Па Вілейшчыне на аўто і пешшу

“Залатое кола Вілейшчыны” — так называецца праект дзвюх навучэнак Вілейскай гімназіі № 2 (Мінская вобласць) Кацярыны Кулік і Алесі Кузьміч, які стаў адным з прызёраў намінацыі “Лепшая інавацыйная бізнес-прапанова” рэспубліканскага конкурсу прадпрымальных ідэй “Мая ініцыятыва”. Яго кіраўнікамі выступілі Ала Анатольеўна Рыбалка, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, і Наталля Генадзьеўна Гулецкая, класны кіраўнік і настаўніца працоўнага навучання.

Пачынаючы з 4 класа, адзін-два разы на год Кацярына і Алеся разам з аднакласнікамі ўдзельнічаюць у арганізаваных турыстычных паходах і экскурсіях па Вілейшчыне. На тэрыторыі гэтага раёна захавалася шмат помнікаў архітэктуры і сядзібнага дойлідства розных эпох. Сярод іх парк у вёсцы Асцюковічы, касцёл Святога Станіслава сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў вёсцы Даўгінава, будынак гасцініцы канца ХІХ стагоддзя ў вёсцы Ілья, Петрапаўлаўская царква 1868 года і гэта далёка не ўвесь пералік.
Маршрут “Залатое кола Вілейшчыны” працягласцю 120 км прадугледжвае выкарыстанне аўтамабільнага транспарту, а таксама пешых прагулак і разлічаны на 8 гадзін. Усё падарожжа праходзіць вакол Вілейскага вадасховішча. Аглядная экскурсія пачынаецца і заканчваецца раённым цэнтрам — Вілейкай. Усяго прадугледжана наведванне 13 вёсак, сярод іх Вязынь, Асцюковічы, Ілья, Старынкі, Сэрвач, Камена, Даўгінава, Касцяневічы, Куранец, дзе нарадзіўся і жыў мастак Леў Альпяровіч, і інш. Можна пабачыць каля 12 дзеючых касцёлаў і цэркваў (касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, Узвышэння Святога Крыжа, Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, Свята-Марыінскую і Свята-Ціханаўскую цэрквы), а таксама рэшткі маёнтка Багдановічаў, Козел-Паклеўскіх, руіны сядзібы Тукалаў, Ходзькаў, Невяровічаў, мемарыяльны комплекс “Зніклыя вёскі”, усталяваны ў памяць спаленым вёскам і іх жыхарам падчас Вялікай Айчыннай вайны, могілкі паўстанцаў 1863 года і яшчэ шмат цікавага.
“На жаль, у Вілейцы не вельмі шмат людзей, якіх цікавіла б гісторыя роднага краю, помнікі, якія засталіся нам у спадчыну, — гаворыць Алеся Кузьміч. — Аднак я сама была ўражана тым, што шмат прыгожага і цікавага знаходзіцца зусім недалёка ад дома. Наш праект дазваляе не толькі жыхарам Вілейшчыны, але і ўсім беларусам і гасцям нашай краіны ўбачыць, што Вілейскае вадасховішча не горш за замежнае мора, што ў нас ёсць свая невялікая пячора, што закінутыя сядзібы могуць стаць вельмі папулярнымі, калі іх аднавіць. Усе нашы веды сталі штуршком для стварэння праекта. На мой погляд, вельмі цікава і карысна ведаць гісторыю тых мясцін, дзе жывеш”.
Створаны праект, распрацоўка якога пачалася яшчэ ў мінулым навучальным годзе, разлічаны на шырокую аўдыторыю і можа быць выкарыстаны для экскурсійнай работы як з дзецьмі, так і з дарослымі, прадугледжвае вывучэнне гістарычных мясцін Вілейскага раёна. Невыпадкова работа стала лепшай інавацыйнай работай. Трэба адзначыць, што дагэтуль не існавала распрацаваных экскурсійных маршрутаў па Вілейшчыне. Да таго ж знаёміць са славутасцямі будуць самі школьнікі, што, безумоўна, добра адбіваецца на эканамічным баку праекта.
“Канечне, магчымасці нашай гімназіі абмежаваныя, і таму без дапамогі Вілейскага краязнаўчага музея і аўтапарка № 5 мы б не справіліся, — расказвае кіраўнік праекта Ала Анатольеўна Рыбалка. — Таксама нам пастаянна аказвае дапамогу раённы аддзел адукацыі. Увогуле, я вельмі задаволена вынікамі нашай агульнай шматгадовай работы. Вучні 8 “А” класа цяпер ведаюць усё пра свой раён. Яны раскрыліся з іншага боку, убачылі і зразумелі тое, што не кожнаму даросламу пад сілу. З наступнага навучальнага года будзем распрацоўваць новыя экскурсійныя маршруты па Вілейшчыне. Падарожнічаем мы па ўсёй Беларусі (пабывалі ў 5 абласцях, акрамя Віцебскай). Калі будзе магчымасць, то збіраемся пашыраць гарызонты, аднак зараз асноўнае для нас — вывучэнне малой радзімы. Для мяне асабіста ўсе экскурсіі, паходы з гэтым цудоўным класам — зарад бадзёрасці, энергіі, жаданне і далей працаваць і вывучаць родныя мясціны. Кацярына Кулік і Алеся Кузьміч — сапраўды таленавітыя дзяўчаты, а з такімі дзецьмі і працаваць хочацца”.
Сваімі ўражаннямі падзялілася таксама класны кіраўнік, настаўніца працоўнага навучання Наталля Генадзьеўна Гулецкая: “Алеся і Каця — дзяўчаты рознабакова развітыя. Алеся выдатніца, удзельнічае ў шматлікіх конкурсах, піша сцэнарыі. Кацярына вельмі дапытлівая і настойлівая. Дзяўчаты моцна хваляваліся перад выступленнем, аднак выступілі добра. На маю думку, мае вучаніцы сталі смялейшымі і ўпэўненымі ў сваіх сілах. Гэты вопыт ім абавязкова спатрэбіцца ў далейшым жыцці”.
Нават летам Алеся Кузьміч не пакідае краязнаўчых спраў. Зараз ідзе падрыхтоўка да экспедыцыі па месцах бітваў Першай сусветнай вайны, а ў канцы лета — зноў паход. “Актыўнае жыццё не перашкаджае выдатнай вучобе, а наадварот, — спрыяе ёй, — дзеліцца сакрэтамі Алеся. — Акрамя гэтага, у вольны час я наведваю гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе мы займаемся вышываннем, вязаннем, пашывам нацыянальных касцюмаў.
Мы з аднакласнікамі збіраемся складаць новыя экскурсійныя маршруты, але больш за ўсё мне б хацелася, каб да нашай кампаніі далучалася як мага больш людзей”.
Ала Анатольеўна Рыбалка прызналася, што была ўзрадавана, калі арганізатары конкурсу аб’явілі, што на наступны год таксама будзе арганізавана мерапрыемства такога кшталту па падтрыманні ініцыятыў школьнікаў: “На маю думку, такія конкурсы падштурхоўваюць дзяцей на творчасць, развіццё ідэй. Да таго ж гэта важна, бо вучні павінны не толькі думаць пра тое, што прапаноўваюць, але бачыць і разважаць пра вынікі сваёй працы. А такая магчымасць з’яўляецца дзякуючы правядзенню падобных конкурсаў”.

 Марына ДВАРАНІНОВІЧ.