Усяго 4 гадзіны на сон і амаль 20 гадзін у суткі бесперапыннай інфармацыі, новых знаёмстваў, абмену вопытам, абмеркавання актуальных пытанняў развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі турыстычна-краязнаўчага профілю — усё гэта своеасаблівы педагагічны марафон “Мінск — Бранск” працягласцю ў тры дні і амаль паўтары тысячы кіламетраў. Калі гаварыць больш афіцыйна, то гэта выязны семінар па праграме прафесійнай мабільнасці, які праводзіўся Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, упраўленнем адукацыі Бранскай гарадской адміністрацыі, Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства і Цэнтрам дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій Бранска з 13 па 15 сакавіка.
Радасная сустрэча
Для сяброўства, як вядома, не існуе межаў. А для сяброўства турыстычнага — тым больш, бо што такое некалькі соцень кіламетраў для людзей, аб’яднаных любоўю да паходнай рамантыкі? Зусім нічога, гэта так, драбяза: усяго паўдня ў аўтобусе. А непрадбачаныя сітуацыі, якія проста не маглі не здарыцца з намі ў пятніцу 13-га, сталі звычайнай дарожнай прыгодай, якая крыху адцягнула сустрэчу з бранскімі калегамі, зрабіла яе больш радаснай.
І ўсё ж не толькі дзеля сяброўскіх усмешак і добрага настрою праграму прафесійнай мабільнасці “Сістэма дадатковай адукацыі дзяцей турыстычна-краязнаўчага профілю: перспектывы, развіццё, прафесіяналізм” было вырашана рэалізаваць менавіта ў гэтым расійскім рэгіёне. Калектывам Цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій Бранска, настаўнікамі вобласці назапашаны вялізны вопыт работы з навучэнскай моладдзю. Ды не проста вялізны, а яркі, адметны, сучасны, актуальны. Таму праз Чэрвень, Беразіно, Магілёў, Крычаў, Клімавічы, Рослаўль, Оўстуг мы спяшаліся да берагоў Дзісны ў госці да прафесіяналаў, якім было што паказаць і пра што расказаць.
Нам расказвалі — і мы ўважліва слухалі, нам паказвалі — і мы ўважліва глядзелі. Пры гэтым задавалі дадатковыя пытанні, дзяліліся ўражаннямі. Праграма прафесійнай мабільнасці ўключала не толькі знаёмства з гісторыка-культурнай і прыроднай спадчынай Бранскай вобласці, вопытам расійскіх педагогаў, але і абмеркаванне актуальных пытанняў (а іх узнімалася вялікая колькасць) развіцця дзіцячага турызму і краязнаўства. Таму наш марафон можна ўмоўна раздзяліць на два этапы. Абмеркаванне праблемных пытанняў пакінем на адзін з красавіцкіх нумароў “Настаўніцкай газеты”, а пакуль што сядаем у аўтобус — і наперад, на знаёмства з гасціннай і амаль беларускай Браншчынай.
Амаль Беларусь
Да бранскай зямлі ў беларусаў асаблівыя адносіны. Па-першае, многія нашы землякі праславілі гэты край прафесійнай дзейнасцю, подзвігамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па-другое, паміж многімі ўстановамі адукацыі Бранскай і суседніх Гомельскай і Магілёўскай абласцей наладжаны даўнія сяброўскія адносіны. Што і гаварыць, калі гарадамі-пабрацімамі Бранска з’яўляюцца Мінск, Магілёў і Гомель. Па-трэцяе, яшчэ з падручнікаў па гісторыі вядома, што мы калісьці жылі ў адной дзяржаве, а ў гаворцы старых жыхароў Браншчыны і да сённяшняга часу гучыць звонкае “дзе” і густое “чаго”.
