Хлопчыкі і дзяўчынкі — розныя планеты

Гендарны падыход у пытаннях выхавання займае асаблівае месца ў адукацыйным працэсе сярэдняй школы № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці. Гэтай тэмай педагогі школы зацікавіліся два гады назад. Тады ж з мэтай павышэння педагагічнага майстэрства і гендарнай кампетэнцыі класных кіраўнікоў была арганізавана работа метадычных аб’яднанняў класных кіраўнікоў школы па тэме “Павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці класных кіраўнікоў па выкарыстанні форм і метадаў гендарнага выхавання ў адукацыйным працэсе ўстановы адукацыі”.

На шляху да сябе

У школе працавала творчая група па вывучэнні, абагульненні і прапагандзе перадавога педагагічнага вопыту па тэме “Магчымасці школы па фарміраванні гендарнай культуры навучэнцаў”. Члены групы, вывучыўшы педагагічны вопыт розных устаноў адукацыі і правёўшы шэраг дыягностык, прыйшлі да высновы, што паспяховая сацыялізацыя асобы ў сучасных умовах магчыма толькі пры адэкватнай гендарнай ідэнтычнасці. У якасці напрамкаў, якія спрыяюць яе развіццю, педагогі прапанавалі: арганізаваць вопыт раўнапраўнага супрацоўніцтва хлопчыкаў і дзяўчынак у сумеснай дзейнасці; знімаць традыцыйныя культурныя забароны на эмацыянальнае самавыяўленне хлопчыкаў, заахвочваць іх да праяўлення пачуццяў; ствараць у дзяўчынак вопыт самазаахвочвання і павышэння самаацэнкі; ствараць умовы для трэніроўкі міжпалавой адчувальнасці (праз трэнінгавыя практыкаванні і гульні, тэатралізацыю, абмен ролямі), а таксама далучаць да выхавання дзяцей бацькоў аднаго і другога полу.
Праведзеныя педагогам-псіхолагам школы дыягностыкі, назіранні, размовы з навучэнцамі паказалі, што ў дзяцей недастаткова развіта гендарная культура, недастаткова сфарміраваны ўяўленні аб гендарнай ролі мужчыны і жанчыны. Для вырашэння гэтых праблем творчая група педагогаў школы распрацавала праект па гендарным выхаванні “Хлопчыкі і дзяўчынкі — два розныя светы”, які рэалізоўваўся на працягу 2012/2013 навучальнага года. З верасня 2013 года ва ўстанове рэалізоўваецца праект “Падобныя, але розныя”.
У адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту, педагогі ў практыцы работы выкарыстоўваюць розныя віды гульняў. Дзецям цікавыя гульні “Усе мы нечым падобныя”, “Чым адрозніваюцца дзяўчынкі ад хлопчыкаў”, ролевая гульня “Вучымся сябраваць: дзяўчынкі і хлопчыкі”, інтэрактыўная гульня “Свет эмоцый хлопчыкаў і дзяўчынак”, дзелавая гульня “Хлопчыкі і дзяўчынкі: мы розныя, розныя, розныя”, сюжэтна-ролевая гульня “Унутраны свет дзяўчынак і хлопчыкаў”, інтэрактыўная гульня “Гэта я!”.
Таксама праводзяцца віртуальныя падарожжы, псіхалагічныя трэнінгі, гадзіны роздуму, гадзіны кола, класныя гадзіны гендарнай тэматыкі, заняткі-практыкумы, урокі дабрыні, размовы для дзяўчынак, размовы для хлопчыкаў.
Для фарміравання гендарнай культуры ў падлеткаў класныя кіраўнікі 5—8 класаў на пазакласных мерапрыемствах прымяняюць сацыяльна-ролевыя гульні, трэнінгі, міні-дыскусіі на маральна-этычныя тэмы, дзе абмяркоўваюцца каштоўнасці сям’і, сяброўства, характар узаемаадносін бацькоў і дзяцей. У цэнтры ўвагі аказваюцца каштоўнасці падлеткавай субкультуры, сацыяльна значныя формы і спосабы яе прэзентацыі, прафілактыка суіцыдаў у падлеткавым асяроддзі, забеспячэнне роўнасці палоў у грамадстве.
Узрост ад 15 да 18 гадоў вельмі адказны. Гэта час, калі закладваюцца асноўныя жыццёвыя ўстаноўкі, фарміруецца характар, погляды на рэчаіснасць, адбываецца ўсведамленне свайго “я”. Для старшакласнікаў працуе школа здароўя, у рамках якой праводзяцца заняткі: з дзяўчатамі — “Багіні Старажытнай Грэцыі”, “Ты сталееш. Некалькі залатых правіл асабістай гігіены”, “Захаванне і ўмацаванне здароўя жанчын”, “Уплыў стылю жыцця на рэпрадуктыўнае здароўе жанчыны”; з юнакамі — “Культура ўзаемаадносін юнакоў і дзяўчын”, “Прафілактыка венерычных захворванняў і хвароб, якія перадаюцца палавым шляхам”, “Захаванне рэпрадуктыўнага здароўя юнакоў”, “Культура інтымнай гігіены юнака”.
Класныя кіраўнікі 9—11 класаў у практыцы работы выкарыстоўваюць інтэрактыўныя метады (трэнінгі, дзелавыя гульні, ток-шоу), якія суправаджаюцца рэфлексіяй, што спрыяе фарміраванню ў юнакоў і дзяўчат гендарнай адчувальнасці, развіццю крытычнага мыслення.

