Свет, прыдатны для жыцця дзяцей, павінен будавацца з іх удзелам. Гэта не наша ідэя. Гэта адно з рашэнняў Генеральнай Асамблеі ААН. Але менавіта гэтая ідэя пакладзена ў аснову сваёй прафесійнай дзейнасці педагагічным калектывам аддзела тэхнічнай творчасці і спорту Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, якому ў гэтым годзе спаўняецца 50 гадоў.
Свет, у якім мы жывём, мяняецца вельмі хутка пад уплывам навукова-тэхнічнага прагрэсу. І чым раней чалавек пачне цікавіцца тэхнічнай, навуковай дзейнасцю, тым хутчэй ён зойме заслужанае месца ў будучым грамадстве.
Заняткі тэхнічнай творчасцю, акрамя арганізацыі вольнага часу дзяцей, маюць грамадска карысную накіраванасць, спрыяюць прафесійнай арыентацыі, падрыхтоўцы да жыцця, сацыялізацыі, дапамагаюць маладому чалавеку не толькі выбраць прафесію, але і паспрабаваць сябе ў ёй.
Выстава — публічнае прадстаўленне дасягненняў дзяцей у тэхнічнай творчасці — дазваляе фарміраваць сацыяльную пазіцыю гурткоўцаў. Нават удзел у выставе падкрэслівае значнасць іх дзейнасці, а атрыманы вынік выклікае станоўчы эмацыянальны настрой як стымул для далейшай творчай актыўнасці.
У Мінску склалася пэўная сістэма работы па арганізацыі гарадскіх выстаў, якія праводзяцца раз у два гады. У адпаведнасці з палажэннем, пачатковы этап па адборы экспанатаў праводзіцца ў школах, ва ўстановах дадатковай адукацыі. Наступны этап — раённыя выставы, якія арганізоўваюць і праводзяць установы дадатковай адукацыі. Найлепш гэты этап быў арганізаваны ў Маскоўскім, Кастрычніцкім, Першамайскім, Савецкім, Цэнтральным раёнах.
На заключны этап, гарадскую выставу, дапускаюцца лепшыя работы, пераможцы і прызёры раённых выстаў, бо, акрамя выяўлення і падтрымкі таленавітых дзяцей і падлеткаў, выстава спрыяе папулярызацыі тэхнічнай творчасці, з’яўляючыся пляцоўкай для абмену вопытам. У 15 раздзелах выставы амаль 400 экспанатаў, што дазволіла прадставіць усе віды тэхнічнай творчасці, якія развіваюцца зараз у горадзе. У 10 намінацыях выставы для найлепшых экспанатаў, якія прэтэндуюць на перамогу, прадугледжана абарона работ навучэнцамі, дзе аўтары павінны раскрыць сутнасць творчай часткі сваёй распрацоўкі, прадставіць даклад, расказаць пра гісторыю прататыпа мадэлі, асаблівасці яе вырабу, тэхналогіі, якія прымяняліся, прадставіць чарцяжы і схемы. Абарона работы суправаджаецца прэзентацыяй. Найбольшую колькасць экспанатаў на выставу прадставілі МДПДіМ, Кастрычніцкі, Цэнтральны, Фрунзенскі і Першамайскі раёны.
Выставу адкрылі заўзятым сінхронным танцам папулярныя зараз робаты, якіх падрыхтавалі навучэнцы гуртка “Мехатроніка” педагога С.С.Прахаровіча, у мінулым навучэнца МДПДіМ, пераможцы і прызёра рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Паказальнае выступленне робата прадэманстраваў і студэнт БДТУ Дзмітрый Сідорчык. З прывітальным словам да ўдзельнікаў выставы звярнуліся дэкан БДТУ П.У.Шаліма і намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Н.М.Вялікая. А нажніцы для разразання стужкі юныя тэхнікі віртуозна даставілі з дапамогай верталёта.
Найбольшая колькасць экспанатаў прадстаўлена ў раздзеле “Суднамадэляванне”. Безумоўныя фаварыты тут суднамадэлісты МДПДіМ — 34 экспанаты стэндавых і плаваючых мадэляў. 1 месца ў класе стэндавых мадэляў заняў эсмінец “Флэтчар”, выкананы Васілём Міхайлавым. У класе плаваючых мадэляў 1 месца атрымаў карабель вікінгаў “Дракар”, які стварыў Іван Шаронаў. Абодва пераможцы — навучэнцы МДПДіМ (кіраўнік Н.У.Амбражэй).
