Дарога да храма

Наша Беларусь — краіна даўняй і багатай праваслаўнай культуры. Сёння храмы вяртаюць сваю спрадвечную гістарычную і грамадскую сутнасць, становяцца сапраўднымі цэнтрамі духоўнасці і культуры, уздымаюць людзей над будзённасцю. Перадумовай для стварэння маршруту экскурсій па храмах стала тое, што ў нас сабрана і абагульнена шмат матэрыялаў аб духоўных святынях малой радзімы, на базе школьнай бібліятэкі працуе клуб “Родныя вытокі”, дзе настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы Міжэвіч айцец Мікалай (Шчаюк) праводзіць урокі духоўнасці для вучняў.

Цэнтральнае месца ў маршруце займае культурна-духоўная спадчына вёскі Міжэвічы. Пры ўездзе з боку Слоніма на паўднёва-ўсходнім ускрайку вёскі гасцей сустракаюць дзве царквы: адна з іх — царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, якой сёлета споўнілася 152 гады, другая — у гонар іконы “Жываносная крыніца”, якой 22 гады. У 2015 годзе храм адзначыў 220-годдзе з дня з’яўлення ў гэтых мясцінах іконы — невялічкай копіі на метале Смаленскай Божай Маці.

Падыходзім бліжэй і адчыняем браму. На тэрыторыі храма злева пад старым клёнам ляжыць вялікі камень. Спыніцеся тут, прысядзьце, дакраніцеся далонню да каменя, патрымайце яго нейкі час, і вы адчуеце цяпло. З гэтым каменем звязана рэальная гісторыя ў жыцці настаяцеля Спаса-Праабражэнскага сабора Слоніма, ураджэнца Міжэвіч айца Віктара (Бакаўца). У дзяцінстве яму прысніўся сон, як Маці Божая, седзячы на гэтым камені, прадказала далейшы лёс хлопчыка. І, прайшоўшы шляхам розных жыццёвых выпрабаванняў, Віктар стаў святаром, а пачынаў сваё служэнне менавіта тут, у Міжэвічах.

Будынак царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы — помнік народнага драўлянага дойлідства XIX стагоддзя. Перад храмам пастаўлена драўляная двух’ярусная брама-званіца каркаснай канструкцыі. Агульныя дэталі дэкору аб’ядноўваюць яе з царквой у адзіны архітэктурны ансамбль. Пры ўваходзе ў храм адразу ж звяртаем увагу на мастацка-дэкаратыўнае афармленне іканастаса. Царскія вароты з’яўляюцца яскравым узорам тэхнікі разьбянага мастацтва. У царкве знаходзяцца старадаўнія іконы. Пісаў іх Дзмітрый Цітоў. Вядома, што іканапісец працаваў з 1682 па 1703 год. Іконы напісаны на палотнах алеем, вельмі шануюцца вернікамі і з’яўляюцца сапраўднай культурна-гістарычнай каштоўнасцю. Побач знаходзіцца храм “Жываносная крыніца”. У 1993 годзе па ініцыятыве айца Віктара (Бакаўца) пачалося будаўніцтва царквы на тым месцы, дзе калісьці непадалёку была крыніца з празрыстай, сцюдзёнай вадой.

Наступным пунктам марштуру будзе царква Святой мучаніцы Параскевы ў вёсцы Старыя Дзявяткавічы. Едзем па насыпной дарозе. Адлегласць — 13 км. Па ходзе маршруту расказваем легенду пра вёску Дзявяткавічы. Храм Святой мучаніцы Параскевы — адзін з даўніх храмаў у нашых мясцінах. Ён быў узведзены ў 1675 годзе, хоць ёсць звесткі, што першае ўпамінанне адносіцца да 1620 года. У 1779 годзе быў пабудаваны новы храм на каменным фундаменце. Сучасны будынак узведзены ў 1820 годзе з дрэва на сродкі ўладальніка Дзявяткавіч памешчыка Войцеха Пуслоўскага. Настаяцелем храма з 1940 года быў святар Фёдар Кашэня. У часы нямецкай акупацыі ён абараняў мясцовае насельніцтва ад варожага гвалту, выратаваў ад смерці сотні людзей і вёску. Нягледзячы на пагрозы фашыстаў, быў сувязным партызанскага руху. У 1964 годзе храм быў закрыты. Богаслужэнні ўзнавіліся ў 1989 годзе.

