Працаўніца восень, чараўніца восень

Восень — час ураджаю, падвядзення вынікаў працы земляробаў. Нашы продкі дзякавалі матухне-зямлі за ўрадлівасць, багаты ўраджай, прасілі дабрабыту родным і блізкім. Стала добрай традыцыяй правядзенне свята ўраджаю практычна ў кожнай установе адукацыі, у тым ліку Пачапаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Баранавіцкага раёна.

Мэты і задачы: пашырыц­ь кругагляд вучняў, пазнаёміць з беларускім народным календаром, гульнямі і абрадамі, восеньскімі святочнымі традыцыямі; ву­чыць заўважаць прыгажосць восеньскай прыроды; выхоўваць любоў да прыроды і павагу да працы лю­дзей; ствараць умовы для выяўлення творчых здольнасцей.

Абсталяванне: Багач, інтэр’ер беларускай хаты, дзяўчынка ў беларускім нацыянальным касцюме, дзяўчынка-Восень, каравай, садавіна, агародніна для конкурсаў, маскі дзеда, бабы, асенняе лісце, кветкі.

Ход мерапрыемства

Вядучы 1. Добры дзень добрым людзям! // Хай дабра вам усім прыбудзе! // Людзі ў полі працавалі, там палолі, убіралі. // А цяпер я запрашаю ўсіх на свята ўраджаю.

(Гучыць беларуская народная музыка.)

Вядучы 2. Вось і лета сы­шло, // Адспявалі калоссі, // Цяжка нам заўважаць // Як з’яўляецца восень (П.Броўка).

Вядучы 1. Апошняя пара года — восень. Сімвал восені — жоўты колер. З сярэдзіны верасня пачынаецца пара залатой восені. У народзе казалі: “Як настане верасень, у гаспадара поўныя гумно і кішэнь”.

Вядучы 2. 21 верасня адзначаецца старадаўняе земляробчае свята беларусаў Багач. Гэтае свята ўсе вельмі чакалі. Ужо збожжа было зжата, збіралі ўсю садавіну, агародніну. Людзі адчувалі сябе вялікімі і багатымі, бо ў іх было ўсяго шмат. Таму і празвалі гэтае свята Багачом.

Вядучы 1. А вось сапраўдны Багач, калі дажыналі апошні сноп, неслі яго з песнямі, танцамі ў хату, потым яго малацілі, зерне сыпалі ў міску і ставілі свечку. Завецца гэтая міска з зернем і свечкай Багачом.

(Запальваецца свечка, ставіцца ў міску з зернем і па чарзе перадаецца з рук у рукі. Кожнае з дзяцей дасыпае са жменькі зерне, якое трымала ў руцэ, і Багач ставіцца на віднае месца.)

Вядучы 2. Лічылася, што Багач прыносіць у хату дабрабыт і шчасце. Я жадаю ўсім багацця, бо сёння Багач завітаў і да вас.

Вядучы 1. Хлеб у беларусаў быў сямейным талісманам, рэліквіяй, сімвалам жыцця і дабрабыту. Гаварылася, калі не можаш дастаць зверху хлеб, пакладзі пад ногі Біблію, калі не можаш дастаць Біблію, не кладзі пад ногі хлеб.

Інсцэніроўка “З чым хлеб параўнаць”

Бацька. З чым хлеб параўнаеш, сынку?

Сын. Хлеб — гэта сонейка часцінка. // Хлеб — гэта радасць, шчасце ў хаце, // І ўсіх багаццяў ён багацце!

Аўтар. Задумалася на хвілінку // І хлапчуку сказала мама…

Маці. Няма з чым параўнаць хлеб, сынку, // Што ні кажы пра хлеб, то мала (А.Дзеружынскі).

Вядучы 1. Ёсць словы — жыта і жыццё. // Іх час не скіне ў забыццё.

Інсцэніроўка верша “Свята каравая”

Вядучы 2. Каравай ішоў па свеце, // Завітаў да нас ён, дзеці. // Як жа мы яго сустрэнем?

Дзеці. Прывітанне, каравай! // Залацісты каравай! // Вось такой вышыні! // Вось такой шырыні! // У круг уста­вай, каравай, // Каго хочаш — выбірай!

Пекара!

Ён не грэў на печцы бок — каравай дзецям пёк.

Пекар, з намі пагуляй, // Каго хочаш — выбірай!

Мельніка!

Не малоў ён чапуху, // А змалоў зерне ў муку.

Мельнік, з намі пагуляй, // Каго хочаш — выбірай!