Нават далягляды падобны да беларускіх. Амаль тыя ж узгоркі, тыя ж палі, тыя ж бярозкі. Амаль… І ўсё ж не такія… Мы любім называць некаторыя куточкі нашай зямлі беларускай Швейцарыяй. Аднак на Браншчыне гэтае падабенства яшчэ больш відавочнае, асабліва ў абласным цэнтры. Думаю, не памылюся, калі скажу, што Бранск — самы ўзгорысты горад на прасторах СНД. Перамяшчэнне па яго звілістых вулачках падобна на знакаміты атракцыён “Супер-8”, а паркавацца на яго схілах — гэта наогул найвышэйшы вадзіцельскі пілатаж. Таму нядзіўна, што горад з насельніцтвам амаль у пяць разоў меншым, чым Мінск, мы перасякалі на аўтобусе паўтары гадзіны. Што ні вуліца, то назіральная пляцоўка, з якой адкрываюцца бясконцыя прасторы цэнтральнай Расіі. Тут неяк самі па сабе ўзгадваюцца знакамітыя словы Фёдара Іванавіча Цютчава, што Расію “аршином общим не измерить”.
Дарэчы, менавіта з наведвання радавой сядзібы Цютчавых, экскурсіі па мемарыяльным гісторыка-літаратурным музеі-запаведніку “Оўстуг” і пачалося наша знаёмства з адметнасцямі Бранскай зямлі. Не буду падрабязна расказваць пра біяграфію славутага ўраджэнца Браншчыны, бо лепш за музейшчыкаў-аўстужан гэта ніхто не зробіць. Хочацца адзначыць усяго адзін факт. Толькі ў канцы экскурсіі мы даведаліся, што сядзібны дом не арыгінальны. Ён быў адноўлены ў 1986 годзе па старых чарцяжах. Шчыра кажучы, мы б гэтага і не заўважылі, бо, дзякуючы зацікаўленасці і прафесіяналізму супрацоўнікаў мемарыяльнага музея, дом удалося напоўніць атмасферай даўніны. На жаль, у нас часцей за ўсё бывае наадварот: старадаўнія сядзібы, палацы пасля рэканструкцыі ператвараюцца ў крыўднае для музейшчыкаў слова “навадзел”.
Нярэдка Бранск параўноўваюць з Будапештам. Як і сталіца Венгрыі, якая атрымала сучасную назву пасля аб’яднання Буды і Пешта, Бранск утварыўся пасля далучэння да яго ў 1956 годзе горада Бежыцы. Цяпер гэта адзін з чатырох раёнаў абласнога цэнтра. Менавіта тут, у сярэдняй школе № 11 прайшоў адкрыты дыялог з прэзентацыяй работы музеяў Бранска, абмеркаваннем перспектыўных кірункаў развіцця музейнай справы.
Праекты памяці
З некалькіх тысяч школьных музеяў Беларусі і Расіі музеі баявой славы займаюць пачэснае месца, а ў юбілейны год Вялікай Перамогі яны выконваюць асаблівую выхаваўчую ролю. Гэтыя словы актуальныя і для Бранскай вобласці, бо Браншчына, як вядома, партызанскі край, да таго ж адзін з франтоў у гады Вялікай Айчыннай вайны насіў назву Бранскі. Забягаючы крыху наперад, скажу наступнае: бранскім педагогам можна па-добраму пазайздросціць. Аказваецца, у іх музеях не праводзілася аперацыя кшталту “Арсенал”, таму яны могуць спакойна паказваць сваім вучням рэшткі зброі, рабіць свой аповед больш цікавым і разнастайным. І яшчэ: трагічных выпадкаў падчас экскурсій у сувязі з наяўнасцю небяспечных, як лічаць у нас, экспанатаў не заўважана.