Наступны аб’ект — Свята-Міхайлаўская царква ў вёсцы Старая Перавалока. Адлегласць — 13 км па насыпной дарозе. Па дарозе расказваем легенду пра вёску Махначы, якая сустракаецца на нашым шляху. Свята-Міхайлаўская царква была пабудавана ў 1559 годзе на сродкі князёў Сапегаў. Гэта самы старажытны храм на Слонімшчыне. Пры ўваходзе ў памяшканне для дзяка ляжыць вялікі пляскаты камень, на якім па-польску напісана “1600 roku”. Мяркуюць, што ў гэтым годзе прыход перайшоў у унію. У часы Вялікай Айчыннай вайны храм не закрываўся, настаяцелем быў святар з вышэйшай багаслоўскай адукацыяй Віталь Бабіч. У гэтым храме ніколі не спынялася царкоўнае жыццё. Недалёка ад Перавалоцкага храма працякае крынічка, якая, па словах настаяцеля айца Леаніда (Барбажынскага), у архіўных звестках упамінаецца як Крынічка Іарданка.

А цяпер па шашы едзем у вёску Пасінічы. Адлегласць — 14 км. Паколькі будзем ехаць праз Міжэвічы, можна расказаць легенду пра вёску. Свята-Георгіеўская царква ўзведзена на мясцовых могілках у 1863 годзе на ахвяраванні сялян. У храме зроблены прыгожы іканастас, царскія вароты разьбянай работы ў пазалоце, іконы ў пазалочаных рамках. У 1961 годзе царква была закрыта. Старыя людзі ўспамінаюць, што ў той дзень, калі з раёна прыехалі закрываць царкву, вяскоўцы сабраліся каля храма, плакалі дарослыя і дзеці. Мясцовым жыхарам сказалі забраць іконы ў дамы, але ніхто не паслухаўся. Дасведчаныя людзі папярэдзілі, што калі яны гэта зробяць, то будзе азначаць, што царква закрыта па просьбе жыхароў. Частка ікон была вывезена ў Міжэвічы. Да канца 80-х гадоў царква знаходзілася ў паўразбураным стане і была ўзноўлена і асвечана ў 1988—1989 гадах.

Апошнім пунктам нашага маршруту будзе Свята-Ільінская царква ў вёсцы Сурынка. Адлегласць — 12 км па шашы і насыпной дарозе. Падчас пераезду слухаем легенду пра пана Сурына. Свята-Ільінская царква пабудавана ў 1862 годзе на месцы капліцы для засцярогі ад падзяжу свойскай жывёлы па прапанове мясцовага селяніна І.Янушэвіча. Царква была невялікая, на каменным фундаменце, пакрытая гонтамі. У 1867 годзе расшырана, паколькі не змяшчала ўсіх вернікаў. У 1961 годзе будынак храма знялі з дзяржаўнага ўліку і закрылі. Рабіліся спробы зрабіць там склад, але ж мясцовы люд днём і ноччу ахоўваў сваю святыню. У 1988 годзе тут узнавіліся богаслужэнні. У 1995 годзе былі пабудаваны новая званіца і хрысцільня з цэглы. У Сурынцы знаходзіцца самы стары звон у Беларусі, які датуецца 1702 годам. У Слонім вяртаемся па Косаўскім тракце праз Дзеравянчыцы.

У ходзе даследавання была вывучана і прааналізавана літаратура аб мінулым і сучасным храмаў Слонімшчыны, адбыліся сустрэчы з мясцовымі краязнаўцамі, настаяцелямі храмаў. Спадзяёмся, што вандроўка па прапанаваным маршруце нікога не пакіне абыякавым, бо наведванне святынь заўсёды ўзбагачае духоўна.

Таццяна МАРОЗ,
настаўніца гісторыі і геаграфіі Міжэвіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна.