Эра Алены Мартынавай

Рэспубліканскі конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект” ужо колькі гадоў хвалюе розумы юных аматараў тэхнікі. Сёння гэта самыя маштабныя інтэлектуальныя спаборніцтвы краіны, у якіх могуць праявіць сябе адораныя ў тэхнічным плане падлеткі. Дыплом пераможцы — своеасаблівы знак якасці і для педагога, які падрыхтаваў “чэмпіёна”.
Алену Георгіеўну Мартынаву мы засталі якраз перад выездам у чарговае падарожжа. Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Радыёканструяванне” Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі разам са з сваімі вучнямі адпраўлялася на конкурс “Таленты XXI стагоддзя”, які праводзіцца на ўзроўні Саюзнай дзяржавы. У момант выхаду матэрыялу ўжо будуць вядомы яго вынікі, пакуль жа мы можам гаварыць пра вынік па меншай меры незвычайны: пераможцамі і лаўрэатамі сёлетняга “ТэхнаІнтэлекту” сталі пяць (!) яе выхаванцаў, яшчэ адзін адзначаны заахвочвальным прызам.

Людзі аднаго цэха

Трэба адзначыць, што гэта не першая прафесійная перамога Алены Георгіеўны. Сёння яна нават і не ўспомніць, колькі дыпломаў рознага кшталту атрымалі яе вучні. Ды і не пра гэта была наша размова. Думаецца, нашым чытачам, як і мне, цікава даведацца, з якога “цеста” злеплены лепшыя педагогі краіны, што адрознівае іх ад іншых і чаму пры аднолькавых умовах (усё тым жа банальным недахопе сродкаў і матэрыялаў для работы) менавіта ім удаецца раскрыць творчы патэнцыял вучняў, які выліваецца ў цікавыя і моцныя праекты.
— Адбор? Я назвала б яго натуральным. Да мяне прыходзіць нямала маладых людзей, а застаюцца тыя, з кім я працую, разважаю, жыву… Я нават не ведаю, хто з нас каго выбірае. Думаю, мы разам выбіраем тую справу, якая нас захапляе. Успрымаю сваіх вучняў як аднадумцаў, і такая пазіцыя ў мяне з самага пачатку маёй работы.
Трэба сказаць, што я не педагог па адукацыі. У свой час прыйшлося лічыцца з жыццёвымі абставінамі, таму не ўдалося рэалізаваць сябе ў якасці інжынера. Аднак пры тым, што шмат гадоў працую ў сістэме адукацыі, усё роўна застаюся іжынерам. Я і мае вучні — людзі аднаго цэха.
Дзякуючы таму, што рэпутацыя ў такім выпадку ідзе далёка наперадзе кіраўніка, у аб’яднанне прыходзіць нямала матываваных дзяцей. Як жартуе Алена Георгіеўна, групы фарміруюцца самі. Але і групамі гэта назваць цяжка, увесь калектыў аб’яднання жыве адной сям’ёй.
— Кажуць, што сённяшняя моладзь ладзіць зносіны ў асноўным у інтэрнэце, але я штодзень бачу, наколькі патрэбны ім зносіны жывыя. Тут, у аб’яднанні, іх сапраўднае жыццё. Калі нехта сачыў за сёлетнім “ТэхнаІнтэлектам”, то мог заўважыць, у якіх секцыях мы выступалі. У самых розных! Здавалася б, якое дачыненне я як педагог маю да тэхнічнага мадэлявання ці энергазберажэння? Але маім вучням гэта цікава, і я іду за інтарэсам маладых людзей. Хлопцы, пачынаючы з электронікі, “урастаюць” у розныя тэмы, але не хочуць страціць наша аб’яднанне, сяброў, і я падтрымліваю іх у любых пачынаннях.
Як і ў кожным аб’яднанні па інтарэсах, у “Радыёканструяванні” ёсць пэўныя этапы работы, якія ў цэнтры тэхнічнай творчасці звыкла называюць эрамі. Кожная такая эра праходзіць пад знакам канкрэтнай асобы. Сёння гэта эра Уладзіслава Зялінскага. У гэтым годзе Уладзіслаў стаў пераможцам “ТэхнаІнтэлекту”, прадставіўшы на суд журы арыгінальны акустычны комплекс. Алена Георгіеўна прызнаецца, што шукала такога вучня не менш як дзесяць гадоў.
— Магчыма, ён ніколі не будзе электроншчыкам, але талент яго бясспрэчны. Атрымліваецца ўсё, да чаго ён прыкладае галаву і рукі. Нас звязала музычная тэма. Справа ў тым, што мне самой мядзведзь на вуха наступіў, але я нядрэнна ведаю электроннае начынне музычных інструментаў. Патрэбен быў паплечнік, які не проста захапляўся б электронікай, як і я, але і быў бы пры гэтым музыкантам. Мы з Уладам знайшлі адно аднаго. Вы нават не ўяўляеце, наколькі цікава з ім працаваць. Вырашылі, што будзе музычна-электронны праект. Адзін узмацняльнік гуку нікому не цікавы — так з’явілася ідэя акустычнага комплексу, які Улад умее шыкоўна прадставіць.
Цяпер ён захапіўся фота- і відэаздымкай. Думаю, для яго скончыўся перыяд захаплення гітарай. Ён пойдзе далей. Але ўпэўнена, што ў наступным годзе зноў з’явіцца на конкурсе з прынцыпова новым праектам.