Экспазіцыі многіх музеяў баявой славы (асабліва тых, што дзейнічаюць не адзін дзясятак гадоў) ужо рэдка папаўняюцца ўнікальнымі экспанатамі: усё, што можна было сабраць, даўно сабрана. У той жа час не трэба забываць пра наступнае: ветэраны, сведкі ваенных падзей імкліва адыходзяць ад нас, таму актуальнай і надзённай формай работы вучняў-экскурсаводаў і настаўнікаў-музейшчыкаў з’яўляецца сустрэча з такімі людзьмі, а таксама работа над сацыяльнымі праектамі. Гэтым і займаюцца бранскія настаўнікі, у прыватнасці, калектыў сярэдняй школы № 13. 40 гадоў тут дзейнічае музей імя Героя Савецкага Саюза, лётчыка-паўночнаморца, ураджэнца Гомеля Ільі Барысавіча Катуніна.
— Праектаванню, у тым ліку сацыяльнаму, сёння ўдзяляецца вялікая ўвага ў сістэме адукацыі як Расіі, так і Беларусі. Гэта асаблівы від дзейнасці, які дазваляе вучням атрымаць кампетэнцыі, неабходныя для ўсебаковага развіцця. Праходзячы этапы праектавання, дзеці становяцца сацыяльна актыўнымі, разумеюць сваё месца і ролю ў сучасным грамадстве. Нашым музеем рэалізавана шэсць сацыяльных праектаў, тры з якіх маюць патрыятычную накіраванасць. Выбраць тэму для праекта няпроста. У 2011 годзе для выбару ў нас было шмат праблем. Гэта і цёмныя, слабаасветленыя двары нашых вуліц, і не вельмі прывабны выгляд узгорка, на якім знаходзіцца школа, і вялікія пусткі, дзе можна размясціць спартыўныя пляцоўкі, і дрэнныя падыходы да школы. Вырашаць названыя праблемы, безумоўна, варта. Аднак удзельнікі маёй творчай групы ў першую чаргу імкнуцца рэалізаваць музеязнаўчыя праекты, якія прынеслі б карысць не толькі школе, але і землякам. Адзін з такіх праектаў — “Вуліца імя героя”, — дзеліцца кіраўнік музея Галіна Аляксандраўна Пермякова.
Тэма для праекта была выбрана не выпадкова. Аднойчы настаўніца разам з вучнямі прагульваліся па вуліцы імя Катуніна, што ў суседнім пасёлку Акцябрскі. Краязнаўцы вырашылі пацікавіцца ў мясцовых жыхароў, ці ведаюць яны, хто такі Катунін. Адказы былі несуцяшальнымі, таму калектыў 13-й школы вырашыў захаваць памяць пра подзвіг паўночнаморскага лётчыка для сучасных і будучых пакаленняў. Сабраны ў школе матэрыял акумулявалі і перадалі ў грамадскую бібліятэку. А потым пачалася работа над стварэннем памятнай шыльды. Яе вырашылі ўсталяваць на адным з дамоў па вуліцы Катуніна.
— Разбіўшыся на групы, што адпавядае прынцыпу сацыяльнага праектавання (групы сацыёлагаў, аналітыкаў, правазнаўцаў і экспертаў), мы пачалі з вучнямі работу над праектам. Для пачатку вырашылі даведацца ў жыхароў вуліцы, ці ведаюць яны пра подзвіг Катуніна і ці трэба ўвекавечыць памяць пра яго ў пасёлку Акцябрскі? Дарэчы, вынікі апытання рэкамендуем афармляць у выглядзе дыяграмы, тады яны лёгка чытаюцца, зручныя ў разуменні. Перапіска, размовы па тэлефоне — таксама прымальныя формы работы. Аднак часцей за ўсё мы звяртаемся да індывідуальнай гутаркі. Любы праект — гэта сродкі, якія мы збіраем арганізуючы кірмашы, канцэрты, збор макулатуры.
