У пошуках навагодняга настрою

(Гучыць навагодняя музыка. На экране — вёскі Віцебскага раёна. Харэаграфічны малюнак, у фінале якога выходзяць Дзед Мароз і Снягурка.)

Дзед Мароз. З Новым годам, з Новым годам! // З новай песняй, з новай казкай! // Зачаруем мімаходам // Навагодняй думкай-краскай!

Снягурка. З Новым годам, што крыніцай // У новым прыйдзе да нас годзе, // Беларуская зямліца! // Беларускі наш народзе!

(На экране — карцінка ёлкі дагары нагамі, пераблытаных падарункаў, гірлянд, разламаны снегавік.)

Дзед Мароз. Добры дзень, паважаныя сябры!

Снягурка. Вітаем вас у гэтай святочнай зале, любыя гледачы!

Дзед Мароз. Ішлі да вас праз лясы ды дубравы, праз вёсачкі, аграгарадкі ды гарады, каб павіншаваць вас з Новым годам.Снягурка. У Год культуры збіралі для вас, даражэнькія, падарункі і пажаданні, але ж злыдні зноў усё пераблыталі: падарункі, навагоднія агеньчыкі, карагоды падмянілі на прыпеўкі, нават навагодні настрой зблыталі. Вось, дзядуля, паглядзі толькі, што здарылася з нашым снегавіком. Усё пераблыталася.

(Паказвае Дзеду Марозу два вялікія камы ад снегавіка, на якіх прылеплена шмат каляровых сняжынак-усмешак.)

Дзед Мароз. Так, добры настрой разам з дрэнным знаходзіцца, вось чаму ўсмешак у гледачоў зусім мала.

Снягурка. Што ж будзем рабіць?

Дзед Мароз. Як што?! Вядома ж, ратаваць свята. А ў гэтым нам дапамогуць самі гледачы. Гэтая палова залы бу­дзе мне дапамагаць, а гэтая — Снягурцы. Вы павінны камякі перадаваць з рада ў рад і здымаць для сябе гэтыя сняжынкі навагодняга настрою.

Снягурка. Але ж рабіць гэта мы бу­дзем пад музыку. Як толькі яна спыніцца, той, у каго ў руках будзе камяк, павінен зняць адну сняжынку. Як толькі музыка працягнецца, камяк трэба перадаць далей. Памочнiкi, даражэнь­кія, пакажыце, як гэта трэба рабіць. (Памочнікі-сняжынкі з харэаграфічнага калектыву паказваюць — кідаюць адна адной, як толькі музыка спыняецца, здымаюць адну сняжынку з паперы.) Палова залы, якая хутчэй зніме ўсе сняжынкі, будзе пераможцай. Зразумела? Тады пачынаем.

(На кожным камяку — па тры яркія сняжынкі, а астатнія — сінія і белыя. Памочнікі дапамагаюць праводзіць гульню са снежнымі камякамі. Снягурка ў гэты час спускаецца да гледачоў з мехам, у якім — падарункі і цукеркі.)

Снягурка. Дзядуля, паглядзі, як спрытна яны справіліся. Ніводны дрэнны настрой не застаўся на камяку. Выратавалі нашага снегавіка.

(Памочнікі ставяць камякі адзін на аднаго, каб атрымаўся снегавік. На экране — снегавік з усмешкай.)

Дзед Мароз. Вось дык малайцы! Абавязкова трэба пачаставаць усіх цукеркамі.

(Снягурка частуе дзяцей цукеркамі. Потым заўважае, што ёсць і несапраўдныя цукеркі.)

Снягурка. Дзядуля, толькі глянь: нячысцікі і цукеркі нам з табой падмянілі. (Залазіць у дзедаў мех, дастае рваны бот і астатнія падарункі.) Што ж рабіць?

Дзед Мароз. Як што? Кліч да мяне тых, каму застаўся самы сонечны настрой.

Снягурка. Паважаныя гледачы, паглядзіце, калі ласка, каму дасталася аранжавая сняжынка настрою. Падымайцеся да нас!

(Усе з аранжавымі сняжынкамі запрашаюцца на сцэну.)

Снягурка. Спачатку мы з вамі пазнаёмімся. Як цябе завуць? (З усімі знаёміцца.) Дапамажыце, калі ласка, дзядулю перабраць падарункі. (Выносяцца два мяшкi. Адзін напоўнены падарункамі, агеньчыкамі, лыжамі, сандалямі, рукзакамі, барабанам, старой сукенкай, венікам, шуфлікам і г.д., у другі будуць складваць толькі навагоднія падарункі і садавіну.) Вы павінны скласці ў адзін мех падарункі, а ў другі — усё, што нам не патрэбна на Новы год. (Снягурка звяртаецца і да ўдзельнікаў, і да гледачоў.) Вось паглядзіце: гэтыя агеньчыкі нам патрэбны? (Дзеці адказваюць.) Сапраўды. Таму мы кладзём іх у гэты мех. А гэты бот? (Дзеці адказваюць.) Канечне, не патрэбен, таму мы яго пакладзём у гэты мех. Зразумелае заданне? Тады пачынайце!(Снягурка ўважліва сочыць за ўдзельнікамі, дапамагае ім або перашкаджае, каб Дзед Мароз паспеў задаць свае пытанні, цягне час.)

Дзед Мароз. Пакуль памочнікі працуюць, вы, мае даражэнькія, дапаможаце мне вырашыць, па якім маршруце трэба рухацца далей па нашай краіне, каб трапіць у Белавежскую пушчу. Нячысцікі і тут нашкодзілі — пераблыталі карткі з фотаздымкамі, і я не ведаю, дзе які горад. Па дарозе буду вам паказваць нашу краіну, а вы павінны па выяве архітэктурных помнікаў даведацца, што гэта за горад. Зразумела? Тады паехалі…

(На экране — фотаздымкі навагодніх гарадоў Беларусі. Гледачы павінны гучна адказаць, што гэта за мясціны: Мінск, Гродна, Віцебск, Магілёў, Гомель, Брэст і Белавежская пушча.)

Дзед Мароз. Якія малайцы! Як вы мне дапамаглі! Снягурка, ці справіліся твае памочнікі? Давай паглядзім.

(Дзед Мароз уважліва правярае мех з падарункамі, паказваючы гледачам. На экране — ёлка ўжо не толькі з агеньчыкамі, але і з падарункамі.)

Дзед Мароз. Дзякуй вялікі, мае даражэнькія, за ваш навагодні настрой, без вас мы не справіліся б. (Частуе цукеркамі.) Займайце свае месцы ў зале. Вось усё і стала на свае месцы.

(На экране — галоўная ёлка краіны.)

Снягурка. Дзядуля, а як гледачы справіліся з тваім заданнем?

Дзед Мароз. Добра. Вельмі разумныя дзеці, ведаюць сваю краіну. Можна ўжо рыхтавацца да навагодніх канікул і сустрэчы гасцей з усяго свету ў нашай рэзідэнцыі.

Снягурка. Пачакай, дзядуля. Не спяшайся. Каб нам не змерзнуць з дзецьмі ў Белавежскай пушчы, трэба крыху сагрэцца і праверыць, наколькі добра яны падрыхтаваліся да зімы і Новага года.

Дзед Мароз. Сапраўды.

Снягурка. Тады, паважаныя гледачы, падымайцеся са сваіх месцаў і ўважліва слухайце. Калі мы з Дзедам Марозам правільна гаворым, што робім зімой, тады ўсе гучна пляскаем у далоні. Вось так. (Паказвае.)

Дзед Мароз. А калі мы памыляемся, то тупаем нагамі. Вось так. (Паказвае.)

Снягурка. Зразумела? Тады слухайце ўважліва.