Электроніка прыйшла!

Падчас нашай размовы з Аленай Георгіеўнай прыходжу да высновы, што адна з галоўных рыс яе характару — неабыякавасць! Тое, з якім запалам яна расказвае пра сваю работу, гаворыць само за сябе. Другая не менш важная рыса — праўдзівасць.
— Я вельмі праўдзівая ў ацэнцы кожнага з маладых людзей, якія ў мяне займаюцца. І ніхто з іх не крыўдзіцца, бо я гэтак жа адношуся да сябе самой.
Вельмі даўно ў мяне займаецца Сяргей Нікіцін, які сёлета стаў уладальнікам заахвочвальнага прыза секцыі “Робататэхніка, аўтаматыка” за трохкаардынатны фрэзерны станок. У свой час ён трапіў да мяне па рэкамендацыі маёй калегі, якая звальнялася з пасады кіраўніка аб’яднання і хвалявалася, што такі добры хлопец проста згубіцца. Так з заатэхнікаў Сяргей прыйшоў у радыёканструяванне. Тры гады я па-сапраўднаму мучылася. Яму было цікава са мной, мне з ім не. Ён вельмі складана ўспрымаў электроніку як навуку. І вось зусім нядаўна я зразумела: Сяргей дарос да электронікі. Гэта адзін з вельмі важных момантаў у маёй рабоце.
Алена Георгіеўна ўпэўнена, што калі не браць у разлік медыцынскія паказчыкі, то назваць адоранымі можна абсалютна ўсіх дзяцей. Патрэбна толькі знайсці сваё прызванне.
Антон Янчанка трапіў у аб’яднанне трэцякласнікам, цяпер хлопец у дзявятым. Сёлета ўдача ўсміхнулася і яму: распрацаванае Антонам судна на паветранай падушцы “Віхор” было названа лепшым праектам секцыі “Тэхнічнае канструяванне”.
— Не ўсе могуць быць электроншчыкамі, і калі да Сяргея Нікіціна электроніка прыйшла, то да Антона Янчанкі не. Заўважце, я зараз гавару пра ўладальніка дыплома І ступені конкурсу “ТэхнаІнтэлект”… Але які бліскучы ён мадэліст, які таленавіты механік! Для мяне, напрыклад, веласіпед — складаная механічная прылада. Цяпер разумееце, чаму разам мы каманда? Я ўсім кажу: у мяне ў аб’яднанні галоўны механік Антон. Усе прыходзяць да яго за парадамі. Вось так інтарэс маіх маладых людзей дыктуе нам план дзеянняў.
Акрамя Антона Янчанкі, Уладзіслава Зялінскага, Сяргея Нікіціна, у аб’яднанні займаюцца такія таленты, як Аляксандр Лясніцкі (дыплом ІІ ступені ў секцыі “Энергетыка і электратэхніка” за работу “Металадэтэктары”), Уладзімір Зарэцкі (дыплом І ступені секцыі “Энергазберагальныя тэхналогіі” за работу “Альтэрнатывы ў альтэрнатыўнай энергетыцы”), Данііл Сяроў (дыплом ІІІ ступені ў секцыі “Робататэхніка, аўтаматыка” за праект “Робат Кекс”). Па словах Алены Георгіеўны, гэта толькі тыя, хто праявіў сябе ў гэтым годзе. На самай жа справе іх значна больш.