На выставе найбольш папулярным і шматлікім па заяўленых экспанатах з’яўляецца раздзел “Пачатковае тэхнічнае мадэляванне”, дзе прадстаўлены работы дзяцей ва ўзросце да 10 гадоў. Тут пацвердзіў сваё лідарства Данііл Гудзім з МДПДіМ (кіраўнік Н.У.Вазнясенская), які прадэманстраваў макет “Служба ратавання”, ускладнены электроннай схемай са святлодыёдамі, прадставіўшы такім чынам свае веды і ўменні, атрыманыя ў гуртку “Праграміруемая цацка”. 1 месца заняў Данііл і ў раздзеле “Радыёэлектроніка і аўтаматыка” з работай “Калядная віктарына” (кіраўнік Я.У.Тарасаў).
На цяперашняй выставе прадстаўлены таксама работы, выкананыя разам з бацькамі пад дэвізам “Тата, мама, я — тэхнічная сям’я!” па тэматыцы “Мадэлі колавай і іншай тэхнікі ў тэхналогіі модульнага арыгамі”. Найлепшай прызнана работа “Самалёцік Дасці” Паўла Прашко з ЦДАДіМ “Кантакт” (кіраўнік Н.У.Каросцік). Асаблівасцю выставы ў гэтай намінацыі сталі мадэлі тэхнічнага напрамку і архітэктурныя збудаванні, вырабленыя з фанцікаў ад цукерак, шакаладу, вафель або пячэння. Найлепшай прызнана работа дзяцей з гуртка “Тэхнічнае арыгамі” МДПДіМ, якія пад кіраўніцтвам Н.У.Вазнясенскай вырабілі макет “Горад ласуноў”. Дзеці спадзяюцца, што іх фантастычную работу ацэняць на фабрыцы “Камунарка”.
У намінацыі “Аўтамадэляванне” прадстаўлены шырокі выбар машын спартыўнай мадыфікацыі. Лідарам і гэтым раздзеле з’яўляецца мадэль радыёкіруемага аўтамабіля “Рэно Меган”, работа Канстанціна Грынкевіча, і мадэль радыёкіруемага аўтапоезда Scania, створаная Даніілам Карповічам з МДПДіМ (кіраўнікі В.М.Вінцэк і Р.Р.Гудзь, пераможца гарадскога конкурсу маладых педагогаў). Прызавыя работы прадставілі Назар Дзем’яновіч і Уладзіслаў Баладаў з ЦТТДіМ Фрунзенскага раёна (кіраўнік І.А.Дрозд).
У экспазіцыі раздзела “Авіямадэляванне” 1 месцам адзначана радыёкіруемая мадэль “Саюз-500” для паветранага бою Антона Мамчыца з МДПДіМ (кіраўнік В.М.Заграбельны).
У намінацыі “ТэхнаАрт”, якая набыла папулярнасць сярод удзельнікаў і наведвальнікаў з папярэдняй выставы, дастойнае месца займаюць работы навучэнцаў ЦДАДіМ “Кантакт” пад кіраўніцтвам Н.С.Грэбень, а найлепшым прызнаны экспанат “Рыба падвесная” Аляксандра Аўсеяца з МДГКІ Цэнтральнага раёна (кіраўнік А.А.Савелічава).
У раздзеле “Ваенна-гістарычнае макетаванне” добрае ўражанне пакідаюць усе работы: і цяжкі танк “Тыгр”, і самаходная ўстаноўка “Элефант” Максіма Вашкевіча (ЦДАДіМ “Вікторыя”, кіраўнік С.У.Кавалёнак), і танк Т-54 Мікіты Кавалеўскага. Але па-за конкурсам панарама “Вораг не прайшоў. Цяпер на Захад” Аляксея Барташэвіча. Абедзве работы навучэнцаў ЦДАДіМ “Маяк” (кіраўнік А.Я.Ермакоў). Каштоўнасць работы Аляксея ў тым, што панарама адлюстроўвае рэальны гістарычны ўчастак абароны Масквы і рэальныя падзеі, якія адбываліся ў 1941 годзе.
