Гісторыя, шытая лыкам

У мінулым годзе спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі папоўніўся традыцыйнай тэхналогіяй спіральнага пляцення Віцебшчыны. Гэтай тэхнікай захапілася Настасся Даргель, педагог дадатковай адукацыі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Цяпер пад яе кіраўніцтвам старажытнае рамяство асвойваюць і некалькі дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак у дзіцячай творчай майстэрні “Свет адкрыццяў”.

Лаза ў спадчыну

Мне заўсёды прыемна бачыць, калі старажытныя народныя рамёствы пераходзяць ад старшых майстроў у маладыя рукі, атрымліваючы новае дыханне, новы віток. І тым больш прыемна, калі ўжо і вакол маладых творцаў з’яўляецца кола зацікаўленых дзяцей. Настасся Аляксандраўна толькі другі год як атрымала размеркаванне ў палац, але па запрашэнні Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўжо праводзіць майстар-класы для педагогаў краіны.

Настасся Даргель вырасла ў творчай сям’і. Яе мама ўсё жыццё займалася народнымі рамёствамі, сёння займаецца адра­джэннем маляванкі. Дзядзька — майстар лозапляцення і разьбы па дрэве, а цётка — керамістка. Так для дзяўчынкі з маленства атмасфера творчасці была натуральным складнікам жыцця. Таму калі прыйшоў час выбіраць прафесію, яна паступіла ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж на спецыяльнасць “Выканаўца творчых вырабаў з лазы. Дызайнер”. Спачатку, прызнаецца, марыла сябе бачыць дызайнерам, але калі пачала працаваць з прыродным матэрыялам, змяніла мару. Ці, так бы мовіць, надала ёй новы фармат.

“Прыродны матэрыял даступны, у кожнага свае ўласцівасці, і іх заўсёды цікава абыгрываць у вырабах. Калі я студэнткай узялася за лазу, спляла свае першыя вырабы, захапілася гэтым матэрыялам. Хаця наш майстар старалася паказаць нам як мага больш відаў творчасці, бо пераканана, што нават калі ты працуеш толькі з лазой, іншыя тэхнікі таксама спатрэбяцца”, — гаворыць А.А.Даргель.

Усё геніяльнае проста

“Пляценне — самая старажытная тэхніка апрацоўкі прыродных матэрыялаў, з’явілася задоўга да ганчарнага і ткацкага рамяства, — расказвае педагог. — Чалавек яшчэ ў часы неаліту навучыўся пераплятаць галіны і карані дрэў, пасмы валасоў і палоскі скуры жывёл. Жыллё, рагожкі, вяроўкі, посуд і адзенне — першыя плеценыя рэчы, якія вырабіў чалавек з гэтых матэрыялаў”.

Тэхніка спіральнага пляцення атрымала найбольшае распаўсю­джванне сярод майстроў Віцебскага Паазер’я. У народзе гэтую тэхніку называлі шыццё лыкам. Як патлумачыла А.А.Даргель, форма прадмета набіралася з пучка саломы, перакручанага ў жгут і выкладзенага па спіралі. Кожны жгут абмотваўся льняной або канаплянай аборкай, каранямі хвойных дрэў і прашываўся да папярэдняга вітка. Форма ў такіх вырабаў мянялася ў залежнасці ад назначэння. У розных месцах Беларусі плеценыя па спіралі прадметы насілі розныя назвы — кузуб, шыян, кораб, карчага, саламяннік. Ёмістасці такіх жа форм, але меншага памеру, якія выкарыстоўваліся для захоўвання прадуктаў і адзення, называліся кубел або скрынка. Саламяныя бочкі накрываліся плоскімі плеценымі вечкамі — блінніцамі. Конусападобныя кошыкі з невялікім круглым або авальным дном прызначаліся для збожжа падчас сяўбы. Па баках такіх кошыкаў выпляталіся ручкі, да якіх мацаваўся рэмень або вяроўка. Гэтыя кошыкі называліся севенькі, сеянкі, лубкі, лубянкі.

З саломы, лазы, каранёў хвоі ў Беларусі спакон веку выраблялі прадметы побыту, мэблю, абутак, у тым ліку зімовы, і нават вуллі. У туга сплеценым посудзе насілі ваду, а прадукты, якія захоўвалі ў такіх карабах, куфрах, доўга не псаваліся, не баяліся ні плесневых грыбкоў, ні шкоднікаў. Посуд з жытняй саломы ніякай мышы не падтачыць — крупы, мука, збожжа заставаліся ў цэласці.

Адным з першых адра­джэнцаў тэхналогіі спіральнага пляцення быў Адам Краўчук з Віцебска (папулярызаваць яе майстар пачаў у 80-х гадах). Менавіта ад яго Настасся пераймала аўтэнтычную тэхніку, як кажуць, з рук у рукі. Спрабавала Настасся ўзнавіць і тэхніку яшчэ аднаго майстра — Людмілы Генадзьеўны Гаравой з Гарадка.

