Сузор’і на карце

Сёння, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, кожны з нас можа здзейсніць невялікі подзвіг. Для гэтага неабавязкова праяўляць звышчалавечыя здольнасці, тым больш ахвяраваць здароўем, як рабілі гэта 78 гадоў назад нашы землякі. Дастаткова прыйсці да помніка або абеліска, ускласці кветкі і ўшанаваць мінутай маўчання памяць пра герояў. У наш час ужо гэты ўчынак будзе сапраўдным подзвігам. Падобныя подзвігі здзейсніў кожны ўдзельнік Рэспубліканскага конкурсу “Не гасне летапіс перамог” намінацыі “Зорачка на карце раёна”.

“Зорачка на карце раёна” — гэта яшчэ сціпла сказана. Лепш гава­рыць “цэлае сузор’е”. Дзясяткі незвычайных сузор’яў з вялікіх і маленькіх зорачак, іншых умоўных знакаў з’явіліся на інтэрактыўнай карце Беларусі дзякуючы ўдзельнікам конкурсу. Кожная зорачка — месцазнаходжанне помніка ваеннай гісторыі. Перад тым як нанесці зорачку на незвычайны небасхіл, навучэнцы разам з педагогамі вызначалі, вывучалі, апісвалі мемарыяльныя комплексы, абеліскі, брацкія магілы, памятныя знакі раёна або горада. Потым з дапамогай камп’ютарных праграм і графічных рэдактараў стваралі інтэрактыўную карту з адпаведнымі зноскамі, якія ўтрымліваюць апісанне і фотаздымкі аб’ектаў.

На конкурс прадстаўляўся тэкставы матэрыял, аформлены ў выглядзе каталога помнікаў, іх карта-схемай з пазначэннем месцазнаходжання, кароткім апісаннем помніка (назва, час стварэння, адрас месцазнаходжання, аўтар, гістарычныя звесткі пра аб’ект, ацэнка сучаснага стану і інш.), фотаздымкамі аб’екта, а таксама спасылкай на створаную інтэрактыўную карту. Работы ацэньваліся па іх адпаведнасці ўмовам, інфармацыйнай змястоўнасці, мастацкаму афармленню. Ацэньваць работы было вельмі і вельмі няпроста. Па-першае, кожны аб’ект аўтары незвычайнага сузор’я здымалі ўласнаручна (каб зрабіць з дзясятак кадраў, неабходна было здзейсніць даволі працяглае і па часе, і па адлегласці падарожжа). Па-другое, тэкставую інфармацыю даво­дзілася шукаць не толькі ў інтэрнэце. Дакладней — не столькі ў інтэрнэце, колькі ў архівах, бібліятэках, патраціць на гэта шмат вольнага часу. Вось і атрымліваецца, што вынік працы — сапраўдны подзвіг, даніна павагі і памяці ахвярам і героям Вялікай Айчыннай вайны.

— Перавага пры вызначэнні прызавых месцаў аддавалася работам, дзе максімальна выкары­стоўваліся аўтарскія распрацоўкі. Напрыклад, у многіх праектах за аснову была ўзята Google-карта. Аднак куды складаней самастойна стварыць інтэрактыўную карту, намаляваць там рэкі, дарогі, знакі населеных пунктаў, а потым размясціць там зорачкі. Такія работы набіралі вялікую колькасць балаў. Абавязкова ўлічвалася інфармацыйная насычанасць, унікальнасць сабранай інфармацыі, — падзялілася загадчык кабінета патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Хрысціна Аляксандраўна Борбут.

Лепшымі, на думку журы, сталі работы Аляксея Голубева з сярэдняй школы № 77 Мінска (кіраўнік Л.Г.Клімовіч), Аляксандры Смаль і Хрысціны Ільіной з сярэдняй школы № 7 Кобрына (кіраўнік В.А.Казарына), а таксама Настассі Чайко і Алега Аліферовіча з сярэдняй школы № 2 Асіповіч (кіраўнікі Н.М.Шчэрбачэня і С.В.Панчук). Праекты, адзначаныя дыпломамі ІІ і ІІІ ступені, таксама зроблены на высокім узроўні. Са спісам прызёраў можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і края­знаўства.