У раздзеле “Канструяванне і рэканструкцыя тэхнікі” прадстаўлены рэканструяваныя матацыклы “Мінск М1А” (першы беларускі байк) і “Мінск М103”. Каштоўнасць іх у тым, што гэта першыя мадэлі, выпушчаныя на мінскім заводзе ў 1952 і 1962 гадах. Рэканструкцыю правялі кадэты МДКВ Першамайскага раёна Мікалай Казлоў, Арцём Лазарчык, Дзмітрый Несцяровіч, Мікіта Лемішоў пад кіраўніцтвам педагога А.М.Цікунова. Экспазіцыю выставы ўпрыгожвае таксама прадстаўленая МДКВ форма салдат — воінаў Другой сусветнай вайны: 1939, 1943, 1945 гг. А найлепшай прызнана работа “Ганчарны круг” Уладзіслава Якубенкі і Арцёма Арцем’ева, навучэнцаў гімназіі № 146, якую можна выкарыстоўваць у гуртках дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
У экспазіцыі раздзела “Радыёэлектроніка і аўтаматыка” ключавыя пазіцыі занялі работы навучэнцаў лабараторыі “Радыёэлектроніка” МДПДіМ. Цікавыя экспанаты, адзначаныя 1 месцам, на выставу прадставілі навучэнцы гімназіі № 29 Цэнтральнага раёна Міхаіл і Марыя Жырко, Аляксандр Дубавіцкі, пераможца і прызёр рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў (кіраўнік — настаўнік фізікі Н.Н.Бікбулатаў). Работы “Вымяральнік тэмпературы і вільготнасці” і “Універсальны робат Альтрон” маюць практычнае прымяненне. Упершыню ўдзел у выставе прынялі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа. Заслугоўвае ўвагі экспанат “Святлодыёдны куб 8х8х8” Паўла Чынава.
У раздзеле “Вучэбна-наглядныя дапаможнікі” практычную значнасць мае “Светлавая скрыня для малявання пяском” Рамана Гусарава, вучня сярэдняй школы № 78 Савецкага раёна (кіраўнік М.Я.Ханыкаў). “Прыбор для дэманстрацыі гіраскапічнага эфекту” Віталя Ліпніцкага і Мікіты Шчэрбы, навучэнцаў гімназіі № 146 Маскоўскага раёна (кіраўнік — настаўнік фізікі і тэхнічнай працы С.В.Паўлоўскі) — добры наглядны дапаможнік пры вывучэнні з’явы, якая назіраецца ў цел, што круцяцца.
Раздзел “ТэхнаРэтра”, у якім сабраны найлепшыя экспанаты папярэдніх выстаў, прадстаўлены шматлікімі работамі навучэнцаў гуртка “Майстар” гімназіі № 146 Маскоўскага раёна (кіраўнік — С.В.Паўлоўскі). Навучэнцы гімназіі неаднаразова былі прызёрамі і пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. У наведвальнікаў выставы вялікай папулярнасцю карыстаецца “Трэнажор — вымяральнік хуткасці рэакцыі чалавека”, выраблены вучнямі гімназіі. Прыбор прызначаны для кантролю і развіцця хуткасці рэакцыі чалавека.
Работы ў раздзеле “Творчасць педагогаў і былых гурткоўцаў”, створаныя прафесіяналамі, з’яўляюцца ўзорам для навучэнцаў. Практычную значнасць маюць дзеючы “Электрамабіль” М.В.Магдалава, педагога ЦДАДіМ “Кантакт”, з дапамогай якога юныя гурткоўцы вывучаюць Правілы дарожнага руху, “Радыёлабараторыя ў чамадане” П.П.Карповіча з МДПДіМ. Былыя гурткоўцы, а цяпер работнікі палаца Сяргей Прахаровіч і Павел Багданчук прадставілі “Аўтаматычнага пажарнага робата М1” і “Робата, які выконвае каманды, дадзеныя голасам”. Хлопцы — пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Актыўны ўдзел у гарадскіх выставах прымаюць настаўнікі тэхнічнай працы А.У.Кірушкін — сярэдняя школа № 207, А.Н.Квятко — гімназія № 10, Г.Э.Кокар — сярэдняя школа № 181 і А.І.Кіршын — сярэдняя школа № 215.
Па выніках выставы будзе сфарміравана дэлегацыя для ўдзелу ў конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя” і ў Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”.
Валерый КАНОНЧЫК,
загадчык аддзела тэхнічнай творчасці і спорту МДПДіМ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.