Вярнуцца шчаслівым

Вас прываблівае паходная рамантыка? Вы па-добраму зайздросціце турыстам, якія часта фатаграфуюцца на фоне горных вяршынь з абаяльнай усмешкай на твары, маўляў, турызм — гэта крута, гэта здароўе, маладосць? Вам таксама хочацца паблукаць сярод аблокаў, умацаваць здароўе, палюбавацца горнымі краявідамі, падыхаць чыстым паветрам? Гэты матэрыял для вас. Спадзяёмся, вопыт прафесіяналаў, а таксама аматараў пешых паходаў дапаможа вам паспяхова рэалізаваць задуманае, вярнуцца з горнага паходу здаровымі і шчаслівымі.

Быць упэўненым

Калі некалькі гадоў адказваеш у “Настаўніцкай газеце” за турыстычную тэматыку, расказваеш чытачам пра турыстычныя дасягненні педагогаў, то рана ці позна абавязкова спытаеш самога сябе: хіба ты горшы? Хіба ты не здольны гэтаксама з 20-кілаграмовым рукзаком пакарыць хаця б адну вяршыню, прайсці за некалькі дзён сотню кіламетраў па перасечанай мясцовасці? Думаеш, у цябе недастаткова турыстычнага вопыту? Узгадай дзяцінства, школьныя канікулы ў фармаце “сябры — бераг ракі — рыбалка — лясныя сцяжыны з грыбамі і ягадамі”. Колькі кіламетраў табе даводзілася пераадольваць, каб назбіраць кошык лісічак, вядро чарніц або налавіць садок падлешчыкаў? Узгадаў? А гэта практычна паход першай катэгорыі складанасці. Дык што цябе стрымлівае забыцца пра клопаты дарослага жыцця і адправіцца ўслед за героямі сваіх матэрыялаў?

У адзін цудоўны дзень разам з сябрамі мы вырашылі пакарыць вяршыні карпацкага хрыбта Свідавец. Той летні паход 2010 года і цяпер помніцца да дробязей. Кожны дзень быў напоўнены прыгодамі, якія нярэдка межавалі з рызыкай для здароўя. Добра, што ўсё абышлося, дадому вярнуліся цэлымі і шчаслівымі. Гэта цяпер мы дакладна скажам, як трэба рыхтавацца да паходу, як паводзіць сябе на маршруце. Тады ж нам здавалася, што вопыту дзіцячых паходаў на рыбалку і ў грыбы будзе дастаткова, каб па-спяхова ўзабрацца на вышыню паўтары тысячы метраў і палюбавацца адтуль прыгажосцю нашай грэшнай зямлі. Як паказала практыка, мы памыляліся. Самаўпэўненасць не самая лепшая рыса характару, а тым больш для турыста. Каб паход быў карысным для здароўя, у сваіх сілах трэба быць упэўненым, а не самаўпэўненым.

Пункт першы

З чаго пачаць падрыхтоўку? На што звярнуць увагу? Выбраць маршрут, вызначыцца са складам групы — гэта другі пункт. Першым пунктам павінна быць тэорыя, а дакладней, знаёмства з Правіламі правядзення турыстычных паходаў, зацверджаных пастанаўленнем Міністэрства спорту і турызму ад 15 жніўня 2006 года за № 26. Згодна з правіламі, кіраўнік турыстычнага паходу абавязаны забяспечыць падбор удзельнікаў групы з улікам іх фізічнай падрыхтаванасці, уменняў і навыкаў, тэхнічнай аснашчанасці, а таксама псіхалагічнай сумяшчальнасці; вывучыць раён, складаныя ўчасткі маршруту і спосабы іх пераадолення; правесці пры неабходнасці трэніроўкі турыстычнай групы; аформіць маршрутную кнiжку, маршрутны ліст; пісьмова ўзгадніць з маршрутна-кваліфікацыйнай камісіяй і пошукава-выратавальнай службай раёна, на тэрыторыі якога плануецца правядзенне паходу, дату яго пачатку і завяршэння.

Скажу шчыра: ніводны з гэтых пунктаў мы не выканалі. Для нас, навічкоў, вырашальным фактарам падрыхтоўкі было не вызначэнне ўзроўню фізічнага стану, не афармленне маршрутнай кніжкі і ліста, а проста жаданне адправіцца ў паход. “Хочаш у Карпаты?” “Хачу”. “Выдатна! Ты з намі!” — менавіта так праходзіў адбор у групу. Ні пра якія трэніроўкі і г.д. мы не думалі. І дарэмна, бо самаўпэўненасць не дазволіла нам прайсці запланаваны маршрут да канца, хаця на гару Татаруку (1707 метраў над узроўнем мора) мы ўсё ж падняліся.

