Гродна — Міндэн: маршрут, які вядзе да поспеху

Пра тое, што Рэспубліка Беларусь наладжвае партнёрскія сувязі з многімі краінамі, расказваюць ледзьве не ў кожным выпуску навін. І вялікім крокам да збліжэння краін з’яўляецца імкненне ўстаноў сярэдняй адукацыі да сяброўства і абмену вопытам у сферы выхавання з замежнымі калегамі. А гэта, у сваю чаргу, адкрывае новыя перспектывы і ў навуковай сферы.
“Усё пачынаецца з сям’і”

Навукова-культурны рух паміж Гродна і нямецкім Міндэнам зарадзіўся яшчэ ў 1990 годзе. Менавіта тады кіраўніцтва школы запрасіла ў горад над Нёманам навучэнцаў з агульнаадукацыйнай школы імя Курта Тухольскага (Kurt-Tucholsky-Gesamtschule). А ўжо праз год настаўнікі і дваццаць вучняў сярэдняй школы № 15 самі паехалі да сваіх новых сяброў.
Задачамі візітаў па сённяшні дзень з’яўляюцца абмен вопытам па выхаванні моладзі, а таксама фарміраванне ў падрастаючага пакалення актыўнай жыццёвай пазіцыі. А самым важным этапам падчас паездак беларускай дэлегацыі ў Міндэн з’яўляецца сумесная работа над праектамі — мультымедыйным і экалагічным.
У мінулым годзе вынікам работы першай праектнай групы, у якой былі заняты навучэнцы сярэдняга звяна, стала прэзентацыя ілюстраваных сачыненняў на тэму сям’і. Задачай, якую ставілі перад сабой педагогі дзвюх устаноў падчас арганізацыі мультымедыйнага праекта, стала маральнае выхаванне ў рамках сацыякультурнага абмену.
Такім чынам, беларускія дзеці расказалі ў творчай рабоце пра сваю радзіму, бацькоў. Відавочна, што навучэнцы з Германіі паспрабавалі данесці да гродзенскіх сяброў інфармацыю пра адносіны ў іх сем’ях.
Падчас прагляду работ дзеці яшчэ раз упэўніліся ў тым, што не мае значэння, у якой кропцы зямнога шара ты жывеш, на якой мове размаўляеш. Сямейныя каштоўнасці ва ўсіх аднолькавыя.
“Зусім няважна, да якой нацыянальнасці ты належыш і якая ў цябе вера, — тлумачыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Валянціна Мікалаеўна Радзіоненка. — Таму што самае галоўнае для кожнага з нас — гэта пачуццё таго, што дома цябе чакаюць, любяць, радуюцца разам з табой кожнаму поспеху і аказваюць падтрымку ў цяжкую хвіліну. Карацей кажучы, усё пачынаецца з сям’і”.

Сіла ветру, сонечны акумулятар і макулатура

Работа другой праектнай групы, у спіс якой былі ўключаны навучэнцы старшых класаў, аказалася не менш цікавай і карыснай для грамадства. Яна была накіравана на экалагічнае выхаванне падлеткаў, а таксама на фарміраванне беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў.
“Калі мы ехалі па тэрыторыі Германіі, звярнулі ўвагу на ветраныя генератары, якія, выкарыстоўваючы сілу ветру, выпрацоўваюць дастатковую колькасць электраэнергіі, — расказвае Валянціна Мікалаеўна. — Але патэнцыял такой крыніцы не вельмі вялікі. Больш прадукцыйнымі лічацца сонечныя батарэі”.
Для таго, каб разабрацца ў сістэме выпрацоўкі энергіі, а таксама навучыцца беражлівасці, гродзенскія вучні наведалі ў горадзе Гамельне Навукова-даследчы інстытут сонечнай энергіі. Дзеці на свае вочы змаглі ўбачыць, якім чынам адбываецца вытворчасць сонечных батарэй і якая інжынерная сістэма пакладзена ў іх аснову. Акрамя гэтага, вучням было прапанавана самастойна сабраць модуль сонечнай батарэі і пратэсціраваць яго. Дзякуючы энергіі сонца навучэнцы прыводзілі ў рух мадэль вентылятара, а таксама ўключалі радыёпрыёмнік і дэманстравалі мадэль аўтамабіля, які таксама працуе дзякуючы сонцу. Адметнасцю інстытута, у якім праводзіліся навуковыя доследы, з’яўляецца тое, што ён працуе выключна на сонечнай энергіі. Той колькасці батарэй, якая ўстаноўлена на даху навуковага цэнтра, хапае, каб забяспечыць святлом усе лабараторыі навуковай установы.
Падчас экскурсіі па лабараторыях інстытута дзеці зацікавіліся тым фактам, што нават малой часткі энергіі, якую можна атрымаць ад сонца, дастаткова для ацяплення і асвятлення цэлага прыватнага дома. Астатнюю колькасць сонечнай энергіі можна выгадна прадаць. А гэта значыць, што на гэтым можна пабудаваць нядрэнны бізнес. У Германіі, дарэчы, існуюць цэлыя пасёлкі, якія “жывуць” выключна на сонечнай энергіі. І зусім нядзіўна, што менавіта Германія з’яўляецца адной з вядучых краін Еўрапейскага саюза, дзе шырокае распаўсюджанне атрымалі альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.
Вялікае ўражанне ў беларускіх гасцей пакінуў семінар, асноўнай тэмай якога стала змяненне клімату на планеце, выкліканае гаспадарчай дзейнасцю чалавека. Падчас сустрэчы з вучонымі абмяркоўвалася, што будзе з Зямлёй, калі раптам настане патоп. Выкарыстоўваючы геаграфічную карту, вучні разам з супрацоўнікамі інстытута пазначылі, якія тэрыторыі будуць затоплены і якія астравы, магчыма, увогуле знікнуць.
Пасля абмеркавання глабальных экалагічных пытанняў удзельнікі праекта займаліся аналізам фотаздымка, перададзенага з касмічнага спадарожніка, і па ім спрабавалі зрабіць прагноз надвор’я на найбліжэйшыя дні.
Сёння, акрамя забруджання навакольнага асяроддзя, ва ўсім свеце вельмі важнай і набалелай з’яўляецца тэма беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў. Паказальна, што адпаведнае пытанне было закранута падчас наведвання Welt-Dorf-Schule ў Міндэне. Кожнаму з вучняў была прадстаўлена магчымасць на працягу некалькіх хвілін пакіраваць станком, які вырабляе паперу. Прычым асновай для прадукцыі стала другасная сыравіна — макулатура. Ужо гатовы прадукт, які выходзіў з-пад станка, быў аддадзены дзецям. І там жа, на фабрыцы, “новая” старая папера пры дапамозе элементаў дэкору была пераўвасоблена ў арыгінальныя паштоўкі.
“Дзецям падчас экскурсіі было вельмі цікава, — працягвае Валянціна Мікалаеўна. — Не кожны дзень выпадае магчымасць паназіраць за вытворчасцю будаўнічых матэрыялаў, а тым больш прымаць непасрэдны ўдзел у стварэнні ўзору. Такія экскурсіі, між іншым, карысныя яшчэ і тым, што прымушаюць навучэнцаў думаць пра будучае, прымаць канкрэтныя рашэнні і шукаць выхад з пэўных сітуацый”.