Аратага!

Ён у цянёчку не ляжаў, // А хлябы расціў і жаў.

Араты, з намі пагуляй, // Каго хочаш — выбірай!

Шафёра!

Ён без справы не хадзіў, // Ураджай ён адвозіў.

Шафёр, з намі пагуляй, // Каго хочаш — выбірай!

Хлебаробаў!

Хлебаробаў паважаем, // Здароўя ім жадаем // І “дзякуй” пасылаем.

Вось такой вышыні! // Вось такой шырыні! // Слава дружным рукам! // Слава працаўнікам! // Узнагарода — ураджай! // Усіх на свята запрашай!

Вядучы 1. Багач прыносілі ад хаты да хаты. // Чым хата багата, тым і рада. // А самая багацейшая тая, у якой гучаць песні.

(Выконваецца песня “Беларуская танцавальная”.)

Вядучы 2. Нам гасцінна дзверы // Восень адчыняе, // У залатую казку // Ветла запрашае… (Я.Жабко).


Вядучы 1.
На фоне залатых лістоў бярозы і клёна гараць аранжава-чырвоным колерам гронкі рабіны, быццам хтосьці распаліў вялізныя кастры. 14 кастрычніка — самае галоўнае хрысціянскае свята месяца — Пакроў і адначасова старажытнае свята славян — заканчэнне восеньскіх работ. У народзе гаво­раць: “На Пакроў зіма “закрывае” лета, захоўвае зямлю, і ўжо да вясны ніхто не зможа знайсці скарбаў”, або “Кастрычнік — зіме родны брат”.

(Выконваецца песня “Вяровачкі”, словы і музыка Я.Жабко.)

Вядучы 2. Казку шые восень // Срэбнай павуцінкай, // Мы ідзём у казку // Залатой сцяжынкай… (Я.Жабко).

Казка пра рэпку

Дзеючыя асобы: Казачнік, Дзед, Баба, Цыбуля, Капуста, Морква, Бульба, Бурак, Рэпка.

Казачнік. Казка пра рэпку // Пра тое, як жылі двое: баба і дзед. // Дзед ляжаў на печы, // Ды грэў сабе ён плечы. // Баба, каб не было спрэчкі, // Завіхалася ля печкі, // Пякла дзеду перапечкі, // Абед смачны гатавала, // Ды дзеда частавала… // Пайшла баба ў агарод, // Пасадзіла градкі: // Агуркі і буракі, // Цыбулю, моркву і гарох, // Капусту, бульбу і часнок…

Баба. Расціце добра ў добры час, // Каб радавалі нас.

Казачнік. Прыйшла вясна — // Дзеду стала не да сна. // Як сад без кветкі, // Так агарод без рэпкі. // Дзед сам рэпку пасадзіў, // Сем вазоў даў угнаенняў, // Вадой кало­дзежнай паліў // І даў настаўленне.

Дзед. Рэпка, рэпка, расці паспяшай, // Увосень будзе вялікі ўраджай!

Казачнік. Дзед лёг спаць, замарыўся, // Пра рэпку забыўся… // Затым цэлае лета // Чытаў ён газеты. // Тут і верасень ідзе, // Дзеда за сабой у агарод вядзе.

Дзед (убачыў цыбулю). Што я бачу? // Вось дык рэпка! // Рэпку тут пара цягнуць! // Падрасла, я бачу, крышку, // Трэба браць к абеду лыжку…

Цыбуля. Што ты дзед, які абед? // Я вельмі злосная бабуля, // А завуць мяне цыбуля. // Мабыць, дзед, зусім ты хворы, // Мо аб’еўся мухамораў? // Побач тут расце часнок, // Паспрабуй яго, браток.

Дзед. Многа ты разгаварылася, // А галоўнае забылася. // Што цыбуля ёсць прыправа, // З ёй смачней любая страва. // Лепш са мною не спрачайся, // Хутчэй у кошык адпраўляйся.

Дзед (падыходзячы да капусты). Вось дык рэпка ўрадзілася, // Мне такая і не снілася.

Капуста. Што ты, дзед, // Мо з глузду з’ехаў? // Ды з цябе адна пацеха! // Я не рэпка, а капуста, // Сто адзенняў маю я, // Што не ліст — адна сям’я.

Дзед. Каб не было ў кошыку пуста, // Зойме месца тут капуста.

Капуста. Ты, дзядуля, так і знай: // Я — выдатны ўраджай! // Можна квасіць і саліць, // І баршчы з мяне варыць. // А яшчэ я так скажу: // Я да лета даляжу.

