Тэхнічная творчасць — выхаванне справай

Ужо 49 гадоў у Мазыры працуе Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. За гэты час не раз мяняліся яго назвы. Нязменнай заставалася толькі работа педагогаў дадатковай адукацыі, якая для нас з’яўляецца працягам выхаваўчага працэсу, што бярэ свой пачатак на ўроку. Заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах не толькі адводзяць дзяцей ад пустога правядзення часу, але і выхоўваюць справай.

Амаль юбілейная дата абавязвае падвесці пэўныя вынікі работы цэнтра. З пункту гледжання часавай гісторыі 49 гадоў — тэрмін невялікі, але за гэтыя гады калектывам зроблена вялікая работа па прапагандзе навукова-тэхнічных ведаў, развіцці сеткі тэхнічных, спартыўна-тэхнічных аб’яднанняў па інтарэсах.
Дырэктарам цэнтра з’яўляецца Валерый Аляксеевіч Кольчанка. Пад яго кіраўніцтвам цэнтр сёння выглядае настолькі ўтульным і цёплым, што, трапіўшы сюды, адразу адчуваеш атмасферу творчасці і дабрыні. Каб ахапіць тэхнічнай творчасцю як мага больш навучэнцаў раёна, педагогі цэнтра працуюць у клубах па месцы жыхарства, на базах школ. Вучэбна-выхаваўчы працэс ажыццяўляюць педагогі дадатковай адукацыі. У нашым цэнтры яны не выпадковыя людзі, а тыя, хто свае ўменні, багаты вопыт аддае дзецям. Любоў да іх, чуласць, творчасць дапамагаюць педагогам стварыць атмасферу супрацоўніцтва, захапіць навучэнцаў работай, жаданнем даведацца як мага больш пра навакольны свет.
Для задавальнення рознабаковых інтарэсаў навучэнскай моладзі ў цэнтры арганізавана работа спартыўна-тэхнічных гурткоў па трох напрамках (суднамадэлізм, трасавы аўтамадэлізм, юны матацыкліст); падрыхтоўча-тэхнічных гурткоў па трох напрамках (стэндавы мадэлізм, пачатковае тэхнічнае мадэляванне і канструяванне, тэхнічнае мадэляванне і канструяванне); гурткоў навукова-тэхнічнай творчасці і інфармацыйных тэхналогій па двух напрамках (радыёэлектроніка і камп’ютар, інфарматыка і праграмаванне).
Ёсць людзі, якія многія гады захоўваюць у сваёй душы адданасць адной справе. У Мазырскім цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі працуе менавіта такі педагог дадатковай адукацыі вышэйшай катэгорыі майстар спорту Рэспублікі Беларусь па аўтамадэлізме Аляксандр Пятровіч Філіпцоў. Зборная каманда аб’яднанняў па інтарэсах штогод удзельнічае ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па трасавым аўтамадэлізме. Мазырскі цэнтр тэхнічнай творчасці мае 30-метровую аўтатрасу, пабудаваную сіламі работнікаў цэнтра. У студзені на зімовых канікулах традыцыйна праводзяцца раённыя спаборніцтвы, прысвечаныя Дню вызвалення Мазыра ад фашысцкіх захопнікаў.
Першай прыступкай у авалоданні тэхнічнымі навыкамі з’яўляюцца аб’яднанні па інтарэсах пачаткова-тэхнічнага мадэлявання. Педагогі дадатковай адукацыі В.А.Чырыч, А.Г.Гарашын, А.Л.Васіленка, Т.М.Казлова, А.В.Каралёк, В.А.Спірыдонава прымяняюць у рабоце сучасныя тэхналогіі. Заняткі ў іх аб’яднаннях па інтарэсах развіваюць прасторавае мысленне, мастацкі густ, фарміруюць у навучэнцаў пачатковыя політэхнічныя веды і ўменні. З даступных матэрыялаў дзеці вырабляюць найпрасцейшыя мадэлі самалётаў, караблёў, машын.
Вялікай папулярнасцю карыстаюцца аб’яднанні па інтарэсах інфарматыкі і праграмавання пад кіраўніцтвам педагогаў дадатковай адукацыі М.Ф.Пархоменка, В.П.Мароз і А.А.Карповіч. Дзеці вучацца правільна паводзіць сябе, выказваць све думкі, абараняць перакананні.
Клуб “Юны байкер” паспяхова працуе з 1 верасня 2011 года пад кіраўніцтвам В.А.Кольчанкі. Навучэнцы клуба прымаюць актыўны ўдзел у адкрытых спаборніцтвах па юнацкім мнагаборстве ў Гомелі сярод навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі, у адкрытых спаборніцтвах па скорасным манеўраванні на матацыкле “СтартДрайв” у Мінску. Дзеці з цікавасцю вывучаюць Правілы дарожнага руху і вучацца практычнаму ваджэнню матацыкла.
Навучэнцы суднамадэльнага гуртка пад кіраўніцтвам А.М.Ядчанка з’яўляюцца пастаяннымі прызёрамі абласных спаборніцтваў па суднамадэльным спорце. На занятках дзеці асвойваюць уменне канструявання разнастайных тыпаў суднаў, вывучаюць і прымяняюць розныя сістэмы кіравання мадэлямі на адлегласці. Асноўны напрамак аб’яднання па інтарэсах — выраб плаваючых мадэлей — копій суднаў.
Мне пашчасціла кіраваць аб’яднаннем па інтарэсах “Стэндавы мадэлізм”. Свой талент, уменне і майстэрства стараюся перадаць навучэнцам. Для мяне важна, каб дзеці вывучалі гісторыю флоту, авалодвалі тэхналогіяй пабудовы мадэлей караблёў, набывалі навыкі работы з інструментамі. Дзеці вельмі хутка дасягаюць такога ўзросту, калі ім хочацца паказаць сябе, быць самастойнымі, мець аўтарытэт сярод сяброў, бацькоў. Не толькі таму, што мама і тата іх любяць, а таму, што іх ёсць за што паважаць.
Я вучу дзяцей стэндаваму мадэляванню. Гэта складаная і карпатлівая работа, якая патрабуе ад дзіцяці ўседлівасці, канцэнтрацыі, дакладнасці, пастаяннай самаматывацыі, бо выраб мадэлі зацягваецца на працяглы тэрмін. Для гэтага патрэбна сапраўдная захопленасць. Прымяненне ў рабоце сучасных матэрыялаў і найноўшых тэхналогій, выкарыстанне сучасных методык навучання дазваляюць на працягу многіх гадоў займаць прызавыя месцы не толькі на раённым, абласным, рэспубліканскім, але і на міжнародным узроўні.
Адно з апошніх дасягненняў нашага аб’яднання па інтарэсах — гэта перамога на XVI адкрытым абласным конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект”, дзе мой вучань Міхаіл Сасаюк заняў 1 месца. Міхаіл з’яўляецца двухразовым пераможцам рэспубліканскай выставы па тэхнічнай творчасці, пастаянным пераможцам раённай і абласной выставы тэхнічнай творчасці, удзельнікам Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Свет дзяцінства” і г.д.
У Мішы часта пытаюцца, чым з’яўляецца для яго стэндавы мадэлізм.
“Уявіце ў сябе ў кватэры карабель з гарматамі, парусамі, камандай, падсвечаны лямпамі, — хіба не чароўна? — усміхаецца мой вучань. — Святлана Рыгораўна вучыць нас марыць і ўвасабляць мары ў жыццё, паверыць у свае сілы, стаць самастойнымі. Кожны робіць карабель для сябе, каб яго твор пражыў разам з ім, радаваў усіх. У кожнага карабля свая гісторыя, свае асаблівасці”.
У аб’яднанне па інтарэсах “Стэндавы мадэлізм” прыходзяць займацца як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. У студзені 2015 года Настасся Федарэнка заняла 2 месца ў раённым конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці, дзе Міхаіл Сасаюк, Уладзімір Небарачка, Жэня Шацко, Дзмітрый Касцянка выстаўляюць свае мадэлі караблёў. У маі будуць падведзены вынікі і аб’яўлены пераможцы.
Задачамі педагогаў нашага цэнтра з’яўляюцца выяўленне і развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў, любові і творчых адносін да працы, абуджэнне цікавасці да навукі і тэхнікі, дапамога ў выбары будучай прафесіі.
Так, Саша Бабрэнка паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Улад Матчэня — у Мазырскі дзяржаўны політэхнічны каледж, Дзіма Патапенка — у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Думаю, іншыя гурткоўцы таксама звяжуць сваё жыццё з тэхнікай. У любым выпадку веды, атрыманыя на занятках, спатрэбяцца ім у жыцці.

Святлана СЛІВА,
метадыст Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.