Этыка сямейнага жыцця вяртаецца ў кола інтарэсаў школы

Адным з напрамкаў работы ў плане гендарнага развіцця навучэнцаў старшых класаў з’яўляецца іх падрыхтоўка да будучага сямейнага жыцця, таму класныя кіраўнікі правялі цыкл размоў, практычных і трэнінгавых заняткаў па фарміраванні гатоўнасці да сямейнага жыцця. З дапамогай анкет, тэстаў выяўляецца ўзровень сфарміраванасці пачуцця годнасці юнака і дзяўчыны, павагі адно да аднаго, узровень сфарміраванасці навыкаў вядзення хатняй гаспадаркі, вывучаецца характар размеркавання абавязкаў у бацькоўскай сям’і.
Педагогі школы лічаць, што займацца гендарным выхаваннем толькі ў школе бессэнсоўна, неабходна весці вялікую асветніцкую работу сярод бацькоў навучэнцаў аб значэнні асабістага прыкладу мамы і таты ў фарміраванні мужнасці ў хлопцаў і жаноцкасці ў дзяўчынак, аб важнасці даверлівых адносін паміж бацькамі і дзецьмі. З гэтай мэтай ва ўстанове адукацыі распрацаваны інфармацыйныя выданні па пытаннях гендарнага выхавання ў сям’і. Матэрыялы сістэматызаваны і аформлены, іх змест можна знайсці на школьным інфармацыйным стэндзе “Для вас, бацькі”, на школьным сайце, у бацькоўскай газеце “З любоўю і разуменнем”.
Пытанні гендарнага выхавання ў сям’і разглядаліся на класных бацькоўскіх сходах, праведзена агульнашкольная бацькоўская канферэнцыя па тэме “Гендарнае выхаванне ў школе і дома”. Да яе распрацаваны і выпушчаны памяткі “Парады бацькам па выхаванні дзяўчынак”, “Парады бацькам па выхаванні хлопчыкаў”, “Калі ў сям’і сын і дачка”, буклет “Гендарнае выхаванне”, спецыяльны выпуск газеты “Псіхалагічны веснік” па пытаннях гендарнага выхавання. Усе падрыхтаваныя матэрыялы былі распаўсюджаны сярод бацькоўскай грамадскасці.
Як немагчыма справіцца класным кіраўнікам з праблемамі фарміравання гендарнай культуры навучэнцаў без дапамогі бацькоў, так неабходна і пастаяннае супрацоўніцтва педагогаў школы са структурамі соцыуму па пытаннях гендарнага выхавання. З гэтай мэтай установа падтрымлівае цесную сувязь з Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцай, Дзятлаўскім РАУС, РАНС, далучаючы спецыялістаў да правядзення выхаваўча-прафілактычнай работы з навучэнцамі школы па розных пытаннях гендарнага выхавання непаўналетніх.
У рамках работы школьных метадычных аб’яднанняў ва ўстанове адукацыі два гады запар праходзілі фестывалі адкрытых класных гадзін гендарнай тэматыкі.
Аналіз класных гадзін паказаў, што класныя кіраўнікі пры правядзенні мерапрыемстваў выкарыстоўваюць актыўныя формы і метады работы з навучэнцамі, далучаюць бацькоўскую грамадскасць да падрыхтоўкі і правядзення гэтых мерапрыемстваў, прымяняюць на занятках інфармацыйныя тэхналогіі. Папулярнасцю сярод педагогаў карыстаюцца інтэрактыўныя і праблемна-пошукавыя метады, школьнікі ўключаюцца ў калектыўна-творчую і сацыяльна-практычную дзейнасць, педагогі выкарыстоўваюць трэнінгі, дзелавыя гульні, якія суправаджаюцца рэфлексіяй.
Падводзячы вынік, хочацца адзначыць, што адэкватныя адносіны дзіцяці да праблемы гендарных адносін могуць быць выхаваны толькі тады, калі педагог, які ажыццяўляе гэты працэс, сам валодае дастатковымі ведамі, гендарнай культурай і выкарыстоўвае гендарны падыход у адукацыйным працэсе.

Аксана ПАЦЫНОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 1 Дзятлава.