У якасці спонсараў выступаюць і бацькі вучняў. Інфармацыйная шыльда ўсталёўвалася падчас урачыстай лінейкі, на якой прысутнічалі прадстаўнікі адміністрацыі раёна, аэраклуба імя Паўла Міхайлавіча Камозіна, прадстаўнікі школ, ветэраны пасёлка Акцябрскі. Права адкрыць шыльду прадаставілі ўнуку лётчыка Міхаілу Міхайлавічу Камозіну і яго праўнучцы Дар’і, якая вучыцца ў нашай школе, — расказвае настаўніца.
Форма сацыяльнага праектавання настолькі прыжылася ў горадзе, настолькі запатрабавана, што апошнія гады ў загарадным аздараўленчым муніцыпальным лагеры “Арляня” праводзіцца профільная змена працягласцю 21 дзень, дзе адпачывае каля 210 дзяцей з розных раёнаў вобласці — найбольш актыўныя ўдзельнікі сацыяльнага праектавання. Вынікам змены становіцца стварэнне сацыяльнага праекта для канкрэтнага лагера.
— Асаблівасць работы над лагерным праектам у тым, што вучні знаходзяцца ў своеасаблівай замкнутай прасторы, дапамогі чакаць няма адкуль, спонсараў знайсці немагчыма. Аднак гэта спрыяе яшчэ большаму раскрыццю дзіцячых талентаў. Напрыклад, намі быў рэалізаваны праект па ўстаноўцы інфармацыйнага слупа з указальнікамі аб’ектаў лагера. А нядаўна мы аднавілі сцэну лагера. Гэты вопыт, лічу, варты пераймання, — адзначае Галіна Аляксандраўна Пермякова.
Паветраны піяніст
Актыўны ўдзел у сацыяльным праектаванні прымае і калектыў сярэдняй школы № 11 Бранска. Адно з цэнтральных месцаў у выхаваўчай рабоце ўстановы адукацыі займае дзейнасць мемарыяльнага музея двойчы Героя Савецкага Саюза, лётчыка-аса, лётчыка-легенды Паўла Міхайлавіча Камозіна.
— 17 верасня 1982 года, у дзень вызвалення Браншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Павел Міхайлавіч перарэзаў чырвоную стужку і на ўрачыстай лінейцы было аб’яўлена аб адкрыцці музея. Ён перадаў нам вялікую колькасць экспанатаў, свае асабістыя рэчы, падарункі. Пасля вайны ён часта прыходзіў у школу, сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі, расказваў пра свае баявыя будні. Праз год пасля адкрыцця экспазіцыі Паўла Міхайлавіча не стала. Здаецца, яшчэ б крыху — і музея магло не быць, мы б не змаглі перадаваць дзецям тыя веды, якія перадаў нам легендарны лётчык. А расказваць і перадаваць дзецям гэтыя веды мы павінны хаця б дзеля таго, каб больш не было вайны, бо вайна — гэта самае страшнае, што можа быць у жыцці чалавека, у жыцці грамадства, — гаворыць кіраўнік музея Наталля Эдуардаўна Нікеенка.
Дзве зоркі героя… Яны проста так не даюцца. У Паўла Міхайлавіча іх магло быць і тры, аднак ён да гэтага не імкнуўся і лічыў, што ўсе яго саслужыўцы — героі. Таму самалёты, якія збіваў Павел Міхайлавіч, часта запісваліся на рахунак членаў яго эскадрыллі. Была ў Паўла Міхайлавіча і свая тактыка вядзення бою. Ён вызначаў самага вопытнага лётчыка і намагаўся адцягнуць яго ад сваіх хлопцаў, на вялікай хуткасці пікіраваў і на мінімальнай адлегласці прашываў корпус варожага самалёта, падымаўся ўгару. За гэта нямецкія лётчыкі празвалі яго паветраным піяністам. Так за адзін бой ён мог збіць тры варожыя самалёты. Вядомы і паядынак Паўла Міхайлавіча з нямецкім лётчыкам-асам Германам Графам. У школе прадстаўлена панарама гэтага бою. Павел Міхайлавіч робіць мёртвую пятлю і прашывае нямецкі самалёт, аднак канчаткова не збівае, дорыць Герману Графу жыццё. Пасля вайны Граф быў у канцлагерах. Калі выйшаў, стаў паслом міру. У Маскве ён сустракаўся з Гагарыным і ў размове ўзгадваў, што сваё адзінае паражэнне ў баі пацярпеў ад савецкага лётчыка. Дарэчы, Гагарын доўгі час перапісваўся з Камозіным. У музеі захоўваецца ўнікальны здымак, на якім Юрый Гагарын стаіць разам з Паўлам Камозіным на кухні яго кватэры.