Слова прафесіяналам

Пазбегнуць падобных памылак дапамогуць парады прафесіяналаў, напрыклад, кіраўніка турыстычнага клуба “Рамантык” сярэдняй школы № 3 Бярозы Брэсцкай вобласці Васіля Уладзіміравіча Новіка. Па выніках Рэспубліканскага конкурсу “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” паход, здзейснены пад яго кіраўніцтвам бярозаўскімі навучэнцамі ў жніўні 2015 года па Заходніх і Усходніх Татрах (польская частка Карпат), атрымаў дыплом І ступені. Як адзначыў педагог, паход у горы — гэта паход асаблівай складанасці, таму прафесіянал пачынае рыхтавацца да яго за некалькі месяцаў. Кіраўнік паходу павінен улічыць усё: і дарогу, і турыстычны рыштунак, і абутак, і адзенне, і ўмовы надвор’я, і фінансавы бок, і меркаванне бацькоў навучэнцаў. Трэба зрабіць усё, каб папярэдзіць няшчасныя выпадкі, бо самае галоўнае ў паходзе — гэта не столькі прыгожыя краявіды, эмоцыі, адпачынак, колькі здароўе дзяцей.

— Раён Усходніх і Заходніх Татраў — адзін з найбольш любімых сярод турыстаў горных раёнаў Польшчы. Разнастайнасць прыродных ландшафтаў, маляўнічыя краявіды пакідаюць незабыўнае ўражанне. Тут знаходзіцца нацыянальны парк, які за год наведваюць больш за 10 мільёнаў турыстаў. На ўсіх асноўных сцежках і дарогах устаноўлены ўказальнікі, смеццевыя бакі і біяпрыбіральні. Транспарт у парку конны, ёсць таксама канатная дарога. На спецыяльных машынах перамяшчаецца толькі служба аховы парку, таксама ездзяць прадуктовыя машыны. На горных турыстычных базах працуюць магазіны. Мабільная сувязь дзейнічае на ўсім маршруце, — паведаміў Васіль Уладзіміравіч.

Каб паход нават па такіх ідэальных для навічка мясцінах не быў азмрочаны непрыемнымі сітуацыямі, пры распрацоўцы і праходжанні маршруту педагог рэкамендуе звярнуць увагу на правілы пажарнай бяспекі. У нацыянальным парку забаронена распальваць вогнішча і нават карыстацца газавымі гарэлкамі. Ставіць палаткі дазволена толькі ў спецыяльна адведзеным для гэтага месцы каля возера Марское Вока. Дарэчы, і купанне ва ўсіх азёрах парку, акрамя Марскога Вока, забаронена. Гліністыя і камяністыя ўчасткі маршруту лягчэй пераадольваць з дапамогай спецыяльнага абутку з пратэктарамі на падэшве і скураным верхам. Трэба паклапаціцца і пра наяўнасць пітной вады, паколькі летам перасыхаюць некаторыя крыніцы, пазначаныя на картах.

Кеды пад дажджом

Карпаты адметныя зменлівасцю надвор’я, таму не цешце сябе прагнозам інтэрнэт-сайтаў, якія будуць пераконваць вас у тым, што падчас паходу вас чакаюць толькі лагодныя промні сонца. Так, раніцай сапраўды можа быць сонца, аднак у абед будзе лівень, а ўвечары падзьме моцны вецер, нагоніць аблокаў, сярод якіх вам давядзецца начаваць. Паверце, гэта не проста словы, гэта высновы з уласнага вопыту. Было, значыць, так: ашчасліўленыя прагнозам надвор’я некалькіх інтэрнэт-сайтаў, якія абяцалі нам спякотныя і сонечныя дзянькі, з абутку ў паход мы ўзялі толькі кеды. “Дурні”, — скажуць прафесіяналы. “Яшчэ якія”, — адкажам мы. Аднак тады мы не думалі, што памылка сіноптыкаў будзе такой відавочнай. У выніку пяць дзён з шасці мы ішлі па горных сцяжынах пад дажджом. У што ператварыліся кеды, можна толькі сабе ўявіць. Добра, што было лета: цёплае надвор’е дазволіла пазбегнуць прастудных захворванняў. Момантам ісціны стала для нас выпадковая сустрэча ў ваколіцах аднаго з карпацкіх сёл з мясцовымі жыхарамі, якія накіроўваліся на горныя схілы збіраць чарніцы ў… звычайных гумовых ботах. Цяпер мы дакладна ведаем: для пераадолення карпацкага маршруту, калі ён не праходзіць па скалістых участках, патрэбны самы просты абутак — звычайныя кеды (для сухога надвор’я) і гумовыя боты (для падарожжа пад дажджом).

