Беларускія вучні не перастаюць здзіўляць! Услед за памідорна-агурочнай электрастанцыяй і першым народным Ё-мабілем, якія былі сканструяваны два гады назад, з’явілася новая знаходка. Сёння галоўнай тэмай для абмеркавання стаў гальванічны элемент, які створаны на аснове бульбянога пюрэ. Аўтарамі ідэі выступілі Анатоль Аляксандравіч Аўсейчык, настаўнік фізікі Адэльскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна, і яго вучань Марцін Марцішка.
— Анатоль Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, якая ідэя пакладзена ў аснову вашага вынаходніцтва?
— Шчыра кажучы, вынаходніцтва — гэта вельмі гучнае слова. Тое, што мы зрабілі з Марцінам Марцішкам, — гэта ўзровень рацыяналізатарскай прапановы. Галоўная мэта — дапамагчы грамадству правільна выкарыстаць пальчыкавыя батарэйкі, якіх назбіраліся тоны. Будзе проста цудоўна, калі на “пальчыкі” пачнуць глядзець як на другасную сыравіну.
— Марцін Марцішка — ваш галоўны памочнік сярод вучняў, наколькі мне вядома.
— Акрамя Марціна, які прымаў удзел у стварэнні гальванічнага элемента, ёсць у мяне яшчэ адзін надзейны памочнік — Максім Трутнеў. І Марцін, і Максім — цудоўныя вучні, якія захоплены сваёй справай. Яны неаднаразова перамагалі ў раённых навукова-практычных канферэнцыях “Першыя крокі ў навуку”. У дадатак да гэтага, у мінулым годзе Марцін заняў другое месца ў фінале абласнога конкурсу “Таленты ХХІ стагоддзя”. А літаральна тыдзень назад, у мінулую суботу, вучань стаў другім у фінале абласнога конкурсу “Энергамарафон — 2013”. І, шчыра скажу, зусім няважна, што ў нас не першае месца. Самае галоўнае — гэта звярнуць увагу грамадства на праблему ўтылізацыі выкарыстаных батарэек.
Марцін Марцішка, дарэчы, перамагаў у раённых алімпіядах не толькі па фізіцы, але і па хіміі, а таксама біялогіі. Неаднаразова хлопец станавіўся лепшым у інтэлектуальнай гульні “Зубраня”. І як такім вучнем не ганарыцца?! Дарэчы, бацькі вучняў, з якімі я працую, — нашы першыя памочнікі. І гэта вельмі важна. А даследчыя работы былі і будуць, таму што мы любім тое, што робім!
Напрыклад, зараз пачалі вывучаць залежнасць вышыні палёту мадэлі ракеты ад колькасці залітай у яе вады. Разам з вучнямі стваралі і вывучалі сонечныя батарэі, якія зроблены з моцных транзістараў. Цяпер канструюем магнітаметр на аснове датчыка Хола і хочам прапанаваць усім цікаўным зрабіць яго самастойна.
— У чым асаблівасць датчыка Хола, пра які вы ўзгадалі?
— Ён карысны тым, што можа дапамагчы вызначыць ступень электрамагнітнага забруджання ў кватэры, а таксама паспрабаваць зменшыць тую колькасць выпраменьвання, якая ўздзейнічае на арганізм чалавека. На сёння гэта, між іншым, з’яўляецца адной з галоўных экалагічных праблем! І ў нас яшчэ ёсць нямала ідэй, якія, спадзяюся, будуць рэалізаваны. Думаю, што пры дапамозе ведаў і закладзеных традыцый змагу выклікаць у дзяцей цікавасць да навукі. Безумоўна, буду імкнуцца да таго, каб фізіка як школьны прадмет стала навучэнцам яшчэ больш блізкай і зразумелай. Гэтым, па вялікім рахунку, займаецца ўся наша творчая група настаўнікаў фізікі, якая створана пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
— Давайце звернемся да вашага нядаўняга адкрыцця. Такім чынам, якую перавагу мае батарэя гальванічных элементаў перад вядомымі ўсім батарэйкамі?
— У складзе нашай батарэі гальванічных элементаў няма тых рэчаў, якія могуць нашкодзіць навакольнаму асяроддзю. А ў звычайнай пальчыкавай батарэйцы ўтрымліваюцца — акрамя цынку — ртуць, свінец, волава, кадмій, нікель і магній. З даследаванняў вучоных вядома, што адзін “пальчык”, выкінуты на зямлю, здольны атруціць 1м3 глебы ці 400 літраў вады.
— Ці можна зрабіць ваш элемент меншым па аб’ёме, але пры гэтым больш энергаэфектыўным?
— Думаю, мяне зразумеюць не толькі фізікі: чым меншы памер пласцін, тым меншымі будуць магутнасць і ток крыніцы. Увогуле, для кожнага выпадку і месца выкарыстання элемента трэба падбіраць канкрэтныя параметры.
— Якім вы бачыце выкарыстанне элемента ў вытворчасці?
— Было б проста цудоўна, каб у нас для пачатку наладзілі выпуск пласцін, якія неабходны для функцыянавання батарэі гальванічных элементаў. Гэта і ёсць галоўная ідэя рацыяналізатарскай прапановы. Выкарыстоўвацца батарэі будуць у тым жа рэчышчы, што і пальчыкавыя батарэйкі. І тут вельмі важнае значэнне мае вынік: галоўнае, каб у Беларусі зразумелі, на што, з якой мэтай варта перапрацоўваць тоны не прыдатных для работы батарэек. У іх складзе знаходзіцца цынк, а яго, паўтаруся, можна прымяняць як другасную сыравіну. Але эканамічную эфектыўнасць трэба вылічваць на прадпрыемстве.