Дзед (накіроўваецца да морквы). Вось, а гэта што за цуд? // Можа, выспаўся я кепска. // Ёсць тут хвост, // То, мабыць, рэпка?

Морква. Што ты, дзед, // Я проста морква! // Дзівіш ты ўсіх тут нас.

Дзед. Слухай мой цяпер указ: // Хутка з норкі выбірайся // І ў кошык адпраўляйся! // Буду піць маркоўны сок, // Знай і ведай на зубок: // Морква багата вітамінам, // Усім карысным карацінам.

(Праходзіць каля бульбы.)

Бульба. Слухай, дзед, мяне не мінай, // Бяры капачык ды капай. // Бульба, ведай, другі хлеб, // Будзе страва на абед. // Еш са скваркай, з малаком, // Агурком ці з селядцом, // Будзеш, дзед, ты малайцом! // Як толькі бульбы паспрабуеш — // Адразу ў сабе моц адчуеш.

Дзед. Так і быць, угаварыла. // Будзем есці ўсю зіму.

(Накіроўваецца да бурака.)

Дзед. Гэта што тут за дзівак, // Можа, гэта рэпка?

Бурак. Я ружовенькі бурак, // Ты памыліўся, дзедка. // Вось табе мая парада: // Зайдзі ты лепш у інтэрнэт, // Прачытай усё як след. // Мяне кладуць у вінегрэт, // У боршчык і салаты. // Нясі хутчэй мяне дахаты. // Ведай, што бурачковая катлета — // Усім найлепшая дыета.

Дзед. Нешта гэта нова, // Пра дыету мне ні слова… // Галаву мне тут не забівай, // Хутчэй у кошык забягай.

(Засмучаны дзед шукае рэпку.)

Дзед. Дзе ж мая рэпка? // Мабыць, гэта? // Старалася, расла ўсё лета. // На жаль, забыў я акуляры, // Тут, як знарок, павіслі хмары… // Рэпка, рэпка, адзавіся, // Хопіць у хованкі гуляць. // Я прыйшоў цябе сарваць.

Рэпка. Дзядуля! Як табе я рада! // Як добра, што ты сюды зайшоў, // Хоць і не адразу, // А рэпку ты сваю знайшоў.

Дзед. Вось гэта дык навіны! // Я цэлыя дзве гадзіны // Аглядваў агарод. // Цябе тут не пакіну. //
Навару я кашы, пазаву суседзяў, // Хай пахваляць рэпку // Пры добрай бяседзе. // Мае дарагія ўнучкі і ўнукі, // Трэба грызці рэпку, // Як грызяце навукі. // Жоўтая рэпка і салодзенькі мёд — // Добрыя лекі ад многіх хвароб. // Я вельмі рады даць вам гэтыя парады. // Дзякуй, добры агарод! // Нямала тут было турбот. // Добры вырас ураджай, // Да вясны, дружок, бывай! // У наступным годзе // Сустрэнемся ў агародзе.

(Танец з кляновымі лістамі.)

(Гучыць песня “Земляныя грушы”, словы і музыка Я.Жабко.)

Вядучы 1. З буйных ліп і бяроз // Лісты валяцца, // Між павалаў і лоз рассыпаюцца. // Шапацяць, шалясцяць // Залацістыя, // Увысь галінкі глядзяць пусталістыя (Я.Купала).

Пачаўся лістапад. Лістапад — апошні месяц восені. Сцюдзёныя паўночныя вятры зрываюць з дрэў апошняе лісце, гоняць яго па зямлі. Лістапад злучае глыбокую восень з устойлівай зімой. У народзе кажуць: “У лістападзе восень-журыха са злосніцай-зімой змагаецца”.

Вядучы 2. Але мы ўсё роўна любім восень. Любім за яе прыгажосць і за яе шчодрасць. Восень нездарма завуць яшчэ Багатухай.

Вядучы 1. Прывітанне, Восень! // Восень, Восень, // Мы цябе ў госці просім. // Хлебным караваем // Цябе мы сустракаем.

(Выходзіць дзяўчынка ў касцюме Восені.)

Восень. Шанаванне добрым людзям, // Хай вам радасці прыбудзе!

(Гучыць беларуская народная музыка.)

Вядучы 1. На полі калгасным // Вялікі ўраджай. // Ляціць аб ім слава // На ўвесь родны край.

Вядучы 2. Будзе ў нас багаты год, // А цяпер — у карагод!

