліны. Колькасць прадстаўленых работ не абмежавана.
Конкурс “Прычоска Рабінзона і Пятніцы”. Кожная палатка рыхтуе на конкурс па адным варыянце прычоскі. Прычоска ствараецца на ўдзельніку з каманды-саперніцы.
Конкурс турыстычных газет “Будні лагера”. Ацэньваецца выбар сюжэта, адпаведнасць тэматыцы, гумар, якасць малюнка, структура.
Конкурс на лепшы верш пра лагер. Ацэньваецца выразнасць і артыстычнасць прамовы, адпаведнасць тэматыцы, гумар.

8 дзень — “У нашым лагеры ўсе самыя лепшыя”

У перадапошні дзень з удзельнікамі праводзяцца спартыўна-турыстычныя спаборніцтвы “Тэхніка горна-пешаходнага турызму”, “Тэхніка воднага турызму”, “Турыстычная гумарына”, “Самы ўважлівы турыст”.

9 дзень — “Выніковы”

У апошні дзень падводзяцца вынікі конкурсаў “Лепшы кастровы”, “Лепшы кухар”, “Лепшая палатка”, а таксама арганізацыйныя мерапрыемствы па зняцці турысцкага бівака і па ўборцы тэрыторыі. Кульмінацыя — выбар “Лепшага турыста лагера”.
Вынікі выбару заўсёды для мяне, педагога, цікавыя: у 80% выпадкаў пераможцамі становяцца дзеці, якія, як правіла, не першы год займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах, камунікабельныя, актыўныя як у творчых конкурсах (асабліва калі падлетак артыстычны, музычны і іграе на гітары), так і ў турыстычна-спартыўных. Толькі ў 60% лепшымі турыстамі становяцца дзеці, якія валодаюць ярка выяўленымі лідарскімі здольнасцямі. Ніколі не стане лепшым турыстам падлетак з высокімі амбіцыямі, не падмацаванымі ніякімі здольнасцямі. У 30% лепшымі турыстамі, дакладней турысткамі, станавіліся дзяўчыны: паверце, гэта не дыскрымінацыя, такія працэнтныя суадносіны ў лагеры па палавой прымеце. Дарэчы, аб прыгожым поле. У гэтым годзе мяне ўразілі вынікі выбару дзяцей. Перамагла дзяўчына з малакамплектнай сельскай школы, якая ўпершыню ўдзельнічала ў нашым лагеры, упершыню надзела страховачную сістэму, лазіла па вяроўках, самааддана працавала вёсламі ў байдарцы і цудоўна пераадольвала буралом без адзінага штрафу, за што атрымала шквал апладысментаў ад усяго лагера, асабліва яго мужчынскай паловы.
Што да падвядзення вынікаў конкурсу “Лепшая палатка”, кожны дзень члены журы, якое складаецца з педагогаў, выстаўлялі адзнакі згодна з крытэрыямі. Канечне, перамагаюць тыя, хто актыўны, дысцыплінаваны, акуратны. Разам з тым хачу адзначыць, што з кожным годам усё больш складана змагацца з нецэнзурнай лаянкай падлеткаў. Наша барацьба заключаецца ў пазачарговай дапамозе кухарам (мыццё пасля прыёму ежы грамадскіх кацялкоў і вёдраў). Магу канстатаваць: спраўляюцца выдатна, паступова, хоць і з цяжкасцю, але выпраўляюцца. Захаванне аднаго з крытэрыяў конкурсу (парадак у лагеры) спачатку ўсім цяжка даецца, але затым лепшымі становяцца менавіта хлопчыкі. Так адбываецца, па маіх назіраннях, апошнія некалькі гадоў. Лепшымі кастровымі і кухарамі з’яўляюцца практычна ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі: усе стараюцца, і ні разу лагер не заставаўся без ежы.
Калі быў аб’яўлены конкурс беларускай народнай песні “Купалінка”, большасць хлопчыкаў сказала, што не ведае ніводнай песні. Праз пару хвілін яны ўжо прасілі навучыць, падказаць, пачыналі рэпеціраваць. Працягваючы тэму творчасці, хачу адзначыць, што правядзенне гэтых мерапрыемстваў дапамагае выявіць адораных дзяцей, якіх затым запрашаем у склад каманды нашага цэнтра для ўдзелу ў абласным турзлёце ў конкурснай праграме.
І галоўнае — турызм гуртуе, кансалідуе, развівае кругагляд і зносіны. Пасля заканчэння дзевяці дзён дзеці, раз’ехаўшыся па дамах, не расстаюцца. Добра, што зараз, дзякуючы мабільным тэлефонам і інтэрнэту, зносіны набываюць ледзь не сусветны маштаб. І прыемна, калі хлопчыкі і дзяўчынкі прызначаюць сустрэчы каля нашага цэнтра, каб потым прыемна правесці час са старымі і новымі сябрамі.

І напрыканцы практычныя рэкамендацыі

Вось асноўныя прынцыпы, якіх павінен прытрымлівацца педагог пры арганізацыі работы ў турыстычным аздараўленчым лагеры:
* сучаснаму падлетку будзе сумна, калі мы будзем прапаноўваць толькі экскурсіі, нават калі яны будуць вельмі цікавыя і карысныя;
* сучасны падлетак любіць рух і спорт, самарэалізацыю і самаўдасканаленне, таму прапануйце яму гэта праз актыўныя формы работы: правядзенне паходаў, спаборніцтваў, спартландыі;
* любая сцэна, нават калі гэта будзе паляна каля вогнішча, раскрые здольнасці, а публіка ў асобе сяброў і педагогаў абавязкова па заслугах ацэніць;
* сучаснаму падлетку неабходна ўсвядоміць, што жыве ён не дзесьці ў сусветнай павуціне, а ў роднай краіне — Рэспубліцы Беларусь, таму ён павінен і абавязаны ведаць родную гісторыю, родную мову, традыцыі і звычаі сваіх продкаў;
* сучасны падлетак дзёрзкі і часам некіруемы, што можа прывесці да цяжкіх наступстваў. Дапамажыце яго гіперактыўнасць прывесці ў патрэбнае рэчышча.
Турыстычны лагер — гэта калектыў хлопчыкаў і дзяўчынак, старшакласнікаў і дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, сельскіх і гарадскіх навучэнцаў, дзяцей, якія ў турызме ўжо не першы год, і тых, хто толькі далучаецца да яго. І кожнаму павінна быць камфортна фізічна і псіхалагічна, кожны павінен прыехаць дадому здаровым і вясёлым. Нам прыемна, калі натхнёнае дзіця прыходзіць дадому і расказвае пра свае прыгоды, а бацькі тэлефануюць у цэнтр і выказваюць шчырыя словы падзякі педагогам. У гэтым, напэўна, і заключаецца чароўная сіла нашай складанай работы.

Ігар КОМАР,
дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра
дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства.

Фота аўтара.