(Гучыць песня-віктарына, дзе сваімі дзеяннямі гледачы адказваюць на пытанні Дзеда Мароза і Снягуркі, харэаграфічны калектыў дапамагае ў зале.)

Дзед Мароз. З сябрамі ў снежкі вы гуляеце? (Пляскае.)

Снягурка. А зімой грыбы збіраеце? (Тупае.)

Дзед Мароз. На санках вы катаецеся? (Пляскае.)

Снягурка. І ў рэчцы ўсё купаецеся? (Тупае.)

Дзед Мароз. Лыжы будзем даста­ваць? (Пляскае.)

Снягурка. А караблікі пускаць? (Тупае.)

Дзед Мароз. Футры трэба апранаць? (Пляскае.)

Снягурка. Ці будзем з вамі загараць? (Тупае.)

Дзед Мароз. Ёлку будзем прыбі­раць? (Пляскае.)

Снягурка. А ў лесе ягады шукаць? (Тупае.)

Дзед Мароз. Зіма — добрая пара? (Пляскае.)

Снягурка. Мы адкажам разам: “Так!” (Пляскае.)

Дзед Мароз. Вось якія вы ўважлівыя. Малайцы!

Снягурка. І навагоднім падарункам за ваш святочны настрой будзе наша прыдзвінская песня.

Дзед Мароз. Унучка, толькі спачатку трэба паклікаць нашых сняжынак.

Снягурка. Сняжыначкі-пушыначкі, ляціце матылькамі, над хмызамі над шызымі дыміцеся дымкамі.

Дзед Мароз. Маленькія, міленькія, дзіцяткі-птушаняткі, ляціце вы, скачыце вы ў светленькія хаткі!

(З розных бакоў выбягаюць дзеці з харэаграфічнага калектыву ў адзенні сняжынак.)

Снягурка. Дзядуля, усё ж самае чароўнае свята — гэта Новы год. Так прыемна быць чараўніком.

Дзед Мароз. Даражэнькая мая, кожны жыхар нашай краіны добры, сумленны, працавіты. І сваімі добрымі справамі з’яўляецца Дзедам Марозам не толькі ў Новы год.

(Гучыць фінальная песня. Падчас песні Дзед Мароз выстрэльвае феерверк.)

Дзед Мароз. Белы снег над зямлёю кружыцца, // Замятае сцяжынкi да пад’ездаў. // Сэрца б’ецца ў гру­дзях, нібы птушка, // І выносіць мяне, як песня з дзяцінства. // Новы год заззяў за гарамі, // З першых елак пабеглі хвілінкі, // Мітусня завалодала розумам // У пераходах метро і набітых маршрутках.

Прыпеў. Новы год абавязкова настане, // Дзед Мароз запражэ свае сані. // Шчасце будзе таму, хто кахае. // Дзяды Марозы — гэта мы самі. // Новы год абавязкова настане, // Дзед Мароз запражэ свае сані. // Шчасце будзе таму, хто кахае. // Дзяды Марозы — гэта мы самі. // Новы год пачакае і прыйдзе, раздадуцца ўдары курантаў. // Усе вакол загадаюць жаданне, // І за кожным акном запаляцца гірлянды. // “Аліўе” і бенгальскія свечкі, трэск петард, // Звон куфляў з шампанскім. // І няхай увесь смутак вылечаць // Блакітны агеньчык і вясёлыя танцы.

Дзед Мароз. З надыходзячым Новым годам!

Снягурка. Здароў’я!

Дзед Мароз. Шчасця!

Снягурка. Кахання!

Дзед Мароз. Дабрабыту!

Снягурка. Усяго найлепшага!

Дзед Мароз. Няхай здзейсняюцца ўсе вашы мары!

Дзед Мароз і Снягурка (разам): Да новых сустрэч!

Склалі Алеся СІЎЦОВА,
педагог-арганізатар Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна;
Наталля БАДНЕНКА,
загадчык аддзела мастацкай творчасці Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.