З пераможцам намінацыі ўладальнікам дыплома І ступені Аляксеем Голубевым з сярэдняй школы № 77 Мінска чытачы нашай газеты ўжо знаёміліся ў майскім “Шостым дні”. Тады хлопец расказваў пра сваіх прадзядуляў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Сёння мы таксама азнаёмімся з работай Аляксея — картай, на якой змешчана падрабязная інфармацыя пра 24 помнікі Заводскага раёна сталіцы. Свой невялікі подзвіг па зборы матэрыялаў, фатаграфаванні помнікаў хлопец здзейсніў не толькі з кіраўніком праекта настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Любоўю Генадзьеўнай Клімовіч, але і сваёй мамай Аленай Сцяпанаўнай.

Першы ў каталогу помнікаў ваеннай гісторыі Заводскага раёна — мемарыяльны комплекс “Трасцянец”, які знаходзіцца на месцы найбуйнейшага канцэнтрацыйнага лагера Еўропы. Вязні канцлагера знішчаліся ў вёсцы Малы Трасцянец, ва ўрочышчах Благаўшчына і Шакоўка. Дзякуючы інтэрактыўнай карце Аляксея Голубева, можна наведаць і архітэктурна-скульптурную кампазіцыю “Беларусь партызанская”, устаноўленую ў 2005 годзе на Партызанскім праспекце сталіцы. Некалькі зорачак указваюць на адзіночныя пахаванні воінаў Савецкай Арміі, якія загінулі падчас вызвалення Мінска.

Найбольш цікавыя аб’екты, нанесеныя на карту, знаходзяцца на тэрыторыі ўстаноў адукацыі. Напрыклад, у двары сярэдняй школы № 85 устаноўлены бюст Герою Савецкага Саюза мінскаму падпольшчыку Мікалаю Кедышку. У 1970 годзе ў гонар падпольшчыкаў братоў Гвідона і Барыса Еўдакімавых устаноўлены помнік на тэрыторыі сярэдняй школы № 18. Да 60-годдзя Вялікай Перамогі каля будынка сярэдняй школы № 143 імя М.Аўэзава быў адкрыты памятны знак воінам Казахстана, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1985 го­дзе на тэрыторыі сярэдняй школы № 120 была ўстаноўлена памятная стэла ў гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі. А каля 141-й сярэдняй школы ў 1987 годзе ўстаноўлены помнік воінам 120-й Гвардзейскай Рагачоўскай дывізіі. Сёння школа носіць імя дывізіі. Каля сярэдняй школы № 5 можна ўбачыць бюст камісару падпольнай камсамольскай арганізацыі “Маладая гвардыя” Алегу Кашавому. Хутка на тэрыторыі гімназіі № 25 пасля рэканструкцыі будынка ўстановы будзе адноўлена алея бюстаў піянераў-герояў, дзе можна азнаёміцца з біяграфіямі Люсі Герасіменка, Мікалая Гойшыка, Герояў Савецкага Саюза Леаніда Голікава і Марата Казея. На алеі прадоўжыцца традыцыя прыёму навучэнцаў у піянерскую арганізацыю.