— Анатоль Аляксандравіч, якімі яшчэ кірункамі фізікі захапляецеся? І чаму вырашылі заняцца альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі?
— Кожны раздзел фізікі вельмі захапляльны. Напрыклад, у фізіцы элементарных часціц сёння адбываецца вельмі многа адкрыццяў. Шмат цікавага хавае за сабой і вывучэнне цёмнай энергіі. Тое, што астраномы знаходзяць планеты сярод аддаленых зорак пры дапамозе гравітацыйнага мікралінзіравання — гэта, між іншым, таксама фізіка. І, скажыце, як гэтым можна не цікавіцца?! Што тычыцца альтэрнатыўных крыніц энергіі, то імі, на маю думку, людзі павінны вельмі цесна заняцца ў найбліжэйшы час. І марудзіць з гэтым нельга і няма сэнсу. Для будучыні важна, што ўсё больш людзей гэта разумеюць ужо цяпер.
— Ці ёсць сярод вучоных-фізікаў тыя, хто вас натхняе? Напрыклад, Мікола Тэсла ці Томас Эдзісан?
— Вы як у ваду глядзелі. Томас Эдзісан — гэта мой кумір, прычым з самага дзяцінства. На яго рахунку даволі маштабны арсенал вынаходніцтваў. Эдзісана нават няма з кім параўнаць. Таму што толькі ён меў вялікую колькасць ідэй і ажыццяўляў іх. Ён, сусветна вядомы амерыканскі вынаходнік і прадпрымальнік, атрымаў толькі ў ЗША 1093 патэнты і каля 3 тысяч — у іншых краінах свету. Эдзісан удасканаліў тэлеграф, тэлефон, кінаапаратуру, распрацаваў адзін з першых камерцыйна паспяховых варыянтаў электрычнай лямпы напальвання. Ён жа стварыў фанограф. Вы не ўяўляеце, як мне, калісьці звычайнаму вучню, хацелася быць да яго падобным.
— Як лічыце, у якім кірунку у будучыні будзе развівацца электрычнасць, электразабеспячэнне?
— Я лічу, што павінна атрымаць шырокае распаўсюджанне альтэрнатыўная электрычнасць. На Зямлі ўжо існуюць цудоўныя распрацоўкі па сонечнай энергетыцы. Напрыклад, праекты, у аснове якіх вынас за межы Зямлі сонечных батарэй і перадача атрыманай энергіі назад, на Зямлю, пры дапамозе лазерных прамянёў. А колькі ёсць іншых знаходак! Але для таго, каб іх ажыццявіць, неабходны каласальныя сродкі і сумесная праца вучоных і інжынераў усіх краін свету. Толькі ніхто нічога не будзе рабіць да той пары, пакуль не знікнуць зямныя нетры. Чакаць, па вялікім рахунку, засталося не так ужо і доўга. І сведчаць пра гэта не толькі гістарычныя даныя, але і інтэнсіўнасць здабычы і спажывання вуглевадародаў. Іх у нас засталося не вельмі многа. Думаю, нават вадародныя рухавікі наўрад ці ў найбліжэйшыя гады змогуць дапамагчы. Тым не менш калісьці былі праведзены даследаванні над самалётам, які працаваў на вадародным рухавіку. Зараз пра яго ніхто не памятае. А хочацца, каб было наадварот, каб людзі сталі разважлівымі…
— Анатоль Аляксандравіч, ведаю, што вы працуеце і ў Гродзенскім абласным цэнтры турызму і краязнаўства, а таксама арганізоўваеце з вучнямі падарожжы па Беларусі.
— Так, у цэнтры я працую педагогам дадатковай адукацыі ўжо 27 гадоў. У дадатак да гэтага кірую турыстычным аб’яднаннем па інтарэсах. Увогуле, турызм — гэта маё захапленне яшчэ са школьнага часу. За плячыма ўжо 250 паходаў з адэльскімі дзецьмі. Гэта і падарожжы выхаднога дня, і двух-трохдзённыя экспедыцыі, а таксама катэгарыяльныя і ступенныя паходы. Што тычыцца мясцін, якія мы наведалі, то Беларусь мы вывучылі, можна сказаць, уздоўж і ўпоперак. Сем разоў былі на Нарачы і Блакітных азёрах, двойчы хадзілі на Браслаўскія азёры і па Брэстчыне. Таксама пашанцавала здзейсніць падарожжа з Пскоўскай вобласці Расіі на нашу цудоўную Расоншчыну. Акрамя гэтага, два разы арганізоўвалі тур па маршруце Наваельня — Навагрудак — возера Свіцязь — Наваельня і шмат іншых. Каля 150 навучэнцаў пабывалі са мной на поўдні Літвы, у Карпатах, Карэліі, а таксама на палярным Урале.
— Вы столькі ўсяго робіце для дзяцей! Напэўна, вашы творчыя ідэі і дасягненні маюць высокую ацэнку ў педагагічным акружэнні.
— Я люблю сваю працу. Мне падабаецца займацца з дзецьмі навукай і дзяліцца з імі вопытам. Аднак не магу дакладна сказаць, наколькі заўважнымі з’яўляюцца нашы дасягненні. Напрыклад, за 37 гадоў, на працягу якіх працую ў школе, у мяне ёсць тры граматы ад абласнога ўпраўлення адукацыі. Атрымліваецца, што мяне заўважалі раз у 10 гадоў. Увогуле, я лічу, што сапраўдны педагог не павінен быць абмежаваны толькі школай. У ідэале настаўнік павінен быць яркай і неардынарнай асобай, інакш ён будзе проста нецікавы дзецям.
Гутарыла Наталля ДУБІК.