Партызанскі край
Браншчыну нездарма называюць партызанскім краем. Нават гімнам вобласці з’яўляецца гераічная песня “Шумеў сурова бранскі лес”. Больш за 60 тысяч чалавек змагаліся тут у партызанскіх атрадах. Акупанты часта ладзілі карныя аперацыі. Падчас адной з іх 25 кастрычніка 1941 года былі расстраляны жыхары вёскі Хацунь — сястры беларускай Хатыні. У 2011 годзе ў дзень трагедыі на яе месцы быў адкрыты мемарыял. Пра трагічныя і ў той жа час мужныя старонкі гісторыі Браншчыны нагадвае і мемарыяльны комплекс “Партызанская паляна”. Ён быў адкрыты 17 верасня 1969 года. Адпаведнае рашэнне прынята восенню 1968 года на сустрэчы былых партызан. Менавіта на гэтую лясную паляну, якая некалі называлася Чырвонай, бо тут квітнела чырвоная канюшына, у жніўні 1941 года прывёў рабочых і служачых бранскіх заводаў сакратар бранскага гаркама партыі Дзмітрый Яфімавіч Краўцоў.
Складана вылучыць галоўны аб’ект мемарыяльнага комплексу. І сцяна памяці, і цэнтральны абеліск, і Музей гісторыі партызанскага руху на Браншчыне, і бюсты партызан — герояў Савецкага Саюза, і рэканструкцыя партызанскіх зямлянак, і экспазіцыя ваеннай тэхнікі — усе яны вартыя ўвагі. Плошча мемарыяльнага комплексу вялікая, таму экскурсія будзе доўжыцца некалькі гадзін. І яшчэ, што асабліва ўразіла, — гэта надпіс на гранітнай сцяне каля Вечнага агню: 29 чэрвеня — Дзень партызан і падпольшчыкаў. У Расіі ён ужо адзначаецца, у нас толькі выказваюцца прапановы.
Браншчына — партызанскі край, Беларусь — партызанскі край. Гэтыя словы чырвонай ніткай праходзяць праз многія выхаваўчыя мерапрыемствы, якія ладзяцца як беларускімі, так і расійскімі настаўнікамі. Таму адпаведны вопыт бранскіх педагогаў па ўшанаванні памяці партызан і падпольшчыкаў, безумоўна, варты ўвагі. Сярод асноўных форм работы — арганізацыя інтэрактыўных гульняў і распрацоўка экскурсійных маршрутаў. Узяць, напрыклад, “Фотаквест” — своеасаблівую інтэрактыўную гульню. Кожнай камандзе, якая можа складацца з рознай колькасці людзей, даецца два аркушы паперы. На адным знаходзіцца карта мемарыяльнага комплексу, на якой у кружочкі абведзены аб’екты і каля іх пастаўлены лічбы. На другім аркушы змешчаны фотаздымкі аб’ектаў, каля кожнага — пэўная літара. Удзельнікам гульні трэба вызначыць, якія аб’екты, змешчаныя на фотаздымках, абведзены ў кружочкі, а на спецыяльнай табліцы ўпісаць пад лічбамі літары.