І яшчэ парада: апранайце толькі баваўняную бялізну, ваша верхняе адзенне абавязкова павінна “дыхаць”, інакш падчас дажджу, калі апранеце дажджавікі, можа атрымацца эфект парніка. Ідзеш, значыць, у дажджавіку ў сінтэтычнай кофце з цяжкім рукзаком за плячыма, а з цябе ліюцца ручаіны поту. З аднаго боку, гэта добра: разам з потам выходзяць шлакі, арганізм ачышчаецца. Аднак куды прыемней быць сухім. Збіраючыся ў дажджлівыя Карпаты, абавязкова вазьміце накідкі для рукзака. Можна, канечне, і не рабіць гэтага, аднак у такім выпадку ваш 20-кілаграмовы рукзак літаральна за дзень ператворыцца ў агромністы прамоклы 30-кілаграмовы камяк за спінай. Добра, што мы здагадаліся ўзяць некалькі цэлафанавых пакетаў. Гэта дазволіла нам захаваць зменную бялізну ў сухім выглядзе. Дзённыя пераходы пад дажджом — гэта яшчэ кветачкі. Ягадкі нас чакалі ўвечары, калі даводзілася здымаць прамоклы рукзак, даставаць адтуль вільготную палатку, ставіць яе на мокрую траву, сцяліць у палатку прамоклы спальнік і захутваць у гэты спальнік сваё прапацелае цела.

Неабавязковыя сустрэчы

Паход з палаткамі ў горы — асабліва ў лясістыя Карпаты — гэта не толькі змаганне з надвор’ем. Своеасаблівым выпрабаваннем для навічка могуць стаць сустрэчы са звярамі. Тут важна паводзіць сябе спакойна. Ні ў якім выпадку не крычаць, не грукацець. Лепш проста спыніцца — праз некалькі імгненняў воўк, ліса, казуля ці нават мядзведзь, учабыўшы ці адчуўшы вас, знікне ў лясной гушчэчы. Звер ніколі сам не кінецца на чалавека, калі той, канечне, не справакуе яго. Тэорыя тэорыяй, аднак на практыцы ўсё можа аказацца складаней. Паход — гэта сапраўдная праверка на вытрымку. Ды яшчэ якая праверка!

Ноч, лясная паляна, на ёй — палатка, у палатцы — вільготны спальнік, у спальніку — ты… Вакол палаткі — векавыя елкі, да найбліжэйшага населенага пункта не менш за дзесяць кіламетраў. Сапраўдная глуш. Ты ўжо засынаеш, стомлены ад шматкіламетровага пераходу, і раптам каля самай палаткі чуеш шапаценне, дзіўныя гукі, чмыханне. Тваё сэрца ўжо гатова вырвацца з грудзей, хочацца крыкнуць нешта накшталт “Ану, пайшоў!”, але маўчыш, чакаеш. Здаецца, праходзіць цэлая вечнасць, пакуль невядомы госць, нарэшце, знікае. Каб падобных сустрэч не адбывалася, Васіль Уладзіміравіч Новік раіць на ноч абсыпаць па перыметры палатачны лагер вуголлем ад вогнішча.

Смачна есці!

Акрамя агучаных рэкамендацый, сакрэтам удалага правядзення горнага паходу з’яўляецца правільнае харчаванне. Падрабязна з паходнымі рэцэптамі можна азнаёміцца практычна ў любой турыстычнай метадычцы. Адзіная парада: каб зрабіць рукзак больш лёгкім, пастарайцеся браць з сабой толькі крупы і некалькі бляшанак тушонкі (Васіль Уладзіміравіч як сапраўдны патрыёт раіць выключна бярозаўскую). Калі ж адпраўляецеся ў паход з дзецьмі, то ў якасці прысмакаў нарыхтуйце сухары, напрыклад, з мёдам або карыцай. І памятайце, што сутачная патрэба чалавека падчас паходу ў гарах можа дасягаць 5 тысяч ккал.

Усміхацца дазваляецца

Вось, у прынцыпе, і ўсё. Спадзяёмся, што парады прафесіяналаў, а таксама аматараў пешых паходаў дапамогуць вам вярнуцца дадому цэлымі і шчаслівымі, а на флэшцы вашага фотаапарата захаваюцца сотні фотаздымкаў, дзе вы на фоне горных вяршынь будзеце ўсміхацца ў аб’ектыў камеры, маўляў, турызм — гэта крута, гэта здароўе, маладосць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара
і з архіва В.У.НОВІКА.