(Дзеці становяцца ў карагод, Восень — у цэнтры.)

Дзеці. Восень! Восень! // Прывітанне! // Рады мы тваім дарам. // У цябе мы запытаем: // “Што прынесла, Восень, нам?”

Восень. Я прынесла вам мукі.

Дзеці. Значыць, будуць піражкі!

Восень. Я прынесла грэчкі.

Дзеці. Будуць перапечкі.

Восень. Буракоў, капусты, круп…

Дзеці. Будзе боршч і будзе суп.

Восень. Ці рады вы грушам?

Дзеці. На зіму насушым…

Восень. Ну, а яблыкі — што мёд!

Дзеці. На варэнне, на кампот.

Восень. Я прынесла мёду.

Дзеці. Поўную калоду! // Ты і яблыкаў, і мёду, // Ты і хлеба нам дала. // Ну, а добрае надвор’е // Ты для нас не прыпасла?

Восень. Я пашлю вам дож­джык з неба.

Дзеці. Не, не хочам! Нам не трэба. // Дожджык, не перашка­джай, — // Мы збіраем ураджай.

Восень. Я прынесла вам куфэрак, // Не цукерак, а загадак. // Той, хто градкі даглядае, // Той загадкі адгадае.

Загадкі

Сакавіты, круглаваты // Здаравяка гэты // Нам патрэбны на салаты // І на вінегрэты. (Бурак.)

Стаіць кіёк, а на тым кійку клубок. (Капуста.)

На агародзе я расту. // Характар мой гарачы: // Куды я толькі ні прыду — // Усе адразу плачуць. (Цыбуля.)

Вельмі многа іх пад восень // Каля елачак і сосен. (Грыбы.)

У лазні парыцца ў вопратцы, // Да стала ідзе — раздзетаю. (Бульба.)

Завіруха залатая // З дрэў лістоту абмятае, // Рассцілае дываны. (Восень.)

Азбука народнай мудрасці

(Гульня “Даскажы прымаўку”.)

Увосень і верабей… (багаты).

У лістападзе гола… (ў садзе).

Увосень усіх за стол… (просім).

Кастрычнік зямлю балоціць, а лес… (залоціць).

Лета са снапамі, а восень… (з пірагамі).

Багата вясна кветкамі, а восень… (палеткамі).

Кастрычнік зямлю пакрывае дзе лістком, а дзе… (сняжком).

У селяніна ў верасні поўныя засекі і… (кішэні).

(Гучыць беларуская народная песня “Гарні, гарні бульбу з печы”.)

Вядучы 1. Ці ўмееце вы са­дзіць і капаць бульбу? Зараз пагуляем у гульню “Пасадзі і збяры бульбу”. Удзельнікі дзеляцца на дзве групы па аднолькавай колькасці чалавек. Дзеці па чарзе садзяць і збіраюць бульбу. Адзін садзіць, а другі збірае. Вызначаецца больш спрытны бульбавод-агароднік. Прыз — вялікая бульбіна.

Вядучы 2. А цяпер гульня “Кот у мяшэчку”. Неабходна вызна­чыць агародніну ці садавіну навобмацак, не дастаючы з мяшэчка. Той, хто адгадае, атрымлівае прыз-адгадку.

Вядучы 1. Гульня “Самы спрытны”. Дзеці збіраюць у кошыкі бульбу, цыбулю, буракі, моркву, што рассыпаны па падлозе. Прыз — агародніна або садавіна.

Вядучы 2. Конкурс “Папялушка”. Адначасова некалькі ўдзельніц дзяўчынак на хуткасць выбіраюць фасолю, гарох, боб, змешаныя ў адной місцы. Прыз — гарбуз.

(Выконваецца беларускі народны танец “Бульба”.)

Восень. Кожны лісцік залаты — // Маленькае сонейка. // Няхай грэе да вясны, // Каб было ўсім цёпленька.

Вядучы 1. Дзякуй табе, Восень! // За пірагі ў хаце, // За яблыкі ў садзе, // За ўраджай у полі // І “дзясяткі” ў школе.

Усе. На развітанне мы па­просім: // Ты прыходзь у наступны раз, // Залатая Восень, // Прыгажуня Восень, // Працаўніца Восень, // Чараўніца Восень! // Паклон табе нізкі, // Гаспадыня Восень.

Вядучы 2. А гасцей мы запрашаем // Пачаставацца караваем!

Склала Таццяна БАРТКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў
Пачапаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Баранавіцкага раёна.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*