Такія гульні з’яўляюцца неад’емнай часткай многіх экскурсій, праектаў, распрацаваных супрацоўнікамі Цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій Бранска. Адзін з такіх праектаў — “Партызанскімі сцяжынамі” — арганізаваны з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі. Па словах загадчыцы інфармацыйна-масавага аддзела Галіны Барысаўны Панінай, гэта двухдзённы маршрут па месцах партызанскай славы. Першы пункт — мемарыяльны комплекс “Партызанская паляна”, на якім праводзіцца гульня “Партызанская каманда”, што складаецца з 36 этапаў (“Кактэйль Молатава”, “Мініраванне”, “Размініраванне” і г.д.). Сярод іншых аб’ектаў — комплекс “Хацунь”, краязнаўчы музей гарадскога пасёлка Наўля, дзе знаходзіцца легендарны партызанскі дуб. На маршруце шмат аб’ектаў, і да кожнага з іх распрацаваны ролевыя інтэрактыўныя гульні.
Супрацоўнікі цэнтра лічаць прынцыпова важным уключаць у маршруты школьныя музеі, бо ў іх захоўваюцца каштоўныя экспанаты. Папулярнасцю сярод бранскіх настаўнікаў і вучняў карыстаецца музычна-гістарычная кампазіцыя “Той, які не страляў” у выкананні барда Сяргея Кускова. Гэта цікавая, эмацыянальная, яркая праграма, падчас якой расказваецца пра ваенныя падзеі не толькі з дапамогай гітары, але і фотаздымкаў, якія дэманструюцца на вялікім экране. Песні на ваенную тэматыку гучаць не толькі ў школьных кабінетах, актавых залах, але нярэдка і ў летніках каля вечаровага вогнішча.
— Кожны з нас ведае, як важна правільна, прафесійна расказаць дзецям пра вайну, па-майстэрску падабраць матэрыял, патрэбныя словы, аргументы, фотаздымкі. Педагогі, якія праслухалі кампазіцыю, адзначаюць, што яна трапляе ў самае сэрца, кранае патаемныя куточкі душы. Важна і тое, што дзецям становіцца зразумелым сэнс назвы кампазіцыі. Той, які не страляў, — гэта, аказваецца, мы, тыя, хто карыстаецца вынікамі сучаснага мірнага жыцця. А стралялі яны — тыя, пра каго мы павінны памятаць. Калі гэтую думку выказваюць дзеці, то педагог не можа не радавацца. У рабоце па грамадзянска-патрыятычным выхаванні мы звяртаемся да розных форм, але, думаю, ніхто не будзе аспрэчваць той факт, што ўсяго за гадзіну, на працягу якой доўжыцца кампазіцыя, дасягаецца эфект, на які мы, дарослыя, нярэдка трацім месяцы, а то і гады, — дзеліцца дырэктар Цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій Бранска Барыс Уладзіміравіч Бялоў.
“Не бывай”, а “Да пабачэння”
З гэтымі словамі нельга не пагадзіцца, як нельга не пагадзіцца і з дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аленай Уладзіміраўнай Ануфровіч. На падвядзенні вынікаў своеасаблівага педагагічнага марафону яна справядліва адзначыла, што, нягледзячы на насычаную праграму семінара, ні адзін яго ўдзельнік не сышоў з дыстанцыі, а прайшоў марафон да канца. Таму кожны ў якасці ўзнагароды атрымаў сертыфікат. І ўсё ж галоўным дасягненнем, галоўным прызам сталі сцяжынкі сяброўства, пракладзеныя беларусамі на Браншчыне.
“Ещё в полях белеет снег”, а мы пакідалі пад ласкавымі промнямі вясновага сонца берагі Дзісны, маляўнічыя ўзгоркі і яры, гаварылі ім “Да пабачэння”. Мы яшчэ абавязкова ўбачымся, бо так многа засталося недасказанага, недабачанага, недапачутага, яшчэ столькі таямніц не раскрыла для нас гасцінная і амаль беларуская бранская зямля.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.