Хто жыве ў вёсцы міру?

Яшчэ адной важнай мэтай праектаў, акрамя сумеснай навуковай работы, стала выхаванне павагі да чужых традыцый і культуры. Міндэн — горад шматнацыянальны. І тут ніколі не будуць скоса глядзець на чалавека, які не належыць да еўрапейскай расы. Прамым доказам гэтага з’яўляецца вёска міру, якая знаходзіцца непадалёк ад школы імя Курта Тухольскага.
Вёска складаецца ўсяго з некалькіх дамкоў, кожны з якіх уяўляе сабой асобны пакой, аформлены ў канкрэтным стылі. Пабудавана вёска была прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей.
Так, беларускім падарожнікам пашанцавала пабываць у дамах, аформленых у афраамерыканскім і індыйскім стылях. Безумоўна, беларускі домік на тэрыторыі вёскі таксама ёсць. Гродна і Міндэн — гарады-пабрацімы, а гэта значыць, што звязваюць іх не толькі сяброўскія адносіны, але і ўзаемацікавасць да культур. І домік з беларускім інтэр’ерам, які займае ў дворыку вёскі асаблівае, ганаровае месца, пра гэты сведчыць найбольш яскрава.
На выставе ў беларускім доме сабраны шматлікія фотаздымкі, якія былі зроблены падчас прыезду беларускіх дэлегацый у Міндэн у розныя гады. Сувеніры, падарункі, а таксама вырабы і дакументы аб праведзенай падчас праектаў рабоце таксама знаходзяцца ў доміку. Дарэчы, у кожнай хаткі ёсць свой гаспадар, і яго здымак вісіць адразу на ўваходзе ў памяшканне. Выбіраюць таго, хто будзе тварам горада-пабраціма, самі немцы. Прычым падчас выбараў яны карыстаюцца адзіным прынцыпам: сімпатыя аддаецца таму, хто, на іх погляд, быў самым актыўным і ўважлівым, а таксама выказваў цікавыя ідэі падчас работы над праектамі.
Сёлетняя паездка ў Міндэн у юных гродзенцаў будзе асацыіравацца яшчэ з адной цікавай сустрэчай.
“Падчас прагулкі па горадзе мы зайшлі ў музей Прусіі, — працягвае дзяліцца ўспамінамі Валянціна Мікалаеўна. — Акрамя таго, што нам пашчасціла палюбавацца на экспанаты, выстаўленыя ў музеі, мы пазнаёміліся з мастаком Петарам Кюстэрманам. Ён арганізаваў mail-праект, сутнасць якога ў наступным. Штогод у многіх краінах свету аб’яўляецца пэўная тэма, паводле якой кожны жадаючы вучань можна паспрабаваць стварыць паштоўку. Пасля завяршэння конкурсу лепшыя паштоўкі адбіраюцца і змяшчаюцца ў спецыяльны мастацкі каталог, які потым разам з мастаком падарожнічае па свеце. На гэты раз, калі мы гасцілі ў Міндэне, тэмай для стварэння паштовак стаў “Горад будучыні”. Усе нашы 20 вучняў прынялі ўдзел у конкурсе. Будзем спадзявацца, што хаця б некаторыя з беларускіх работ стануць знакамітымі”.

Пасля прыезду дадому вучні, натхнёныя праведзенай у НДІ сонечнай энергіі работай, пачалі вывучаць праблемы выкарыстання энергіі сонца ў родным Гродне. Аказваецца, сонечныя батарэі выкарыстоўваюцца і на тэрыторыі Беларусі, але не ў такіх маштабах, як у Германіі. А гэта значыць толькі адно: прастора для дзейнасці юных навукоўцаў адкрыта. І, магчыма, у хуткім часе падчас снежнай завеі, калі раптам захочацца лета, трэба будзе ўсяго толькі даехаць да Гродна. Там будуць чакаць штучны пляж і мора цяпла, няхай “несапраўднага”, але тым не менш “узятага” прафесіяналамі ад жывога сонца.

 

Наталля ДУБІК.