У каталогу помнікаў “Вогненныя вёскі Асіповіцкага раёна. 1941—1944 гады” Настассяй Чайко і Алегам Аліферовічам зме­шчана інфармацыя пра вёскі Асіповіччыны і іх жыхароў, якія былі знішчаны падчас карных аперацый “Франц” і “Піён”. Аўтары паспрабавалі прасачыць ажыццяўленне гітлераўскай палітыкі “выпаленай зямлі” праз гісторыю знішчаных вёсак роднага краю. Крыніцай для складання каталога сталі дакументальныя матэрыялы і ўспаміны відавочцаў, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, а таксама вынікі пошукавай дзейнасці па вывучэнні воінскіх пахаванняў на тэрыторыі Асіповіцкага раёна ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Умоўныя абазначэнні расказваюць пра населеныя пункты Асіповіцкага раёна, знішчаныя разам з усімі жыхарамі або часткай жыхароў і не адноўленыя або адноўленыя пасля Вялікай Айчыннай вайны. Звесткі па колькасці людзей, якія пражывалі ў канкрэтнай вёсцы да вайны, даваеннай колькасці дамоў, колькасці забітых падчас вайны і колькасці знішчаных дамоў прыведзены з дакументаў Нацыянальнага архіва.

Прагуляцца па вуліцах роднага горада і наведаць памятныя месцы, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, прапаноўваюць навучэнцы сярэдняй школы № 7 Кобрына Аляксандра Смаль і Хрысціна Ільіна, таксама ўзнагароджаныя дыпломам І ступені. “Кобрын — адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Паводле падання, ён быў заснаваны ў XI—XII стагоддзях адным з галіцка-валынскіх князёў на месцы рыбацкага паселішча, якое з часам ператварылася ў горад. Многае пабачылі жыхары нашага горада за яго больш чым 700-гадовую гісторыю: і прыезды каралеўскіх асоб, і будаўніцтва зам­кавых сцен, і бойкі гандаль на кірмашовай плошчы. Былі ў нашай гісторыі і чорныя старонкі. Страшнай трагедыяй стала Вялікая Айчынная вайна”, — дзеляцца аўтары інтэрактыўнай карты.

Пачаць знаёмства з чорнымі старонкамі гісторыі Кобрына вучні прапаноўваюць з наведвання помніка на брацкай магіле, якая знахо­дзіцца на ўсходняй ускраіне горада паблізу пінскай шашы. У магіле пахавана больш за 200 жыхароў горада, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941—1943 гадах. “Амаль штодня з пачатку вайны сюды прыязджалі машыны. Хутка з’яўлялася ачапленне з сабакамі. Выпадковыя мінакі нярэдка станавіліся сведкамі жудасных відовішчаў. З грузавікоў выштурхоўвалі збітых, змучаных катаваннямі людзей, якіх прымушалі станавіцца на калені. Потым карнікі, ідучы ўздоў­ж шарэнгі, метадычна стралялі ў патыліцы ахвяр. Забітыя скочваліся ўніз па схіле. “Схіл” — гэтае слова набыло ў жыхароў Кобрына значэнне ўласнага імя”, — паведамляюць вучні. Інтэрактыўная карта ўключае фотаздымкі і звесткі пра скверы, помнікі, мемарыяльныя дошкі, брацкія магілы Кобрына.

“Думаючы пра тое, што значыць — любіць Радзіму, мы не можам не дакрануцца памяццю сэрца да мінулага сваёй краіны, без якога нельга ні зразумець, ні ацаніць па вартасці сённяшні дзень. Памяць — гэта жывая крыніца, якая злучае пакаленні. Навечна ў памяці народнай застануцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны і, вядома ж, людзі, якія рабілі ўсё, каб забяспечыць нам мірную, светлую будучыню. Мы памятаем іх імёны…”

Безумоўна, прыгожыя і справядлівыя словы вучняў сярэдняй школы № 7 Кобрына. Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — выдатная нагода спыніцца ў штодзённай жыццёвай мітусні і хаця б мінутай маўчання ўшанаваць памяць пра загінуўшых у гады самай разбуральнай на нашай зямлі вайны. Незвычайныя сузор’і, створаныя ўдзельнікамі конкурсу “Не гасне летапіс перамог”, дапамогуць у гэтым.

Ігар ГРЭЧКА.