“Адметнасць шыцця лыкам у прастаце. Мае навучэнцы, якім па 10—12 гадоў, асвойваюць яго з першага разу. Гэта проста, лёгка — рэгуляваць аб’ём вырабу, мяняць яго ў працэсе. У гэтай тэхніцы няма і складаных вылічэнняў, не трэба думаць, як пакласці віток, бо тут няма мудрагелістага малюнка. Гэтым тэхніка і падкупляе. Хаця я бачыла падобныя на нашы плеценыя рэчы замежнага паходжання, у тым ліку і кітайскія. У іх пляценні акцэнтуецца ўвага якраз на малюнку, на перакрыжаваннях, на ўзорах. Мне ж цікавей не ўдасканальваць гэтую тэхніку, не аздабляць на новы манер, а адраджаць яе першапачатковы варыянт — так, як рабілі нашы бабулі. Напрыклад, не разразаючы салому на каленцы, а выкарыстоўваць яе цалкам. Цікава было б папрацаваць і з каранямі. Майстры нам расказвалі, што некалі знімалі стужку для пляцення з каранёў таго ж вінаграду”, — расказвае Настасся Аляксандраўна.

“У кожнай сялянскай гаспадарцы выкарыстоўваліся посуд, кошыкі і ёмістасці, выкананыя ў тэхніцы пляцення. Ва ўсіх кутках зямлі для пляцення лю­дзі выкарыстоўвалі салому тых збож­жавых культур, якія апрацоўваліся на іх тэрыторыі. Славянскія народы ў асноўным культывавалі жыта. Ржаніцай называлі жытнюю салому, якая мае доўгае, прамое і трывалае сцябло, якое і выкарыстоўвалі для спіральнага пляцення, асабліва тых вырабаў, якія адчувалі вялікія нагрузкі. Амаль кожны селянін валодаў рамяством пляцення з саломы. З пункта гледжання прак­тычнасці і даступнасці жытняя салома была ўніверсальным матэрыялам”.

Творчасць на выбар

Раздзяляюць імкненне да натуральнасці вырабу і яе навучэнцы. Асвойваюць не толькі адметнае для рэгіёна спіральнае пляценне, але і звычайнае, плоскаснае. Карзінкі, вазы, скульптуры, сувеніры, домікі і ляжанкі для катоў і сабак — фантазія дзіцячая здольна на многае. Юныя майстры спалучаюць лазу з саломай, лістамі кукурузы, рагозам і інш. Галоўным стымулам для іх сталі сама Настасся Аляксандраўна і яе жаданне тварыць. Напрыклад, натхнёныя яе калекцыяй сумак “Поры года”, дзяўчаты таксама прыдумваюць свае эксклюзіўныя аксесуары. Асабліва ўпадабала лазовыя вырабы Настасся Дзягілева — дзяўчынцы ўжо любы выраб па сілах.

Спіральнае пляценне — адзін з найстарэйшых відаў пляцення. Гэта тэхніка вядома амаль усім земляробчым народам Еўропы яшчэ з эпохі неаліту. Распаўсюджана яна была і на тэрыторыі Беларусі. На Віцебшчыне ў пачатку ХХ стагоддзя тэхніка была шырока прадстаўлена ў вёсках Гарадоцкага і Браслаўскага раёнаў, дзе майстры з яе дапамогай выраблялі прадметы хатняга ўжытку: ёмістасці для захоўвання прадуктаў харчавання і адзення, мэблю, вуллі, абутак, палавікі, заслоны на вокны.

Не менш поспехаў і ў хлопчыкаў. 11-гадовы Мікіта Кочатаў кожны раз з нецярпеннем чакае заняткаў: “На занятках у Настассі Аляксандраўны мы асвойваем 3 кірункі — пляценне з лазы, саломы і роспіс па тканіне, але мне лаза падабаецца найбольш. Ды і мае падарункі з лазы карыстаюцца асаблівым попытам. Гэта ж не проста прыгожая рэч, але і практычная. Узяць, напрыклад, кошык, з ім жа зручна хадзіць па грыбы. Зрабіў яшчэ і вазу, і інтэр’ернага ката. Цяпер пляту карзінку да Вялікадня — каб можна было класці туды кулічы і яйкі. Бабуля таксама мне такую ж замовіла — спляту і ёй. Дарэчы, яна для мяне вырошчвае лазу на сваім лецішчы, разам з ёй і мамай мы яе нарыхтоўваем”.

Хоць большасць рэчаў робіцца на занятках якраз у аўтэнтычных тэхніках, усё ж меж для дзяцей педагог не ставіць. Хочацца эксперыментаў? Калі ласка! Так, юныя майстры спрабуюць аплятаць саламяныя жгуцікі скурай, палоскамі з лапікаў тканіны ці атласнымі стужкамі. Імкнуцца і сплесці арнамент, спалучаючы чырвоны, белы і чорны колеры.

“Для мяне галоўнае, каб дзеці ўсведамлялі, што яны працягваюць пачатую нашымі продкамі тэхніку. Каб даць ім выбар, я выкладаю ім не толькі пляценне, але і іншыя амаль забытыя тэхнікі — роспіс па дрэве і тканіне, — гаворыць педагог. — Я сама такая — мне цікава ўсё і адразу. І таму мне прыемна бачыць, як дзеці выбіраюць для сябе “сваю” справу. Так я не ўсіх разам, а кожнага паасобку накіроўваю па ўпадабаных імі ж мастацкіх кірунках”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва майстэрні.