Больш, лепш, вышэй

Нагадаю нашым чытачам, што на конкурсе “ТэхнаІнтэлект” ацэньваецца не толькі сам праект, але і ўменне яго прадставіць. Значную частку абароны праекта займае адказ на пытанні. І вось тут вельмі важна прадэманстраваць членам журы глыбокае валоданне тэмай. На жаль, не кожнаму ўдаецца справіцца з хваляваннем, хоць сама атмасфера падчас работы секцый вельмі дружалюбная.
— Я ніколі не працую над псіхалагічнай падрыхтоўкай вучняў. Аддаю ім усё, што ўмею. Маладыя людзі самі працуюць над сабой, над сваёй прэзентацыяй. Мая задача — стварыць умовы для таго, каб яны адчулі сябе як на конкурсе. Для гэтага запрашаю ў аб’яднанне самых розных людзей, і будучыя канкурсанты па 5 разоў абараняюць сваю работу перад незнаёмай аўдыторыяй. Ніколі не аналізую іх выступленні, кожны адчувае слабае месца сам, выпраўляе памылку сам. У выніку падчас прэзентацыі на конкурсе яны адчуваюць сябе свабодна. Калі мне расказваюць пра гэта, я вельмі рада. Сама не бачыла, бо ўжо даўно маю цвёрдае правіла: я не прысутнічаю на абароне работ членамі майго аб’яднання.
Пасля размовы пра тое, што аб’яднанне цэняць і вельмі падтрымліваюць у Гомельскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці, пераходзім да аднаго з самых хвалюючых пытанняў — фінансавання. Зразумела, што праекты накшталт акустычнага комплексу ці фрэзернага станка проста не могуць каштаваць танна. Дзе ўзяць сродкі для іх рэалізацыі? З падобнай задачай сутыкаўся, бадай, кожны педагог тэхнічнай творчасці.
— Канечне, такія праблемы ёсць і ў нас. Некаторыя праекты мы “выцягваем” самі. Напрыклад, фрэзерны станок Сяргея Нікіціна — мая зарплата. Іншага выйсця няма, таму мы проста прымаем умовы гульні. Акустычны комплекс — зарплата бабулі Улада Зялінскага. Я выдатна разумею, што ёсць сем’і, якія не могуць падтрымаць праект свайго дзіцяці ў фінансавым плане. І ў той жа час не магу дазволіць рабоце спыніцца толькі па гэтай прычыне.
Думаю, каб я не магла паказаць маладым людзям, што хачу і магу больш, лепш, вышэй, у мяне не было б ніводнага вучня. У школе многае вырашае адзнака, і дзеці вымушаны слухаць нават таго педагога, які расказвае нецікавыя для іх рэчы. У нас іншыя адносіны. Іншым разам мне здаецца, што разам з імі я дагульваю сваё, дапрацоўваю тую самую лабараторыю, якую недапрацавала ў свой час у навукова-даследчым інстытуце.

Не карабейнікі і не скамарохі

Нягледзячы на тое, што Алена Георгіеўна ўжо шмат гадоў не мае пытанняў з наборам дзяцей у аб’яднанне па інтарэсах, гэтая праблема сістэмы дадатковай адукацыі па-ранейшаму застаецца ёй блізкай. Мая суразмоўніца прызнаецца, што не бачыць нічога зневажальнага ў тым, каб хадзіць па школах і запрашаць усіх зацікаўленых.
— Непрыемныя іншыя моманты, з якімі мне ў свой час даводзілася сутыкацца. Калі завуч кажа вам, што не пусціць у клас, бо вы перашкаджаеце вучэбнаму працэсу. Дзіўныя адносіны, няправільныя. Мы не карабейнікі і не скамарохі, якія спрабуюць спадабацца дзецям, забаўляючы іх у гэты момант. Мы — прафесіяналы. Калі мы непатрэбныя — ліквідуйце ўстановы дадатковай адукацыі, калі патрэбныя — з намі прыйдзецца лічыцца.
Ёсць і яшчэ адзін момант, які мне хацелася б закрануць. Таленты выхаванцаў майго аб’яднання ў школах эксплуатуюцца больш, чым у самім Цэнтры тэхнічнай творчасці. Упэўнена, што і мае калегі сутыкаліся з падобным. Добра, калі школьны педагог можа гэта годна прадставіць, часцей жа гэта правакацыйнае: “А чаму ты не можаш выступіць за школу?” Прыходзіць да мяне чалавек і, хаваючы вочы, тлумачыць, што фізік прасіў выступіць, а яму вельмі патрэбна добрая адзнака. Мяне гэта не зневажае, мае амбіцыі ў іншым, але за хлопца крыўдна, бо ён разумее, што настаўнік фізікі не мае да яго работы ніякага дачынення.
Тое, што мая суразмоўніца — чалавек з уласнай прафесійнай пазіцыяй, сумнявацца не прыходзіцца. Пры гэтым, нягледзячы на выдатныя вынікі ў рабоце, яна па-ранейшаму патрабавальная да сябе.
— Калі ў мяне пытаюцца, як я працую з бацькамі, шчыра кажу: ніяк. Мне не патрэбны мамы і таты, мне патрэбны дзеці, якія сумленна прыйшлі да мяне займацца. Канечне, я рада бачыць тых бацькоў, якія зацікаўлены ў развіцці сваіх дзяцей. Але трэба сказаць, што вялізная колькасць дзяцей займалася ў маім аб’яднанні хутчэй насуперак бацькоўскім жаданням. Ну, вы ведаеце: двойка па літаратуры ці гісторыі — значыць, не пойдзеш на заняткі па радыёэлектроніцы. Дзіўна. Быццам бацькі не памятаюць, што такое вучыцца ў школе. Ім патрэбна добрая адзнака, а дзецям — справа, якой яны аддаюць душу. Няўжо адзнака нешта вырашае ў жыцці? Вырашаюць веды, здольнасці, схільнасці. І мы таксама не забаўляльны атракцыён, мы займаемся сур’ёзнай справай. Я ніколі не патэлефаную бацькам і не спытаюся, дзе ваш сын, чаму ён не прыйшоў на заняткі. Калі не прыйшоў, значыць, я дрэнны педагог!

Наталля АЛЁХІНА.